Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка як старшыня Усебеларускага народнага сходу правёў пасяджэнне Прэзідыума УНС — вышэйшага канстытуцыйнага прадстаўнічага органа народаўладдзя. Прэзідыум Усебеларускага народнага сходу з’яўляецца пастаянна дзеючым калегіяльным органам, які забяспечвае аператыўнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю УНС. Максімальная колькасць членаў Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу складае 15 чалавек.
Аднак, перш чым, пачаць пасяджэнне кіраўнік дзяржавы сказаў, аб тым, што яго непакоіць у частцы дзейнасці УНС.
«Я вырашыў сёння правесці пасяджэнне Прэзідыума ў такім шырокім складзе, паколькі нам трэба вырашыць галоўнае пытанне. Можа нават і не вырашыць, яно вырашана Канстытуцыяй. Мы ўсе павінны разумець, што Усебеларускі народны сход нікому не павінен перашкаджаць працаваць. УНС не павінен ціснуць на іншыя органы ўлады, бо мы створым самі сабе праблему», ¬— сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што пакуль пасады Старшыні УНС і Прэзідэнта сканцэнтраваны ў адной асобе, гэтага не адбудзецца. Але потым гэта можа прывесці да сур’ёзных праблем.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ўсе прапановы, якія на працягу паўгода ўносіліся на яго разгляд аб структуры Прэзідыума УНС, аб узаемадзеянні старшыні і прэзідыума УНС з дэлегатамі, ён вырашыў разгледзець калегіяльна, з членамі Прэзідыума. «Але галоўнае, я сказаў, мы, я маю на ўвазе УНС і Прэзідыум ні ў якім разе нікому не перашкаджаем з органаў улады і не ціснем на іх. Кожны займаецца сваёй справай. Гэта ўжо дзесяцігоддзямі ў нас устаканілася, усё гэта разумеюць», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу на існуючае меркаванне аб тым, што вышэйшы прадстаўнічы орган УНС зверху і мае права рабіць усё ў краіне. Але, зрабіў акцэнт беларускі лідар, з такім падыходам жыць нельга — месца УНС вызначана Канстытуцыяй. «Але гэта агульнае палажэнне, агульныя патрабаванні, агульныя функцыянальныя абавязкі УНС. А вось у дэталях, у канкрэтыцы заўсёды бывае наадварот», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У прыклад ён прывёў падыходы да нацыянальнай бяспекі: «Калі вызначана, што УНС прымае рашэнні ў плане нацыянальнай бяспекі (вайна і мір і іншае), — гэта толькі паўнамоцтвы УНС. Прэзідэнт уносіць калі, не дай бог, вайна або пагроза вайны, — збіраем УНС, уносім прапанову, разглядаем і пераводзім краіну на ваенныя рэйкі, калі раптам заўтра вайна (я бяру крайні прыклад)». Такі ж падыход, паводле яго слоў, тычыцца і кадравых рашэнняў, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі УНС.
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што на ўзроўні Прэзідыума УНС павінны разглядацца выключна важныя пытанні. «УНС не можа драбніць. Гэта не значыць, што мы заўтра будзем збіраць як пленумы ЦК чатыры разы на год пасяджэння і будзем там нейкія абмяркоўваць пытанні і рабіць выгляд, што мы моцна працуем і заклапочаныя нейкім пытаннем. УНС павінна займацца выключна па Канстытуцыі сваімі пытаннямі. З гэтага павінна зыходзіць і структура, і ўзаемаадносіны Прэзідыума, Старшыні Прэзідыума з дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу», — растлумачыў ён.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што паўнамоцтвы УНС паміж пасяджэннямі выконвае Прэзідыум. Па яго словах, дастаткова праводзіць па два—тры пасяджэнні Прэзідыума на год па назапашванні пытанняў. Прычына нязменная — не драбніць і не часціць.
Яшчэ адно абазначанае Старшынёй УНС пытанне — узаемадзеянне з дэлегатамі ў перыяд паміж пасяджэннямі Усебеларускага народнага сходу. «Яшчэ раз паўтараю: ніякага дубліравання, ніякага ціску. УНС павінна заняць сваё месца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама ў цэнтры ўвагі Прэзідыума УНС зараз — Рэгламент Усебеларускага народнага сходу (цяпер дзейнічае часовы рэгламент), распрацоўка якога зараз вядзецца. Прэзідэнт паставіў задачу падрыхтаваць яго да пасяджэння Усебеларускага народнага сходу.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што 26 студзеня ў краіне пройдуць прэзідэнцкія выбары, і пракаментаваў падрыхтоўку праграмы, якую прадставяць да ўвагі грамадзян. «Паколькі ў нас адзінства пэўнае ёсць, праграма дзеючага Прэзідэнта, якая выпрацоўваецца сёння ўсімі намі, — гэта будзе арыенцір у студзені, снежні нават, для ўсяго беларускага народа. А вось дэталізаваць на аснове гэтай праграмы заданні на будучы год і, магчыма, погляд на пяцігодку мы зможам пасля прэзідэнцкіх выбараў», — сказаў ён.
У парадак дня пасяджэння Прэзідыума УНС таксама ўключана пытанне аб колькасці суддзяў Вярхоўнага суда. Кіраўнік дзяржавы вынес на разгляд яшчэ адно пытанне — бяспека, асабліва ў электаральны перыяд і пасля выбараў. Але гэтая тэма разглядалася за зачыненымі дзвярыма. СМІ і грамадскасць па гэтаму пытанню будуць праінфармаваны пазней.
Аляксандр Лукашэнка азначыў яшчэ адно пытанне, якое не ўваходзіць у непасрэдныя паўнамоцтвы Прэзідыума — праект указа аб статусе старшынь райвыканкамаў, вынесены на разгляд кіраўніка дзяржавы. Па словах Прэзідэнта, перш чым падпісваць гэты дакумент, ён хацеў бы пачуць меркаванні ўсіх адказных. А паколькі пасяджэнне Прэзідыума УНС праходзіць у пашыраным складзе з удзелам губернатараў, вышэйшых службовых асоб, якія маюць адносіны да фарміравання ўзроўняў улады, мэтазгодна разгледзець яго калегіяльна на гэтым мерапрыемстве.
Прэзідэнт нагадаў, што ён часта ўзнімаў пытанне аб тым, што старшыня райвыканкама задзейнічаны не так, як павінна быць. «Яны не нясуць той нагрузкі, якую павінны несці старшыні райвыканкама», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, крытэрыем работы старшынь райвыканкамаў з’яўляецца рэалізацыя даручэння «Адзін раён — адзін праект». Аднак, як заўважыў Прэзідэнт, не ўсе кіраўнікі раёнаў, займаюцца гэтым пытаннем. «Гэта эфектыўнасць нашай улады, пачынаючы ад Прэзідэнта і заканчваючы губернатарамі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але з іншага боку, нашы юрысты канстатавалі факт, што няма нарматыўна-прававога акта, які б дакладна распісаў, чым павінен займацца старшыня райвыканкама. А калі ёсць, дык гэтага недастаткова. Дык давайце прымем гэтае рашэнне. Бо, калі губернатары і старшыні гар- і райвыканкамаў працуюць нармальна, то краіна будзе ў парадку».
Падрабязна аб праекце Указа далажыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. Ён падкрэсліў, што моцныя рэгіёны вызначаны прыярытэтам будучай пяцігодкі. Паводле вынікаў рэгіянальных паездак кіраўнік дзяржавы паставіў шэраг актуальных на сучасным этапе задач перад старшынямі райвыканкамаў. Асноўная мэта — спыніць адток эканамічна актыўнага насельніцтва. З сярэдняга раёна на 8–10 тысяч занятых у эканоміцы, паводле інфармацыі Белстата, з’яжджае 300–400 чалавек штогод. Гэта шмат. Дзмітрый Крутой нагадаў, што ў якасці мер для вырашэння падобных праблем Прэзідэнт звяртаў увагу раённых кіраўнікоў на шэраг пытанняў. Сярод іх тэрміновае аднаўленне райаграсэрвісаў, будаўнічых перасоўных механізаваных калон, ДРБУ, сельгасхімій, арганізацый, якія адказваюць за абслугоўванне даільных установак, бурэнне свідравін, забеспячэнне палівам. Ад кіраўніцтваў раёнаў чакаюць пераўтварэнняў у АПК. «Кропкавае, эканамічна абгрунтаванае і фінансава выверанае аб’яднанне гаспадарак у прывязцы да лідараў, маякоў раёна. Аднаўленне або пашырэнне практыкі выкарыстання мехатрада для ўнясення ўгнаенняў, узворвання глебы, уборкі ўраджаю ва ўстаноўленыя тэрміны. Перамяшчэнне жывёлы на новыя малочнатаварныя комплексы, паскораная меліярацыя, работа са старымі дамамі, добраўпарадкаванне зямель і ўключэнне іх у сельскагаспадарчы абарот», — пералічыў асноўныя з іх Дзмітрый Крутой. Яшчэ адзін кірунак — актыўнае ўцягванне ў працу эканамічна незанятых грамадзян у раёнах. «Акрамя АПК, як асновы эканомікі ў многіх нашых раёнах, неабходна шукаць новыя пункты росту ў тым ліку праз працяг напрацаваных краінавых праграм: „Адзін раён — адзін праект“, па развіцці паўднёвага ўсходу Магілёўшчыны, па адраджэнні Палесся, па фарміраванні інтэграцыйных аграструктур Віцебшчыны і шэрагу іншых», — дадаў Дзмітрый Крутой.
Сёння паўнамоцтвы і правы старшынь райвыканкамаў у асноўным распісаны ў базавым Законе «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» ад 2010 года. Па словах Дзмітрыя Крутога, распрацоўшчыкі праекта Указа аб узмацненні ролі старшынь раёнаў засяродзілі увагу на вырашэнні актуальных вышэйпералічаных пытанняў. Для распрацоўкі дакумента пры Адміністрацыі Прэзідэнта была створана працоўная група з 18 чалавек. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы 9 з іх — дзеючыя або былыя старшыні райвыканкамаў, цяпер яны з’яўляюцца дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў або членамі Савета Рэспублікі. «Акрамя таго, мы запыталі меркаванне ўсіх старшынь райвыканкамаў. З 118 свае прапановы прадставілі 75. 43 кіраўніка прапановы не прадставілі і сказалі, што ім дастаткова той нарматыўнай базы, якая існуе. Увесь гэты масіў інфармацыі будзе апрацаваны і абмеркаваны з усімі зацікаўленымі», — распавёў Дзмітрый Крутой. Усе прапановы, якія паступалі, ён разбіў на некалькі блокаў.
Першы — бюджэт і фінансы. У адпаведнасці з праектам указа старшыні райвыканкамаў надзяляюцца правам распараджацца астаткамі раённага бюджэту, якія засталіся на пачатак бягучага фінансавага года. Але тут ёсць умовы — у бюджэту не павінна быць даўгоў перад вышэйстаячым бюджэтам, а таксама пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці. Таксама старшыня атрымлівае права распараджацца сродкамі рэзервовага фонду райвыканкама. Раённы кіраўнік таксама надзяляецца правам ажыццяўляць дзяржаўныя закупкі тавараў і паслуг з адной крыніцы — у арганізацыях, больш за 25 працэнтаў маёмасці або акцый якіх знаходзіцца ў дзяржуласнасці. «У праекце ўказа таксама закладзена норма, што пры фарміраванні бюджэту на 2025–2026 гады мы захоўваем аб’ём датацый па ўсіх узроўнях раённых бюджэтаў не ніжэй за ўзровень 2024 года. Ніжнюю планку захоўваем на ўзроўні 2024 года. Усім, што зарабілі і ў плане рэзервовага фонду старшыні атрымаюць права распараджацца самастойна», — дадаў Дзмітрый Крутой.
Другі блок — будаўніцтва і добраўпарадкаванне. «Першая тэма — прыцягненне арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў і нашых грамадзян з іх згоды да добраўпарадкавання і ўтрымання тэрыторый за іх кошт або на ўмовах роўна долевага ўдзелу. Пакуль у нас у заканадаўстве норма „падтрыманне належнага санітарнага стану“. Тэрмін „добраўпарадкаванне“ шырэй, чым проста санітарны стан. На прыкладзе грамадзян, гэта пакос травы ці проста роўныя платы, да прыкладу, адсутнасць смецця. Добраўпарадкаванне — гэта ўжо дадатковыя некаторыя элементы, якія патрабуюць і фінансавага забеспячэння. Гэта значыць, пашыраем тэму», — растлумачыў Дзмітрый Крутой.
На другую тэму кіраўнік дзяржавы звяртаў увагу падчас сваёй паездкі ў Клімавічы — гэта знос аварыйных будынкаў. Праект указа дае старшыням райвыканкамаў паўнамоцтвы самастойна вырашаць гэтыя набалелыя праблемы. За зіму па кожным раёне будзе вызначаны пералік такіх аб’ектаў і аб’ём фінансавых рэсурсаў на рэспубліканскім і абласным узроўнях. Дзмітрый Крутой падкрэсліў, што непасрэдна на месцах гэтыя пытанні — зона адказнасці раённых кіраўнікоў. Трэцяе пытанне, паводле слоў Дзмітрыя Крутога, часта ўзнімаецца на асабістых прыёмах грамадзян — гэта магчымасць рэалізацыі карысных выкапняў з так званых унутрыгаспадарчых кар’ераў. У асноўным гэта пясок, які ідзе на мясцовыя патрэбы. Па праекце указа, гэта становіцца зонай адказнасці старшыні райвыканкама, але з некаторымі абмежаваннямі, устаноўленымі ўрадам.
Трэці блок — кадры. У законе аб мясцовым самакіраванні ўжо ёсць цэлы блок кадравых паўнамоцтваў на ўзроўні старшынь раёнаў. Праектам указа вызначаецца пералік службовых асоб, якія будуць узгадняцца старшынёй райвыканкамаў. У прыватнасці, гэта кіраўнікі арганізацый, якія маюць важнае значэнне для раёна: іх прапанавана зацвярджаць спісам на ўзроўні аблвыканкама (па кожным раёне). Урад прапануе выключыць са спіса пасады кіраўнікоў арганізацый прыватнай формы ўласнасці, а таксама кіраўнікоў з кадравага рэестру Прэзідэнта або Савета Міністраў. Старшыні райвыканкамаў, у сваю чаргу, прапаноўваюць даць ім паўнамоцтвы ўзгадняць намеснікаў кіраўнікоў арганізацый камунальнай формы ўласнасці. У спіс таксама прапануюць уключыць спецыялістаў у сферы АПК.
Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на паўнамоцтвах кіраўнікоў райвыканкамаў у кадравых пытаннях. «Нам патрэбны вычарпальны дакумент. У старшыні райвыканкама ён павінен як настольная кніжка ляжаць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Старшыня ёсць старшыня. Ён павінен займацца ўсім. Нічога страшнага, калі ён у нейкім сэнсе будзе прызначаць, сцвярджаць, узгадняць кіраўнікоў прыватных структур. Тады і ўплыў будзе ў іх на гэта». Прэзідэнта падкрэсліў, што ўсе прадпрыемствы ў раёне важнейшыя. Таму, паводле яго слоў, райвыканкам павінен бачыць і ведаць усіх іх кіраўнікоў, у тым ліку і прыватных, якіх у кожным раёне не так шмат.
Аляксандр Лукашэнка раіць больш паўнамоцтваў адносіць не старшыні, а выканкаму. «Ён уносіць, прапануе, а выканкам сцвярджае. Ну, сёе-тое вырашае старшыня выканкама. Яны старшыні выканкамаў. Яны, вобразна кажучы, прэзідэнты на гэтай тэрыторыі, як я гавару. Але яны не прэзідэнты. Гэтак жа, як і прэм’ер-міністр. Ён — старшыня ўрада, у яго ёсць пэўныя асабістыя паўнамоцтвы, але ён асабіста не можа прыняць ні адзін нарматыўны прававы акт. Мы тут блытаць не павінны. І не ствараць вертыкаль дыктатуры ад Прэзідэнта да старшыні сельскага савета. Гэта чырвоная нітка. Мы тут ні ў якім разе не павінны пераступіць», — выказаў свае заўвагі Аляксандр Лукашэнка.
Галоўным кіраўнік дзяржавы назваў працу з кадрамі. «Партыі няма, райкама і абкама партыі няма... Гэта ўсё вырашаецца тут. І не трэба гэта замыкаць на аднаго чалавека, нават калі гэта старшыня. Так, ён уносіць любое пытанне... Абмяркоўваюць, ён змагаецца, змагаецца, але выканкам прымае рашэнне па ўсіх кадрах, якія там ёсць. Што дрэннага, калі ён узгодніць кандыдатуры начальніка РАУС, начальніка МНС і іншых, — адзначыў Прэзідэнт. — Можа, не ўзгадніць, але старшыня аблвыканкама можа прызначыць і ён нясе адказнасць за гэта. Вы можаце не ўзгадніць любую кандыдатуру, гэта ваша права. Я магу гэта ўлічыць, магу не ўлічыць. Гэтую логіку трэба захаваць. Гэта ад жыцця ўжо».
«Але калі мы хочам, каб раён кіраваўся, мы не павінны трыма пальцамі нешта адарваць і даць старшыні райвыканкама. А гэта — не, гэта не тваё. Ну, дык ён і працаваць так будзе», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Ён зрабіў акцэнт на тым, што канчатковае рашэнне па статусе старшынь райвыканкамаў павіннна мець від нарматыўнага прававога акта, а не пратакола даручэнняў, каб кіраўнікі на месцах неслі поўную адказнасць.
Падрабязнасцямі праекта указа ў Дзмітрыя Крутога актыўна цікавіліся і журналісты. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта расказаў, што па выніках абмеркавання гэтага дакумента на пасяджэнні Прэзідыума УНС было прынята рашэнне не выдаваць новы указ, а падрыхтаваць новую рэдакцыю закона, каб засяродзіць у адным дакуменце ўсё, што тычыцца работы старшынь райвыканкамаў, іх паўнамоцтваў, правоў і абавязкаў. Логіка наступная: у краіне дзейнічае закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні. У ім цэлыя раздзелы прысвечаны паўнамоцтвам, правам, кампетэнцыям і адказнасці мясцовых органаў улады. Усе дадатковыя паўнамоцтвы раённых кіраўнікоў, якія зараз неабходна ім надаць, будуць прапісаны ў гэтым дакуменце. Такім чынам, гэты закон у далейшым стане своеасаблівай канстытуцыяй для кіраўнікоў на месцах ці настольнай кнігай, як адзначаў Прэзідэнт. Ён паставіў задачу дапрацаваць закон ужо ў першым квартале 2025 года.
Дзмітрый Крутой падкрэсліў, што для старшынь райвыканкамаў ключавым з’яўляецца блок, звязаны з фінансамі. Па яго словах, раённыя кіраўнікі чакаюць больш сур’ёзнай фінансавай падтрымкі. На пасяджэнні Прэзідыума УНС абмяркоўвалася пытанне магчымага падатковага пераразмеркавання ў маштабах усёй краіны, расказаў Дзмітрый Крутой. Ён звярнуў увагу на тое, што за апошнія 20 гадоў у Беларусі адбылася сур’ёзная цэнтралізацыя ключавых падаткаў, што ўплывае на сістэму датацый і сістэму субвенцый бюджэтаў як абласнога, так і раённага ўзроўняў. І сёння старшыні райвыканкамаў хацелі б пакідаць больш падаткаў ад тых прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёнаў. «Улічваючы, што асноўныя падаткаплацельшчыкі ў сярэдніх раёнах — гэта сельскагаспадарчыя арганізацыі або арганізацыі лясной гаспадаркі, то ўвесь спектр падаткаў, яны б хацелі захаваць у сябе», — растлумачыў Дзмітрый Крутой. У выніку дыскусіі наконт гэтага пытання Прэзідэнт прыняў «саламонава рашэнне» — пакідаць у раёне ўсе падаткі, але толькі ад тых прадпрыемстваў, якія будуць створаны з 2025 года. І распаўсюдзіць дзеянне гэтай нормы, напрыклад, да 2030 года, гэта значыць на перыяд дзеяння наступнай праграмы пяцігодкі. Мяркуецца, што гэта будзе стымуляваць мясцовыя ўлады да адкрыцця такіх прадпрыемстваў, ажывіць ініцыятыву «Адзін раён — адзін праект», будзе стымулам для стварэння больш прыдатных умоў для інвестараў. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта звярнуў увагу, што гэтая ідэя пакуль унесена як прапанова, якую яшчэ трэба будзе дакладна абмеркаваць на розных узроўнях, каб ні ў якім разе не парушыць створаную сістэму бюджэтна-падатковай палітыкі. Акрамя таго, спачатку такія падыходы будуць правераны на пілотных раёнах, падобных па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця, колькасці насельніцтва, колькасці бюджэтных і камерцыйных арганізацый і іншых крытэрыях. Цяпер, па словах Дзмітрыя Крутога, старшыні райвыканкамаў скардзяцца на залішне забюракратызаваную працэдуру афармлення работ па зносе старых, закінутых, неэксплуатуемых будынкаў. У новым законапраекце прапануецца надзяліць кіраўнікоў раёнаў паўнамоцтвамі самастойна вырашаць пытанні па такіх аб’ектах. «Прэзідэнт даручыў у тэрміновым парадку перадаць гэта ўсё на раённы ўзровень і максімальна хутка ўсё гэта спрасціць», — сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Што тычыцца работы старшынь райвыканкамаў з кадрамі, то па словах Дзмітрыя Крутога, канцэптуальна агучаныя падыходы падтрыманы. «Прэзідэнт лічыць, што для ўмацавання паўнамоцтваў старшынь райвыканкамаў, яны павінны ўдзельнічаць ва ўзгадненні фактычна ўсёй улады не толькі той, якая тычыцца дзяржаўных органаў на тэрыторыі раёна, але і кіраўніцтва і дзяржаўных, і камерцыйных арганізацый. Гэта прынцыповае пытанне дадзенага дакумента і яно канцэптуальна падтрымана», — расказаў ён.
Дзмітрый Крутой звярнуў увагу, што раней існаваў пэўны прабел у часты таго, на падставе якіх нарматыўных дакументаў старшыні райвыканкамаў змогуць рэалізоўваць свае паўнамоцтвы і даводзіць пэўныя рашэнні да выканаўцаў. Агульная норма аб тым, што прымаецца распараджэнне райвыканкама без якой-небудзь сур’ёзнай адказнасці з боку выканаўцы, і наяўнасць толькі дысцыплінарных мер спагнання не дазваляюць у поўнай меры рэалізоўваць рэгіянальную палітыку. Асабліва ў адносінах захавання тэхналагічных рэгламентаў. «На пасяджэнні Прэзідыума УНС было вырашана, што адной з формаў стануць пісьмовыя прадпісанні старшыні райвыканкама. У нас ёсць Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, таму ў выпадку невыканання гэтых пісьмовых прадпісанняў будзе ўведзена фінансавая адказнасць да 40 базавых велічынь — спецыялісты будуць несці ужо матэрыяльную адказнасць. Гэта таксама павысіць статус і ўзровень дакументаў, якія будуць даводзіцца старшынямі раёнаў», — растлумачыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
У размове з журналістамі ўдзельнікі пасяджэння Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу падвялі некаторыя яго вынікі. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой расказаў, што па тэме ўзаемадзеяння дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу з органамі ўлады Прэзідэнтам быў выказаны шэраг заўваг. Ён звярнуў увагу, што роля Прэзідыума ў бягучых рэаліях і ў іерархіі нашай улады — гэта рыхтаваць самыя канцэптуальныя пытанні, звязаныя з развіццём нашай рэспублікі ў эканамічнай, ваенна-палітычнай, інфармацыйнай сферах для разгляду ўжо непасрэдна на УНС. Пра тое, што Усебеларускі народны сход не павінен драбніць, казаў і Прэзідэнт падчас пасяджэння.
Па словах Дзмітрыя Крутога ў найбліжэйшы час упор будзе зроблены на падрыхтоўку праграмы сацыяльна—эканамічнага развіцця Беларусі на наступныя пяць гадоў: «Контуры гэтай праграмы будуць абазначаны ў перадвыбарнай праграме нашага Прэзідэнта і далей будуць развівацца праз Пасланне кіраўніка дзяржавы, якое ён агучвае на УНС. Таму Прэзідэнт папрасіў не драбніць, не блытаць людзей, не часціць з правядзеннем пасяджэння Прэзідыума, не заблытваць органы ўлады ў плане дубліравання або падмены нейкіх пытанняў, а выбудаваць дакладную і зразумелую сістэму, калі дэлегаты з вялікай масы пытанняў, якія паступаюць ад грамадзян, будуць выбіраць найважнейшыя, прынцыповыя і канцэптуальныя, разглядаць іх на рэгіянальным узроўні, потым уносіць праз Сакратарыят на пасяджэнне Прэзідыума і затым, калі будзе адабрэнне і ўзгадненне, — на УНС».
Журналісты пацікавіліся, калі запланавана правядзенне наступнага пасяджэння Усебеларускага народнага сходу. Дзмітрый Крутой адзначыў, што падчас перадвыбарнай кампаніі няма сэнсу адцягвацца на гэтыя пытанні. Зараз кіраўнік дзяржавы працуе над перадвыбарнай праграмай з асноўнымі пасыламі. Затым Прэзідэнт пачне падрыхтоўку да Паслання, а напярэдадні пасяджэння УНС яшчэ раз будзе сабрана пасяджэнне Прэзідыума, каб зверыць пазіцыі і канчаткова ўзгадніць тыя пытанні, якія будуць выносіцца на пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу.
Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала расказаў, з чым звязаны разгляд колькасць суддзяў Вярхоўнага суда на пасяджэнні Прэзідыума УНС. Ён нагадаў, што ў сакавіку гэтага года Парламент прыняў такі важны акт як Кодэкс грамадзянскай вытворчасці, які уніфікуе судовыя працэдуры як у эканамічным правасуддзі, так і ў грамадзянскім. Для таго, каб рэалізаваць гэты Кодэкс, неабходныя некаторыя змены ў судовым ладзе краіны — неабходна стварэнне новага Апеляцыйнага эканамічнага суда, каб зрабіць яго судом другой інстанцыі. І Вярхоўнаму суду было даручана на працягу 6 месяцаў унесці Прэзідэнту прапановы аб стварэнні такога суда. «Сутнасць заключаецца ў тым, што гэты новы суд неабходна стварыць за кошт уласных сродкаў судовай сістэмы, гэта значыць шляхам перамяшчэння ўнутры судовай сістэмы штатнай колькасці суддзяў. Для таго, каб ён запрацаваў, неабходна 27 суддзяў: 22 суддзі мы можам выключыць з дзейных эканамічных абласных судоў у сувязі са скарачэннямі кампетэнцый. І на пяць суддзяў неабходна зменшыць склад Вярхоўнага суда, гэта значыць перадаць іх у новы суд. І калі тыя 22 чалавекі можа вырашыць кіраўнік дзяржавы сваім указам, то змены колькасці Вярхоўнага суда зараз уваходзіць толькі ў кампетэнцыі Прэзідыума УНС», — растлумачыў Валянцін Сукала. Прэзідыум на сённяшнім пасяджэнні гэтае рашэнне адобрыў. Валянцін Сукала ўдакладніў, што зараз штатная колькасць Вярхоўнага Суда складае 76 суддзяў, а пасля цяперашняга рашэння Прэзідыума УНС будзе 71.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.