Час ляціць хутка! Здавалася б, зусім нядаўна былі абвешчаныя вынікі выбараў 2020 года, калі беларускі народ у пераважнай большасці аддаў свой голас за свайго Прэзідэнта. Лідара, з якім прайшлі доўгія, складаныя 25 гадоў суверэнітэту. Калі краіна літаральна з кален падымалася і ішла сваім, беларускім шляхам.
Але не ўсім спадабаўся выбар народа, і краіну, падбухторваючы, хацелі пагрузіць у хаос. Аднак завоблачныя арганізатары пралічыліся, не падумалі, што за гэтую чвэрць стагоддзя Беларусь навучылася сябе абараняць.
Той год, як мы яго завём — дваццаць-дваццаць, — навучыў думаць. Той год навучыў нас шанаваць нашы дасягненні. Той год навучыў нас іншымі вачыма глядзець на сваю гісторыю і не пераставаць захоўваць памяць пра тых, дзякуючы каму мы жывём. Той год вельмі многім адкрыў вочы на тое, што было абсалютна відавочным, але не было дастаткова асэнсаваным — наколькі высокая цана мірнага неба! Скажу больш — як дорага каштуе тое, што ніхто з нас не кладзецца спаць, пакідаючы побач са сваім ложкам ці канапай, як кажуць, «трывожны чамаданчык»... Словам, мы прайшлі ўрок, паўтарэння якога не будзе.
І вось, праз пяць гадоў, мы зноў уключыліся ў выбарчую кампанію. Дакладней будзе сказаць, што ўжо поўным ходам ідзе галоўная палітычная кампанія апошняй пяцігодкі. А галоўная не толькі таму, што мы выбіраем кіраўніка дзяржавы, але і таму, што завяршаецца цыкл палітычнай мадэрнізацыі нашай краіны. Заўважым — мадэрнізацыі, а не рэвалюцыі.
Пасля прыняцця абноўленай Канстытуцыі, змяненні і дапаўненні ў якую абмяркоўвалі ўсёй краінай, неабходна было абнавіць і заканадаўства, што павінна ў поўнай меры адпавядаць новым нормам. Ды чаго ўжо там, не проста абмяркоўвалі, дыскутавалі, спрачаліся, даказвалі, а часам сварыліся, асабліва даказваючы, што на повадзе ніякіх еўракаштоўнасцяў не пойдзем. Не лішнім будзе заўважыць, што менавіта Прэзідэнт быў ініцыятарам усенароднага абмеркавання праекта змен і дадаткаў у Канстытуцыю. І гэта была не проста ініцыятыва, гэта яшчэ раз падкрэслівае, наколькі важныя кіраўніку дзяржавы меркаванне людзей, іх погляд, вопыт. Бо з гэтым галоўным дакументам краіна будзе надалей жыць!
Мяркую, што дзень 23 кастрычніка 2024 года кожны дэпутат восьмага склікання запомніць. Менавіта ў гэты дзень Палата прадстаўнікоў, выкарыстоўваючы сваё зноў-такі канстытуцыйнае права, прыняла рашэнне аб назначэнні выбараў Прэзідэнта краіны 26 студзеня 2025 года.
Цалкам аргументаваная прапанова Цэнтральнай выбарчай камісіі была падтрымана абсалютна аднагалосна дэпутацкім корпусам. Словам, быў дадзены старт.
Сёння махавік выбарчай кампаніі, як гавораць, круціцца поўным ходам. ЦВК літаральна як «гарачыя піражкі» выдае інфармацыю аб ходзе вядзення кампаніі.
Цяпер ідзе збор подпісаў грамадзян за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты, паколькі гэта адзіны спосаб вылучэння. І зноў мы звяртаем увагу, што і заканадаўства прадугледжвае рашэнне менавіта народа, хто можа вылучацца нават кандыдатам у Прэзідэнты. Нягледзячы на зусім непрацяглы перыяд збору, а пачаўся ён 7 лістапада, ужо з лішкам ёсць тая колькасць, якая неабходна для рэгістрацыі. Нагадаю, што выбарчы кодэкс прадугледжвае 100 тысяч.
Літаральна за адзін тыдзень за вылучэнне дзейнага Прэзідэнта свае подпісы паставілі больш чым 700 тысяч чалавек, а цяпер думаю, што не памылюся, калі скажу, што больш чым мільён чалавек. Кіраўнік дзяржавы, будучы зусім сціплым чалавекам, сам адзначыў, што сабранай колькасці дастаткова і магчыма варта спыніць збор подпісаў, аднак узнікае цалкам слушнае пытанне, што рабіць людзям, якія яшчэ не паставілі, а хочуць паставіць свой подпіс. І не будзем забывацца, што перыяд збору подпісаў завяршаецца
6 снежня.
Аднак нашага лідара хвалююць і іншыя прэтэндэнты ў кандыдаты, і ён ведае, што даволі складана будзе ім сабраць подпісы. Прэзідэнт адзначае, што «мяне радуе і вельмі сур'ёзна напружвае», а ён жа мае рацыю, бо за кожным подпісам стаяць вера і давер, які заўсёды імкнецца апраўдаць.
Немагчыма было без усмешкі ўспрымаць каментарый Прэзідэнта наконт выбараў у ЗША, калі Трамп як кандыдат называў «дурніцай» свайго апанента — Камалу Харыс, а яна ж жанчына. Прэзідэнт упэўнены, што ў нас такое проста немагчыма, паколькі любы кандыдат у такім разе страціў бы як мінімум адразу палову галасоў. І гэта сапраўды так.
Сумневаў няма, што далёка не ўсе прэтэндэнты змогуць сабраць неабходную колькасць подпісаў для рэгістрацыі ў якасці кандыдата, і не таму, што дрэнныя, якраз наадварот. Іх смеласць, упэўненасць нават зрабіць пробны крок — гэта абсалютны рэспект. І тое, што двое ўжо знялі свае кандыдатуры, толькі падкрэслівае іх сілу волі і адэкватнае разуменне сітуацыі. Затое яны паказалі заўзятым «змагарам за дэмакратыю» рэальную магчымасць у нашай краіне спрабаваць свае сілы і ўключацца ў перадвыбарную гонку. Нават на такую высокую пасаду, як Прэзідэнт краіны.
Наперадзе важныя этапы перадвыбарнай кампаніі: і завяршэнне збору подпісаў, і рэгістрацыя кандыдатаў, і, вядома, агітацыя...
А людзі, паверце, зробяць свой выбар за таго, у каго вераць больш, нават чым ён сам верыць у сябе.
Ірына ДАЎГАЛА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.