Лета 1944 года. Вайсковыя злучэнні Чырвонай Арміі вядуць свой наступ на ворага па ўсіх франтах. Сярод тых часцей і злучэнняў, якія вызваляюць Беларусь, — і 76-я гвардзейская стралковая дывізія. Яшчэ нядаўна яе байцы і камандзіры прымалі ўдзел у Курскай бітве. У верасні 1943 года авалодалі Чарнігавам. Таму і назву дывізіі Галоўнакамандуючы прысвоіў «Чарнігаўская»... А ў ліпені 1944 года ўслед за наступленнем на Ковель, злучэнне імкліва прасоўваецца на поўнач, да Брэста... За вызваленне гэтага фарпоста Савецкай краіны і выхад на дзяржаўную граніцу СССР дывізія ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга.
У складзе ваеннаслужачых гэтай славутай, легендарнай дывізіі змагаецца з ворагам і наш зямляк — ваенны карэспандэнт і паэт Самуіл Эйдлін. Разам з баявымі палечнікамі ён дайшоў да Берліна...
Нарадзіўся Самуіл Эйдлін у мястэчку Баева Баеўскай воласці Горацкага павета. 23 кастрычніка 1914 года. Цяпер гэта — Дубровенскі раён, Віцебшчына. Жыццё ў часіны яго дзяцінства, маладосці развівалася даволі імкліва... Малады чалавек вучыўся ў Харкаўскім інстытуце прафесійнай адукацыі. Тады ў Харкаве жылі і працавалі дзесяткі ўкраінскіх, рускіх, яўрэйскіх паэтаў і празаікаў. Самуіл працуе адказным сакратаром шматтыражнай газеты Харкаўскай абутковай фабрыкі. Піша вершы. Друкуецца ў харкаўскім часопісе «Октябрьские всходы». У 1939 годзе наш зямляк выдае першую кнігу лірычных вершаў на ідзіш —"У лепшай з краін«. У 1940 годзе выдае асобнай кнігай нарыс «Дружба на Поўначы». Самуіла прымаюць у Саюз савецкіх пісьменнікаў СССР.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ўраджэнец Дубровеншчыны — на фронце. Зразумела, што ў дывізійнай газеце ён друкуецца з артыкуламі і вершамі на рускай мове. А пасля і ўвогуле ў творчасці пераходзіць на рускую мову...
З верша 1944 года, які Самуіл Эйдлін прысвяціў адной з найболей трагічных мясцін Другой сусветнай вайны — канцэнтрацыйнаму лагеру Трэблінка, які фашысты заснавалі за 80 кілометраў ад Варшавы, відаць той боль, тое адчуванне трагедыі, якія ваенны паэт імкнуўся перадаць як сведка жахлівых і драматычных падзей... Вядома, што ў лагеры смерці Трэблінка было знішчана каля 800 тысяч чалавек... У Трэблінцы загінуў і педагог, пісьменнік, урач, грамадскі дзеяч Януш Корчак...З верша Самуіла Эйдліна:
Усеяны поля, дороги, тропы
Горячим пеплом,
Грудами костей...
Сюда вели пути со всей Европы,
Обратно людям не было путей.
Их выгружали тут же, за оградой,
И раздевали догола в мороз.
Здесь лес дышал могильною прохладой,
Земля стонала, мокрая от слез.
Светловолосый, с пухлыми губами,
Тупой верзила отдавал приказ:
— Сдавайте вещи, ценности
И — в баню!
Здесь будет дело каждому из вас.
Под музыку вели аллеей смерти.
Звучал фагот,
Вовсю трубил трубач,
Чтоб заглушить,
Чтоб растворить в «концерте»
И детский крик,
И материнский плач...
Аллея смерти — страшная аллея.
О ней напишут, может быть, тома.
По ней ходили,
На глазах седея,
Еще на полпути сходя с ума.
Казалось —
Лес от диких воплей замер,
Мир не видал свирепей палачей.
И не было страшней на свете камер,
И не было прожорливей печей.
Такое горе не уложишь в строки,
Ни мер таких не сыщешь, ни весов...
Мы с каждым боем сокращаем сроки
Существованья гитлеровских псов.
Мы не забудем ни одной слезинки.
Нас не удержишь.
Мы идем туда.
Мы вспомним всех замученных
В Треблинке
В суровый день
Великого суда!
...Пасля дэмабілізацыі Самуіл Эйдлін жыў і працаваў у Куйбышаве — Самары. Пісаў вершы і прозу для дзяцей. Друкаваўся ў часопісах «Крокодил», «Мурзилка», іншых усесаюзных перыядычных выданнях. Першая кніга Самуіла Мацвеевіча ў Куйбышаве так і называлася — «У нас у Куйбышаве». Вершы, адрасаваныя дзецям малодшага школьнага ўзросту, прыйшліся даспадобы таксама і бацькам і настаўнікам. Паколькі даваенныя дакументы аб прыёме ў ССП СССР былі згублены, то наноў ураджэнца Дубровеншчыны прынялі ў Саюз пісьменнікаў толькі ў 1966 годзе. І гэта — пасля таго, як з’явіліся станоўчыя водгукі пра яго дзіцячыя творы ад карыфеяў савецкай дзіцячай літаратуры Самуіла Маршака і Сяргея Міхалкова. Адна за другой пабачылі свет кнігі С. Эйдліна, выдадзеныя ў Куйбышаве і Маскве, — «Скарб», «Ты мяне не бойся, леў», «Вясёлыя вершы», «Гэта зроблена ў нас»...
Пайшоў Самуіл Эйдлін з жыцця 31 сакавіка 1989 года. Пахаваны ў Куйбышаве — Самары (у 1991 годзе гораду вернута яго ранейшая назва)...
Кастусь Хадыка