Гісторыя беларуска-рускіх літаратурных сувязяў настолькі багатая, што многія факты і факцікі з часам губляюцца, забываюцца. А для шырокага, масавага чытача дык і зусім знікаюць у сутоннях памяці.
Нешта падобнае ўяўляе сабой творчы лёс і ўвогуле жыццяпіс Любові Белкінай. Вось толькі некаторыя штрыхі з біяграфіі нашай зямлячкі. Нарадзілася Люба (дзявочае прозвішча — Радзівонава) у Нясвіжы 4 (16 — па новаму стылю) кастрычніка 1875 года. Мо часам імя таленавітага літаратара замоўчвалі і па той прычыне, што бацька Любы — прыстаў. Паходжанне, словам, не для рэвалюцыяй прастрэленага часу. У 1889–1896 гадах вучылася ў Мінскай гімназіі. Трэба заўважыць, у адной з нямногіх па тым часе гімназій на тэрыторыі Беларусі. Але поўны курс вучобы юная Люба Радзівонава не завяршыла — «па сямейных абставінах». Значыць, і сям’і прыстава не дужа салодка жылося. З 16 гадоў дзяўчына жыла ўрокамі, зблізілася з рэвалюцыйнай моладзю Мінска.
Юная Люба Радзівонава сфарміравала шэраг гурткоў, якія разам утварылі мясцовую арганізацыю — «Рабочыю партыю палітычнага вызвалення Расіі». Паэтка прыняла на сябе кіруючую ролю, наладзіла сувязі з рэвалюцыйнымі гурткамі Масквы, Кіева, Адэсы, іншых гарадоў.
У 1900-м праграма «Рабочай партыі» была выкладзена Белкінай у брашуры «Свабода». Дарэчы, рэдактарам выдання стаў вядомы рэвалюцыянер Г. Гершуні (1870 — 1908), які з 1898 года жыў у Мінску. І надрукавана брашура, відавочна, была ў нелегальнай друкарні, заснаванай Гершуні.
У тым жа 1900 годзе Люба пераязджае ў Пецярбург. Але там Белкіну-Радзівонаву арыштоваўюць, высылаюць у Харкаўскую губерню, пад асаблівы нагляд паліцыі.
А што ж да літаратурнай творчасці нашай зямлячкі... у 1902–1905 гг. яна жыла ў Адэсе. У 1906 годзе друкуецца ў зборніках «Песні рэвалюцыі» (Кіеў) і «На раздарожжы» (Масква). Дарэчы, у апошнім надрукавана сатырычная паэма Белкінай — «Быліна пра Іллю Мурамца і Салаўя-разбойніка». Вядома і асобнае выданне «быліны» — у тым жа 1906 годзе паэма выйшла ў Маскве. Пра што расказваецца ў «Быліне»? У алегарычнай форме адлюстроўваецца барацьба народных сіл, перамога простага люду над чыноўнікамі і панамі. Адзін за другім нелегальна павыходзілі зборнікі рэвалюцыйна-агітацыйных вершаў Белкінай — «Снежаньскія дні», «Лясная лілія», паэма «Лейтэнант Шмідт». Між іншым, у зборніку «Лясная лілія» інтымная лірыка суседнічае з вершамі антырэлігійнага зместу. Уключаны ў кнігу і пераклады польскай паэзіі. Неаднойчы ў тыя гады Белкіна друкавала свае вершы і нарысы ў часопісах «Образование», «Современный мир», «Русское богатство», іншых выданнях. Пасля 1917 года наша зямлячка жыла ў Туле, дзе ў 1925 годзе выдала кнігу «Рольф Май».
Вось толькі некаторыя штрыхі літаратурнай, жыццёвай біяграфіі нашай зямлячкі. Шкада, што на Беларусі Любоў Белкіну маўкліва абыходзяць увагай айчыннай энцыклапедыі, даведачныя выданні. Мо варта было б у гонар Белкінай назваць і вуліцу, прыкладам, у тым жа Нясвіжы?
Кастусь ЛЕШНІЦА
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.