Сёння, 16 лістапада, у Клімавічах праходзіць абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2024». Райцэнтр старанна падрыхтаваўся да сустрэчы з удзельнікамі і гасцямі свята. Асноўныя падзеі разгортваюцца ў цэнтральнай частцы горада, дзе звычайна шуміць міжнародны дзіцячы фестываль «Залатая пчолка». Гэтым разам тут сустракаюць гасцінныя падворкі і пляцоўкі фестывалю-кірмашу.
Урачыстае ўшанаванне аграрыяў адбываецца на абноўленай Фестывальнай плошчы каля раённага цэнтра культуры. Святочны бляск набыў і сам цэнтр культуры. Будынак, узведзены ў канцы 50-х у стылі сталінскага ампіру, пасля рэканструкцыі стаў больш сучасным і функцыянальным. Глядзельная зала на 205 пасадачных месцаў аснашчана найноўшым гукаўзмацняльным і светлавым абсталяваннем, устаноўлены святлодыёдны экран. У цэнтры культуры створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі розных культурных і грамадскіх праектаў.
Адрас яшчэ адной важнай падзеі свята — цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласных спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых — Клімавіцкі аграрны каледж. Установа рыхтуе запатрабаваных спецыялістаў па рамонце і абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі. Прафесію тут набываюць 470 чалавек. Падчас падрыхтоўкі да «Дажынак» зроблены рамонт грамадска-бытавога корпуса каледжа з устаноўкай сучаснага абсталявання. Навучэнцы прымалі актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі сваёй прафесійна-тэхнічнай навучальнай установы.
Да свята адноўлены знакаміты тутэйшы будынак — помнік драўлянага дойлідства XІX стагоддзя — асабняк князёў Мяшчэрскіх. Тут размешчаны экспазіцыі раённага краязнаўчага музея. Пасля рэканструкцыі ў будынку адкрыліся новыя экспазіцыйныя залы, прысвечаныя прыродзе, археалогіі, этнаграфіі, гісторыі краю і яго сучаснасці, а таксама выставачная зала.
У гарадскім парку Народнага адзінства абноўлены пешаходныя дарожкі, амфітэатр, дзіцячая гульнявая пляцоўка, устаноўлены новыя лаўкі. Сцэна амфітэатра сёння — месца некалькіх канцэртаў для наведвальнікаў свята працаўнікоў сяла. Вечарам канцэртнае жыццё перамесціцца на пляцоўку каля цэнтра культуры. У канцэртнай праграме «Спевы роднай зямлі» выступяць беларускія і расійскія артысты — Жанет, Сяргей Славянскі, сёстры Груздзевы, ансамбль народнай музыкі Бранскай абласной філармоніі «Ватага», салісты Магілёўскай абласной філармоніі.
Як заўсёды, на свяце шмат цікавых лакацый і забаў. Гасцінна запрашаюць да сябе гандлёвыя рады і тэматычныя пляцоўкі, шмат цікавага, смачнага і карыснага прапануе выстава-кірмаш. Сувенірамі і іншымі вырабамі ўласнай вытворчасці радуюць установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. А ратавальнікі і супрацоўнікі міліцыі выступаюць з паказальнымі праграмамі і прапаноўваюць азнаёміцца з прадметамі спецамуніцыі і прафесійнай тэхнікі.
Нэлі ЗІГУЛЯ
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.