У каляндарным плане выбарчай кампаніі, якая стартавала ў нашай краіне, цяпер рэалізоўваецца трэці пункт — збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты. Ва ўсіх рэгіёнах краіны заўважана вялікая колькасць пікетаў, на якіх члены ініцыятыўных груп збіраюць подпісы, адзначае Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь і нагадвае: выбаршчык павінен уласнаручна паставіць дату подпісу і распісацца ў падпісным лісце. Таксама выбаршчык мае права паставіць подпіс у падтрымку некалькіх кандыдатур, якія прапаноўваюцца для вылучэння кандыдатамі ў Прэзідэнты, але толькі адзін раз у падтрымку адной і той жа кандыдатуры.
Журналісты «Звязды» і самі актыўна паўдзельнічалі ў гэтым этапе і паназіралі, як ён праходзіць у розных рэгіёнах і розных населеных пунктах.
Ярка, масава і нават у святочнай абстаноўцы ў беларускай сталіцы праходзяць пікеты па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі.
12 лістапада для жыхароў і гасцей Партызанскага раёна каля аднаго з найстарэйшых кінатэатраў «Мір» з нагоды гэтага этапу электаральнай кампаніі адбыўся квэст-канцэрт «Я іду на выбары». А яшчэ ў той дзень тут размясціліся адразу чатыры пікеты па зборы подпісаў.
У кожнага ахвотнага была магчымасць падтрымаць як вылучэнне аднаго кандыдата, так і адразу ўсіх чатырох.
Збор подпісаў для вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі стартаваў 7 лістапада. Менавіта ў гэты святочны дзень на беразе вадасховішча Вяча, што пад Мінскам, адбыўся ІІІ Чэмпіянат СМІ па колцы дроў. Звяздоўцы ў ліку самых першых тады і паставілі свае подпісы і годна прадставілі сябе ў спаборніцтвах.
Сярод тых, хто пакінуў подпіс каля кінатэатра «Мір» у аўторак, большасць — моладзь. Яна актыўна ўдзельнічае ў лёсавызначальнай падзеі для ўсёй краіны. «Гэта мая першая выбарная кампанія, — распавяла жыхарка сталіцы Яўгенія. — Для мяне выбары — гэта сапраўднае свята. Хочацца, каб з кожным годам Беларусь квітнела ўсё больш і больш».
Прадстаўнікі моладзі бяруць актыўны ўдзел у будаўніцтве нашай дзяржавы, лічыць мінчанін Ігар: «Удзел у выбарах і актыўная грамадзянская пазіцыя асабліва важныя сёння. Наша моладзь якраз такая. Мы выступалі і працягваем выступаць за моцную і квітнеючую Беларусь».
Мы папрасілі падзяліцца ўражаннямі тых, хто збірае подпісы. «Людзі масава ўдзельнічаюць у перадвыбарнай кампаніі. Толькі за сёння я спісаў дзесяць падпісных лістоў! — распавёў прадстаўнік ініцыятыўнай групы ў падтрымку Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі Аляксей Аляксандравіч. — Народ прыходзіць з выдатным настроем! Тут пануе святочная атмасфера, гучыць музыка, усім весела».
Аляксей Аляксандравіч упэўнены, што інфармацыі пра выбары дастаткова, таму і пытанняў, як правіла, не ўзнікае: «У гэтым заслуга ў тым ліку і СМІ».
Затым падышлі да жанчын, якія збіралі подпісы за іншага кандыдата. «Сёння тут пануе святочная атмасфера, вельмі шмат моладзі, што не можа не радаваць, — адзначыла Таццяна Сяргееўна. — Многія жадаюць праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю, многія падыходзяць, ставяць подпісы. Кожны можа падпісацца нават за ўсіх кандыдатаў адразу. Галоўная — мець пры сабе пашпарт».
Па словах Таццяны Сяргееўны, выбары — гэта заўсёды вялікае свята: «У гэты час мы не толькі праяўляем сваю грамадзянскую пазіцыю, але і галасуем за сваю будучыню, за будучыню нашай краіны. Збор подпісаў, як і заўжды, ідзе ў рабочым парадку. Больш людзей прыходзяць менавіта ў выхадныя і святочныя дні. Станоўчыя эмоцыі выбаршчыкаў заўсёды грэюць душу і сэрца. У цэлым да нас прыходзяць з пазітыўным настроем, задаюць пытанні аб нашым кандыдаце, на якія мы заўсёды з задавальненнем адказваем».
«Мы збіраем подпісы за камуніста, першага сакратара ЦК КПБ, галоўнага рэдактара газеты „Камуніст Беларусі. Мы і час“, — паведаміў прадстаўнік ініцыятыўнай групы ў падтрымку Сяргея Аляксандравіча Сыранкова Аляксандр Васільевіч. — Прыходзіць вельмі шмат людзей. Усе цікавяцца. Ва ўсе часы наша партыя стаяла за сацыяльную справядлівасць перш за ўсё для працоўных. Якраз і цікавяцца нашым напрамкам і курсам. Таксама распытваюць аб лініі нашай партыі ў сучаснасці. Мы стараемся адказаць на ўсе пытанні, усё растлумачыць. Наш народ заўсёды быў добразычлівым. Многія людзі, даведаўшыся, што я з’яўляюся яшчэ і членам Саюза пісьменнікаў, задаюць шмат пытанняў аб нашай культуры. Адпаведна, я заўсёды імкнуся нашу культуру прадстаўляць ва ўсім свеце на высокім узроўні».
«Беларусы павінны цікавіцца палітычным жыццём сваёй краіны!» — адзначыла жыхарка сталіцы Алена падчас квэст-канцэрта. Па яе словах, беларусы могуць ганарыцца сваёй краінай.
Прэзідэнцкія выбары — сапраўды лёсавызначальная падзея. Такім меркаваннем падзялілася мінчанка Таццяна. «Трэба думаць аб тым, каб наша Беларусь заставалася і далей надзейнай, свабоднай, мірнай і бяспечнай. За гэта і трэба аддаваць свой голас», — упэўнена жанчына.
Пікеты па сборам подпісаў разгарнуліся ва ўсіх раёнах сталіцы. З 7 да 21 снежня ЦВК будзе прымаць дакументы, неабходныя для рэгістрацыі кандыдатаў. З 22 да 31 снежня адбудзецца рэгістрацыя. Перадвыбарная агітацыя і інфармаванне выбаршчыкаў пройдуць з 1 да 25 студзеня, датэрміновае галасаванне адбудзецца з 21 да 25 студзеня. Выбары Прэзідэнта Беларусі прызначаны на 26 студзеня 2025 года.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Віктара ДРАЧОВА
Жыхары Гомельшчыны не збаўляюць актыўнасці ў імкненні пакінуць подпіс у падтрымку вылучэння кандыдатаў на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На пікетах усе дні збору подпісаў шматлюдна. Многія прыходзяць сем’ямі.
Высокай актыўнасцю сваю грамадзянскую пазіцыю адзначаюць жыхары Гомельскага раёна.
Іграе музыка, людзі сустракаюцца, абменьваюцца навінамі... Жыхары сельскіх населеных пунктаў падзяліліся, што адкрыццё пікетаў — гэта для іх своеасаблівае невялікае свята, якое аб’ядноўвае людзей.
У пікеце ў аграгарадку Мічурынская актыўна бралі ўдзел як жыхары населенага пункта, так і прадстаўнікі мясцовых арганізацый.
— Згуртоўвае. Людзі ведаюць пра гэтае мерапрыемства, чуюць музыку, збіраюцца, вітаюць адно аднаго, усе з усмешкамі, добрым настроем, — падзялілася Марыя.
— Наш лідар павінен быць мужны, сумленны, адданы сваёй краіне, клапаціцца аб нашых грамадзянах, рабіць усё, каб Беларусь квітнела, развівалася, — расказала Алена.
Нягледзячы на халоднае надвор’е, гэтымі днямі ажыўлена было на пікетах і ў іншых населеных пунктах раёна. Ініцыятыўныя групы прымалі ахвотных пакінуць свой подпіс для вылучэння кандыдатаў у аграгарадках Цярэнічы, Новая Гута, Бярозкі, Урыцкае і іншых.
Пікет па зборы подпісаў за кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у Прыбары Гомельскага раёна разгарнуўся каля мясцовай крамы. Грамадзяне актыўна падыходзілі, цікавіліся тым, што адбываецца, і ахвотна пакідалі подпісы за «свайго» кандыдата. У буйным населеным пункце — аграгарадку Пакалюбічы — пікеты разгарнуліся з першага дня збору подпісаў для вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты. Жыхары вывучалі інфармацыйныя стэнды, актыўна падпісваліся.
У працэсе збору подпісаў ініцыятыўныя групы ўлічылі спецыфіку Гомельскага раёна. Яго тэрыторыя вельмі значная па плошчы — 21 сельсавет. На мясцовых прадпрыемствах і ў арганізацыях працуюць жыхары Добрушскага, Веткаўскага, Рэчыцкага, Буда-Кашалёўскага раёнаў і самога абласнога цэнтра. Акрамя таго, у прыгарадзе Гомеля вялізная колькасць садовых таварыстваў, і дачнікі таксама могуць прыйсці на пікет.
Як адзначыла каардынатар ініцыятыўнай групы па вылучэнні Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча — старшыня Гомельскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ларыса Леглік, працуюць не толькі на пікетах па зборы подпісаў, але і ў рабочых калектывах, і па месцы жыхарства. Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь незалежна ад месца рэгістрацыі можа скарыстацца сваім правам пакінуць подпіс у падтрымку вылучэння свайго кандыдата, — патлумачыла Ларыса Леглік.
Каардынатар ініцыятыўнай групы адзначыла, што за вылучэнне дзеючага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку людзі падпісваюцца з задавальненнем. Кажуць: «Мы свайго кандыдата ведаем, даўно выбралі і вызначыліся».
Арганізацыя пікетаў будзе прадоўжана ў раёне. Не забудзьцеся ўзяць пашпарт, нагадваюць члены ініцыятыўных груп тым, хто жадае пакінуць подпіс для вылучэння кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. У падпісным лісце павінны быць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі раёна, горада, раёна ў горадзе. Выбаршчык павінен уласнаручна паставіць дату подпісу і распісацца. Выбаршчык мае права паставіць подпіс у падтрымку некалькіх кандыдатур, якія прапануюцца для вылучэння кандыдатамі ў Прэзідэнты, але толькі адзін раз у падтрымку адной і той жа кандыдатуры.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота рэдакцыі Гомельскай раённай газеты «Маяк»
На пікетах, якія арганізаваны ініцыятыўнымі групамі, шматлюдна. Жыхары абласнога цэнтра добра ведаюць гэтыя месцы і прыходзяць сюды ў вызначаны час, каб паставіць свае подпісы ў падтрымку кандыдатаў у Прэзідэнты.
Апоўдні ў цэнтры горада, каля Маладзёжнага цэнтра, размясцілася некалькі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў. І тут адразу ўтварылася чарга, якая не памяншалася ўвесь вызначаны час работы пікета. Члены ініцыятыўных груп розных грамадскіх арганізацый амаль не падымалі галавы з-за пастаяннага наплыву гараджан. Яно і зразумела. Усе ахвотныя павінны мець магчымасць прыняць удзел у электаральнай кампаніі па выбары Прэзідэнта на самым першым яе этапе. Праз некаторы час удаецца атрымаць каментарый прадстаўнікоў ініцыятыўных груп па зборы подпісаў.
— Гродзенцы актыўна ідуць, — дзеліцца сваімі назіраннямі член ініцыятыўнай групы, прадстаўнік Гродзенскай абласной арганізацыі КПБ Жанна Мікша, — узрост розны, пераважна прыходзяць групамі: сябры, знаёмыя, вельмі шмат моладзі, відавочна, што ідуць асэнсавана, у людзей ёсць свая пазіцыя. Як відаць, свой выбар яны зрабілі, хоць і цікавяцца ўсімі, хто вылучыўся ў кандыдаты. Людзі дасведчаныя, маюць сваё меркаванне, могуць ацаніць грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне, у свеце і зрабіць свой выбар. Думаю, што, сапраўды, час выбраў кожнага з нас, на сённяшні дзень мы бачым, як жывём. Гэтым і абумоўлена такая актыўнасць.
Як расказала Жанна Мікша, пікеты па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты праводзяцца ў рэгіёне кожны дзень. Згодна з заканадаўствам, ажыццяўляць такі збор могуць толькі члены ініцыятыўных груп і толькі ў вызначаных для гэтага месцах. Як правіла, яны ўстанаўліваюцца ў цэнтрах гарадоў і іншых населеных пунктаў. Таксама збор подпісаў можа весціся па месцы жыхарства і работы выбаршчыкаў. Кожны член ініцыятыўнай групы мае пры сабе адпаведнае пасведчанне і дакумент з фотаздымкам. У падпісным лісце павінны быць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць у дадзеным населеным пункце ці на тэрыторыі раёна. Падпісны ліст завяраецца членам ініцыятыўнай групы.
Суразмоўніца звяртае ўвагу, што выбаршчык можа паставіць подпіс у падтрымку некалькіх кандыдатур, якія вылучаюцца кандыдатамі ў Прэзідэнты. Для рэгістрацыі кандыдатам на вышэйшы дзяржаўны пост неабходна сабраць не менш як 100 тысяч подпісаў.
Член іншай ініцыятыўнай групы, прадстаўнік Гродзенскай гарадской ветэранскай арганізацыі Валянціна Рыжкевіч пацвярджае, што гродзенцы займаюць актыўную пазіцыю падчас збору подпісаў.
— Хутка ў нашай краіне адбудзецца вельмі важнае падзея — выбары Прэзідэнта Беларусі. Бачу, што жыхары абласнога цэнтра не застаюцца ўбаку, ідуць ставіць свае подпісы за патэнцыяльнага кандыдата, якога лічаць дастойным удзельнічаць у гонцы, — кажа жанчына.
Яна зазначае, што механізм збору подпісаў добра адпрацаваны, асабіста яна мае вопыт у гэтай справе. Суразмоўніца прызналася, што яна хоць і пенсіённага ўзросту, мае 43 года працоўнага стажу, але адчувае сваю адказнасць у тым, як праходзіць такая важная для Беларусі палітычная кампанія.
— Вельмі радуе, што ўсё праходзіць спакойна і камфортна, людзі шчырыя, адкрытыя, усміхаюцца, многія прыходзяць сем’ямі, гучыць музыка, вясёлы гоман, — пракаментавала атмасферу Валянціна Рыжкевіч. — Так і павінна быць у нашай краіне, дзе ўсё робіцца для людзей.
Між тым ахвотных аддаць свой подпіс усё большала. Знаёмімся з прадстаўнікамі Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў, якія падчас абедзеннага перапынку прыйшлі падтрымаць вылучэнне кандыдата ў Прэзідэнты.
— Што датычыць электаральнай кампаніі, гэта наш грамадзянскі і чалавечы абавязак, мы гэтым выказваем сваю пазіцыю. І такіх людзей, па ўсёй бачнасці, даволі шмат. Вельмі добра, што дадзена такая магчымасць прыйсці ў цэнтр горада і падпісацца за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты, — зазначыў Вадзім Чарапіца.
— Лічу, важна выканаць свой грамадзянскі абавязак, тым самым выступіць за нашу мірную краіну, незалежную і суверэнную. Нам неабыякава, хто стаіць на чале дзяржавы, Беларусі патрэбен сапраўдны лідар. Мы ўдзельнічаем у зборы подпісаў, бо маем сваю трывалую думку наконт гэтага, можам параўнаць, якая была краіна некалькі дзесяцігоддзяў таму і якая яна цяпер, — выказала меркаванне Наталля Ганчарук.
Алена Скрабакіна дадала, што жыве ў Гродне 30 гадоў і на яе вачах горад імкліва развіваецца. «Гэта робіцца дзякуючы таму курсу, якім ідзе наша краіна. Будуецца жыллё, сацыяльныя аб’екты, дарогі сталі значна лепшымі. Мы за мір, таму мы тут», — рэзюмавала яна сваю пазіцыю.
Па маіх назіраннях, усе людзі, якія прыйшлі да месца збору подпісаў, маюць пазітыўны настрой. Без сумневу, усе яны хочуць, каб краіна заставалася астраўком бяспекі і развівала добрасуседскія адносіны. А подпісы — свайго роду ўклад кожнага ў будучыню Беларусі.
— Людзі не чакаюць, каб да іх прыйшлі члены ініцыятыўнай групы па подпісы, а імкнуцца самі выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, — кажа гродзенец Аляксандр Радыёнаў. — Мы бачым тут розныя ўзроставыя катэгорыі, але іх аб’ядноўвае той факт, што краіна 80 гадоў жыве пад мірным небам. Таму ставім подпіс за тое, каб так было і надалей. А гэта дарагога варта. Мне здаецца, што цяпер вельмі важна нам, беларусам, праявіць актыўнасць і падпісацца ў падтрымку ўдзельнікаў прэзідэнцкай гонкі. Наш грамадзянскі абавязак — даць права і магчымасць удзельнічаць у выбарах Прэзідэнта Беларусі. Асабіста я паставіў свой подпіс за мірнае неба, бяспеку, шчаслівую будучыню. Сёння наша краіна стаіць на моцным фундаменце, яна развіваецца і з кожным годам становіцца лепшай. Трэба ўсё гэта зберагчы. Вакол Беларусі неспакойна, таму важна захаваць мір.
Некаторыя гродзенцы вырашылі сумясціць збор подпісаў са шпацырам па горадзе. На дварэ хоць і восеньскі дзень, але горад не страціў прывабнасці, у цэнтры нямала месцаў адпачынку, утульных кафэ, дзе можна выпіць кубачак кавы і абмеркаваць тое, што хвалюе. Некаторыя гараджане нават прызначылі сустрэчу каля пікета, каб потым разам прайсціся па гістарычным цэнтры старажытнага Гродна. У іх ліку — маладая гродзенка Наталля Ляшук, якая разам са сваімі сябрамі прыйшла падпісацца за мірную працу.
— Сёння тут, у цэнтры горада, вельмі шмат людзей, таму стаім у чарзе, каб падпісацца за вылучэнне свайго кандыдата ў Прэзідэнты. Я ведаю, што ў сваёй краіне ніколі не застануся адна, што побач добрыя і чулыя людзі, мае сябры, якія заўсёды дапамогуць. Такая краіна мне патрэбна, — выказала сваю пазіцыю Наталля.
За будучыню гатова галасаваць гродзенка Іна, якая адчувае сябе сацыяльна абароненай і ўпэўненай у заўтрашнім дні. Яна цэніць мірнае жыццё і не хоча, каб у нашай краіне былі войны, голад, разбурэнне. Таму не застаецца ўбаку, а дзейнічае так, як падказвае сумленне і сэрца.
— Як і многія гродзенцы, я прыйшоў сюды, каб паставіць подпіс за вылучэнне кандыдата ў Прэзідэнты, — кажа Петр Касіцкі. — Я за стабільнасць, за нашу Беларусь, за нашых дзяцей, жыццё пад мірным небам, за ўсё найлепшае. Сёння важна не быць проста крытыкам, а праяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю і ўмець абараніць тыя прынцыпы, якімі жыве краіна.
Звяртаю ўвагу на групу жанчын, якія не толькі ставяць свае подпісы, але і робяць здымкі каля пікетаў. Чаму ім важна зафіксаваць гэты момант? — пытаюся. Аказалася, што ўсе яны працуюць у філіяле агракамбіната «Скідзельскі». Подпісы — гэта пачатак іх удзелу ў электаральнай кампаніі. Яны лічаць, што гэта, у першую чаргу, патрэбна самім выбаршчыкам.
— У мяне шматдзетная сям’я, трое дзетак, усе выдатна вучацца, я імі вельмі ганаруся, стараюся даць ім як мага больш, але без падтрымкі дзяржавы наўрад ці гэта атрымалася б. Дзеці могуць бясплатна займацца спортам, для іх развіцця ёсць усе магчымасці, гурткі, спартыўныя пляцоўкі, бясплатнае харчаванне ў школе, ведаю, што дзеці заўсёды сытыя, а гэта здароўе, — выказалася Алена Жвірбля.
Яе калега Марына Сяркова дадала, што беларусы сацыяльна абароненыя ў сваёй краіне. Напрыклад, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ёсць магчымасць выязджаць на аздараўленне ў санаторыі, гэта даступна. Да свят прадпрыемства заўсёды аказвае матэрыяльную дапамогу.
Жанчыны лічаць, што кожны павінен прымаць удзел у выбарах, выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю і паставіць подпісы за свайго кандыдата, які захавае тыя дасягненні, якія ёсць, і памножыць іх.
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты працягнецца да 6 снежня. Як адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік падчас нядаўняй нарады па арганізацыйным забеспячэнні электаральнай кампаніі, у грамадстве высокі запыт на справядлівасць і грамадзяне гатовы адстойваць сваё канстытуцыйнае права. Яны актыўна падтрымалі змены ў Канстытуцыю Беларусі наконт ідэі ўмацавання палітычнага і эканамічнага плюралізму, партыйнага будаўніцтва, павышэння ролі дзяржавы ў забеспячэнні нацыянальных інтарэсаў. Таму задача органаў дзяржаўнага кіравання — забяспечыць грамадзянам магчымасць рэалізацыі іх правоў у рамках заканадаўства.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.