Вы тут

Што адбываецца на граніцы з ЕС?


Па словах намесніка начальніка ўпраўлення — начальніка 1-га аддзела 1-га ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Сяргея Мялешчыка, аб’ём канфіскаваных псіхатропных рэчываў за студзень — верасень гэтага года вырас больш чым у чатыры разы.


Фота з адкрытых крыніц

Аналіз агульных звестак аб канфіскацыі на тэрыторыі Беларусі з незаконнага абароту наркотыкаў і псіхатропных рэчываў сведчыць аб тым, што аб’ём іх канфіскацыі ўсімі органамі крымінальнага пераследу вырас у 2,6 раза і склаў 1,7 тоны. Асноўны аб’ём канфіскаваны мытнымі, пагранічнымі органамі на дзяржаўнай граніцы краіны. Наркотыкі і псіхатропы фактычна транзітам рухаліся праз Беларусь. «Пры гэтым рост канфіскаваных наркотыкаў нязначны, тады як псіхатропных рэчываў канфіскавана больш чым у чатыры разы», — сказаў Сяргей Мялешчык, дадаўшы, што гаворка ідзе пра 1 тону 336,5 кілаграма.

Паводле яго слоў, гэты факт пацвярджае актуальнасць праблемы выкарыстання тэрыторыі Беларусі не толькі як рынку збыту, але і як краіны транзіту. У цэлым за дзевяць месяцаў назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння па такіх важных паказчыках, як колькасць выяўленых нарказлачынстваў, колькасць дастаўленняў у арганізацыі аховы здароўя ў сувязі з атручваннем наркотыкамі, а таксама смяротных перадазіровак. За гэты перыяд зарэгістравана 2908 наркатычных злачынстваў, з якіх 1450 звязаны са збытам. Устаноўлена 1576 чалавек, якія здзейснілі злачынствы ў сферы наркакантролю, з іх 590 нарказбытчыкаў.

А распаўсюджвальнікі гэтага небяспечнага «зелля» становяцца ўсё маладзейшымі. З 45 да 76 павялічылася колькасць нарказлачынстваў, учыненых непаўналетнімі або з іх удзелам. 60 такіх злачынстваў звязаны са збытам. Разам з тым захоўваецца дынаміка зніжэння колькасці смерцяў, выкліканых атручваннем наркотыкамі. За дзевяць месяцаў распачата 42 крымінальныя справы па фактах смерці ў выніку атручвання наркотыкамі 40 чалавек.

За апошні час у нашай краіне спынена 26 каналаў паставак наркотыкаў у Беларусь і транзіту праз яе тэрыторыю. У 22 выпадках наркотыкі паступалі да нас з Расіі, трох — з Польшчы, у адным — з Літвы. Пры гэтым усе каналы з краін Еўрасаюза, а іх чатыры, выяўлены ва ўзаемадзеянні з падраздзяленнямі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Дзяржаўнага мытнага камітэта. Па словах прадстаўніка МУС, гэта сведчыць аб высокім узроўні ўзаемадзеяння.

У 15 з 26 выяўленых выпадкаў кур’еры перавозілі наркотыкі праз мытную граніцу ЕАЭС і дзяржграніцу Беларусі легкавым транспартам, у сямі выпадках — у ручной паклажы рэйсавымі аўтобусамі, у трох выпадках — у багажы чыгуначным транспартам, у адным выпадку — грузавым аўтатранспартам. Затрыманы 37 актыўных удзельнікаў міжнароднага наркатрафіку, у тым ліку пяць грамадзян Расіі, адзін — Польшчы і два — Літвы.

Супрацоўнікі наркакантролю выявілі і ліквідавалі пяць падпольных наркалабараторый, дзве з якіх — з удзелам грамадзян Беларусі на тэрыторыі Расіі. Устаноўлена, што ва ўсіх выпадках прэкурсоры і лабараторнае абсталяванне набываліся фігурантамі бескантактавым спосабам на тэрыторыі Расіі, пасля пастаўляліся ў Беларусь для вырабу асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва — мефедрону. Да функцыянавання лабараторыі на тэрыторыі Беларусі датычныя ў тым ліку грамадзяне Расіі. За гэты перыяд спынена дзейнасць 116 памяшканняў, спецыяльна прыстасаваных і абсталяваных для вырошчвання наркатычных раслін.

Наркапатокі перамясціліся на польскі і прыбалтыйскі напрамкі

Як паведамляе намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення арганізацыі барацьбы з кантрабандай Дзяржаўнага мытнага камітэта Сяргей Дуброўскі, тэма барацьбы з наркатрафікам не губляе сваёй актуальнасці. Ён заўважыў, што адбылося пераарыентаванне наркапатокаў на польскі і прыбалтыйскі напрамкі. А калегі з гэтых краін ігнаруюць сумесную работу па іх спыненні. Вынік — складанасці пры ўсталяванні ўсіх міжнародных ланцужкоў паставак наркотыкаў і беспакаранасць злачынных элементаў на тэрыторыі гэтых краін.

Разам з тым у гэтай рабоце мытнікі актыўна ўзаемадзейнічаюць з іншымі праваахоўнымі органамі Беларусі, з калегамі з ЕАЭС, перш за ўсё з Федэральнай мытнай службы (ФМС) Расіі, адзначыў Сяргей Дуброўскі. Для барацьбы з наркатрафікам у пунктах пропуску праводзіцца мытны кантроль, у тым ліку з прымяненнем сістэмы аналізу і кіравання рызыкамі, а таксама выкарыстаннем службовых сабак, тэхнічных сродкаў мытнага кантролю. Па-за пунктамі пропуску мабільнымі групамі праводзяцца спецыяльныя мерапрыемствы, а таксама выкарыстоўваюцца магчымасці ажыццяўлення аператыўна-вышуковай дзейнасці.

У студзені — сакавіку спынены буйны канал паступлення псіхатропаў з тэрыторыі ЕС транзітам праз Беларусь у Расію, дзе ажыццяўлялася іх далейшае распаўсюджванне. Затрыманы грамадзяне Літвы, Расіі, Беларусі, якія маюць дачыненне да здзяйснення злачынства. Канфіскавана каля 200 кілаграмаў 4-СМС і мефедрону.

Яшчэ адзін выпадак, які дэманструе ўзаемасувязь трансгранічнага крымінальнага свету, выяўлены ў пункце пропуску «Каменны Лог» пры даглядзе грузавога аўтамабіля, у якім перамяшчалася «насенне сланечніку». Грамадзяне Малдовы ў інструментальных скрынях прычэпа спрабавалі завезці больш за 30 кілаграм гашышу. Устаноўлена, што наркотыкі прызначаліся для дастаўкі на тэрыторыю Расіі, а перадача кур’еру была запланавана ў Мінску. У выніку правядзення аператыўнай камбінацыі пры спробе перадачы названай партыі наркотыкаў затрыманы грамадзянін Расіі, які перамясціў з Расіі ў Беларусь аўтамат Калашнікава з двума магазінамі і 30 патронамі, пісталет і прыбор для бясшумнай стральбы. Зброя і боепрыпасы прызначаліся для далейшага перамяшчэння на тэрыторыю ЕС. Пасля пры правядзенні сумесных з ФМС Расіі мерапрыемстваў, у тым ліку па метадзе кантраляванай пастаўкі, устаноўлены арганізатары двайной пастаўкі наркотыкаў і зброі.

Выкарыстанне ў злачыннай дзейнасці звычайных інтэрнэт-рэсурсаў, размешчаных у адкрытай сетцы, для Беларусі не характэрна, лічыць Сяргей Мялешчык. Супрацоўнікі праваахоўных органаў ажыццяўляюць пастаянны маніторынг з’яўлення новых пранаркатычных сайтаў і аператыўна прымяняюць меры да іх блакіравання. «Так, сёлета абмежаваны доступ да 348 падобных рэсурсаў», — сказаў Сяргей Мялешчык.

Паводле яго слоў, супрацоўнікі аналітычнай разведкі сёлета спрацавалі эфектыўна. Імі спынена дзейнасць 34 інтэрнэт-крам, якія займаліся збытам наркотыкаў. Ва ўсіх выпадках абвінавачанымі прызнаваліся не шараговыя збытчыкі, а асобы, якія непасрэдна кіравалі інтэрнэт-крамамі альбо якія ўваходзяць у склад адміністрацыі злачыннага фарміравання. Асноўная маса інтэрнэт-крам па продажы наркотыкаў размяшчаецца на ценявых пляцоўках, адзначыў спецыяліст. Акрамя таго, дадаў ён, фіксаваліся выпадкі продажу наркотыкаў з выкарыстаннем месенджараў.

Праблемны транзіт

Як адзначыў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення арганізацыі мытнага кантролю Дзяржаўнага мытнага камітэта Дзмітрый Кавалёў, самае актуальнае пытанне на дадзены момант на граніцы — чэргі. Усе разумеюць, што іх наяўнасць залежыць ад рашэнняў ЕС. «Закрыццё пунктаў пропуску, штучнае зніжэнне прапускной здольнасці шкодзіць як эканоміцы Еўрасаюза, так і зносінам грамадзян», — сказаў Дзмітрый Кавалёў.

Ён падкрэсліў, што беларускі бок робіць усё магчымае, каб урэгуляваць гэтае пытанне. «Неаднаразова звярталіся да сумежнага боку з пытаннямі аб забеспячэнні прапускной здольнасці, аб аднаўленні работы закрытых пунктаў пропуску. Але сумежны бок нас не чуе. І сітуацыя на граніцы працягвае пагаршацца», — дадаў ён.

Так, з 1 сакавіка закрытыя пункты пропуску «Прывалка» і «Катлоўка». З 1 ліпеня забаронены ўезд на прычэпах з беларускай рэгістрацыяй, а літаральна нядаўна, з 1 лістапада, латвійскі бок забараніў уезд і перамяшчэнне па сваёй тэрыторыі аўтамабіляў з рэгістрацыяй у Беларусі. «Беларускі бок гатовы да дыялогу, прычым, хачу звярнуць увагу, адкрытага і раўнапраўнага — па гэтых пытаннях, але, яшчэ раз звяртаю ўвагу, вельмі складана з сумежным бокам цяпер узаемадзейнічаць. Яны нас не чуюць і не хочуць з намі ўзаемадзейнічаць», — сказаў Дзмітрый Кавалёў.

Паводле яго слоў, усялякую падтрымку ў гэты складаны час мытныя органы, Дзяржаўны пагранічны камітэт, іншыя кантрольныя органы імкнуцца аказаць беларускім суб’ектам гаспадарання, якія адчуваюць беспрэцэдэнтны санкцыйны ціск. Рэалізаваны механізм перагрузак. Каля граніцы ёсць спецыяльна ўстаноўленыя месцы, у якія перавозчыкі ЕС дастаўляюць свае тавары. У далейшым перавозчыкі Беларусі і Расіі гэтыя тавары забіраюць і дастаўляюць у краіны Еўразійскага эканамічнага саюза.

У спецыяльна ўстаноўленых месцах у нас магчыма размяшчэнне больш за дзве тысячы транспартных сродкаў, што дазваляе нам ажыццяўляць штосутачна больш за тысячу грузавых аперацый. Гэты механізм дазволіў падтрымаць айчынных грузаперавозчыкаў і не дазволіць манапалізаваць еўрапейскімі перавозчыкамі рынак перавозак.

Сумесна з Дзяржаўным пагранічным камітэтам, РУП «Белмытсэрвіс» праводзіцца шэраг эксперыментаў, асабліва ў зонах чакання «Брэст», «Казловічы», што дазваляе значна знізіць градус напружанасці і ў прынцыпе ліквідаваць такую доўгую чаргу, якая перыядычна ўтваралася перад гэтымі пунктамі пропуску. Сутнасць эксперымента заключаецца ў наступным: транспартны сродак заязджае ў зону чакання, а пасля рэгістрацыі можа яе пакінуць, чакаючы сваёй чаргі ў любым зручным як для перавозчыка, так і для фізічнай асобы месцы. Выклік у пункт пропуску ажыццяўляецца па званку аператара РУП «Белмытсэрвіс». Вызначаны пэўны час на прыбыццё ў пункт пропуску.

Ён заўважыў, што цяпер абстаноўка перад пунктамі пропуску на граніцы складаная. З 26 існуючых працуюць толькі пяць: два — на польскім напрамку, два — на літоўскім, адзін — на латвійскім. Прычым у гэтых пунктах пропуску сумежным бокам штучна абмяжоўваецца прапускная здольнасць, адпаведна ў зонах чакання пачынаюць назапашвацца транспартныя сродкі. Акрамя таго, Дзяржаўны мытны камітэт сумесна з РУП «Белмытсэрвіс» актыўна развіваюць зоны чакання, каб стварыць аптымальныя ўмовы для перасячэння граніцы.

Мігранты на граніцы нават гінуць

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі лічыць, што характар дзеянняў сумежных дзяржаў ЕС у дачыненні да бежанцаў застаецца незаконным і негуманным. «Мы сутыкаемся з такімі сітуацыямі рэгулярна. Сілавое выправаджванне ажыццяўляецца праз тыя платы, якія былі ўсталяваны на дзяржграніцы. Устаноўлена больш за 980 кіламетраў такіх загарод.

Ён адзначыў, што ў платах абсталяваны праходы або брамкі, якія першапачаткова заяўляліся для міграцыі дзікіх жывёл. Разам з тым брамкі закрытыя з таго боку на замок. «Усім абсалютна відавочна, што ніхто іх адкрываць для жывёл не будзе», — сказаў афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта. Паводле яго слоў, беларускія пагранічнікі ні разу не фіксавалі, каб гэтыя праходы былі выкарыстаны па заяўленым прызначэнні.

«Людзі, якія трапілі на той бок, сустракаюць агрэсіўныя, нечалавечыя адносіны. Іх б’юць, ужываючы розныя спецсродкі, гумовыя палкі. Даходзіць да збівання прыкладамі аўтаматаў, выкарыстання пярцовага газу. Пазбаўляюць, асабліва ў халодны час года, цёплай вопраткі, каб прадухіліць паўторнае пранікненне на сваю тэрыторыю, і сілай выпіхваюць. Людзі атрымліваюць траўмы, такія выпадкі зафіксаваны. Ёсць крымінальныя справы ў вытворчасці Следчага камітэта, збіраецца доказная база», — дадаў Антон Бычкоўскі.

У выніку бесчалавечнага стаўлення да мігрантаў некаторыя людзі на граніцы нават гінуць. На граніцы з ЕС з 2021 года выяўлены загінулымі 60 чалавек. Больш за ўсё на ўчастку з Польшчай — 27 чалавек, з Латвіяй — 24, з Літвой — 9 чалавек.

Днямі зафіксаваны чарговы трагічны выпадак гібелі бежанца. На латвійскім участку знайшлі цела грамадзяніна Самалі. Побач з ім быў сябар, які распавёў, што яны спрабавалі трапіць на тэрыторыю Латвіі: «Сустрэлі фактычна фашысцкае, нечалавечнае стаўленне з боку праваахоўных органаў сумежнай дзяржавы».

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».

Эканоміка

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.