Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК у Буда-Кашалёўскім раёне адкрылі новую вытворчасць па адкорме куранят-бройлераў. Інвестыцыйны праект — вытворчы цэх «Тэклёўка» — рэалізаваны рэспубліканскім дачэрнім сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемствам «Беларуснафта — Асобіна».
Рэалізацыю інвестпраекта пачалі ў мінулым годзе. Цяпер завершана другая чарга будаўніцтва: пабудавана шэсць птушнікаў. Адкрыццё цэху па адкорму «Тэклёўка» — завяршальная частка рэалізацыі інвестпраекта. Аднамаментна тут можа змяшчацца да 780 тысяч галоў птушкі. Новы аб’ект дазволіць прадпрыемству павялічыць вытворчасць мяса куранят-бройлераў на 10 тысяч тон у год. Вытворчы цэх забяспечыць стварэнне новых працоўных месцаў.
— Новая высокатэхналагічная вытворчасць дасць магчымасць атрымаць самыя высокія ўзроўні тэхналагічных прыбаўленняў у вазе, добрую рэнтабельнасць, а таксама дасць магчымасць быць прадукцыі канкурэнтаздольнай не толькі на ўнутраным рынку, але і на знешнім контуры, — эканамічную значнасць новага аб’екта на цырымоніі адкрыцця цэха адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што ўвод у эксплуатацыю новага вытворчага цэха «Беларуснафта — Асобіна» будзе садзейнічаць далейшаму нарошчванню тэмпаў вытворчасці птушкі, умацаванню фінансавага стану прадпрыемства і стане ўкладам у справу падтрымання харчовай бяспекі краіны.
Як нагадаў Іван Крупко, традыцыйна да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК аграрыі Гомельшчыны падводзяць вынікі сельскагаспадарчага года, вызначаюць планы на будучыню і ўшаноўваюць перадавікоў.
— Кіраўнік дзяржавы паставіў сур’ёзную задачу пераабсталяваць тэхналагічна за наступную пяцігодку ўсю жывёлагадоўлю. Гэта датычыцца птушкагадоўлі, свінагадоўлі, дойнага статка, вытворчасці малака. Бо прадукцыя сельскай гаспадаркі для нашай краіны — гэта брэнд, — дадкрэсліў губернатар.
Пры мадэрнізацыі сферы жывёлагадоўлі павінны быць створаны сучасныя працоўныя месцы, з высокім узроўнем заработнай платы, наладжана вытворчасць прадукцыі толькі высокай якасці. Такія арыенціры для далейшага развіцця АПК Гомельшчыны абазначыў кіраўнік рэгіёна.
— Умова адна — якасць, бяспека прадукцыі і канкурэнтаздольная цана на знешнім рынку. Гэта і фінансавая магутнасць прадпрыемства, і даходы кожнага, хто працуе тут«, — звярнуў увагу кіраўнік вобласці.
Як адзначыў губернатар, на Гомельшчыне працягваецца мадэрнізацыя жывёлагадоўчай базы. Так, у цэлым дзякуючы тэхналагічнаму пераўзбраенню сферы АПК вобласці пабудавана 40 новых малочна-таварных комплекса, яшчэ 40 будуць рэканструяваны. Акрамя таго будуць адкрыты тры свінакомплексы і яшчэ адна пляцоўка для вырошчвання птушкі магутнасцю дзесяць тысяч тон мяса за год. Між тым у планах да канца года ў ААТ «Мікалаеўка» Буда-Кашалёўскага раёна адкрыць яшчэ адзін малочнатаварны комплекс магутнасцю 860 галоў і новы свінагадоўчы комплекс у ААТ «Уцеўскае» Добрушскага раёна.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
фота www.budakosh.by