Вы тут

З якімі вынікамі беларускія аграрыі выходзяць да свайго свята?


Штогод у трэцюю нядзелю лістапада ў Беларусі адзначаюць асаблівую дату — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Прафесійнае свята — важная падзея для ўсіх, хто працуе ў аграрнай і перапрацоўчай сферы. Адначасова гэта і нагода падвесці вынікі работы прадстаўнікоў галіны. Сельская гаспадарка выконвае ключавую ролю ў эканоміцы краіны, забяспечваючы вытворчасць прадуктаў і падтрымку нацыянальнага даходу. Асаблівасць работы ў гэтай сферы заключаецца ў цеснай залежнасці ад прыродных умоў, паколькі выкарыстоўваюцца такія рэсурсы, як глеба і вада. У гэтым годзе Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі як звычайна будзе суправаджацца масавымі народнымі гуляннямі, застоллямі, віншаваннямі ад кіраўнікоў, калег і родных. Карэспандэнт «Звязды» высветліў, з чым аграрыі краіны завяршаюць свой гарачы сезон.


У магутных тэхналогіях — эканоміка і даход прадпрыемстваў

Айчынны аграрна-прамысловы комплекс — высокатэхналагічная галіна. У ёй важныя не толькі карпатлівая праца работнікаў сельскай нівы, але і развіццё новых тэхналогій. Як адзначыў міністр сельскай гаспадаркі Анатоль Ліневіч, раней мы не маглі скарыстацца гэтымі тэхналогіямі з-за таго, што не мелі дастатковай колькасці сучасных машын: «Але мы працавалі з краінамі Еўропы, часта туды выязджалі, глядзелі, вывучалі новыя тэхналогіі і ўжывалі іх у сябе ў буйнатаварнай вытворчасці, а не толькі ў фермерскіх гаспадарках».

На думку міністра сельскай гаспадаркі, такі крок правільны, за гэтым стаяць эканоміка і фінансавы прыбытак кожнага прадпрыемства. «Сёння многія еўрапейскія калегі прыязджаюць да нас для абмену вопытам, таму што мы маем вынікі ў вытворчасці сельгаспрадукцыі, параўнальныя з краінамі Еўропы і свету. Мы па праве ганарымся гэтым. Такіх паспяховых гаспадарак па краіне больш за 30 працэнтаў ад агульнай колькасці».

Прэзідэнт Беларусі аддае асаблівую ўвагу гэтым гаспадаркам і паказвае, якім чынам сёння павінен адбывацца працэс вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі і як павінны працаваць тэхналогіі. «Я ж працую ў сельскай гаспадарцы з 1992 года, і ўвесь гэты прагрэс праходзіў праз мяне ў розных галінах, кірунках, калі я працаваў інжынерам, кіраўніком, намеснікам старшыні райвыканкама, старшынёй райвыканкама, — адзначыў міністр. — І я разумею, як нялёгка гэта ўсё, але, тым не менш, дамагчыся выніку можна».

Уласныя персікі і абрыкосы

Яшчэ адзін трэнд нашых дзён — вырошчванне экзатычнай прадукцыі на тэрыторыі краіны. «Сёння Беларусь нацэлена пераважна на вырошчванне традыцыйных яблыкаў і груш, аднак з паўднёвых рэгіёнаў краіны пачнецца культывацыя абрыкосаў і персікаў. Ужо ёсць некалькі гаспадарак, якія займаюцца вінаградам, многія прыватнікі вырошчваюць цяплічны вінаград. 

Упэўнены, што ў хуткім часе гэта пяройдзе ў буйнатаварную вытворчасць», — заўважыў Анатоль Ліневіч.

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі Уладзімір Гракун дадаў, што, на жаль, у Беларусі пакуль яшчэ не вырошчваецца міндаль. Тым не менш на прамысловыя прасторы ўжо выходзяць пасадкі грэцкага арэха і фундуку. 

«Такія плошчы ў нас ёсць у Маладзечне Мінскай вобласці, у Мастах Гродзенскай вобласці, У Пінску Брэсцкай вобласці. У Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці вырошчваюцца грэцкія арэхі таджыкскай селекцыі. Сёлета былі замаразкі, але чакаем, што гэты сад ужо ў наступным годзе будзе прыносіць плады».

Ён адзначыў, што ў першую чаргу будуць культываваць абрыкос. Справа ў тым, што гэты фрукт больш падыходзіць нам па кліматычных умовах. А паколькі яны мяняюцца, у будучыні плануюць атрымаць не толькі абрыкосы, але і персікі.

«Вучоныя працуюць над новымі сартамі»

Што датычыцца выканання даручэння па засяванні плошчаў айчыннымі сартамі, ёсць добрыя вынікі, а менавіта — каля 80 працэнтаў. «З азімым ячменем нам трэба яшчэ працаваць, — заўважыў Уладзімір Гракун. — Гэта новая культура, якая заняла годнае месца на палях. Не хачу загадваць наперад, але мільён тон мы павінны атрымліваць. Вучоныя працуюць над новымі сартамі. Таксама айчынныя сарты рапсу на палях займаюць годнае месца, хоць імпартнае насенне і гібрыды ёсць. Вынікі вырошчвання айчынных сартоў кукурузы сёлета мы назіралі на полі нумар адзін».

Намеснік міністра адзначыў таксама, што сарты бульбы беларускай селекцыі карыстаюцца попытам на міжнародным рынку: «На сустрэчах з прадстаўнікамі з дружалюбных краін і рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі ў нас просяць насенне беларускай бульбы. Значыць, яе ведаюць і яна карыстаецца попытам. Таксама сумесна з Расіяй паспяхова працуем з пладовымі культурамі».

Па экспарце беларускія сарты на блізкім замежжы паказваюць нядрэнныя ўраджаі. «Нашы сарты пшаніцы даюць да 120 цэнтнераў на гектар ураджайнасці», — адзначыў Уладзімір Гракун.

Беларусь — гэта магутная аграпрамысловая краіна. Толькі на 12 лістапада айчынныя аграрыі з улікам рапсу намалацілі 10,3 мільёна тон збожжа, а ўменне выкарыстоўваць назапашаны вопыт і змены ўмоў надвор’я дазваляе атрымліваць стабільныя ўраджаі. «Гэты год — не выключэнне. Мы дадалі па намалоце збожжа, — падзяліўся намеснік міністра сельскай гаспадаркі Уладзімір Гракун. — У цэлым у краіне намалочана з улікам рапсу 10,3 мільёна тон збожжа. Абяцанні, якія мы давалі ўпачатку, выкананы. Па намалоце дадалі практычна на 100 тысяч масланасення рапсу, а таксама ўзялі запаветныя пяць мільёнаў тон цукровых буракоў і забяспечылі наша насельніцтва плодаагародніннай прадукцыяй».

Беларуская сельгаспрадукцыя вядомая на сусветным рынку. А нашу агародніну, яблыкі і бульбу сёння можна ўбачыць на прылаўках нашых крам. Закладзены ў тым ліку стабілізацыйныя фонды, якія дазволяць забяспечваць насельніцтва прадукцыяй практычна да новага ўраджаю. «Усё гэта — заслуга нашых працаўнікоў, якія ўкараняюць тэхналогіі, распрацаваныя Нацыянальнай акадэміяй навук, і атрымліваюць выдатныя ўраджаі», — падкрэсліў намеснік міністра сельскай гаспадаркі.

Новыя прадукты і новыя рынкі

Работа над пашырэннем рынкаў збыту і асартыменту прадукцыі, якая рэалізоўваецца на замежных рынках, вядзецца на пастаяннай аснове, і станоўчыя вынікі ёсць. Пра гэта заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Вадзім Шагойка: «Геаграфія экспарту ахоплівае больш як сто краін. Штогод пашыраем асартымент прадукцыі, якая пастаўляецца на тыя ці іншыя рынкі».

Экспарт прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай сыравіны ў 2022 годзе склаў звыш васьмі мільярдаў долараў. «Задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы па экспарце харчавання не менш за дзевяць мільярдаў долараў штогод, данесена да нашых прадпрыемстваў. Пад яе былі перагледжаны вытворчыя праграмы, зроблены акцэнт на павелічэнні высокамаржынальных відаў прадукцыі, прырост ідзе штогод», — сказаў Вадзім Шагойка.

Акрамя таго, ідзе пошук новых рынкаў, больш прымальных і прэміяльных па цэнавым дыяпазоне. «Вынікі, якія ўжо ў нас ёсць у гэтым годзе, паказваюць, што стратэгія абраная правільна. Прырост экспарту ідзе. Мы сёлета арыентуемся на атрыманне экспарту не менш за ўзровень пікавага 2022 года. Усе нацэленыя на выкананне пастаўленай задачы», — заявіў намеснік міністра.

Перапрацоўчая прамысловасць Беларусі з’яўляецца высокатэхналагічнай, пастаянна вядзецца работа над пашырэннем асартыменту прадукцыі, якая выпускаецца. «Галіна паказвае штогадовы дынамічны рост, і гэты год не выключэнне. Мы прырастаем па вытворчасці ўсяго спектра харчовых тавараў, — адзначыў Вадзім Шагойка. — Зроблены значны акцэнт на вытворчасці высокамаржынальных прадуктаў, максімальна задавальняем патрэбу насельніцтва ў айчынных прадуктах харчавання ў шырокім асартыменце, які прадстаўлены на паліцах нашых крам».

За апошнія гады Беларусь дасягнула значных вынікаў, у поўнай меры забяспечваючы ўнутраны рынак і паспяхова рэалізоўваючы прадукцыю на экспарт. «Гэтая работа вядзецца на пастаяннай аснове, пашыраецца і геаграфія паставак, і асартымент прадукцыі, якая дастаўляецца. Задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы ўраду, нацэлены на пашырэнне гэтай работы і на дадзены момант паспяхова рэалізоўваюцца на месцах», — падагульніў намеснік міністра.

Малако і інавацыйныя комплексы

Беларускае малако шырока вядома сваім смакам і карыснымі ўласцівасцямі. Яго вытворчасць сёлета плануюць павялічыць. «У гэтым годзе ў жывёлагадоўлі ўпершыню надой на карову складзе 6150 кілаграмаў, — распавяла начальнік галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі і рыбагаспадарчай дзейнасці Мінсельгасхарча Наталля 
Соніч. — Мы пераходзім мяжу ў шэсць тон. Упершыню вырабім каля 8,8 мільёна тон малака, каля 450 тон свініны і каля 650 тон ялавічыны ва ўсіх катэгорыях гаспадарак. Мы цалкам забяспечваем унутраны рынак і таксама, дзякуючы перапрацоўцы, пастаўляем на экспарт якасную прадукцыю. І гэта ўсё — заслуга нашых людзей, якія працуюць на зямлі, устаюць раней за ўсіх і пазней за ўсіх кладуцца».

Па яе словах, такія дасягненні сталі магчымыя ў тым ліку дзякуючы інавацыйнаму развіццю, стварэнню новых малочнатаварных комплексаў, свінакомплексаў, птушкафабрык, якія палягчаюць работу чалавека: «Мы плануем далей развівацца і да 2030 года ўвесь дойны статак перавесці на высокатэхналагічныя малочнатаварныя комплексы, а таксама пабудаваць новыя свінакомплексы. Яшчэ мы развіваем новыя віды прадукцыі. Так, напрыклад, ужо створана ферма па вырошчванні індычкі і інавацыйная перапяліная ферма».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.