Вы тут

Працаваць на карысць людзей


Работа з людзьмі — адзін з найгалоўнейшых кірункаў дзейнасці дэпутата. Толькі маючы зносіны з грамадзянамі на месцы, можна зразумець і аператыўна вырашыць іх надзённыя праблемы, каб павысіць узровень жыцця. У гэтым цвёрда ўпэўнены дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Докшыцкай выбарчай акрузе № 22 Анатоль Сіўко.


У склад Докшыцкай выбарчай акругі ўваходзяць Глыбоцкі, Мёрскі і Докшыцкі раёны. Агульная колькасць выбаршчыкаў — каля 58 тысяч чалавек, таму Анатолю Віктаравічу часам не хапае аднаго тыдня на месяц у акрузе, каб сустрэцца з усімі ахвотнымі. На Докшыччыне асобу Анатоля Сіўко добра ведалі і да выбараў: на працягу 16 гадоў ён узначальваў адкрытае акцыянернае таварыства «Завод «Ветразь», што знаходзіцца ў Бягомлі. За шматгадовую добрасумленную працу і вялікі асабісты ўклад у развіццё Докшыцкага раёна Анатоль Сіўко ў 2009 і 2017 гадах быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны».

«А вось з насельніцтвам Глыбоцкага і Мёрскага раёнаў я не быў знаёмы, таму разам з ініцыятыўнай групай мы праводзілі актыўную выбарчую кампанію ў гэтых рэгіёнах. Выслухоўваў праблемныя моманты і ініцыятывы людзей, знаходзілі агульнае рашэнне. Выбаршчыкі мяне падтрымалі, таму цяпер мы разам плённа працуем на карысць грамадзян», — расказвае дэпутат.

На пачатку сваёй работы Анатоль Сіўко правёў шматлікія асабістыя прыёмы ў райцэнтрах, цяпер выпрацаваў новую тактыку: прыязджае ў кожны сельсавет акругі, бо многім вяскоўцам цяжка і складана дабірацца да горада. Праблемы ў гараджан і вяскоўцаў, як ні дзіўна, амаль аднолькавыя: правядзенне электраацяплення, рамонт дарог. «Наконт апошняга па даручэнні Прэзідэнта былі выдзелены вялікія сродкі на добраўпарадкаванне дарожнай сеткі. Людзі бачаць, які кавалак работы зроблены, і, вядома, кожны просіць звярнуць увагу і на яго вуліцу. 

У такіх выпадках я тлумачу, што праграма не заканчваецца ў 2024 годзе, яна будзе працягвацца, пакуль усе нашы дарожныя артэрыі не будуць дасканалымі. У выпадках калі сітуацыя з дарожным пакрыццём, асабліва ў сельскіх населеных пунктах, крытычная, пішу дэпутацкія запыты ў дарожна-будаўнічыя арганізацыі і тыя, за што ім шчыры дзякуй, ахвотна ідуць насустрач», — дзеліцца Анатоль Віктаравіч.

Так, у горадзе Дзісна патрабаваў бягучага рамонту стары мост, на яго былі накіраваны пэўныя сродкі. Калі працэс пачаўся, выявілася, што сітуацыя аказалася больш крытычнай, чым здавалася на першы погляд.

«Я звярнуўся па дапамогу ў арганізацыю, на рамонт дадаткова далі 280 тысяч рублёў, — расказвае парламентарый. — У тым жа горадзе людзі скардзіліся на перабойную работу аўтавакзала. Сітуацыя такая: на ім працаваў усяго адзін чалавек, а калі ў працаўніка быў выхадны, вакзал зачыняўся на цэлы дзень, і людзям прыходзілася чакаць транспарт і пад дажджом, і пад снегам. Мы прапрацавалі гэтае пытанне, на вакзале ўстанавілі дадатковае відэаназіранне і працаўладкавалі яшчэ аднаго спецыяліста».

Часта на прыём звяртаюцца людзі з асабістымі праблемамі, якія, як правіла, хвалююць і ўсіх астатніх. Жанчына з інваліднасцю ІІ групы папрасіла дапамогі ў паскарэнні правядзення электраацяплення. 

Выявілася, што вёскі не было ў плане. З дапамогай Глыбоцкіх электрасетак населены пункт быў уключаны ў план на 2026 год. На адным з першых прыёмаў у Бягомлі звярнулася жанчына з просьбай дапамагчы ў правядзенні каналізацыі і вады. У гэтым доме на восем кватэр быў праведзены капітальны рамонт, чатыры кватэры з якіх прыватызаваныя. 

«Тады мы сабралі адказныя службы, і заяўніцы далі дазвол на правядзенне неабходных камунікацый. Праўда, за свае сродкі, бо кватэра прыватызаваная. Жыхары суседніх кватэр таксама зацікавіліся, талакой мы знайшлі вырашэнне сітуацыі: цяпер астатнія жыхары дома могуць таксама правесці камунікацыі ад стаяка заяўніцы», — успамінае Анатоль Віктаравіч.

Часам спрэчкі паміж суседзямі грунтуюцца на рэальных повадах, якія можна вырашыць хутка. Такія сітуацыі былі ў Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах. Суседзям перашкаджалі сцёкавыя воды з даху, дэпутат выязджаў на месца, было вырашана ўстанавіць вадасцёкавыя трубы. Канфлікт вырашаны.

«Часта на прыёмы прыходзяць людзі, для якіх неабходна проста паскардзіцца чыноўнікам, нават калі праблема вырашаецца на мясцовым узроўні з першага звароту. Такім грамадзянам трэба разумець, што, губляючы час на вырашэнне аднаго пытання на сельскім, раённым, абласным і нават рэспубліканскім узроўні, некаторыя больш важныя сітуацыі, якія патрабуюць хуткага рэагавання, могуць застацца незаўважанымі. Трэба праяўляць павагу і да органаў мясцовай улады, і да сваіх аднавяскоўцаў», — адзначае Анатоль Сіўко.

У ліку абавязковых мерапрыемстваў падчас работы ў акрузе — сустрэчы з працоўнымі калектывамі, прадстаўнікамі моладзі. Адметна, што кожную такую сустрэчу народны выбраннік праводзіць у фармаце адкрытага дыялогу, дзе любы ахвотны можа задаць пытанні ці нешта прапанаваць. Актыўна супрацоўнічае дэпутат і з прадстаўнікамі маладзёжнага парламента, запрашаючы моладзь на прыёмы, уводзячы іх у курс дэпутацкіх спраў проста на месцы.

«У маёй рабоце з насельніцтвам няма адной канкрэтнай сферы дзейнасці, якой бы я аддаваў больш увагі. Імкнуся працаваць па ўсіх галінах, дапамагаць у вырашэнні праблем, калі гэта абгрунтавана і правільна з заканадаўчага боку. Хочацца адзначыць, што ў маёй акрузе і мясцовыя ўлады, і службы поўнасцю зацікаўлены ў вырашэнні тых ці іншых пытанняў, за што ім вялікі дзякуй. Бо толькі агульнымі намаганнямі мы зможам палепшыць узровень жыцця нас, і нашых суайчыннікаў», — заключыў Сіўко.

Аляксандра Гвоздзева

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.