Вы тут

Даверлівую гутарку не заменіць нішто


Падмурак у працы — давер людзей. У гэтым пераканана дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Святлана Сянько. 


 

Адно з яе асабістых правіл — пастаянная камунікацыя з выбаршчыкамі.

Час, выдзелены на работу ў выбарчай акрузе, для Святланы Сянько традыцыйна праходзіць у рытме афіцыйных мерапрыемстваў і жывых сустрэч рознага фармату. Тэрыторыя, на якой жывуць твае выбаршчыкі, пераканана парламентарый, — сапраўды месца, дзе чакаюць. Святлана Уладзіміраўна лічыць, што вельмі дапамагае ў рабоце веданне, адчуванне рэгіёна, яго людзей і іх клопатаў. Зона яе адказнасці — Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Петрыкаўскі раёны.

— Шчаслівая, што магу працаваць на сваім родным Прыпяцкім Палессі, — адзначае дэпутат. — Усе тры раёны маёй выбарчай акругі ўнікальныя. Гэта і людзі, і іх праца, спалучэнне і найбагацейшай самабытнай культуры, і здабыткаў тых вытворчых, прамысловых цэнтраў, якія вызначаюць Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Петрыкаўскі раёны.

Работа з людзьмі Святлане Уладзіміраўне заўсёды была блізкая. Да пачатку парламенцкай дзейнасці яна працавала на пасадзе намесніка старшыні Петрыкаўскага райвыканкама, курыравала пытанні сацыяльнай сферы.

— У нашай рабоце вельмі важна аб’ядноўваць намаганні людзей, каб дасягнуць выніку, — падкрэслівае Святлана Сянько.

Падчас работы ў акрузе яна імкнецца ахапіць усе важныя кірункі працы. Папулярныя сярод выбаршчыкаў фарматы — дзень дэпутата, адкрытыя дыялогі, дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы ў працоўных калектывах.

— Улічваючы свой вопыт, адзначу, што для людзей вельмі камфортны фармат работы з дэпутатам праз прамую тэлефонную лінію. Сама адпрацоўваю звароты з выездам на месца, а чалавек, што прасіў дапамогі ў вырашэнні таго ці іншага пытання, агучыў зварот, атрымлівае адказ. Бо звяртаюцца і пажылыя людзі, пенсіянеры, якія не заўсёды могуць асабіста прыйсці на прыём, — тлумачыць парламентарый.

Па яе словах, часцей за ўсё людзі звяртаюцца з пытаннямі сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, добраўпарадкавання тэрыторый, гандлю, медыцынскага абслугоўвання. Вядома, адразу ўсе праблемныя пытанні вырашыць нельга: патрабуецца вывучэнне сітуацыі, па некаторых зваротах неабходны дадатковыя дэпутацкія запыты ў органы ўлады, арганізацыі.

— Радуе, што пасля вырашэння хвалюючых пытанняў людзі звяртаюцца на прамыя лініі са словамі ўдзячнасці. Адзін з апошніх прыкладаў — званок ад жыхаркі аграгарадка Верасніца Жыткавіцкага раёна, якой была аказана дапамога ў атрыманні жылля камерцыйнага выкарыстання. У Азяранах Жыткавіцкага раёна вырашана пытанне з рамонтам моста. На гэты зварот удалося даць станоўчы адказ дзякуючы таму, што далучыліся і мясцовыя органы ўлады, і асабіста грамадзяне, дапамог матэрыяламі Нацыянальны парк «Прыпяцкі», — патлумачыла Святлана Уладзіміраўна.

Па яе словах, важная для парламентарыя форма работы ў выбарчай акрузе — удзел у прэзідыуме, сесія раённых Саветаў дэпутатаў, дзе разглядаюцца самыя актуальныя пытанні, якія датычацца сацыяльна значных кірункаў. Так можна не толькі прааналізаваць, што рэалізавана ў тым ці іншым кірунку, што яшчэ трэба зрабіць, але і агучыць пытанні, з якімі звярталіся выбаршчыкі.

Значны для народнага абранніка і ўдзел у грамадска важных мерапрыемствах у жыцці раёнаў. Абавязкова шмат увагі аддаецца рабоце ў маладзёжных аўдыторыях, сустрэчам з актывістамі грамадскіх, прафсаюзных арганізацый.

— У рабоце з моладдзю плённымі аказаліся сумесныя мерапрыемствы з супрацоўнікамі бібліятэчных сістэм, — зазначае Святлана Сянько. — Арганізуем дыялогавыя пляцоўкі, круглыя сталы. З аднаго боку так можна папулярызаваць сярод падлеткаў і моладзі багатую культурна-асветніцкую дзейнасць нашых бібліятэк, а з другога — заахвоціць да ўдзелу ў мерапрыемствах па патрыятычных, духоўна-маральных тэмах. Важна, што падобныя сустрэчы, сапраўды, аб’ядноўваюць. Гэта адзначаюць і моладзь, і запрошаныя спікеры ў раёнах, якія з радасцю адгукаюцца на такую дэпутацкую ініцыятыву. Ставім сваёй мэтай — павысіць грамадзянска-прававую адукаванасць, сфарміраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Вельмі добры водгук атрымала аб сустрэчы, прысвечанай грамадска-палітычнай свядомасці маладых выбаршчыкаў. Запрасілі ў тым ліку тых, хто ўпершыню пойдзе на выбары. Заўважны былі актыўнасць і цікавасць да гэтай тэмы моладзі, — падкрэсліла Святлана Сянько.

Яна адзначыла эфектыўнае супрацоўніцтва ў правядзенні мерапрыемстваў з прафсаюзнымі, грамадскімі арганізацыямі. Напрыклад, добрай традыцыяй стала акцыя «Падары радасць дзецям», у якой парламентарый бярэ ўдзел разам з грамадскімі аб’яднаннямі і прафсаюзным актывам Петрыкаўскага раёна: на святы віншуюць дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні ў райбальніцы. Вельмі кранальнай акцыяй стала нядаўняе наведванне бальніцы сястрынскага догляду ў Капаткевічах Петрыкаўскага раёна. 

Разам з грамадскімі арганізацыямі, прафсаюзамі, работнікамі 

Капаткевіцкага дома культуры Святлана Сянько перадала падарункі людзям, якія знаходзяцца там на лячэнні.

Парламентарый адзначыла ўвогуле асаблівую важнасць жывых сустрэч з выбаршчыкамі.

— Гэта магчымасць абмяркоўваць у тым ліку навацыі заканатворчай дзейнасці, акумуляваць інфармацыю, атрыманую ад людзей, як працуе той ці іншы закон на месцы, — тлумачыць парламентарый. — Плённая праца і ў фармаце выязных сустрэч у населеных пунктах, калі працуем разам з прадстаўнікамі структурных падраздзяленняў райвыканкамаў. Тады напрамую людзі могуць адрасаваць хвалюючыя пытанні органам улады, а тыя — аператыўна вызначыць алгарытм вырашэння.

Штомесяц у графіку работы — маніторынг цэн на тавары, іх асартымент, якасць, апытанне пакупнікоў у населеных пунктах. Акрамя таго, Святлана Уладзіміраўна ў час работы ў выбарчай акрузе бярэ актыўны ўдзел у рабоце камісій па занятасці насельніцтва райвыканкамаў. Для яе, як прадстаўніка Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, гэта адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці ў выбарчай акрузе. Аналіз работы службы «Адно акно», падрыхтоўкі да навучальнага года ўстаноў адукацыі, ходу сельгаскампаній, умоў працы аграрыяў — гэта толькі частка ключавых пазіцый, якія за апошнія месяцы прааналізавала падчас работы ў акрузе парламентарый.

— І ў рамках дзён інфармавання, і падчас сустрэч у працоўных калектывах адчуваецца важнасць аднаго з элементаў дэпутацкай работы на месцах — данесці да людзей інфармацыю аб значных палітычных падзеях. Выбарчая кампанія, якая пачалася ў краіне, цяпер важная, і запатрабаваная тэма сустрэч. Бо людзі нашы неабыякавыя і вельмі актыўныя, — рэзюмавала Святлана Сянько.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.