Вы тут

Спявачка Ірына Вярковіч: Не выхоўвайце дзяцей — выхоўвайце сябе!


У гасцях у «СГ» — спявачка, артыстка беларускай эстрады, салістка заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Музычная харавая капэла «Санорус», вядучая ўрачыстых прыёмаў і канцэртных праграм Ірына Вярковіч. У інтэрв’ю мы пагаварылі аб прынцыпах выхавання сына, сапраўдным сяброўстве, паездцы вакалісткі на малую радзіму і яе жыццёвых выпрабаваннях.


«Галоўная каштоўнасць для сына — адносіны з мамай»

— Сябры, не выхоўвайце дзяцей — выхоўвайце сябе! Усё тое, што яны бачаць, — трансліруюць у жыццё. Калі дзіця ведае, што сёння маме нецікава ўсё, акрамя, напрыклад, тэлевізара, камп’ютара, будзе дакладна такі ж лад жыцця весці. Калі мой малы бачыць, што мама ў «агні» ў добрым сэнсе слова, у цудоўным настроі, яна гарыць працай, новай музыкай, канцэртам, то і ён будзе капіраваць гэты лад жыцця. Мой хлопчык з пялюшак у творчым асяроддзі. У свае 11 ходзіць у тэатральную студыю, ладзіць дома спектаклі. Так цікава назіраць, як размяркоўвае ролі, пераўвасабляецца ў розныя вобразы.

Cын вырас за кулісамі. Добра памятаю, як яму было восем месяцаў. У мяне — канцэрт у Палацы Рэспублікі, прысвечаны Дню міліцыі. Віктар Бабарыкін дырыжыруе, я спяваю, калега носіць Ілью на руках. Малы разрываецца ад крыку. Гэта чулі ўсе музыканты (смяецца). Неяк завітала да Віктара на радыё «Мінск» і нагадала яму пра той час. Ён не паверыў.

У мяне як у маці дзейнічае вельмі дакладнае правіла: бізуна і перніка. Божа барані ад якіх-небудзь пакаранняў. Ільі не цікавая адсутнасць салодкага, мульцікаў — гэта не каштоўнасць. Самае галоўнае — адносіны з маці, абдымкі, пацалункі. Тлумачу: «Ілья, зразумей, самае галоўнае ў сям’і — чалавечыя адносіны». Выхоўваю сына толькі ўласным прыкладам. 

Вось гасцяваў ён у маіх свёкраў. У іх пчальнік, вялікі дом. Я званю, кажу, прыедзь, можа, пабудзь са мной дома. Адказвае: «Мама, не магу, у мяне вельмі шмат спраў. Павінен дапамагчы дзядулю адрамантаваць парог. А яшчэ трэба качаць мёд, займацца сотамі». Аднойчы сын адпачываў у маёй мамы ў вёсцы, займаліся агародам. Тэлефануе і кажа: «Мама, уяўляеш, мы купілі насенне агуркоў „Ірышка“!» (смяецца). Прыемна.

Яго не цікавяць гаджэты. У мяне пытаюцца: «Скажы шчыра, ты яму забараняеш камп’ютар?» Не. Нават не ведаю, што ў яго тэлефоне. Ноўтбук заўсёды адкрыты на кухонным стале. Што глядзіць? «Ірына Вярковіч — музыка, песні, відэа», расклад транспарту, напрыклад, як даехаць да тэатральнага гуртка. Калонцы «Алісе» задае пытанні: якое надвор’е ў Фінляндыі? Вось гэта яго цікавасць. Лепіць, малюе, гуляе ў «Лега». 

Умее займаць сябе. Чула, што тыя, хто можа быць у адзіноце шчаслівымі, — мудрыя. Мяне таксама не трэба забаўляць. Таму жыццёвы прынцып — выхаванне сваім прыкладам у першую чаргу. Рабі дабро і далучай да гэтага сваё дзіця. Паказвай яму свет. Мы шмат вандруем. 

Аздараўляемся ў санаторыях, у паездках стараемся ўбачыць славутасці, а яшчэ далучаю Ілью да добрых спраў. Рэгулярна наведваем спецустановы для інвалідаў, адвозім неабходныя рэчы. Першы раз, памятаю, узяла сына. Дзеці выбеглі, пачалі абдымаць яго. Сын учапіўся ў мяне і не разумеў, што адбываецца. «Мама, — пытаецца, — а што гэта?». «Дык вось, Ілья, — кажу, — запомні, каб бацькі ўсіх гэтых дзяцей аддалі ўсе свае грошы і папрасілі здароўя свайму хвораму дзіцяці — гэтага цуду не адбудзецца. А ў цябе, мой любы сынок, ёсць усё. Таму давай задумаемся, ці трэба капрызіць і сварыцца».

«Хачу ўсё паспець!»

— Свой «кайф» знайшла ў адзіноце. Калі дома адна, называю гэта «піжамнай вечарынкай» (смяецца). Вось як цяпер: мой хлопчык у свёкраў. Звычайна з’язджае да іх альбо да маёй матулі. У мяне шмат працы, канцэртаў. Таму адзінота аднаўляе. Маральна, фізічна, матэрыяльна.

Магу бясконца аддаваць сябе людзям. Энергія ўва мне ад майго нябожчыка бацькі. Веру, што ён для мяне анёл-ахоўнік. Часам здзіўляюся, адкуль столькі энергіі! Людзі пытаюцца: «Іра, дзе чэрпаеш сілы?» Не ведаю! Адкажу на гэта так: я хачу ўсё паспець! Напрыклад, сёння схадзіла на здымкі «Навін культуры» да Ганны Панцялеевай, з’ездзіла на кастынг «Х-фактару» і яшчэ вам даю інтэрв’ю (смяецца). І адчуваю сапраўднае задавальненне. Падчас усіх сваіх інтэрв’ю атрымліваю асалоду ад кожнай хвіліны. Трэба памятаць, што гэта не паўторыцца больш у вашым жыцці, паверце!

«Успаміналі, як гулялі па начах і весяліліся»

— Мая малая радзіма — горад Фаніпаль. Па лініі маці мы ўсе з Дзяржынскага раёна. А бацька — з Белавежскай пушчы. Вёска Радзецк знаходзіцца менавіта на тэрыторыі пушчы. Пры ўездзе — указальнік «Нацыянальны парк «Белавежская Пушча. Знаходзіцца пад кантролем Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Не была там гадоў дзесяць. Летась паехала. Раней ездзіла з бацькам. Там засталіся сваякі. Няма ўжо бабулі і дзядулі... Цікавыя мясціны — усе родныя. Бачу, як усё змянілася. Памятаю, як гэта было ў дзяцінстве. 120 двароў. У кожным — размовы, святы. Вялізная доўгая вёска. Яна жыла. Цяпер гэтага няма. Там цяпер дзесьці чалавек дзесяць жыве. Усё разбураецца, хутка зарастае. Вёску насялілі дзікія жывёлы. Яшчэ калі прыязджала з бацькам у 2010 годзе, там ужо было шмат і дзікоў, і змей. 

Маленькая Іра разам бацькам.  Менавіта ад таты артыстцы перадалася неўтаймоўная энергія.

Ехалі гэтым разам з сястрой, глядзелі на дзікую прыроду і ўспаміналі, як гулялі па начах, весяліліся. А цяпер разумею: тут небяспечна, бо вакол — дзікая пушча. І не ведаеш, чаго ад яе чакаць. Аднак яна ўсё роўна неверагодна прыгожая!

«Вельмі люблю сваю сям’ю»

— Езджу як мага часцей да бабулі ў Дзяржынскі раён. Ёй 84 гады. Пры любой магчымасці стараюся пацалаваць, абняць. Мы доўга не маглі прыйсці да кансэнсусу: як павінна выглядаць на сцэне яе ўнучка і артыстка Ірына Вярковіч? Па маладосці чаго з маімі валасамі толькі не было (смяецца). А вось бабуля хацела хвалістыя, доўгія. Дык вось цяпер у спявачкі Вярковіч менавіта такая прычоска! Нарэшце з бабуляй прыйшлі да аднаго назоўніка.

А калі сур’ёзна, то прывыкла, каб са мной быў мой клан, сям’я. Мне 44. У мяне ёсць сын, мама і бабуля. Чатыры пакаленні. Хачу, каб так было заўсёды. Але разумею, што гэта немагчыма. Я вельмі люблю сваю сям’ю. 

Абдымаць сваё дзіця. Гэта асаблівая энергетыка, якой хочацца дзяліцца і напаўняць людзей. Мне не шкада ніколькі. Упэўнена, адкуль яе столькі,— ад бацькі. У памяці — карцінка: чыёсьці вяселле. Бацька танчыць. Здымае кашулю. Маці выціскае яе. Тата круціць галавой, і пырскі ляцяць у розныя бакі. Вось гэтая карціна стаіць перад вачыма. Ён быў шалёны да танцаў. Мог танцаваць без стомы. І я такая ж. Гэта мае гены. А другая крыніца энергіі — людзі, якія мяне акаляюць. З імі не шкадую сябе.

Жаночая палова Вярковічаў — Ірына з матуляй Вольгай Аляксееўнай (уверсе) і бабуляй Марыяй Іосіфаўнай.

Лічу, калі Бог даў магчымасць дзяліцца гэтым, значыць, можна камусьці дапамагчы. Калі надзяліў талентам — неабходна несці яго людзям. Гэта Божы дар. Трэба ісці ў народ і развіваць сваю творчасць. Годна, каб падабалася, каб былі захоплены табой.

«Запомніце: у Бога ўсё своечасова»

— Я вельмі просты чалавек. Ведаю цану свайго шчасця, творчасці, шляху і прызнання, якой цаной гэта ўсё дасталося. Было ўсё: і роспач, і падзенне, і разгубленасць, і пытанне: «Чаму так? Я ж усё правільна рабіла». Парада ад Ірыны Вярковіч — верыць у лепшае. Запомніце: у Бога ўсё своечасова. Усё, што сёння здаецца непрыемным, заўтра будзе самым вялікім шчасцем і гонарам. Кажу гэта з пазіцыі моцнага чалавека. У мяне ёсць прыяцелька, якая кажа: «Не разумею, Іра, як у цябе гэта атрымліваецца? Ты вечарам можаш паплакаць, раніцай паднялася і пайшла ўпрыгожваць свет». Так і ёсць. Я моцны чалавек. Моцны духам, верай сваёй, эмоцыямі. Цяпер у мяне такая пазіцыя: жыву дзеля свайго сына, родных і блізкіх, сваёй творчасці. Гэта ўсё дорага майму сэрцу. Трэба верыць у лепшае, быць аптымістам. Не дапускайце ў сваё жыццё дрэнных думак! У мяне таксама быў складаны перыяд. Але заўсёды сабе кажу: ніколі не стану на калені да той пары, пакуль побач са мной мой сын. 

Проста не маю на гэта права. Як і артыстка — таксама не маю. Таму што ад мяне чакаюць новых кампазіцый, новай музыкі, свежых вобразаў, яркіх эмоцый.

Ірына выкарыстоўвае любую магчымасць,  каб правесці з сынам час цікава і карысна.

«Важна, каб былі людзі, якія ў цябе вераць»

— У маім творчым жыцці за апошнія тры гады мяне вельмі падтрымала Гюнеш Абасава. Мы пазнаёміліся на адным з канцэртаў, калі служыла ў аркестры ГУУС. Заўсёды кажу: усе людзі, якія прыходзяць у маё жыццё, не выпадковыя. Сябруем сем’ямі, пастаянна на сазвоне. Ведаю, што яна шануе наша сяброўства, як і я. У нас сумесная канцэртная праграма «Беларусы — людзі міру». Плануем і далей дарыць гледачу радасць, развівацца, напаўняць праект новымі песнямі, пастаноўкамі, шоу.

І калі гаварыць, хто дапамог мне змяніць жыццё, — гэта Гюнеш Абасава. 

Яна ўбачыла ўва мне агеньчык. Заўсёды кажу ёй: «Дзякую табе за тое, што проста прымусіла мяне запісаць першы сінгл». Вельмі важна, каб былі людзі, якія ў цябе вераць. У мяне ёсць такія — гэта Гюнеш, мая блізкая сяброўка. А таксама Вольга, мая сястра, мае родныя і блізкія.

Надзея ЗУЕВА

Фота з сямейнага архіва артысткі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.