Вы тут

У Доме-музеі Якуба Коласа прайшла творчая сустрэча


У Доме-музеі Якуба Коласа прайшла творчая сустрэча ў фармаце майстар-класа з заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, вядомым акцёрам і рэжысёрам Валерыем Анісенкам.


Творца с захапленнем расказаў пра свой ўнікальны шлях да тэатральнага мастацтва, успомніў знакавых для свайго лёсу людзей. На вечарыне таксама праглядзелі некаторыя ўрыўкі са спектакляў, у якіх выконваў ролі Валерый Данілавіч. На працягу сустрэчы аўтар таксама неаднойчы звяртаўся да ўрыўкаў з уласных творчых дзённікаў.

Мерапрыемства праходзіла ў коле самых зацікаўленых — на другім паверсе Коласавага дома ўвечары сабраліся разам сапраўдныя аматары творчасці Валерыя Анісенкі, добрыя знаёмыя і сябры. Тут панавала надзвычай душэўная і творчая атмасфера. 

Сустрэча атрымалася ўнікальнай яшчэ і таму, што творца падзяліўся гісторыяй напісання некаторых са сваіх кніг, расказаў, калі і навошта яны былі створаны. Дарэчы, сябе Валерый Анісенка сціпла называе не пісьменнікам, а фіксатарам падзей жыцця.

З прывітальным словам да гасцей і Валерыя Анісенкі звярнулася народная артыстка БССР Марыя Захарэвіч, якая тым вечарам таксама прысутнічала на майстар-класе. Яна выказала падзяку за запрашэнне:

— Сённяшняе мерапрыемства ўнікальнае. Гэта нейкі цуд. Дзякуй за тое, што ўспомніў пра мяне ў сваіх кніжках, за твае добрыя словы, — звярнулася да рэжысёра яна. — Сапраўды, твае творчыя дзённікі — гісторыя нашага тэатральнага жыцця. Не толькі канстатацыя падзей, але і разважанні пра прафесію, адносіны да яе, да акцёраў. Як добра, што такія майстры, як ты, сёння побач з намі.

Валерый Анісенка, зыходзячы з уласнага вопыту, расказаў, што толькі творца дакладна можа ацаніць, колькі намаганняў ён укладае ў сваю справу: 

— Я таксама ведаю сабе цану, ведаю, што я сапраўдны, добры, моцны артыст, — адзначыў Валерый Данілавіч. 

Гледзячы на такі багаты вопыт, з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Майстар таксама звярнуў увагу на працу з юным пакаленнем артыстаў:

— Час ад часу я працую з імі: нічога не тлумачу, не даказваю — толькі паказваю на сваім прыкладзе тое, што мне б хацелася ўбачыць. І маё бачанне можна не прымаць. Аднак паказаць самому, як гэта павінна быць, на мой погляд, — і ёсць аўтарскі тэатр. Рэдка каму гэта ўдаецца. Не кожнаму дадзена чуць, умець. Я гэтай справе прысвяціў усё жыццё. І калі мяне аднойчы спыталі: «Дык у вас свая школа?». Я адказаў: «Калі не казаць аб канкрэтным будынку, то, у прынцыпе, так».

Маё бачанне і разуменне — вынік мноства пастаўленых спектакляў. Былі спектаклі, калі я набліжаўся да свайго аўтарскага тэатра. Гэта вельмі важна, таму што менавіта набліжэнне да ідэала ў прафесіі, прычым любой, вызначае ўзровень майстэрства. Абавязкова павінны быць у артыстаў работы, у якіх заўважна гэтае набліжэнне.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.