Абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2024» адбудзецца ў Клімавічах ужо ў гэту суботу, 16 лістапада. Райцэнтр цалкам гатовы да сустрэчы з удзельнікамі і гасцямі свята. Асноўныя яго падзеі адбудуцца ў цэнтральнай частцы горада, дзе звычайна шуміць міжнародны дзіцячы фестываль «Залатая пчолка». На гэты раз тут разгорнуцца гасцінныя падворкі і пляцоўкі фестывалю-кірмашу.
Урачыстае ўшанаванне аграрыяў адбудзецца на абноўленай Фестывальнай плошчы каля раённага Цэнтра культуры. Святочны бляск набыў і сам Цэнтр культуры. Будынак, узведзены ў канцы 50-х ў стылі сталінскага ампіру, пасля рэканструкцыі стаў больш сучасны і функцыянальны. Глядзельная зала на 205 пасадачных месцаў аснашчана найноўшым гукаўзмацняльным і светлавым абсталяваннем, устаноўлены святлодыёдны экран. У Цэнтры культуры створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі розных культурных і грамадскіх праектаў.
Яшчэ адна важная падзея свята — цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога спаборніцтвы за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых — пройдзе на базе Клімавіцкага аграрнага каледжа. Установа рыхтуе запатрабаваных спецыялістаў па рамонце і абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі. Прафесію тут набывае 470 чалавек. Падчас падрыхтоўкі да «Дажынак» зроблены рамонт грамадска-бытавога корпуса каледжа з устаноўкай сучаснага абсталявання. Навучэнцы прымалі актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі сваёй прафесіянальна-тэхнічнай навучальнай установы.
Да свята адноўлены знакаміты тутэйшы будынак — помнік драўлянага дойлідства XIX стагоддзя асабняк князёў Мяшчэрскіх. Тут размешчаны экспазіцыі раённага краязнаўчага музея. Пасля рэканструкцыі ў будынку адкрыліся новыя экспазіцыйныя залы, прысвечаныя прыродзе, археалогіі, этнаграфіі, гісторыі краю і яго сучаснасці, а таксама выставачная зала.
У гарадскім парку Народнага адзінства абноўлены пешаходныя дарожкі, амфітэатр, дзіцячая гульнявая пляцоўка, устаноўлены новыя лаўкі. На сцэне амфітэатра адбудзецца некалькі канцэртаў для наведвальнікаў свята працаўнікоў сяла. Вечарам канцэртнае жыццё перамесціцца на пляцоўку каля Цэнтра культуры. У канцэртнай праграме «Спевы роднай зямлі» выступяць беларускія і расійскія артысты — Жанет, Сяргей Славянскі, сёстры Груздзевы, ансамбль народнай музыкі Бранскай абласной філармоніі «Ватага», салісты Магілёўскай абласной філармоніі.
Як заўсёды на свяце будзе шмат цікавых лакацый і забаў. Гасцінна запросяць да сябе гандлёвыя рады і тэматычныя пляцоўкі, шмат цікавага, смачнага і карыснага прапануе выстава-кірмаш. Сувенірамі і іншымі творамі ўласнай вытворчасці парадуюць установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. А ратавальнікі і супрацоўнікі міліцыі выступяць з паказальнымі праграмамі і прапануюць азнаёміцца з прадметамі спецамуніцыі і прафесійнай тэхнікі.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота: planetbelarus.by.
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.