Вы тут

Захаваная памяць


Галіна Бяляева — гісторык па адукацыі, вельмі плённа працуе ў кірунку некрапалістыкі. Прадметам яе даследавання з’яўляюцца могілкі, іх вывучэнне і захаванне важных для гісторыі звестак. На жаль, помнікі таксама з часам знікаюць, а разам з імі — вельмі каштоўная інфармацыя. Таму важна паспець захаваць яе. Апошнім часам на грамадзянскіх могілках усё часцей з’яўляюцца закінутыя магілы герояў Вялікай Айчыннай вайны. Калі нашчадкаў няма, гэтыя імёны хутка могуць знікнуць у небыцці. Галіна Бяляева робіць усё для таго, каб гэтага не адбылося.


Галіна Бяляева даследуе месца пахавання.

Аб’явы на помніках

Цяпер у цэнтры яе ўвагі Машэкаўскія могілкі ў Магілёве. Яны вельмі старыя, і на іх хапае недагледжаных пахаванняў.

— Вядома, што такая праблема існуе на шматлікіх могілках, але ж усе не праманіторыш, — разважае даследчыца. — На жаль, інфармацыя на помніках савецкага перыяду не раскрывае статус чалавека, кім ён быў пры жыцці. Можна даведацца толькі пра ступень яго сваяцтва з блізкімі: бацька, маці, дачка, сын і гэтак далей. А якую ролю той ці іншы чалавек адыграў у гісторыі, не вядома. Мне ж як некрапалісту цікава гэта ведаць.

У Магілёве доглядам могілак займаецца Спецыялізаваны камбінат абслугоўвання насельніцтва. Ён адсочвае агульны стан месцаў смутку, а вось падтрымліваць у эстэтычным і функцыянальным выглядзе помнікі, агароджы, крыжы, своечасова іх абнаўляць, рэстаўрыраваць — гэта ўжо задача родных памерлага. Калі дагляду на працягу доўгага часу не назіраецца, а помнікі ледзь не развальваюцца, работнікі размяшчаюць на іх аб’явы для сваякаў з заклікам адгукнуцца. Гэтай вясной такая аб’ява трапіла на вочы Галіны Бяляевай, і яна патэлефанавала па пазначаным там нумары. Расказала пра свае даследаванні і прапанавала камунальнікам супрацоўніцтва. Дамовілася, каб фотаздымкі закінутых помнікаў наўпрост накіроўвалі ёй.

— Мая задача — высветліць, кім быў гэты чалавек у гісторыі, — тлумачыць суразмоўніца. — Па заканадаўстве, калі магілу ніхто не даглядае, яна ліквідуецца. Камунальнікі размяшчаюць аб’явы ў надзеі, што сваякі адгукнуцца. Некаторыя тэлефануюць, але шмат выпадкаў, калі ніхто не адгукаецца гадамі. Магчыма, родных ужо няма або пра чалавека, які пайшоў з жыцця, забыліся.

Архівы расказваюць

Галіна Бяляева адзначае, што ў месяц атрымлівае ад рытуальнай арганізацыі па 10–50 фота. Яе задача — праверыць па архіўных крыніцах прозвішчы, якія пазначаны на помніках. І вельмі хвалюецца, калі пацвярджаецца, што чалавек быў заслужаны.

— Імя Веры Кузьмінічны Ігнатавай першапачаткова нічога мне не казала, але ў базе даных «Партызаны Беларусі» яно хутка адшукалася, — расказвае дэпутат. — Жанчына — ураджэнка Віцебшчыны, была сувязной горацкай 115-й партызанскай брыгады. Падчас вайны жыла ў вёсцы Сліжы Шклоўскага раёна. Гэту інфармацыю я ўзяла з дакумента 1958 года. У ім жа быў адрас. Вядома, адправілася праверыць, ці засталіся родныя жанчыны. На жаль, у доме, дзе жыла Вера Кузьмінічна, нікога з яе блізкіх не знайшлося. Мясцовыя жыхары, якія яшчэ помняць яе, сказалі, што ў жанчыны была дачка, але яна загінула. Іншымі словамі — магілу сапраўды не было каму даглядаць.

Камандзір мінамётнага разліку Іван Кандратовіч.

Цяпер дэпутат займаецца пошукам родных Івана Васільевіча Кандратовіча. Яна ўжо высветліла, што ён быў камандзірам мінамётнага разліку, гвардыі старшым сяржантам. Па нацыянальнасці — беларус, нарадзіўся ў 1924 годзе, памёр у 1951-м. Магіла яго была безгаспадарчая ўжо даўно, на ёй нават дрэвы выраслі.

— Чалавек вельмі заслужаны, быў узнагароджаны ордэнамі Славы ІІІ ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За Перамогу над Германіяй», — пералічвае Галіна Бяляева. — Ордэн Славы быў уручаны яму ў 1945 годзе за мужнасць пры ўзяцці вёскі Варкалін: пад прыкрыццём яго мінамёта пяхота амаль без страт істотна пацясніла непрыяцеля. Ён удала супрацьстаяў контратакам ворага і ўтрымаў пазіцыі. А ордэн Чырвонай Зоркі атрымаў у жніўні 44-га за вёску Цялушкі: першы пераправіўся праз раку і агнём кулямёта падавіў баявыя пункты непрыяцеля. Гэтым ён дапамог батальёну своечасова пераправіцца праз раку і вызваліць населены пункт.

Палкоўнік Аляксандр Фофанаў.

Дэпутат таксама палічыла патрэбным замяніць помнік палкоўніку Аляксандру Фофанаву, ураджэнцу Пензенскай губерні. На яго рахунку — тры ордэны Чырвонага Сцяга, якія ён атрымаў у кароткі перыяд з 23 сакавіка да 10 чэрвеня 1945 года, ордэны Айчыннай вайны І ступені і ІІ ступені, ордэн Чырвонай Зоркі. У кастрычніку 1944 года 120-я асобная танкавая брыгада, начальнікам штаба якой ён з’яўляўся, ва ўзаемадзеянні з 371-й стралковай дывізіяй на працягу дня прарвала моцную варожую абарону і выйшла да мяжы з Усходняй Прусіяй. Брыгада вяла баі на тэрыторыі Усходняй Прусіі, удзельнічала ва Усходне-Прускай аперацыі.

Дадаць важнае

Галіна Бялева шукае не толькі інфармацыю пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, але і спонсараў, якія накіроўваюць свае сродкі на абнаўленне помнікаў. Прызнаецца, сама не чакала, што яе ідэя будзе мець такі сур’ёзны працяг. Першае пачуццё было — цікавасць: чаму помнікі застаюцца без нагляду і дзе родныя памерлых? А ўжо падчас пошукаў, калі высветлілася, кім былі гэтыя людзі, прыйшла думка ўвекавечыць іх памяць.

— Помнікі ўжо заказаны і ў найбліжэйшы час будуць устаноўлены на месцах пахаванняў, — паведаміла народная абранніца. — Хачу дадаць важную інфармацыю на магільныя пліты гэтых людзей, што гэта ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і на іх рахунку — яркія подзвігі, якія яны зрабілі дзеля нашага мірнага жыцця. Цяпер здалёк будзе відаць, што яны — героі.

Старшыня Чавускага райсавета Анатоль Мацюлін:

— На могілках перадусім павінен быць парадак. Калі надмагілле зламалася, а паправіць няма каму, мясцовым органам улады трэба шукаць рэсурсы і аднаўляць яго. Не павінна быць у нас разбураных помнікаў. Асабліва шмат іх цяпер, пасля ўсіх гэтых ураганаў. Заходзіш на могілкі і бачыш крыжы, зламаныя папалам, пагнутую агароджу. Задача нумар адзін мясцовых Саветаў — пасля стыхіі арганізаваць работу па прыборцы небяспечных дрэў і навесці парадак на пашкоджаных пахаваннях.

Што датычыцца пошуку магіл ветэранаў вайны на грамадзянскіх могілках, сэнс у такой рабоце ёсць. Хаця пра чалавека, які прыйшоў з фронту, усё было, па сутнасці, вядома, а калі ён сыходзіў з жыцця, інфармацыя захоўвалася — у сельсавеце, райсавеце, камунгасе і гэтак далей. 

Вядома, што дзесьці сельсаветы аптымізаваліся, даныя маглі страціцца. Гэта апошнім часам праводзілася ўпарадкаванне, складваліся схемы пахаванняў. Раней за гэтым ніхто не сачыў. Хавалі хто дзе хацеў. Маглі кагосьці прывезці з Магілёва і пахаваць у Чавусах. Цяпер усё пад кантролем. Вядома, што было б добра ведаць, хто з заслужаных людзей пахаваны на тых ці іншых могілках. Мы, калі складалі планы пахаванняў, спрабавалі ўстанаўліваць такія імёны. Але сярод тых, каго ведалі. Шмат хто з’ехаў з раёна сем’ямі, іх магілы засталіся абязлічанымі. 

Ініцыятыва дэпутата Палаты прадстаўнікоў Галіны Бяляевай цікавая. 

Асабліва калі зыходзіць з пункту гледжання захавання гістарычнай памяці пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Мы ў сваю чаргу дапаможам знайсці рэсурсы для ўвекавечання героя вайны, калі няма яго родных. Наогул, на сельскіх могілках хапае работы. Дзесьці існуюць праблемы з пад’ездамі, агароджай, адсутнасцю дарожак. Але перш за ўсё павінна быць адказнасць людзей за парадак на магілах, якія яны даглядаюць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Галіны БЯЛЯЕВАЙ

У тэму

Мікалай Барысенка, кіраўнік Магілёўскага гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру», ваенны пісьменнік:

— У апошнія гады, нягледзячы на цеснае супрацоўніцтва ў пытаннях увекавечання памяці з Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, раённымі ваеннымі камісарыятамі, у вобласці (як і па ўсёй Беларусі) з’явілася яшчэ адна праблема. Звязана гэта з тым, што з жыцця практычна пайшлі ветэраны вайны, сыходзяць старажылы, мірныя жыхары — відавочцы і сведкі падзей вайны, пусцеюць і зносяцца вёскі, а з імі губляюцца і пахаванні воінаў, партызан, падпольшчыкаў і проста мірных жыхароў часоў вайны. І хоць у гэтым кірунку шмат чаго робіцца Упраўленнем па ўшанаванні памяці і ахвяр войнаў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, мясцовымі органамі ўлады, без грамадскасці, мясцовых жыхароў, школьных пошукавых фарміраванняў паўнавартасна змагацца з гэтым відам бяспамяцтва не атрымаецца. У гэтым пошукавікі клуба «Віккру» пераконваюцца кожны год.

У 2022 годзе пры ўдзеле пошукавікаў клуба сумесна з 52-м пошукавым батальёнам і абласной пракуратурай былі перанесены страчаныя за пасляваенныя гады пахаванні воінаў Чырвонай Арміі і мірных жыхароў у Асіповіцкім, Слаўгарадскім, Клічаўскім, Бабруйскім, Шклоўскім, Магілёўскім раёнах.

Апошнім часам з’яўляюцца самаробна абазначаныя месцы пахаванняў часоў вайны, якія ствараюць так званыя чорныя капальнікі ці мясцовыя жыхары (г. Магілёў, Магілёўскі раён). Паведамляць у мясцовыя сельскія Саветы яны асцерагаюцца, а таму выходзяць на пошукавікаў і інфармуюць пра такія месцы. У апошнія гады пяць такіх пахаванняў у Магілёўскім, Чавускім, Быхаўскім раёнах былі перанесены ў найбліжэйшыя ўлічаныя воінскія брацкія магілы.

Да гэтага часу на грамадзянскіх могілках вобласці застаецца значная колькасць абязлічаных пахаванняў як воінаў Чырвонай Арміі 1941 года і часоў акупацыі, так і мірных жыхароў загінулых ад рук нацысцкіх карнікаў. Такія знойдзены ў Слаўгарадскім, Магілёўскім, Чавускім, Быхаўскім раёнах... Па інфармацыі пошукавікаў і з дапамогай фінансавання мясцовых улад у Магілёўскім, Шклоўскім і Чавускім раёнах добраўпарадкавана з устанаўленнем памятных знакаў сем такіх пахаванняў.

Як можна сёння актывізаваць пошук і дасягнуць максімальнага выніку ў справе ўвекавечання памяці, устанаўлення страчаных пасля вайны абеліскаў і аднаўлення пахаваных там воінаў, пошуку на месцах баёў новых, невядомых раней, пахаванняў абаронцаў Айчыны? Адназначны адказ даць тут складана, але агульныя рэкамендацыі можна прапанаваць. Існуючыя або зноў створаныя пошукавыя групы навучэнцаў вобласці пад кіраўніцтвам педагогаў у рамках праекта «Навучыся помніць» павінны адысці ад фармалізму ў выглядзе пустых прыгожых фотасправаздач і працаваць перш за ўсё на канчатковы вынік. На расійскіх сайтах «Памяць народа», «Подзвіг народа» і «Мемарыял» размешчаны базы даных аб часцях і злучэннях, якія ўдзельнічалі ў баях 1941–1944 гадоў на дадзенай тэрыторыі, апісанне баёў, спісы беззваротных страт байцоў і камандзіраў, якія пахаваны ў кожнай канкрэтнай брацкай або адзіночнай магіле.

У аддзелах ідэалагічнай работы райвыканкамаў на кожную магілу ёсць пашпарт пахавання з прозвішчамі і колькасцю невядомых воінаў, якія там пахаваны. Параўнаўшы звесткі ў пашпартах са знойдзенымі прозвішчамі ў базах даных, мы ўстановім імёны воінаў, якія лічацца безыменнымі. Адным з асноўных крытэрыяў добрасумленнай работы пошукавай групы з’яўляецца колькасць устаноўленых імёнаў абаронцаў Айчыны, якія лічыліся прапаўшымі без вестак у гэтым пахаванні.

Для выяўлення невядомых ваенных магіл на грамадзянскіх могілках або ў наваколлях населенага пункта школьныя пошукавыя групы могуць у дні агульнай народнай памяці, такія як Радаўніца, Дзяды, сустрэцца са старажыламі — відавочцамі падзей вайны, якія прыязджаюць на сваю малую радзіму. Яны памятаюць месцы цяпер ужо безыменных пахаванняў. Гэта працуе, і пошукавікі часта паступаюць менавіта так.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.