Вы тут

У правінцыі Аньхой развіваюць буяковую індустрыю


Павет Хуайнін, што ў правінцыі Аньхой (Усходні Кітай), актыўна нарошчвае вытворчасць і перапрацоўку буякоў з дапамогай сучасных тэхналогій, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».


У мясцовай кампаніі «Бабо» буякі вырошчваюцца ў разумных цяпліцах з аўтаматызаваным кантролем тэмпературы і сістэмай кропельнага арашэння. Па словах гендырэктара кампаніі Лю Цзіньлуна, дзякуючы сучасным тэхналогіям адзін супрацоўнік з дапамогай мабільнага дадатку можа кіраваць гаспадаркай плошчай у дзясяткі му (1 му роўны 0,067 га). Інавацыйны падыход таксама дазволіў павялічыць ураджайнасць удвая і атрымаць вынік на два месяцы раней за традыцыйны сезон.

Як адзначыў дырэктар Цэнтра развіцця буяковай індустрыі павета Хуайнін Цаа Ляньюань, наладжана плённае супрацоўніцтва з вядучымі навуковымі цэнтрамі краіны, уключаючы Аньхойскі сельскагаспадарчы ўніверсітэт і Кітайскую акадэмію сельскагаспадарчых навук. Мясцовым селекцыянерам удалося вывесці некалькі новых высокапрадукцыйных ранніх сартоў буякоў.

У сферы глыбокай перапрацоўкі ягад Хуайнін таксама займае лідзіруючыя пазіцыі. У лістападзе 2022 года ў прамысловым буяковым парку павета была запушчана першая ў Кітаі лінія па атрыманні антацыаны з буякоў сорту «Ланьмэй-1». «Антацыяны шырока прымяняюцца ў вытворчасці прадуктаў харчавання, біялагічна актыўных дабавак і лекавых прэпаратаў», — адзначыў Сюй Цзюнь, генеральны дырэктар аньхойскай біятэхналагічнай кампаніі «Ланьмэй». Паводле яго слоў, іх вытворчая лінія дэманструе лепшыя ў краіне паказчыкі па эфектыўнасці экстракцыі і чысціні атрыманага прадукта.

У прамысловым парку сканцэнтраваны ўсе этапы вытворчасці буякоў: халадзільнае захоўванне, складскія памяшканні, сартаванне, глыбокая перапрацоўка і рэалізацыя прадукцыі. Цяпер тут дзейнічае 10 праектаў па глыбокай перапрацоўцы ягад з агульным аб’ёмам інвестыцый звыш двух міляярдаў юаняў (286,7 млн. долараў). Наладжаны выпуск больш як 30 відаў прадукцыі з буякоў, а вытворчыя магутнасці па перапрацоўцы дасягнулі 70 тысяч тон за год.

Сёлета плошча буяковых плантацый у павеце складае 6 тысяч гектараў, з якіх 4 тыс. га прыпадае на пладаносныя насаджэнні. Гадавы ўраджай свежых ягад ацэньваецца 36 тысяч тон, а сукупны кошт прадукцыі — больш за 7,5 млрд. юаняў (звыш 1 млрд. долараў).

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.