«Гібрыдныя войны, якія сёння вядуцца супраць нацыянальных гісторый, патрабуюць максімальнай кансалідацыі дзяржавы і грамадства», — адзначыў у адным з выступленняў дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Дземянюк. Сапраўды, вытрымаць інфармацыйны прэсінг Захада, нападкі на гістарычную праўду можна толькі сумеснымі намаганнямі. Яскравым прыкладам такога адзінства з’яўляецца Рэспубліканскі форум «Памяць пакаленняў у імя будучыні», прымеркаваны да святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які адбыўся ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Пачатак маштабнаму мерапрыемству паклала прэзентацыя выставы «Вялікая Айчынная вайна: гісторыя краіны — мая гісторыя». Экспанаты — найлепшыя творчыя праекты розных адукацыйных і дзяржаўных устаноў, грамадскіх аб’яднанняў, якія ўзялі ўдзел ва Усебеларускім патрыятычным праекце «Памяць пакаленняў у імя будучыні».
— Мы прадстаўляем Кнігу памяці контр-генерала Чарнаморскага ваенна-марскога флоту Пятра Бандарэнкі, славутага продка вучаніцы VІІІ класа ваенна-патрыятычнага кірунку Лізаветы Бальшаковай. Яна і з’яўляецца ініцыятарам праекта. У якасці асноўных крыніц выкарысталі ўспаміны сваякоў героя (дзеда і дзядзькі Лізы), фотаздымкі з сямейнага архіва і навуковыя работы Барыса Даўгатовіча, кандыдата гістарычных навук, які даследаваў дзейнасць розных ваеначальнікаў Беларусі, у тым ліку і Пятра Ціханавіча, — расказала педагог-арганізатар сярэдняй школы № 93 Мінска Ксенія САКАЛОЎСКАЯ.
Дарэчы, каб атрымаць ілюстрацыйны матэрыял і ўспаміны, Ліза разам з маці і малодшай сястрычкай ездзіла ў вёску Карму — на малую радзіму свайго прадзеда. Там у яго гонар калісьці арганізавалі невялікі музей, аднак многія дакументы, на жаль, былі знішчаны пажарам.
— Захоўваць памяць аб тых часах важна і каб не дапусціць паўтарэння гісторыі, і для выхавання ў нашай моладзі гонару, адказнасці і ўдзячнасці за тое, што мы жывём і працуем пад мірным небам Беларусі, — дадала педагог.
Шэраг гісторый аб савецкіх воінах прэзентавалі прадстаўнікі гімназіі № 2. Навучэнцы правялі вялікую работу: кожны сабраў інфармацыю пра сваіх сваякоў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і адлюстраваў яе ў цікавых лэпбуках (кніжках-раскладанках, на старонках якіх размешчаны не проста малюнкі і тэкст, але і кішэні, акенцы, карткі, рухомыя элементы і ўстаўкі).
— Дзеці даведаліся шмат новага пра свае сем’і. У Леаніда Яфрэменкі, напрыклад, прадзед, каб тэрмінова даставіць важны прыказ, некалькі кіламетраў поўз па-пластунску. У Андрэя Косціна прадзед не толькі змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, але і працаваў пасля вайны дырэктарам Мішкаўскай і Бабінічскай школ, выхоўваючы ў сваіх вучняў патрыятызм. На базе адной з іх быў складзены цэлы мемарыял, створана Алея памяці з 132 яблынь, — паведаміла педагог-арганізатар Таццяна ВЯРХОЎСКАЯ.
Усяго было складзена каля 40 лэпбукаў, тры самых найлепшых трапілі на рэспубліканскі этап. Астатнія леглі ў аснову відэапраекта ў «Інстаграме» гімназіі, прымеркаванага да 80-годдзя Вялікай Перамогі: адзін раз на два тыдні, да 9 Мая, пра кожную з работ будзе выходзіць відэаролік.
Падчас цырымоніі адкрыцця адбылося ўзнагароджанне ўстаноў адукацыі, якія ўнеслі важкі ўклад у захаванне гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і значныя дасягненні ў пошукавай рабоце з дзецьмі і моладдзю.
Фотаздымкі і кнігі, медалі і франтавыя лісты, асабістыя рэчы савецкіх воінаў і інтэрактыўныя праекты... Вялікая сумесная работа ўстаноў адукацыі, Нацыяльнага архіва Беларусі, Нацыянальная бібліятэкі Беларусі, дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, актывістаў пошукавай работы і неабыякавых да гістарычнай памяці грамадзян.
— Тэма нашага форуму актуальная і важная для кожнага, хто сёння жыве, вучыцца, працуе на мірнай беларускай зямлі. Калісьці нашы дзяды і прадзеды вызвалілі гэтую зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, цаной уласнага жыцця атрымалі перамогу, — адзначыла падчас цырымоніі адкрыцця форуму намеснік міністра адукацыі Кацярына ПЯТРУЦКАЯ. — Сёння практычна ва ўсіх установах Беларусі створаны музеі і музейныя экспазіцыі, прысвечаныя генацыду беларускага народа і героям, якія загінулі ў баях у час Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы рабоце навучэнцаў і педагогаў гэта свяшчэнная для нас памяць захоўваецца. Пераемнікі пакалення пераможцаў, сёння ў вашых руках будучыня нашай краіны!
Усяго ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел звыш за 400 навучэнцаў і педагогаў з усіх рэгіёнаў краіны.
— Гістарычная памяць — своеасаблівае поле бою, на якім мы з вамі прайграць не маем права. Кожны з прысутных з’яўляецца салдатам на гэтым полі. Захоўваючы гістарычную памяць, памяць аб сваіх родных і блізкіх, тых, хто здабываў і каваў цяжкую перамогу, — удзельнікаў гэтай бітвы, — падкрэсліў памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-майёр Леанід КАСІНСКІ і дадаў, што цяпер на Захадзе скажаюць гістарычныя факты, знішчаюць магілы савецкіх салдатаў-вызваленцаў Еўропы.
— Яны баяцца нашых воінаў, нават увасобленых у помніках і манументах, баяцца гістарычнай праўды. А мы з вамі яе захоўваем і зробім усё, каб перадаць яе будучым пакаленням, — рэзюмаваў ён. З такой таленавітай і патрыятычнай моладдзю Беларусь чакае толькі вялікая і светлая будучыня.
Александрына ПАРШЫНА
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.