Такую думку агучыла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, падводзячы вынікі адзінага дня прыему грамадзян сенатарамі ў Віцебскай вобласці. Пытанні пенсіённага забеспячэння, рамонт дарог і сацыяльная падтрымка — гэтыя і іншыя тэмы ўзнімаліся ў кожным раённым цэнтры паўночнага рэгіёна.
Старшыня Савета Рэспублікі сустракалася з людзьмі ў Расонскім райвыканкаме. На прыём да Наталлі Качанавай прыехалі людзі з усіх абласцей і Мінска.
Мужчына з Віцебска трапіў у махлярскую пастку, набыўшы аўтамабіль. Прадавец сцвярджае, што заяўнік не выплаціў усю суму цалкам. Праваахоўныя органы адзначаюць, што пацярпелых у дадзеным выпадку некалькі, ужо вядзецца расследаванне, махляра, які хаваецца, шукаюць. Старшыня Савета Рэспублікі паабяцала, што вывучыць сітуацыю больш глыбока і возьме пытанне на кантроль, а таксама даручыла прадстаўнікам мясцовай і абласной улады правесці інфармаванне, каб спецыялісты расказалі пра падобныя ашуканскія схемы.
Шматдзетная маці з абласнога цэнтра выхоўвае дзіця з інваліднасцю. Яна расказала, што паводле дзейнага заканадаўства ёй не даюць бальнічны ліст, калі дзіця праходзіць рэабілітацыю ў санаторыі. Жанчыне ў такіх выпадках дапамагае маці, якая ездзіць з унукам на рэабілітацыю за свой кошт. Наталля Качанава падкрэсліла, што пытанне значнае, палітыка дзяржавы накіравана на падтрымку сем’яў, у тым ліку шматдзетных і тых, хто выхоўвае дзяцей з інваліднасцю. Тэма важная, сказала спікер, і яе трэба абмяркоўваць з міністэрствамі аховы здароўя, працы і сацабароны.
Жыхарка Рэчыцы прыйшла на прыём з калектыўным зваротам ад мам, якія выхоўваюць паўналетніх дзяцей-інвалідаў першай групы. Яна папрасіла дапамагчы з захаваннем дапамог па доглядзе інваліда і пасля яго паўналецця, а таксама перагледзець магчымасць шпіталізацыі такіх дарослых дзяцей разам з мамамі.
Мужчына з Магілёўскай вобласці разам з жонкай пяты год ездзіць у адну з гаспадарак Слаўгарадскага раёна ў вясенне-асенні перыяд на заробкі. Пара і сёлета працавала жывёлаводамі, а вось зарплату з ліпеня да кастрычніка яны так і не ўбачылі. Наталля Іванаўна даручыла разабрацца ў сітуацыі кіраўніцтву Магілёўскага аблвыканкама і выплаціць напрацаванае людзьмі ў поўным аб’ёме.
Пенсіянерка з вёскі Кураполле Пастаўскага раёна паскардзілася на перасяленне без яе згоды. Шматкватэрны дом, у якім на працягу амаль 40 гадоў жыла заяўніца, прыйшоў у непрыдатнасць, жыхароў перасялілі ў Паставы. Аднак, па словах жанчыны, кватэра вельмі халодная, цэнтральнае ацяпленне працуе ледзь-ледзь, а электраацяпленне — у далёкай перспектыве. Старшыня Савета Рэспублікі даручыла пытанне кіраўніку дэпутацкага корпуса Віцебшчыны Дзмітрыю Дзямідаву, падкрэсліўшы, што перасяліць людзей у іншы населены пункт можна толькі з афіцыйнай згоды чалавека.
Жанчына з Оршы папрасіла дапамагчы ў добраўпарадкаванні дарог у прыватным сектары. Некалькі гадоў таму, пасля звароту да Наталлі Качанавай, вуліцу і некалькі завулкаў адрамантавалі, пасыпалі друзам. З цягам часу гэта пакрыццё прыйшло ў непрыдатнасць, людзі летам задыхаюцца ад пяску і пылу. Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў запэўніў заяўніцу, што ўказаныя вуліцы ўжо закладзены ў план асфальтавання.
Маладая сям’я з Асіповіцкага раёна займаецца фермерствам, вырошчвае дурніцы. Пара мэтанакіравана некалькі гадоў таму пераехала з горада ў вёску, аднак апошнім часам стала вострае пытанне з недахопам участкаў для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі і фермерства, мясцовыя ўлады не могуць прапанаваць сям’і зямельныя ўчасткі. «Пытанне вырашым абавязкова. Як гэта так? Маладыя людзі хочуць працаваць у вёсцы, а ім не дазваляюць», — сказала Наталля Качанава і паабяцала асабіста прыехаць да сям’і.
Жанчыны з Наваполацка ўзнялі пытанне аб нядобрасумленнай рабоце старшыні садовага таварыства Нафтаннік-2. Заяўнік з Копысі паскардзіўся на работу мясцовага цэнтра народнай творчасці і работу мясцовых улад у цэлым. Наталля Качанава паабяцала правесці выязное пасяджэнне прэзідыума менавіта ў Копысі, ацаніць работу сельскага Савета і канкрэтнай установы культуры.
З калектыўным зваротам на прыём у Расоны прыехалі жыхаркі гарадскога пасёлка Ушачы. Жанчыны безвынікова звярталіся да раённых службаў з просьбай заасфальтаваць вуліцу даўжынёй 1 кіламетр 70 метраў. Наталля Іванаўна даручыла вырашыць праблему кіраўніку паўночнага рэгіёна Аляксандру Субоціну, падкрэсліўшы, што трэба навучыцца чуць людзей і размаўляць з імі, каб такія дробныя пытанні вырашаць на мясцовым узроўні.
Жыхарка Віцебска дзесяць гадоў таму набыла дом з участкам сем сотак. З цягам часу замяніла сетку-рабіцу на бетонны забор па старых металічных слупах, не пераносячы іх. Цяпер жанчына ваюе з суседкай, якая не дае магчымасці заяўніцы ездзіць па агульнай дарозе паміж двух дамоў. У аблвыканкаме адзначылі, што быццам бы жанчына заняла 14 квадратных метраў тэрыторыі агульнага карыстання, бо па дакументах яе ўчасткак меншы. Цікава, што ніякіх афіцыйных замераў зямельныя службы не праводзілі. Старшыня Савета Рэспублікі дала даручэнне зрабіць дакладныя замеры.
Падводзячы вынікі прыёму грамадзян, Наталля Качанава падкрэсліла, што такая работа для кожнага кіраўніка павінна быць у прыярытэце. «Гэта зрэз таго, як працуюць на месцах прынятыя законы, як працуюць нашы органы кіравання, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, для таго каб забяспечыць задачы, пастаўленныя Прэзідэнтам нашай краіны. Перш за ўсё гэта, вядома, людзі», — заключыла спікер.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц сустракаўся з людзьмі ў Аршанскім райвыканкаме. Грамадзяне звярталіся з пытаннямі атрымання замельных участкаў для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, рамонту дарог, камунальнага абслугоўвання шматкватэрных дамоў. «У Савеце Рэспублікі ўжо склалася практыка выязджаць у рэгіёны краіны, каб пачуць ад людзей застарэлыя праблемы, якія неабходна вырашыць аператыўна для камфортнага жыцця грамадзян. На прыёме ў Аршанскім райвыканкаме мы ўбачылі пытанні, якія ўзнімаюцца жыццём, яны не надуманыя. Радуе, што мясцовыя ўлады гэтыя пытанні разумеюць і кіраўніцтва поўнасцю за тое, каб аперытаўна зняць праблемы людзей», — падкрэсліў Леанід Заяц.
У рамках адзінага дня прыёму з новапалачанамі сустрэўся член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр Лук’янаў. Сенатару паступілі звароты, якія датычыліся пенсіённага заканадаўства, прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама нюансаў пастановы аб увядзенні забароны на вываз за межы дзяржавы асобных відаў прамысловых тавараў.
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Андрэй Сідараў правёў прыём у Бешанковічах. Значны пласт пытанняў быў прысвечаны якасці дарожнага пакрыцця. Для больш дэталёвага вывучэння праблемы сенатар разам з кіраўніцтвам раёна выехаў на месца. «Дарожная праблема, на жаль, актуальная для многіх рэгіёнаў краіны. Безумоўна, што ў яе вырашэнні патрэбна сістэма. У кожным раёне павінна быць свая дарожная карта, у якой будуць адлюстроўвацца ўсе праблемныя моманты, звязаныя са станам дарог, і план далейшых дзеянняў», — адзначыў Андрэй Сідараў.
У Гарадоцкім райвыканкаме праблемы грамадзян выслухаў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Глеб Лапіцкі. На прыёме ўзнімаліся пытанні атрымання жылля, працаўладкавання. Аўтар шматлікіх кніг Наталля Саветная прэзентавала сенатару новы зборнік паэзіі, прозы і публіцыстыкі «Победілі! Перамаглі!». Падводзячы вынікі, Глеб Аляксандравіч адзначыў, што Гарадоччына — адзін з самых непраблемных раёнаў, за якія ён адказвае. «Канешне, цяжкасці ёсць, аднак яны не носяць глабальнага характару. Людзі ў большасці сваёй прыходзяць на прыём, каб абмяняцца думкамі. Гэта гаворыць аб выдатнай рабоце ўлады ў розных напрамках», — падкрэсліў Лапіцкі.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Сяргей Сівец правёў прыём у Докшыцах. Звароты датычыліся абсталявання свідравіны на прыдамавой тэрыторыі воіна-інтэрнацыяналіста і ўладкавання дзіцяці з псіхічным парушэннем у спецыялізаваную ўстанову сацыяльнай аховы. Пытанні ўзяты на кантроль.
У Мёрскім райвыканкаме выслухала праблемы людзей член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Наталля Марковіч. Да Наталлі Мікалаеўны звярнуліся па дапамогу наконт насычэння таварамі і павелічэння асартыменту крамы ў Шарагах, якую абслугоўвае Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства. Пытанне ўзята на кантроль і будзе вырашана ў найбліжэйшы час з дапамагой старшыні райсавета Валерыя Драбо.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Валерый Гайдукевіч правеў прыём у Пастаўскім райвыканкаме. На парадку дня былі пытанні медыцынскага абслугоўвання радавога саставу, прапаршчыкаў і малодшых афіцэраў, якія ўдзельнічалі ў афганскай вайне і іншых канфліктах; капітальнага рамонту жылога фонду. Валерый Гайдукевіч паабяцаў заяўнікам разабрацца з пытаннямі з прыцягненнем зацікаўленых службаў, аказаць дапамогу ў прыняцці неабходных мер рэагавання ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Жыхары Талачынскага раёна змаглі звярнуцца да намесніка Старшыні Савета Рэспублікі Сяргея Хаменкі. Грамадзяне прыйшлі да сенатара з пытаннямі стану дарог і іх добраўпарадкавання, а таксама з праблемамі, якія датычацца іншых сфер дзейнасці. Пры гэтым яны накіраваны як на развіццё рэгіёна, так і на ўдасканаленне нарматыўна-прававой базы. «Галоўнае, што людзі хочуць зрабіць жыццё ў нашай краіне лепшым. Бо ўсе мы разумеем, што створанае кіраўніком дзяржавы — неацэнна, але патрабуе далейшага развіцця», — падкрэсліў сенатар і ўзяў кожнае пытанне на асабісты кантроль.
Член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Алег Румо выслухаў звароты людзей ва Ушацкім райвыканкаме. Грамадзянамі былі агучаны пытанні пераважна асабістага характару, якія датычыліся водазабеспячэння, працаўладкавання, размяшчэння гандлёвых аб’ектаў, бяспекі жыццядзейнасці ў раёне. Для больш дэталёвага разгляду пытанняў Алег Румо выехаў на некаторыя аб’екты.
У Шаркаўшчынскім райвыканкаме прыём грамадзян праводзіла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванню Наталля Якубіцкая. Да яе звярнуўся жыхар аграгарадка Радзюкі, які доўгі час займаецца пчалярствам, і папрасіў дапамогі ў збыце натуральнай прадукцыі. Мужчына з райцэнтра папрасіў садзейнічання ў працаўладкаванні. Заяўнік на пенсіі, але мае вялікае жаданне працаваць. Яму адразу на прыёме знайшлі вакансію кіроўцы. Па словах Наталлі Якубіцкай, у рабоце з людзьмі не павінна быць фармальнага падыходу — кожнае пытанне патрабуе комплекснага вывучэння. «Па кожным выпадку трэба разбірацца дэталёва, каб кожны зварот не застаўся без увагі. Усё павінна вырашацца па законе, і грамадзяне павінны быць задаволены вынікам», — падкрэсліла сенатар.
Аляксандра Гвоздзева
Фота БелТА і з ТК раённых газет Віцебшчыны
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.