Вы тут

З якімі праблемамі найчасцей звяртаюцца работнікі і якія шансы адстаяць іх інтарэсы?


Толькі з пачатку бягучага года прафсаюзныя юрысты выявілі больш як дзевяць тысяч выпадкаў парушэнняў працоўнага заканадаўства ў адносінах працоўных. Дзякуючы іх ўмяшанню грамадзянам вярнулі больш за тры мільёны рублёў — нявыплачаных ці незаконна ўтрыманых. Суды разгледзелі 55 іскавых дакументаў, падрыхтаваных юрыстамі прафсаюза, 11 чалавек былі адноўлены на рабоце. Несвоечасовасць выплаты заработнай платы, немагчымасць звольніцца пры нежаданні працягваць, працоўныя адносіны з наймальнікам, незаконнасць дысцыплінарных спагнанняў — з гэтымі і іншымі пытаннямі звяртаюцца працоўныя ў прафсаюзныя арганізацыі. Пра тое, як яны вырашаюцца і на якую прававую дапамогу можа разлічваць работнік, а таксама пра заканадаўчыя ініцыятывы прафсаюзаў, якія сталі нормамі закона, расказала намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Таццяна ФІЛІМОНАВА.


Асноўны кірунак

Зараз кожны дакумент, які датычыцца сацыяльна-эканамічных пытанняў працоўных, у абавязковым парадку накіроўваецца ў ФПБ на ўзгадненне. Больш за тое, нярэдкія выпадкі, калі ФПБ і яе членскія арганізацыі выходзяць з самастойнай ініцыятывай па ўнясенні тых ці іншых змяненняў у дзейнае заканадаўства.

Яшчэ адзін кірунак у пытаннях сацыяльна-эканамічнай абароны працоўных — гэта грамадскі кантроль за захаваннем заканадаўства аб працы. На пастаяннай аснове прафсаюзы праводзяць праверкі і маніторынгі па гэтых пытаннях.

— У полі зроку прафсаюзаў найважнейшыя пытанні, якія хвалююць нашых працоўных. Гэта і паўната і своечасовасць выплаты заработнай платы і іншых выплат, захаванне ўсіх прадугледжаных працоўных гарантый, законнасць афармлення працоўных адносін, — звярнула ўвагу Таццяна Філімонава.

У выпадку выяўлення тых ці іншых парушэнняў прафсаюзы ў абавязковым парадку выдаюць наймальнікам рэкамендацыі і прадстаўленні, і ўсе яны выконваюцца. Прававую дапамогу прафсаюзы прадастаўляюць у розных формах. Гэта кансультаванне работнікаў па працоўных пытаннях, дапамога ў вырашэнні працоўных спрэчак, абарона інтарэсаў працоўных у судзе.

Толькі за шэсць месяцаў бягучага года прафсаюзныя юрысты выявілі больш за дзевяць тысяч выпадкаў парушэнняў працоўнага заканадаўства ў адносінах да працоўных. Грамадзяне атрымалі звыш 25 тысяч кансультацый. Дзякуючы ўмяшальніцтву прафсаюзаў працоўным было вернута больш як тры мільёны рублёў — нявыплачаных ці незаконна ўтрыманых.

Акрамя таго, за паўгода было падрыхтавана звыш 260 працэсуальных дакументаў, а суды разгледзелі 55 іскавых дакументаў, складзеных юрыстамі прафсаюза. З пачатку года 11 чалавек былі адноўлены на рабоце.

Акрамя захавання заканадаўства аб працы, у полі зроку прафсаюза знаходзяцца і пытанні аховы працы. Тэхнічная інспекцыя за восем месяцаў бягучага года правяла больш за 5,5 тысячы праверак і маніторынгаў, падчас якіх было выяўлена звыш 35 тысяч парушэнняў. 

Інспекцыя таксама выдае рэкамендацыі і даведкі, якія з’яўляюцца абавязковымі для выканання наймальнікамі.

Сёлета ўпершыню на перыяд уборачнай кампаніі ФПБ запусціла «гарачую лінію», на якую можна было паведаміць свае пажаданні і заўвагі па правядзенні ўборачнай кампаніі.

— Варта адзначыць, што дзякуючы рабоце «гарачай лініі» шэраг пытанняў, якія ставіліся нашымі аграрыямі, вырашаліся калі не ў той жа, то на наступны дзень. Практыка правядзення «гарачых ліній» будзе працягнута, бо яна паказала сур’ёзныя вынікі і эфектыўнасць, — падзялілася Таццяна Філімонава.

Пенсіі і бальнічныя

Што датычыцца заканатворчай дзейнасці, прафсаюз ініцыяваў шэраг змяненняў, якія былі ўнесены ў заканадаўства. Так у Працоўны кодэкс унесены нормы, накіраваныя на падаўжэнне тэрміну кантракту з добрасумленнымі работнікамі, прадугледжана магчымасць аплаты сацыяльных водпускаў работнікаў. Акрамя таго, вырашана пытанне аб уключэнні ў поўным аб’ёме ў страхавы стаж і ўліку пры налічэнні пенсіі перыядаў догляду за дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў для маці, якія маюць чатырох дзяцей.

— Раней такім мамам улічвалі толькі 9 гадоў, сёння — 12. Нонсэнс у тым, што маці мае чацвярых дзяцей, чатыры разы была ў адпачынку па доглядзе за дзіцем да трох гадоў, але ў страхавы стаж улічвалася толькі дзевяць гадоў. Дзякуючы ўмяшальніцтву прафсаюзаў гэтая несправядлівасць была выпраўлена, — прывяла прыклад Таццяна Філімонава.

Па ініцыятыве прафсаюзаў вырашана і пытанне знаходжання дома хворага работніка без бальнічнага ліста цягам да трох дзён. У 2020 годзе, калі наша краіна сутыкнулася з пандэміяй COVІD-19, прафсаюзы выступілі з такой ініцыятывай. Дзяржава прапанову падтрымала, і цяпер гэтыя нормы прадугледжаны ў заканадаўчых актах.

ФПБ неаднойчы выходзіла з пытаннем па ўдасканаленні пенсіённай сістэмы. Намеснік старшыні ФПБ нагадала, што ў канцы кастрычніка кіраўніком дзяржавы быў падпісаны Указ № 402 «Аб сацыяльнай падтрымцы», згодна з якім з 1 студзеня 2025 года пенсіянеры, якія працягваюць працаваць, у поўным памеры будуць атрымліваць пенсію.

— Гэта важнае пытанне, якое пасадзейнічае таму, што высокакваліфікаваныя асобы пенсіённага ўзросту будуць працягваць сваю працоўную дзейнасць. У тым ліку гэта будзе садзейнічаць і развіццю настаўніцтва. Не сакрэт, што ёсць шэраг прафесій, якія ў абавязковым парадку патрабуюць наяўнасці настаўніка. Атрымаць дыплом, закончыўшы навучальную ўстанову, недастаткова для таго, каб стаць прафесіяналам. Вельмі важна, каб побач быў вопытны калега, які дапаможа маладому спецыялісту ўвайсці ў курс справы і напрацоўваць свой досвед, — пракаментавала Таццяна Філімонава.

Сярод пытанняў ёсць адно, якое доўга прапрацоўвалася прафсаюзамі, — тэрмін для разліку сярэдняга заробку пры аплаце бальнічных лістоў. Менавіта прафсаюзы настаялі на тым, каб у разлік сярэдняга заробку для налічэння бальнічных бралася не 24, а 18 месяцаў. Акрамя таго, прафсаюзы выйшлі з ініцыятывай (і яна была падтрымана ўрадам) выплаты бальнічных маладым людзям, якія працаўладкаваліся без накіравання навучальнай установы і не маюць статусу маладога спецыяліста ці маладога рабочага. Дзякуючы гэтаму бальнічныя выплаты для такой катэгорыі моладзі павялічыліся амаль у тры разы.

Зарплаты, водпускі

Ажыццяўляюць прафсаюзы і маніторынг за несвоечасовасцю выплаты заработнай платы.

— На жаль, з пачатку бягучага года было выяўлена каля 160 выпадкаў несвоечасовай выплаты заработнай платы. Прафсаюзы ў выпадку выяўлення такіх фактаў неадкладна выдаюць рэкамендацыю наймальніку з просьбай устараніць парушэнне. Калі наймальнік не рэагуе, за намі (прафсаюзамі) застаецца права звароту ў пракуратуру, і не адзінкавыя выпадкі, калі мы з яе дапамогай вырашалі пытанне, — адзначыла намеснік старшыні ФПБ.

Нярэдкія і выпадкі парушэння працоўнага заканадаўства ў частцы прадастаўлення працоўных водпускаў, накіравання ў камандзіроўку, прычым як па Беларусі, так і за межы краіны, афармлення сацыяльных водпускаў. А вось на першым месцы па колькасці парушэнняў заканадаўства аб працы — афармленне працоўных адносін, калі ў працоўны дагавор не ўнесены ўсе нормы ці ўнесены з парушэннем заканадаўства.

Сёння да прафсаюзных юрыстаў часта звяртаюцца людзі, якія не хочуць працягваць працоўныя адносіны з наймальнікам, але той супраць. Нават у выпадках, калі работнікі мяняюць месца жыхарства, наймальнікі ўсё роўна адмаўляюцца іх звальняць.

— Быў выпадак, ён датычыўся сферы прафесійнага спорту, калі работнік пераехаў у Расію, прадаставіў усе пацвярджальныя дакументы, але наймальнік катэгарычна адмаўляўся яго звальняць. Нам удалося пераканаць наймальніка, растлумачыўшы нормы заканадаўства, што ёсць вялікая верагоднасць выйграць суд, і работнік быў звольнены ў сувязі са змяненнем месца жыхарства, — прывяла прыклад Таццяна Філімонава, дадаўшы, што апошнім часам колькасць зваротаў работнікаў у суд змяншаецца, бо з дапамогай прафсаюзаў удаецца вырашаць шэраг пытанняў у дасудовым парадку.

Нярэдкія звароты па пытаннях дысцыплінарных спагнанняў, калі работнік лічыць, што ў дачыненні да яго незаконна прыменена тая ці іншая мера. 

Не заўсёды прафсаюзам удаецца адстаяць работніка, і не заўсёды работнік звяртаецца, калі ў дачыненні да яго незаконна прыменена дысцыплінарнае спагнанне.

— Часам калі работнік правініўся, як у апошнюю інстанцыю ён звяртаецца ў прафсаюз і спадзяецца, што мы зможам яго адстаяць. Заўважу, што мы не можам адстаяць чалавека, які не хадзіў на работу, не выконваў свае функцыянальныя і службовыя абавязкі. Так, калі ў адносінах да работніка парушана заканадаўства і незаконна прыменена тое ці іншае дысцыплінарнае спагнанне, мы дапаможам, — звярнула ўвагу Таццяна Філімонава.

Калі яшчэ пяць гадоў таму асноўнай катэгорыяй работнікаў, якія звярталіся ў прафсаюзы, былі людзі перадпенсіённага ўзросту ці з 10-15 гадамі стажу, то сёння дастаткова актыўна звяртаюцца і маладыя людзі. Справа ў тым, што прафсаюзы актыўна працуюць са студэнтамі і навучэнцамі. У прыватнасці, праводзяць сустрэчы перад размеркаваннем, падчас якіх расказваюць, на што маладыя спецыялісты могуць прэтэндаваць на сваім першым працоўным месцы.

— І калі малады спецыяліст прыходзіць на сваё першае месца работы, ён разумее, што можа звярнуцца ў прафсаюз. Не заўсёды ён разумее, парушана заканадаўства ці не, але, у любым выпадку, ён можа патэлефанаваць і пракансультавацца. Нашы кантакты ў доступе на прафсаюзных стэндах, на сайтах і ў сацыяльных сетках. Радуе, што часта звяртаюцца без факта парушэння працоўнага заканадаўства, а з мэтай удакладніць, ці правільна ў адносінах да працаўніка прыменена дысцыплінарнае ўзысканне, — дадала Таццяна Філімонава.

Дзейсны «народны кантроль»

Цягам некалькіх апошніх гадоў ФПБ праводзіла штомесячны кантроль за цэнамі, асартыментам прадуктаў у аб’ектах гандлю. Спецыялісты выходзілі ў гандлёвыя сеткі і маніторылі ўзровень цэн, якасць прадуктаў. З ліпеня бягучага года такая форма была зменена і перарасла ў грамадскія прыёмныя. Праз сайт ФПБ цяпер можа звярнуцца любы ахвотны з пытаннем, прапановай, пажаданнем, якія датычацца пытанняў спажывецкага рынку.

Грамадзяне актыўна карыстаюцца грамадскімі прыёмнымі — тэлефануюць ці пішуць анлайн свае заўвагі на асартымент, якасць, пратэрмінаваныя прадукты. Абсалютна ўсе звароты прафсаюзы разглядаюць, праўда, не ўсе з іх пацвярджаюцца. Пры неабходнасці спецыялісты выязджаюць ва ўказаныя гандлёвыя сеткі. Калі факты пацвярджаюцца, прафсаюз інфармуе адпаведныя дзяржаўныя органы.

За час работы грамадскіх прыёмных паступіла больш за 35 зваротаў, усе былі разгледжаны.

— Такая форма грамадскага кантролю эфектыўная, таму што і гандлёвыя сеткі разумеюць, што любы ахвотны можа звярнуцца і паведаміць пра тое ці іншае парушэнне. Нярэдка людзі паведамляюць пра пратэрмінаваныя тавары. Ёсць выпадкі, калі вельмі бедны асартымент у той ці іншай гандлёвай сетцы. Такая форма «народнага кантролю» дае свае добрыя вынікі, — рэзюмавала Таццяна Філімонава.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.