Вы тут

Згуртаваць дзеля адзінай мэты


Новы праект праходзіць пад дэвізам «БТР: Будзем трымацца разам!» і з’яўляецца пляцоўкай для ўзаемадзеяння маладзёжных парламентаў, створаных пры мясцовых Саветах дэпутатаў Гродзенскай вобласці, аглядам-конкурсам іх творчых і грамадскіх дасягненняў.


Па словах старшыні Гродзенскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Алены Антонавай, асноўнай мэтай фестываля з’яўляецца развіццё і падтрымка патрыятычнай актыўнасці моладзі, уцягванне маладых грамадзян у грамадска-культурнае жыццё рэгіёна, пашырэнне магчымасцяў для самарэалізацыі. Праект скіраваны на тое, каб моладзь заявіла аб сабе як аб паўнавартасным партнёры ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі. Фестываль прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Знамянальная дата будзе адзначацца ў наступным, 2025 годзе.

— Пакуль складана спрагназаваць, якія менавіта ініцыятывы будуць прадстаўлены падчас конкурсу. Арганізатары конкурсу, а гэта Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў і Асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, гатовы разгледзець усе прапановы. Спадзяемся, што прадстаўленыя ініцыятывы будуць актуальнымі і сацыяльна значнымі для той ці іншай мясцовасці. У далейшым менавіта мясцовая ўлада павінна дапамагчы маладым парламентарыям у рэалізацыі ідэй, — паведаміла Алена Антонава.

Такім чынам, заявіць аб сабе даецца магчымасць больш чым тысячы членам Маладзёжнага парламента Гродзенскай вобласці ва ўзросце ад 16 да 35 гадоў. Напачатку прапановы будуць разгледжаны ў кожным раёне, затым пераможцы возьмуць удзел у фінальным этапе, дзе будуць вызначаны тры лідары. Магчыма, конкурсная камісія дадаткова ўнясе дапаўняльныя намінацыі, зазначыла старшыня абласной асацыяцыі. Мяркуецца, што вынікі праекта будуць разгледжаны напрыканцы лістапада.

Трэба сказаць, што ў Гродзенскай вобласці насельніцтва бярэ актыўны ўдзел у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. Рэалізавана ці ў стадыі работы больш за два дзясяткі праектаў. Цяпер да гэтай дзейнасці далучаюцца і члены Маладзёжнага парламента Гродзенскай вобласці. На думку яго старшыні Ягора Скяпко, моладзь атрымае шанц не толькі заявіць аб сваіх здольнасцях, але і ўвасобіць у жыццё бізнес-планы.

Лідар Маладзёжнага парламента лічыць, што пэўная база ў рэалізацыі праектаў у гродзенцаў ужо ёсць. Значны вопыт напрацаваны ў адным з самых актуальных у сучасным жыцці моладзі кірунку — у медыйнай сферы. 

На яго думку, гэты аспект варта скіраваць у правільнае рэчышча.

Сам Ягор вучыцца па спецыяльнасці «Журналіст» у ГрДУ імя Я. Купалы і працуе карэспандэнтам інтэрнэт-аддзела на гарадскім тэлебачанні, стварае інфармацыйныя пасты ў сацыяльных сетках. Менавіта яго медыйны праект атрымаў пераважную колькасць галасоў падчас выбараў старшыні Маладзёжнага парламента. Ягор і цяпер вядзе свой блог, у яким прадстаўлены навіны гарадскога жыцця.

— Мы здымаем ролікі ў кароткай і дынамічнай форме, імкнемся падаваць інфармацыйны кантэнт такім чынам, каб падключаць моладзь да грамадскай павесткі; паказаць, што і мы таксама можам арганізаваць штосьці; падключыцца да таго ці іншага мерапрыемства і заявіць аб сабе. Гаворка ідзе аб тым, каб аб’яднаць моладзь праз ініцыятывы, — упэўнены старшыня Маладзёжнага парламента.

Ягор прыгадаў адзін з праектаў менавіта медыйнай сферы, падчас якога блогеры і журналісты на базе лагера правялі інтэнсіў па стварэнні маладзёжнага кантэнту. Такі вопыт, дарэчы, гатовы пераняць і расійскія калегі. Пагадненне паміж маладзёжнымі парламентамі Гродзенскай і Ніжагародскай абласцей у медыйнай сферы падпісана сёлета падчас трэцяга з’езда малых гарадоў у Расійскай Федэрацыі.

Трэба сказаць, што актыўнасць Маладзёжнага парламента Гродзенскай вобласці сёмага склікання відавочна ўзрасла. Вядзецца работа ў камісіях, члены парламента выходзяць з прапановамі, бяруць удзел у мясцовых і абласных мерапрыемствах, дэпутацкіх сесіях. «Творчая моладзь з дазволу гарадскіх улад выступае на гарадскіх пляцоўках. Сёння ідзе гаворка аб тым, каб мець такую маладзёжную пляцоўку для выступленняў у Гродне, як гэта ёсць у Брэсце. Магчыма, такі праект у далейшым будзе таксама рэалізаваны», — выказаў меркаванне субяседнік.

Алена Пасюта, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Абласны фестываль «БТР: Будзем трымацца разам» праходзіць напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі. Менавіта моладзь, якая павінна захоўваць спадчыну мінулых пакаленняў і будаваць будучыню незалежнай краіны, актыўна ўцягнута ў працэс падрыхтоўкі да знамянальнай даты. Думаю, што конкурс маладзёжных ініцыятыў выявіць сапраўдных актывістаў, якія не толькі раскрыюць свой творчы патэнцыял, але і прадэманструюць такія якасці, як уменне браць на сябе адказнасць, магчымасць згуртаваць вакол сябе маладых нераўнадушных людзей. Самыя актуальныя і значныя праекты, безумоўна, знойдуць падтрымку на ўзроўні абласнога і мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Маргарыта Ушкевіч

Фота з архіва Ягора Скяпко

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.