Вы тут

«Не прапальвай сваё жыццё!»


У перыяд вялікіх выхадных прадстаўнікі ратавальнага ведамства не адпачывалі. Супрацоўнікі абласнога МНС праводзяць акцыю «Не прапальвай сваё жыццё!» З гэтай нагоды ратавальнікі арганізавалі бяспечныя маршруты па домаўладаннях Міншчыны. Такія рэйды і мерапрыемствы накіраваныя на мінімізацыю няшчасных выпадкаў. Карэспандэнт «Звязды» даведаўся пра падрабязнасці. 


Эфектыўная прафілактыка на Барысаўшчыне

Аператыўная абстаноўка застаецца складанай: за бягучы перыяд у Барысаўскім раёне адбылося каля 140 пажараў, якія забралі жыцці 12 чалавек. Таму ў мінулую суботу на тэрыторыі раёна прайшла маштабная прафілактычная акцыя, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, Універсітэта МНС, Навукова-даследчага інстытута пажарнай бяспекі і іншыя службы. «Толькі сумеснымі намаганнямі можна выратаваць жыцці грамадзян», — упэўненыя ў МНС, а эфектыўная прафілактыка патрабуе ўзаемадзеяння кожнага. Пасля праведзенага інструктажу ўдзельнікі акцыі былі падзеленыя на групы і накіраваны па вызначаным маршруце. Асноўнай задачай стала выяўленне небяспечных умоў пражывання грамадзян і інфармаванне іх аб правілах пажарнай бяспекі.

У адным з домаўладанняў удзельнікі акцыі сустрэлі пажылога мужчыну. У ходзе гутаркі высветлілі, што ў яго доме адсутнічае аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Ратавальнікі патлумачылі Сяргею Іванавічу важнасць устаноўкі гэтых прылад, распавялі пра прынцып іх работы і пра тое, як правільна сачыць за іх станам, каб яны заўсёды маглі прыйсці на дапамогу ў патрэбны момант.

Работнікі МНС не маглі пакінуць без увагі той факт, што жыхары дома знаходзяцца без абароны. У выніку маленькі памочнік быў устаноўлены ў спальні гаспадара. «Вялікі дзякуй! Вельмі прыемна, што нашы ратавальнікі так клапоцяцца пра нашу бяспеку. Цяпер можна спаць спакойна!» — падзякаваў гаспадар дома.

У кожным домаўладанні, дзе пабываў удзельнік акцыі, была пакінута наглядна-выяўленчая прадукцыя з важнымі напамінкамі пра бяспеку. Ратавальнікі таксама нагадалі нумары тэлефонаў, па якіх трэба тэлефанаваць у надзвычайнай сітуацыі: «101» або «112». Таксама грамадзянам, якія маюць згубную звычку курэння, настойліва рэкамендавалі рабіць гэта на вуліцы, а лепш задумацца пра тое, каб зусім адмовіцца ад яе.

«Толькі агульнымі намаганнямі мы можам папярэдзіць узнікненне надзвычайных сітуацый і захаваць жыццё і здароўе грамадзян. Беражыце сябе і сваіх блізкіх», — адзначылі ў ратавальным ведамстве.

Бяспека ў дамах Смалявіччыны

Маштабная пажарна-прафілактычная акцыя, накіраваная на папярэджанне пажараў і абарону жыцця грамадзян, не абмінула і Смалявіцкі раён. У мерапрыемстве ўдзельнічалі работнікі Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, Універсітэта МНС, Навукова-даследчага інстытута пажарнай бяспекі і Смалявіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Прафілактычныя маршруты ахоплівалі населеныя пункты Забалоцкага, Пекалінскага і Азярыцка-Слабадскога сельсаветаў. 

Статыстыка паказвае, што чалавечы фактар застаецца асноўнай прычынай узнікнення пажараў. Гэта падкрэслівае важнасць работы з насельніцтвам, уключаючы правядзенне адрасных прафілактычных мерапрыемстваў у жылых дамах.

У ходзе абследавання домаўладанняў адзінокіх і шматдзетных сем’яў асаблівая ўвага надавалася стану пячнога ацяплення: правяраліся яго гатоўнасць і спраўнасць у ацяпляльны сезон, наяўнасць ліста з бляхі перад печкай памерам не менш за 50 на 70 сантыметраў, а таксама адсутнасць расколін у печах і дымаходах.

«Сёння мы праводзім мерапрыемствы па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх», — адзначыў намеснік начальніка Смалявіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падпалкоўнік унутранай службы Сяргей Тарасевіч. — Пячное ацяпленне з’яўляецца распаўсюджаным спосабам абагравання, але няправільнае яго выкарыстанне можа прывесці да трагічных наступстваў. Мы патлумачым грамадзянам, як правільна эксплуатаваць печы і каміны, каб пазбегнуць небяспечных сітуацый. Таксама хочам акцэнтаваць увагу на важнасці ўстаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Гэты невялікі, але жыццёва важны прыбор можа выратаваць жыццё«.

Падчас візітаў ратавальнікаў жыхары розных узростаў даведаюцца пра нядаўнія пажары ў раёне, вобласці і краіне, а таксама пра рызыкі, звязаныя з курэннем у доме, небяспеку пакідання дзяцей без нагляду і недастатковага кантролю за падлеткамі. Ратавальнікі акцэнтуюць увагу на неабходнасці ўстаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і падтрымання іх працаздольнасці, бо менавіта гэтыя прылады могуць папярэдзіць аб пачатку ўзгарання на ранняй стадыі.

Усім удзельнікам прафілактычных мерапрыемстваў былі ўручаны тэматычныя памяткі і буклеты, якімі можна падзяліцца з сябрамі і сваякамі або размясціць на бачным месцы для замацавання атрыманых ведаў. «Бяспека ў нашых дамах — гэта агульная задача», — упэўненыя ў МНС.

«Прамень сонца» на Прысталіччы

З набліжэннем доўгачаканых выхадных кожны з нас імкнецца атрымаць асалоду ад адпачынкам, правесці час з блізкімі і забыцца пра будзённую мітусню. Але менавіта ў гэтыя дні асабліва важна памятаць пра бяспеку і абараніць свае дамы ад магчымых надзвычайных сітуацый.Так, у гэтыя выхадныя работнікі Цэнтральнага апарата МНС, падпарадкаваныя яму падраздзяленні, прадстаўнікі зацікаўленых суб’ектаў прафілактыкі, Мінскага РУУС, упраўлення па працы і занятасці сацабароны райвыканкама, упраўлення па адукацыі, унітарнага прадпрыемства «Мінгаз», а таксама прадстаўнікі Энергагазнагляду і Папярнянскага сельсавета ў мэтах павышэння ўзроўню пажарнай бяспекі домаўладанняў грамадзян наведалі дамы грамадзян.

Як адзначыў галоўны спецыяліст упраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Міхаіл Батура, напярэдадні ацяпляльнага сезона, які паўнавартасна яшчэ не наступіў, але хутка пачнецца разам з паніжэннем тэмпературы, МНС нацэлена на правядзенне прафілактычнай работы і выяўленне праблем у адзінокіх пажылых грамадзян, інвалідаў 1-й і 2-й групы, грамадзян, схільных да злоўжывання алкагольнымі напоямі, а таксама на наведванне дамоў, дзе пражываюць шматдзетныя сем’і і сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы: «У сваю чаргу, пры выяўленні фактараў, звязаных з рызыкай для жыцця, мы неадкладна будзем інфармаваць суб’екты прафілактыкі, якія кампетэнтныя ў сваім кірунку».

Першы адрас абраны не выпадкова. Суб’екты прафілактыкі тут частыя госці. Сям’я Мішыных ставіцца да катэгорыі злоўжываючых, яны жывуць у небяспечных умовах, таму знаходзяцца на кантролі. Парушэнні відавочныя: разеткі эксплуатуюцца без карпусоў, правадныя скруткі, газавыя балоны ў адкрытым доступе — усё гэта ўяўляе небяспеку для жыцця. Па гэтых фактарах правялі прафілактычную гутарку, уручылі рэкамендацыі і ўсталявалі аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які будзе «ахоўнікам» і ратаваннем для гэтай сям’і.

Наступны адрас па вуліцы Сонечнай — для сям’і Бабровых, да якіх ратавальнікі прыйшлі з праверкай, ён таксама як прамень сонца ў цёмным царстве, хоць зразумеюць яны гэта не адразу. Каля 12 гадоў таму ў гэтым доме здарыўся пажар, у выніку якога была пашкоджана праводка. Як і чаму гаспадары дагэтуль не знайшлі магчымасці ліквідаваць наступствы — пытанне важнае, але не першараднае для работнікаў МНС. У госці да бабулі на вялікія выхадныя прыехалі дачка з двума непаўналетнімі дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. З парога дома няўзброеным вокам бачныя прыкметы небяспечных умоў пражывання, і для гэтага не абавязкова быць спецыялістам.

Неадкладныя рашэнні камісіі — гэта той самы прамень у цёмным царстве для дзяцей. Аператыўна было прынята рашэнне праінфармаваць установу адукацыі для далейшага кантролю за гэтай сям’ёй. Звязаліся з татам, каб ён забраў дзяцей па месцы пастаяннага жыхарства, дзе, па словах прадстаўнікоў адукацыі, створаны ўмовы, якія не ўяўляюць пагрозу для жыцця. Гісторыя сумная, але павучальная.

Ганна Вікенцьева таксама была рада гасцям, бо яны прыйшлі не з пустымі рукамі. Прынеслі карысную інфармацыю, праверылі печ і комін, усталявалі пажарны апавяшчальнік. А галоўнае, у рамках дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона» — аказання дапамогі адзінокім пажылым грамадзянам і інвалідам — запісалі яе на чаргу па ўстаноўцы новага пячнога ацяплення. Ганна Вікенцьева, 1941 года нараджэння, пражывае адна, але, нягледзячы на ўзрост, клапоціцца пра сваю бяспеку. Яна была вельмі ўдзячна камісіі і адзначыла, што адчула падтрымку і ўвагу, што так важна ў наш час.

«У перыяд з 7 па 11 лістапада 2024 года ў Мінскай вобласці было абследавана больш за 5400 домаўладанняў (кватэр), задзейнічана 556 работнікаў органонаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Усяго з пачатку года на Міншчыне адбылося 1243 пажара, загінула 117 чалавек», — адзначыла афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Алена Немагай.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота МНС

 

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.