Вы тут

Сучасныя тэхналогіі дапамагаюць павялічваць выжывальнасць пацыентаў пры раку


Штогод у Беларусі выяўляюць амаль 60 тысяч новых выпадкаў захворвання на рак. Захваральнасць паступова расце, і гэтая тэндэнцыя характэрна для многіх краін свету. Пры гэтым смяротнасць амаль не павялічваецца, што сведчыць аб добрых выніках лячэння. У прыватнасці, пяцігадовы парог выжывальнасці пераадольвае каля 80% пацыентаў, якія былі пралечаны па радыкальнай праграме. А ў апошнія гады такое лячэнне стала магчымым не толькі для хворых з першай, другой і трэцяй стадыямі, а часам нават і з чацвёртай. Пра вынікі лячэння, прымяненне новых тэхналогій і планы на новае будаўніцтва расказалі ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава.


Розніцы паміж гараджанамі і вяскоўцамі ў выяўленні няма

Як адзначыў дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава Сяргей ПАЛЯКОЎ, за апошнія 20 гадоў адзначаецца рост колькасці нававыяўленых выпадкаў злаякасных новаўтварэнняў. Калі ў 2019 годзе выяўлен 54 961 новы выпадак, то ў 2023-м — 57 045.

— Паступова мы набліжаемся да 60 тысяч нававыяўленых пацыентаў штогод. Гэта, вядома, дастаткова шмат, але сведчыць і аб тым, што ранняя дыягностыка і ўвогуле дыягностыка ў нашай краіне пастаўлена на дастаткова высокі ўзровень, — сказаў Сяргей Палякоў. — Дыягностыкай займаецца пярвічнае звяно, а мы атрымліваем той вынік, які выяўляюць нашы калегі і займаемся лячэннем.

Розніца ў выяўленні злаякасных новаўтварэнняў у гарадскога і сельскага насельніцтва невялікая і цяпер звялася да мінімуму. Сярод вяскоўцаў колькасць выпадкаў раку складае 617 на 100 тысяч насельніцтва, сярод гараджан — 629.

— Гэта сведчыць пра тое, што выяўленне злаякасных новаўтварэнняў і дапамога як сярод гарадскога, так і сярод сельскага насельніцтва ў нашай краіне аднолькавыя, гэта нядрэнны паказчык, — пракаментаваў Сяргей Палякоў.

РНПЦ курыруе і Мінскую вобласць, таму кожны тыдзень спецыялісты выязджаюць у нейкі раён, дзе аказваюць кансультатыўную і арганізацыйную дапамогу. Тое ж самае адбываецца ва ўсіх астатніх абласцях. Спецыялісты РНПЦ выязджаюць таксама ў абласныя цэнтры, гарады, дзе размяшчаюцца міжраённыя дыспансеры.

У Беларусі, у адрозненні ад некаторых іншых краін СНД, захавана сістэма дапамогі, пры якой лячэнне пацыентаў са злаякаснымі пухлінамі адбываецца ў спецыялізаваных установах — анкалагічных дыспансерах. Усе пацыенты назіраюцца ў іх, першыя тры гады пасля выяўлення захворвання кантралююцца ў анкалагічных паліклініках пры дыспансерах, пры наяўнасці рэцыдыву іх накіроўваюць у клінічную сетку.

Усе пацыенты ці РНПЦ, ці міжраённага анкалагічнага дыспансера дыягнастуюцца і лечацца па агульных алгарытмах, якія афармляюцца загадам Міністэрства аховы здароўя і дзейнічаюць для ўсёй краіны.

— Мы стараемся ўпісаць туды мінімальныя сацыяльныя стандарты, якія дапамагаюць вытрымліваць аднолькавыя пратаколы лячэння. Любы пацыент незалежна ад таго, дзе будзе знаходзіцца, павінен атрымаць дапамогу ў адпаведнасці з гэтымі стандартамі, — паведаміў Сяргей Палякоў.

Даныя аб пацыентах знаходзяцца ў канцрэгістры, які быў створаны яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя і з’яўляецца адным з самых унікальных канцрэгістраў не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў свеце.

— Мы маем інфармацыю пра ўсіх анкалагічных пацыентаў, ведаем вынікі лячэння, выжывальнасць, можам іх аналізаваць, прасачыць усіх пацыентаў. Канцрэгістр пастаянна развіваецца, у яго ўкладаецца пэўнае фінансаванне. У шэрагу выпадкаў некаторыя фармкампаніі нават гатовы дапамагаць нам з фінансаваннем, каб там з’яўляліся новыя главы і мы маглі атрымліваць больш інфармацыі пра нашых пацыентаў і мець гэта ў гістарычнай перспектыве, — расказаў Сяргей Палякоў.

Лячэнне па трох кірунках

Згодна са статыстыкай, у мужчын самы распаўсюджаны від раку — рак прастаты, у жанчын — рак малочнай залозы.

— Гэта тэндэнцыя агульнасусветная, і гэта тыя паталогіі, на якія мы ў першую чаргу звяртаем увагу, займаючыся ранняй дыягностыкай, скрынінгам, дыспансерызацыяй нашага насельніцтва, — сказаў дырэктар РНПЦ. — На другім месцы ва ўсіх — коларэктальны рак (рак тоўстай кішкі). Гэта праблема, важная для абаіх палоў. Выкананне ранніх каланаскапій, выяўленне калу на схаваную кроў — тыя моманты, на якія мы заўсёды звярталі ўвагу для ранняга выяўлення гэтай паталогіі.

Нягледзячы на рост захваральнасці, смяротнасць практычна не змяняецца.

— Вядома, хацелася б зніжаць яе, але ў тых, хто захварэў, не заўсёды раннія формы. На жаль, бываюць і запушчаныя, — адзначыў Сяргей Палякоў.

Лячэнне анкалагічных пацыентаў вядзецца па трох кірунках. Першы — аперацыя. Ва ўсіх анкалагічных установах краіны за мінулы год праведзена каля 87 тысяч хірургічных умяшанняў — і стацыянарных, і амбулаторных. У РНПЦ штогод выконваецца не менш чым 10 тысяч аперацый, і паступова гэта лічба расце.

— Аперацыйныя ў нас сучасныя, маецца ўсё абсталяванне, у тым ліку лапараскапічнае, эндаскапічнае. Пакуль у нас няма робататэхнікі, але, паколькі цяпер паявіліся канкурэнты ў амерыканскіх апаратаў з Паўднёвай Карэі і Кітая, ідзе конкурс, я мяркую, што ў найбліжэйшы час у нашым цэнтры і ў іншых з’явіцца відэасістэмнае рабатызаванае абсталяванне, якое дапаможа з удасканаленнем малаінвазіўнай хірургіі. Па складанасці яна не ўступае адкрытым хірургічным аперацыям, якія шырока распаўсюджаны ў анкалогіі, — расказаў кіраўнік РНПЦ.

Далей пацыенту патрабуецца прамянёвая хірургія. Анкалагічныя дыспансеры нядрэнна аснашчаны адпаведным абсталяваннем, і выдзяляецца тут Мінскі гарадскі анкалагічны цэнтр. Ён мае шэсць лінейных паскаральнікаў — унікальны выпадак, калі ў адным цэнтры сканцэнтравана такая колькасць складанага абсталявання. У РНПЦ, акрамя лінейных паскаральнікаў і брахітэрапеўтычных комплексаў для мясцовай тэрапіі, выкарыстоўваюць гаматэрапеўтычны апарат. Ён належыць да другога пакалення, і гэта найбольш дасканалая тэхніка для правядзення прамянёвай тэрапіі на галаўным мозгу. З дапамогай апарату, напрыклад, удалося апраменіць больш чым 100 метастазаў у аднаго з пацыентаў, дзякуючы гэтаму яму захавалі жыццё.

Акрамя трох тамографаў у РНПЦ маецца цыклатрон — устройства, што дазваляе на месцы гатаваць дыягнастычныя ізатопы, якія дапамагаюць выявіць схаваныя пухлінныя пашкоджанні ў арганізме.

— Мы развіваем гэты кірунак і маем перспектыўныя планы. Падключаецца «Расатам», і мы хацелі б пашыраць магчымасці тэрапіі з выкарыстаннем ізатопаў. Спадзяемся, што ў бліжэйшай будучыні будзе магчымасць развіваць не толькі ПЭТ-цэнтр, але і ізатопныя тэхналогіі ў лячэнні пацыентаў, — падзяліўся Сяргей Палякоў.

Малекулярна-генетычная лабараторыя пры РНПЦ дазваляе выконваць амаль увесь спектр малекулярна-генетычных даследаванняў, якія дапамагаюць ставіць дыягназ і персаніфікавана падыходзіць да лячэння пацыентаў з рознымі відамі злаякасных пухлін.

Трэці важны кірунак у лячэнні — хіміятэрапія. Больш за 50% лекавых сродкаў, якія выкарыстоўваюць медыкі, выпушчаны ў Беларусі.

— Гэта джэнерыкі дастаткова добрай якасці пасля сур’ёзных клінічных выпрабаванняў. Трэба сказаць, што цэнтр экспертыз, які працуе ў нашай краіне, вельмі пільна падыходзіць да рэгістрацыі лекавых прэпаратаў, і мы са стопрацэнтнай упэўненасцю давяраем тым сродкам, якія выпускаюцца ў нашай краіне, і смела можам заяўляць, што яны не горш за арыгінальныя прэпараты, што прымяняюцца для лячэння злаякасных пухлін. Цяпер нашай фармпрамысловасцю выпускаюцца і таргетныя сродкі, — расказаў кіраўнік РНПЦ.

Лячэнне дае сапраўды добрыя вынікі: звыш 80% пацыентаў, якія атрымалі лячэнне па радыкальнай праграме, жывуць больш за пяць гадоў.

— Мы адназначна можам ганарыцца нашым вынікамі. Пяцігадовая выжывальнасць — той крытэрый, па якім ацэньваюць нашу працу як анколагаў па ўсёй краіне. Гэта крытэрый, на падставе якога мы можам казаць, ці дасягнулі мы нейкіх вынікаў, і можам параўноўваць сябе з еўрапейскімі, агульнасусветнымі паказчыкамі, — сказаў Сяргей Палякоў.

РНПЦ увесь час працуе над удасканаленнем лячэбных працэсаў і ўкараненнем новых тэхналогій. Пастаянная навуковая работа праводзіцца ў цэнтры для таго, каб палепшыць вынікі лячэння. За апошнія дзесяць гадоў на 10% павялічылася колькасць тых, хто перасягнуў пяцігадовы парог выжывальнасці сярод пацыентаў, пралечаных па радыкальнай праграме. І гэта не толькі пацыенты першай, другой або трэцяй стадыі, але і пацыенты з чацвёртай стадыяй, якая лічыцца запушчанай. Яны таксама ў шэрагу выпадкаў атрымліваюць лячэнне па радыкальнай праграме. Дарэчы, за апошнія 20 гадоў практычна напалову палепшыліся вынікі ў лячэнні пацыентаў чацвёртай стадыі, што таксама вельмі добры паказчык.

Каля 60% пацыентаў, якія стаялі на ўліку на канец 2023-га, знаходзяцца на ім пяць і больш гадоў.

— Мы лічым гэтых пацыентаў вылечанымі. Крытэрый пяцігадовай выжывальнасці ва ўсім свеце сведчыць аб эфектыўнасці дапамогі анкалагічным пацыентам, і ў нашай краіне ён даволі значны, — падкрэсліў дырэктар РНПЦ.

Цэнтр ядзернай медыцыны і новы хірургічны корпус

Кожны год у РНПЦ праходзіць лячэнне каля дзвюх тысяч замежных грамадзян. Дастаткова вялікі паток пацыентаў з Расійскай Федэрацыі, рэспублік Сярэдняй Азіі. Ёсць пацыенты з далёкага замежжа, а таксама з Польшчы, Літвы і Латвіі.

Для зручнасці беларускіх і замежных пацыентаў на базе РНПЦ функцыянуе пансіянат. У ім можа спыніцца як хворы, які прыехаў на працэдуры, так і сям’я, якая вырашыла яго падтрымаць. Таксама ў РНПЦ перыядычна прыязджаюць спецыялісты з рэгіёнаў на разнастайныя канферэнцыі. І такі фармат размяшчэння для іх таксама зручны.

У планах у РНПЦ стварыць Цэнтр ядзернай медыцыны сумесна з расійскім «Расатамам».

— У нас апошні год завязалася даволі цеснае супрацоўніцтва з кампаніяй «Расатам», якая пераарыентавала сябе на мірныя тэхналогіі. У Расійскай Федэрацыі вельмі актыўна развіваюцца магчымасці выкарыстання радыеізатопаў не толькі для дыягностыкі, але і для лячэння. У гэтым кірунку «Расатам» зрабіў нам прапанову, якая цяпер актыўна абмяркоўваецца. У нас ёсць пэўныя планы па будаўніцтве Цэнтра ядзернай медыцыны, які можа задаволіць усе нашы патрэбы і ў дыягностыцы, у вырабе ізатопаў, і развіць новыя лячэбныя тэхналогіі, — расказаў дырэктар РНПЦ.

Пакуль што стварэнне цэнтра знаходзіцца ў стадыі планавання і падрыхтоўкі матэрыялаў. У далейшым яны будуць прадстаўлены ў Міністэрства аховы здароўя і ва ўрад.

Сярод планаў таксама ўкараненне рабатычнай хірургіі. Большая частка аперацый у РПНЦ — лапараскапічныя. Гэта дапамагае спрасціць аднаўленне пацыентаў і палепшыць якасць іх жыцця.

— Рабатычная тэхніка — гэта больш дасканалая лапараскапічная тэхналогія. Па сутнасці, тут мы проста выкарыстоўваем маніпулятары. Для хірурга там значна лепш візуалізацыя. Усё паказваецца ў 3D у адрозненні ад лапараскапіі з плоскім экранам. Таксама рабатычная тэхніка дазваляе ў шэрагу выпадкаў палепшыць вынікі лячэння менавіта ў плане якасці жыцця пацыентаў, — адзначыў дырэктар.

Акрамя таго, у РНПЦ плануецца будаўніцтва новага хірургічнага корпуса, абнаўленне парка абсталявання для прамянёвай тэрапіі, умацаванне дыягнастычнай базы дыспансераў.

Алена Кравец

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.