Вы тут

Якія мэты стаяць перад абноўленым цэнтрам сацыяльнай рэалібітацыі дзяцей-інвалідаў?


«Расток» — такую назву атрымаў гэты важны аб’ект. Ён дае надзею сотням людзей на паўнавартаснае жыццё. Пасля таго, як тут папрацавалі будаўнікі, цэнтр стаў больш сучасны. Пашырыліся магчымасці для аднаўлення і аздараўлення людзей. Прасторны басейн, актавая і некалькі спартыўных залаў, камп’ютарныя класы і трэнажоры — у цэнтры выкарыстоўваюць новыя падыходы ў аднаўленні і адаптацыі людзей з інваліднасцю. Абсталяваны і спальныя нумары з улікам патрабаванняў даступнага асяроддзя — усё для камфортнага знаходжання і пражывання.


«Выявіць патэнцыял кожнага»

Цэнтр сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі дзяцей-інвалідаў і інвалідаў «Расток» з’яўляецца дзяржаўнай установай сацыяльнага абслугоўвання, дзейнасць якой накіравана на арганізацыю і аказанне паслуг грамадзянам, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі з ліку інвалідаў, дзяцей-інвалідаў ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў. Рэканструкцыя цэнтра дазволіць аказваць рэабілітацыйныя паслугі больш чым 2,5 тысячам інвалідаў за год.

У цэнтры аказваюць паслугі па рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў усіх груп. Рэабілітацыя доўжыцца да 30 дзён. Яна бясплатная, аднак тыя, хто суправаджае, плацяць за харчаванне. «Самая галоўная задача — сацыяльная рэабілітацыя. Таксама тут ёсць аздараўленчыя і водныя працэдуры, фізіятэрапія, басейн, саўна, джакузі і іншае, — адзначыла дырэктар установы Алена Філімонава. — Работа нашага цэнтра накіравана на тое, каб людзі атрымалі навыкі самастойнага пражывання, вярнуліся да працоўнай дзейнасці. Тут працуюць прафарыентолагі, розныя майстэрні, якія дапамагаюць выявіць здольнасці і патэнцыял кожнага чалавека».

Па словах Алены Філімонавай, пуцёўкі вылучае камітэт па працы, дакументы рыхтуюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аднак перавага аддаецца тым людзям, у якіх інваліднасць устаноўлена першасна: «Такія людзі і псіхалагічна не гатовы, і не ведаюць, як арганізаваць свой побыт. Менавіта таму так важна правесці сацыяльную рэабілітацыю. Мы падбіраем індывідуальныя тэхнічныя сродкі рэабілітацыі, дапамагаем арганізаваць побыт».

«Знайсці новыя грані магчымасцяў»

Умовы пражывання ў Цэнтры сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі дзяцей-інвалідаў і інвалідаў «Расток» на высокім узроўні. У двухмесных пакоях (каля 20 квадратных метраў) як правіла пражываюць дзеці-інваліды і суправаджальнікі. Таксама ёсць аднамесныя і трохмесныя пакоі. Транспартныя зносіны са сталіцай наладжаны. Са станцыі метро «Барысаўскі тракт» да Цэнтра можна дабрацца на гарадскім пасажырскім транспарце.

«За пяць гадоў работы Цэнтра тут прайшлі рэабілітацыю 1820 дзяцей-інвалідаў, 770 маладых людзей. Комплекс сацыяльна-рэабілітацыйных і сацыяльна-бытавых паслуг дазваляе знайсці новыя грані магчымасцяў маладых людзей. У 2021 годзе аб’ект быў закрыты на рэканструкцыю, будаўнічыя работы стартавалі ў снежні 2022 года», — паведаміла дырэктар установы.

У ходзе рэканструкцыі пабудаваны рэабілітацыйна-аздараўленчы корпус з харчаблокам, з прасторнай абедзеннай залай на 90 месцаў, басейн, актавая зала на 187 пасадачных месцаў, велізарная спартыўная зала. «Са студзеня 2022 года ў Закон аб інвалідах і сацыяльнай інтэграцыі была ўнесена норма аб неабходнасці адкрываць цэнтры сацыяльнай рэабілітацыі. З таго часу гэта асобныя ўстановы, якія ў тым ліку аказваюць медыцынскую дапамогу, — дадала Алена Філімонава. — Самае галоўнае — мы стараемся навучыць людзей прафесіі і працаўладкаваць іх. Зробім усё, каб сацыялізацыя прайшла паспяхова, а людзі сталі актыўнымі членамі нашага грамадства».

Па яе словах, тут усё прадумана для таго, каб людзі, якія знаходзяцца на рэабілітацыі, адчувалі сябе камфортна і свабодна, маглі без старонняй дапамогі арганізаваць свой побыт, адпачынак, наведаць працэдуры, узяць удзел у грамадскім жыцці, знайсці сяброў па інтарэсах.

Установа мае некалькі будынкаў. Гэта рэабілітацыйна-аздараўленчы, сацыяльна-бытавой рэабілітацыі і жылыя карпусы, а таксама гаспадарчыя памяшканні. У будынку былой сталовай адкрыліся гурткі. «Ганчарны, швейны, выяўленчага мастацтва, працуе майстэрня сацыяльна-бытавой адаптацыі. Прадугледжаны пляцоўкі для заняткаў садоўніцтвам, колера- і ароматэрапіі. Тут мы навучаем людзей элементарным працоўным навыкам», — расказала дырэктар.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

Астрашыцкі гарадок

Загаловак у газеце: Навучыць самастойнасці

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.