Сумесны беларуска-кітайскі геалагічны цэнтр адкрыўся ў Мінску ў Навукова-вытворчым цэнтры па геалогіі. У цырымоніі ўзялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэньчуань, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк, прадстаўнікі Сіяньскага геалагічнага цэнтра Кітайскай геалагічнай службы і НВЦ па геалогіі.
З’яўленню цэнтра папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. Першым крокам стала падпісанне ў рамках Еўразійскага форуму па міжнародным супрацоўніцтве ў галіне навук аб Зямлі і інвестыцыях у «зялёную» горную прамысловасць (верасень 2023 года) Мемарандума аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве ў галіне геалогіі паміж Навукова-вытворчым цэнтрам па геалогіі (НПЦ па геалогіі) і Кітайскай геалагічнай службай Міністэрства прыродных рэсурсаў Кітайскай Народнай Рэспублікі. Ужо ў сакавіку 2024 года адбыліся анлайн-перагаворы кіраўніцтва Мінпрыроды і Кітайскай геалагічнай службы.
Нарэшце ў жніўні ў рамках візіту ў Беларусь прэм’ера Дзяржаўнага савета Кітая Лі Цяна было заключана Пагадненне аб дзейнасці Сумеснага беларуска-кітайскага цэнтра па супрацоўніцтве ў галіне геалагічных навук пры Навукова-даследчым цэнтры Кітай-ШАС паміж НВЦ па геалогіі і Сіяньскім цэнтрам Кітайскай геалагічнай службы.
Як адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк, паміж прыродаахоўнымі ведамствамі Кітая і Беларусі вельмі высокі ўзровень узаемадзеяння, у рамках якога рашэнні прымаюцца аператыўна і хутка. Яскравы прыклад — адкрыццё новага цэнтра.
— Я, несумненна, бачу перспектыву ў яго рабоце. Мяркую, што ён стане пляцоўкай для развіцця навукова-тэхнічнага патэнцыялу. Пры фарміраванні любога кірунку важныя людзі і тэхналогіі. Узаемадзеянне з Кітаем дае магчымасць атрымаць новыя веды і вопыт, — паведаміў кіраўнік прыродаахоўнага ведамства і расказаў, што ў Мінпрыроды ўжо арганізаваны стажыроўкі для беларускіх і кітайскіх спецыялістаў.
— Супрацоўніцтва ў галіне геалогіі — адзін з галоўных кірункаў дарожнай карты КНР і Беларусі. Я ўпэўнены, што ў далейшым наш цэнтр будзе іграць важную ролю не толькі для Кітая і Беларусі, але і для краін — удзельніц ШАС, — падкрэсліў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэньчуань. — Сёння кіраўнікі беларускага і кітайскага навукова-даследчых цэнтраў у галіне геалогіі ў Мінску падпісалі план дзеянняў на 2024–2025 гады. У ім зафіксавана шмат сумесных праектаў. Я ўпэўнены, што па меры іх рэалізацыі наша супрацоўніцтва дасягне яшчэ большых вынікаў.
Паводле слоў міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргея Масляка, падпісаны план сумесных дзеянняў беларуска-кітайскага цэнтра, накіраваны на ахоп усіх відаў карысных выкапняў (каля 50 відаў, з якіх 34 маюць прыкладна 12 тыс. радовішчаў, гатовых да выкарыстання) з прымяненнем найноўшых тэхналогій па іх даследаванні і здабычы. Таксама ён звярнуў увагу на тое, што ў перспектыве ў Беларусь прыйдзе кітайская кампанія, зацікаўленая ў здабычы карысных выкапняў.
Сярод гасцей на цырымоніі адкрыцця была і каманда «Юныя геолагі Беларусі». Яе ўдзельнікі паказалі выдатныя вынікі ў Х Рэспубліканскай адкрытай палявой алімпіядзе юных геолагаў у Татарстане і VІІ Казахстанскай адкрытай палявой алімпіядзе юных геолагаў. Таленавітыя юнакі і дзяўчаты, а таксама іх педагогі атрымалі падзякі міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і памятныя падарункі.
— Сёння важна прыцягваць і далучаць моладзь да пытанняў аховы прыроды. Трэба рабіць гэта планамерна, каб на выхадзе з ВНУ малады чалавек ужо добра ведаў, у якой галіне ён зможа прынесці найбольшую карысць, — падкрэсліў кіраўнік прыродаахоўнага ведамства і расказаў, што цяпер у Мінпрыроды ўжо выбудавана ясная вертыкаль, якая пачынаецца з адукацыі ў малодшых класах (праекты «Зялёныя школы», «Зялёныя класы беларускай сталіцы»). — Дзецям цікава, калі мы ў гульнявой форме даносім да іх пытанні, звязаныя з аховай навакольнага асяроддзя. Важны крок, які мы зрабілі сёлета, — адкрылі чатыры профільныя класы ў сталічных установах адукацыі і напярэдадні пачатку навучальнага года падпісалі дарожную карту з вядучымі ВНУ нашай краіны.
Сумесны беларуска-кітайскі цэнтр па геалогіі — выдатная магчымасць аб’яднаць найлепшых спецыялістаў, паглыбіць супрацоўніцтва ў навуковай і практычнай рабоце ў адпаведнай сферы і ўкараніць інавацыйныя тэхналогіі. Адным словам, зрабіць значны ўнёсак у развіццё эканомікі абедзвюх краін.
Александрына ПАРШЫНА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.