Вы тут

Члены Савета Рэспублікі правялі адзіны дзень прыёму грамадзян у Віцебскай вобласці


Кіраўніцтва і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу правялі адзіны дзень прыёму грамадзян у Віцебскай вобласці. З пытаннямі да парламентарыяў людзі змаглі звярнуцца ў кожным адміністрацыйным цэнтры паўночнага рэгіёна.


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава праводзіла прыём грамадзян у Расонах. Па дапамогу ў вырашэнні розных пытанняў прыехалі людзі з усіх абласцей краіны і горада Мінска. Спектр пытанняў, як і заўжды, шырокі: атрыманне жылля ў сельскай мясцовасці, працаўладкаванне, транспартная сувязь, добраўпарадкаванне прыдамавых тэрыторый.

Адразу некалькі заяўнікаў звярнуліся з пытаннем аб налічэнні пенсіі. Мужчына з Расон, былы супрацоўнік унутраных войскаў, атрымлівае ваенную пенсію ў Расіі, аднак шэсць гадоў ён адпрацаваў на тэрыторыі Беларусі. Заяўнік папрасіў вырашыць гэта пытанне, каб атрымліваць адразу дзве пенсіі, але па заканадаўстве нашай краіны гэта немагчыма. Жанчына са Смаргоні каля васьмі гадоў вучылася і працавала ў Латвійскай ССР, каля 33 гадоў адпрацавала ў Беларусі, аднак тыя восем гадоў не залічылі ў агульны працоўны стаж, праз што заяўніца не атрымлівае напрацаваную пенсію ў поўным аб’ёме. Наталля Качанава адзначыла, што калі ёсць дакументы, якія пацвярджаюць гэты факт, то іх трэба залічваць у стаж у Беларусі. «Мы калісьці былі адной краінай. Калі ёсць выключэнне для ваеннаслужачых, то павінна быць выключэнне і для такіх выпадкаў. Гэта нашы людзі, якія заслужылі дастойную пенсію», — падкрэсліла спікер.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік правёў прыём грамадзян у Лепельскім райвыканкаме. Разам з прадстаўнікамі органаў мясцовай улады парламентарый вырашаў пытанні землеўладкавання і водазабеспячэння. Па выніках адзінага дня прыёму Сяргей Фёдаравіч адзначыў, што складваецца пазітыўная сітуацыя: зваротаў становіцца менш, а значыць, большасць пытанняў вырашаецца аператыўна мясцовай уладай і кампетэнтнымі службамі.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы сустракаўся з грамадзянамі ў Глыбоцкім райвыканкаме. Людзі звярталіся па пытаннях устанаўлення граніц зямельнага ўчастка, рэгістрацыі нерухомай маёмасці, гарантыйнага рамонту вокнаў і іншых.

Падводзячы вынікі адзінага дня прыёму грамадзян, Наталля Качанава адзначыла, што работа са зваротамі, з людзьмі — аснова дзейнасці дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў, членаў Савета Рэспублікі. «Сёння мной былі зроблены пэўныя высновы аб тым, што даволі шмат прапаноў, якія датычацца ўнясення дапаўненняў і змяненняў у дзеючыя заканадаўчыя, нарматыўныя прававыя акты. Гэта датычыцца і выхавання дзяцей з інваліднасцю, і падатковага заканадаўства, ёсць прапановы па гандлі, сістэме аховы здароўя, працы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Канешне, мы ўважліва вывучым усе гэтыя прапановы з дзяржаўнымі органамі кіравання, абагульнім. Абавязкова усе звароты бяруцца на кантроль», — заключыла Наталля Іванаўна.

З якімі яшчэ пытаннямі звярталіся людзі, чытайце ў найбліжэйшым выпуску «Мясцовага самакіравання».

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота: БелТА

Загаловак у газеце: З надзеяй па дапамогу

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.