Вы тут

З чаго трэба зыходзіць у кадравым пытанні, чые інтарэсы павінны быць прыярытэтнымі падчас перадвыбарнай кампаніі


Нягледзячы на святочную дату на календары на мінулым тыдні, працоўны графік кіраўніка дзяржавы традыцыйна быў напоўнены сустрэчамі і мерапрыемствамі. У Палацы Незалежнасці гучалі парады ў адрас новых прызначэнцаў, абмяркоўваліся пытанні кадравага забеспячэння Міністэрства замежных спраў, падрыхтоўкі выбараў 2025 года, былі агучаны прыярытэтныя кірункі супрацоўніцтва з Тульскай вобласцю. У чацвер Прэзідэнт наведаў III чэмпіянат па колцы дроў сярод супрацоўнікаў СМІ, на якім асабіста прадэманстраваў, як трэба валодаць сякерай. Акрамя правядзення майстар-класа на беразе Вячы, Аляксандр Лукашэнка пагаварыў з журналістамі. І па традыцыі ў канцы тыдня Прэзідэнт ушаноўваў працаўнікоў вёскі. Гэтым разам дзяржаўныя ўзнагароды былі ўручаны аграрыям Віцебскай вобласці.


1. «У Міністэрстве замежных спраў павінны быць беражлівыя адносіны да кадраў. Увогуле ў краіне так павінна быць. Але гэта міністэрства — гэта асаблівы орган, і беражлівасць — пытанне нумар адзін у адносінах да кадраў». У панядзелак Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад па пытаннях кадравага забеспячэння сістэмы Міністэрства замежных спраў, іншых пытаннях, звязаных з дзейнасцю знешнепалітычнага ведамства. Неабходнасць такой сустрэчы, як звярнуў на пачатку размовы Прэзідэнт, звязана з каардынацыяй работы знешнепалітычнага ведамства ў сувязі з прыходам новага міністра. Чакаюцца кадравыя карэкціроўкі і ў дыпламатычным корпусе. У першую чаргу, па словах кіраўніка дзяржавы, дыпламат, які будзе прадстаўляць нашу краіну за мяжой, павінен быць прафесіяналам, чалавекам, адданым свайму народу і дзяржаве. Менавіта з прафесіяналізму і надзейнасці чалавека, як падкрэсліў беларускі лідар, трэба зыходзіць у цэлым у кадравым пытанні. 

2. «Мы праводзім у Беларусі перадвыбарную кампанію для свайго народа, і інтарэсы нашых людзей павінны быць пастаўлены ў аснову асноў». У аўторак Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях правядзення выбараў 2025 года. Гэта традыцыйнае мерапрыемства на старце выбарчай кампаніі. Пастаўлена задача — правесці яе на высокім узроўні. Перш за ўсё арганізацыйным.

3. «У Беларусі, небагатай краіне, сярэдняй па велічыні краіне, нават невялікай, скажам так, ёсць усё для таго, каб займацца спортам». Аб гэтым кіраўнік дзяржавы казаў падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця басейна міжнароднага стандарту ў Мінску. Адкрываючы аб’ект, пабудаваны ў рамках беларуска-кітайскага гуманітарнага супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць Сі Цзіньпіну, кітайсікм будаўнікам за дапамогу і распавёў прадгісторыю басейна. Перш чым уручыць спартсменам сімвалічны ключ аб’екта, падобных якому ў свеце можна пералічыць на пальцах адной рукі, Прэзідэнт нагадаў, з якой нагоды такі падарунак (мерапрыемства адбылося напярэдадні 7 лістапада — свята, якое дзякуючы беларускаму лідару ўдалося захаваць). Кіраўнік дзяржавы зарыентаваў спартсменаў на сур’ёзную работу, заклікаў заваёўваць медалі. Не абышлося і без лыжкі дзёгцю — шэраг відаў спорту, вынікі ў якіх могуць быць лепшымі, падвергліся жорсткай крытыцы.

4. «Ды мне глыбока напляваць, хто там у Амерыцы перамог. Я ведаю, што ў мяне ёсць кавалак зямлі, якую я павінен забяспечыць і абараніць, мае людзі». Аб гэтым, каменціруючы вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, Аляксандр Лукашэнка казаў у размове з журналістамі на беразе ракі Вяча, дзе праходзіў III чэмпіянат па колцы дроў сярод супрацоўнікаў СМІ. Прэзідэнт не проста наведаў спаборніцтва, а правёў майстар-клас, у якім асабіста прадэманстраваў, як трапна і спрытна трэба валодаць сякерай. Разам з кіраўніком дзяржавы дровы секлі малодшы сын, прэс-сакратар Прэзідэнта, урач, трэнер, іншыя службовыя асобы, якія яго суправаджалі. Па завяршэнні чэмпіянату кіраўнік дзяржавы ў размове з журналістамі пракаменціраваў вынікі выбараў у Амерыцы. Як на наступны дзень заўважылі жыхары Полацка, дзе беларускі лідар ушаноўваў аграрыяў на фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2024», так, як выказаўся на гэту тэму наш Прэзідэнт, у свеце ніхто не сказаў. 

5. «Хочам мы гэтага або не, але, зыходзячы з нашага вопыту, мы павінны ў наступнай пяцігодцы канчаткова вырашыць пытанне па Віцебскай вобласці. Вырашыць у станоўчым ключы. І вызначыцца, што мы тут яшчэ будзем рабіць». З дажыначнай сцэны ў Полацку, дзе ў пятніцу праходзілі абласныя «Дажынкі», кіраўнік дзяржавы не толькі ўзнагароджваў аграрыяў, выказваў падзяку людзям, якія забяспечваюць харчовую бяспеку краіны, а і ўказаў як на дасягненні, так і недахопы Віцебскай вобласці. Менавіта з крытыкі і пачаўся яго візіт на Віцебшчыну. Свае даручэнні па развіцці гэтага рэгіёна Аляксандр Лукашэнка канкрэтызаваў на ўрачыстасці. Вясной, па яго словах, усе зацікаўленыя збяруцца і абмяркуюць, што зроблена, што не, і канчаткова вызначацца, што рабіць з Віцебскай вобласцю.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.