Неад’емнай часткай Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» з’яўляецца конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік», які прайшоў з 2 да 6 лістапада. Сёлета ў яго праграме былі прадстаўлены на суд журы і гледачоў сем карцін з Беларусі, Расіі, Харватыі, Іспаніі, Мексікі і Бразіліі. Розныя па змесце і мастацкім увасабленні ўсе кінастужкі падарылі нам незабыўныя сустрэчы з кіно на вялікім экране.
— Ведаеце, крыху сумна, што завяршаецца наш «Лістападзік», які сёлета аб’яднаў вялікую колькасць людзей. Конкурсная барацьба паміж сямю карцінамі з розных краін была сур’ёзная. І я шчыра разумею журы дзіцячае і дарослае, бо складана вырашыць, каму аддаваць свой голас. Мне вядома, што ўзровень сёлетніх удзельнікаў быў вельмі высокі, — адзначыў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Саракач. — Таму хачу падзякаваць журы за кампетэнтнае судзейства, аўдыторыі за яркія эмоцыі падчас паказаў. І запрашаем усіх прыняць удзел у фестывалі ў наступным годзе.
І вось ужо настаў час падводзіць вынікі. Рабілі гэта традыцыйна ў кінатэатры «Піянер», на лакацыі якога праходзілі і ўсе конкурсныя паказы. Варта адзначыць, што для вызначэння найлепшых у рамках «Лістападзіка» працуе два склады журы — дзіцячае і дарослае. А спаборнічалі паміж сабой за ацэнкі і ўвагу глядацкай аўдыторыі ў гэтым годзе вельмі розныя кінастужкі. Але не будзем цягнуць і раскажам, як іх ацанілі сёлета. Перамогу адразу ў некалькіх намінацыях атрымала дэбютная кінаработа «Трымайся сонца» рэжысёра Леаніда Кулібабы (Расія). Фільму аднадушна прысудзілі Гран-пры «Лістападзіка».
Акрамя гэтага, ён атрымаў спецыяльны прыз дзіцячага журы «Кіно вачамі дзяцей». Яшчэ яго вылучылі ў намінацыі «Найлепшая работа дарослага акцёра ў дзіцячым фільме», адзначыўшы акцёра Сяргея Мігіцко (дырэктара навучальнай установы). Гэты фільм — яркі прыклад таго, як можна ўзяць актуальную тэму канфлікту пакаленняў і ўвасобіць яе, дзякуючы майстэрству стваральнікаў, так прыгожа, што яна закране сэрца кожнага гледача ў зале.
— Рэжысёр узняў у сваім фільме вострую тэму і таленавіта яе ажыццявіў. У мяне вельмі станоўчыя ўражанні ад гэтай кінастужкі. Плюс выканаўца ролі дырэктара інтэрната проста цудоўны, што мы не маглі не адзначыць. У дадзеным выпадку супалі і сэнс, і карцінка. Там цудоўна ўсё — рэжысура, работа аператара, кампазітара, акцёраў. І дарослае журы, і дзеці эмацыянальна перажывалі кожны эпізод. Я лічу, што гэта вельмі важна ў кіно. Гэтую стужку зняў малады рэжысёр, але праца атрымалася вельмі пазітыўная, таму буду раіць яе для прагляду пры магчымасці, — адзначыла старшыня журы конкурсу дзіцячых і юнацкіх фільмаў «Лістападзік», старшыня Беларускай гільдыі акцёраў кіно, заслужаная артыстка Беларусі Святлана Сухавей. — Не паверыце, але журы сёлета ўвогуле не спрачалася. Адзін пачынаў выказвацца і нібыта агучваў тыя думкі, якія былі і ў астатніх. І гэта дзівосна, калі людзі з розных краін і розных прафесій настолькі сугучныя ў сваіх меркаваннях адносна чагосьці. Значыць, кіно мае надзвычайны ўплыў на розумы людзей. І галоўнае, што сёлета мы супалі ў сваіх ацэнках з дзіцячым журы. Тыя работы, якія нам спадабаліся, мы змаглі ўзнагародзіць. Гэта важна, таму што кожны мастак, які робіць сваё кіно, асабліва для дзяцей, вельмі спадзяецца, што не толькі дзеці, але і дарослыя зразумеюць тыя задумку і эмоцыю, якія ў ім закладзены.
Што датычыцца іншых узнагарод, то дыпломамі конкурсу «За мастацкае ўвасабленне агульначалавечых каштоўнасцяў» адзначылі фільм з Мексікі «TETANUS» рэжысёра Рафаэля Апарысіа; «За прафесіянальную перадачу глыбіні пачуццяў гераіні з дапамогай анімацыі» — «Мара Кларысы» рэжысёраў Вівіян Пальмейра і Фернанда Гуціераза з Бразіліі; «За мастацкую адаптацыю народнай спадчыны» адзначылі іспанскую кінастужку «Волат з Эс-Ведры і іншыя казкі» рэжысёра Пабла Алькантара.
— Мне вельмі прыемна быць сёння тут, таму што на гэтым мерапрыемстве мае эмоцыі, упэўнена, супадаюць з пачуццямі ўсіх прысутных. Знаходзячыся ў журы гэтага конкурсу, я адчула вялікую любоў гледача да кіно, — падзялілася рэжысёр, прадзюсар, тэатральны педагог Таццяна Камісароўская. — Нам з калегамі было складана выбіраць, але мы спрацавалі дружна, хоць і даводзілася ставіць на вагі ўласныя эмоцыі і адчуванне прасторы, у якой стваралася кіно. Самае галоўнае ў чалавеку — чалавечнасць. І менавіта яе зерне мы адшуквалі ў кожнай кінарабоце, бо гэта яднала нас з гледачамі ў зале.
Фільм «Мухадракон» расійскага рэжысёра Таццяны Калганавай атрымаў узнагароду ў намінацыі «Найлепшы акцёрскі ансамбль». А вось «Дзённік Паўліны П.» рэжысёра Нэвэн Хітрэк з Харватыі прызналі найлепшым у намінацыі «Найлепшая дзіцячая роля», адзначыўшы актрысу Кат’ю Маткавіч. Анімацыйны фільм «Песня Сірын» (ён жа сёлета дэманстраваўся і на адкрыцці «Лістападзіка») вытворчасці «Беларусьфільм» рэжысёра Алены Туравай атрымаў Спецыяльны прыз журы конкурсу.
— Рэакцыя на наш мультыплікацыйны фільм у гледачоў добрая. Там, дзе мы прысутнічалі на паказах «Песні Сірын», людзі выходзілі пасля сеанса і дзякавалі. А калі была магчымасць пагаварыць пасля дэманстрацыі кінастужкі, то нам адрасавалі шмат цікавых пытанняў. І гэта паказвае, што тыя, для каго мы рабілі фільм, прынялі яго з удзячнасцю, — падзялілася напярэдадні цырымоніі закрыцця «Лістападзіка» рэжысёр Алена Турава. — Ці працягнем мы дэманстраваць працу на іншых кінафестывалях, залежыць ужо ад прадзюсарскай каманды. Аднак, безумоўна, хочацца, каб кіналёс гэтай працы быў доўгі, і яе ўбачыла шырокая аўдыторыя.
Рэжысёр таксама адзначыла, што фільм цікавы не толькі яркай гісторыяй, але і вялікай колькасцю нацыянальных акцэнтаў, якія закладзены стваральнікамі ў выявах саміх персанажаў.
— Калі хто ўважліва глядзеў, то там шмат малюнкаў арнаментаў, нашых беларускіх сімвалаў. Але з улікам таго, што ў нас агульныя славянскія карані, то нешта мы ўзялі і расійскае. Сам фільм быў зроблены менавіта з устаноўкай падняць нашу славянскую міфалогію. І, думаю, гэта моцны бок нашай кінастужкі, — сказала Алена Турава. — Сёння, напрыклад, расіяне звяртаюцца актыўна да сваіх казачных персанажаў, прыдумваюць ім шмат новых сюжэтаў. Я лічу, што мы нічым не горшыя і павінны паважаць сваё, імкнуцца рабіць так, каб зацікавіць гледачоў сваімі персанажамі. А тое, што размаўляюць нашы героі на рускай мове, гэта з-за таго, што мы арыентаваліся на шырокую аўдыторыю.
Спадзяёмся, фільм будзе прадстаўлены ў Расіі. Пры жаданні можна і беларускамоўны дубляж зрабіць, што ўжо справа на перспектыву.
Дарэчы, хто жадаў, але, на жаль, не змог убачыць кінастужкі сёлетняга «Лістападзіка», не страшна. Таму што ёсць спадзяванне, што, прынамсі, некаторыя з іх мы дакладна яшчэ ўбачым у пракаце сталічных кінатэатраў.
— Сёння не варта сумаваць, бо завяршаецца гэты фестываль, але мы пачынаем падрыхтоўку да новага ў наступным годзе. А найлепшыя работы, якія былі ў праграме «Лістападзіка», мы зможам паказаць гледачам у рамках праекта «Рэха «Лістапада». Вясной—восенню 2025 года мы плануем нагадаць кінааматарам, якія кінастужкі дэманстраваліся на юбілейным кінафоруме, — адзначыў генеральны дырэктар сталічнага «Кінавідэапракату» Уладзімір Карачэўскі. — Таму перадайце сваім сябрам і знаёмым, што мы заўсёды чакаем вас у кіно і будзем прывозіць вам найлепшыя фільмы. Думаю, вы заўважылі сёння ў фае Кіношку — татэм нашага кінавідэапракату. Яна цяпер будзе расказваць гледачам пра ўсе нашы навіны. Сачыце за яе прыгодамі і зможаце зноў убачыць свае любімыя фільмы ў кінатэатрах горада.
Алена ДРАПКО
Фота Лізаветы ГОЛАД
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.