Вы тут

Прэзідэнт прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўшанавання аграрыяў на фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2024» у Полацку


Прэзідэнт прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўшанавання аграрыяў на фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2024» у Полацку.


Нягледзячы на свята, размова па прылёце на віцебскую зямлю атрымалася на пачатку несвяточная. У службовых асоб, якія яго сустракалі, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, «што будзем рабіць з Віцебскай вобласцю?». «У сакавіку, калі гэты Прэзідэнт застанецца, вы мне да сантыметра даложыце (разам з памагатымі, адказнымі за вобласць, губернатарам), што мы будзем рабіць з Віцебскай вобласцю, — папярэдзіў ён. — Працуе Віцебская вобласць (не для свята сказана) дрэнна, або, як у вёсцы называецца, абы з рук».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што людзі павінны ў гэтым рэгіёне жыць і працаваць. «Яны тут павінны знайсці сваё месца і сваю заработную плату, — канкрэтызаваў ён. — Няма парадку, няма дысцыпліны, няма адказнасці. Жах! З усім трэба вызначацца: якое поле, якая кармавая база для фермы або комплекса, але ўмовы павінны быць для людзей на гэтым комплексе ці на ферме добрымі».

Прэзідэнт звярнуў увагу, што варта зыходзіць з травяных севазваротаў. «Узбіліся вы, як у народзе кажуць, на нейкія плошчы кукурузы, маеце 90 цэнтнераў, калі маеце (я ведаю, ураджайнасць як лічыцца), прыбаўляць хочаце, не трэба ў два разы павялічваць кукурузу, бо вы можаце праваліцца і ўраджайнасці не будзе», — парэкамендаваў кіраўнік дзяржавы, заўважыўшы, што патрэбная інтэнсіўная сельская гаспадарка. 

Указаў Аляксандр Лукашэнка і на астатнія праблемы — незааранае зябліва, каласальныя страты збожжа, аб чым сведчаць зялёныя палосы на палетках. Пры гэтым Прэзідэнт папярэдзіў чыноўнікаў, каб яны нават не спрабавалі нешта зашмальцаваць. «Пакуль бачная зямля, пакуль снегам не накрыла, аблятайце зверху, знізу, злева, справа, глядзіце і думайце, што будзем рабіць», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы і заўважыў, што за эксперымент, які праводзіцца ў Віцебскай вобласці з часоў губернатара Шарснёва, будуць адказваць. «Вы не шукайце сабе апраўданняў, што на 30% нарыхтавалі больш кармоў. Ну і што? Паглядзім, як вы вясной будзеце перавозіць, перакідваць гэтыя кармы», — сказаў ён. 

«Наш суверэнітэт не дае камусьці спакою»

Ужо са святочнай сцэны, звяртаючыся да аграрыяў, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што вялікае і шчодрае свята ўраджаю зноў прыйшло ў слаўны Полацк — суверэнную скарбніцу зямлі беларускай. «У нашым цудоўным горадзе-музеі, дзе кожны камень дыхае гісторыяй, трэба пабываць хаця б раз у жыцці кожнаму беларусу, — лічыць ён. — Тут тысячу дзвесце гадоў таму пачынаўся шматцяжкі, найцяжэйшы шлях нашага народа да ўласнай дзяржаўнасці».

Прэзідэнт нагадаў, што ўжо ў ХII стагоддзі Полацк быў развітым мегаполісам Усходняй Еўропы. Ëн заўважыў, што сёння Захад паблажліва спрабуе вучыць нас народаўладдзю. Асабліва, па словах кіраўніка дзяржавы, амерыканцы, яім як краіне ўсяго каля 250 гадоў. 

«За намі стаіць мудрасць стагоддзяў, глыбокія традыцыі дзяржаўнага кіравання, замацаваныя ў старажытных гістарычных крыніцах права, — канстатаваў беларускі лідар. — Там — вытокі нашай сённяшняй народнай дэмакратыі. Менавіта з досведу продкаў мы зыходзім, калі крок за крокам, эвалюцыйна развіваем, удасканальваем і ўмацоўваем беларускую дзяржаву». 

Нас, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, шмат разоў выпрабоўвалі на трываласць, спрабуючы адабраць свабоду. Напал страсцей вакол Беларусі не сціхае і дагэтуль. «Наш суверэнітэт не дае камусьці спакою, — адзначыў ён. — Супраць нас выкарыстоўваюць самыя ўдасканаленыя метады, каб проста абнуліць, выкрасліць з гісторыі. Вы бачыце гэта самі, як нагнятаецца сітуацыя вакол нас. Як Прэзідэнт рабіў і буду рабіць усё для таго, каб Беларусь была свабоднай, незалежнай, а, самае галоўнае, мірнай».

«Віцябчане могуць усё!»

Беларускі адказ на ўсе інтрыгі, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, — стваральная праца. «Наш фронт — гэта эканоміка, а для вяскоўцаў — перш за ўсё хлебная ніва, — канкрэтызаваў ён. — Хлеб ва ўсе часы быў самай цвёрдай валютай. Менавіта таму вашы вынікі ў земляробстве — найважнейшы ўклад у забеспячэнне харчовай і ў цэлым нацыянальнай бяспекі».

Сёлета Віцебшчына намалаціла каля 900 тысяч тон збожжа. Але да сваёй базавай задачы — мінімум мільён тон, як акцэнтаваў увагу Прэзідэнт, не дацягнулі. Нядрэнна спрацавалі па кукурузе: плюс 100 тысяч тон да мінулага года. Па ўраджайнасці гэтай культуры, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, віцебскія аграрыі ледзь не абышлі гродзенцаў: выйшлі на другое месца па краіне — 90 цэнтнераў з гектара. «А па збожжавых у вас дзесьці каля 20, вось і параўноўвайце: 20 і 90, — паставіў задачу беларускі лідар, заўважыўшы, што гэта вышэй, чым у сярэднім па рэспубліцы. — Аб чым гэта сведчыць? Гэта сведчыць аб тым, што вы можаце».

Кіраўнік дзяржавы праінфармаваў аграрыяў аб дэталях несвяточнай размовы з губернатарам Віцебскай вобласці, якая ў яго адбылася па прыездзе. 

«Я яму прама сказаў: віцябчане могуць усё! — пакдрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Нават калі вы дрэнна будуеце комплексы, не можаце на простай будоўлі разгарнуцца, гэта не таму, што вы не ўмееце рабіць, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Гэта таму, што нехта не хоча або наплявацельскі адносіцца да вырашэння тых пытанняў, якія сёння патрэбна вырашаць. А рабіць у Віцебску, Полацку, іншых гарадах і сёлах Віцебшчыны ўмеюць абсалютна ўсё».
Што датычыцца вырошчвання і апрацоўкі кукурузы, Прэзідэнт нагадаў, што папярэджваў віцебскіх спецыялістаў дадаваць пакрыху, а не крочыць вялізнымі крокамі. «Віцебшчына — не тая тэрыторыя, дзе можна ў два разы бабахнуць пасевы, а потым усё не сабраць: надвор’е не дазволіць або яшчэ нешта, — канкрэтызаваў свае ранейшыя рэкамендацыі і даручэнні кіраўнік дзяржавы. — Таму маеце 9 тон з гектара кукурузы — добра, дабаўляйце пакрыху і там, дзе вы зможаце апрацаваць».

«Мы павінны ў наступнай пяцігодцы канчаткова вырашыць пытанне па Віцебскай вобласці»

Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў, што вясной, як звычайна, усе зацікаўленыя збяруцца і абмяркуюць, што зроблена, што не, і канчаткова вызначацца, што рабіць з Віцебскай вобласцю. «У нас на Віцебшчыне ёсць куды рухацца, — перакананы ён. — Думаю, што гэта будзе ўсё-такі травяны севазварот і малако. Атрымліваць збожжа на поўначы, паўночней Полацка, Віцебска, напэўна, гэта авантура, у нас не атрымліваецца. Таму мы павінны зыходзіць з рэальнай сітуацыі і рабіць тое, што трэба».

У прыватнасці, гэта датычыцца будаўніцтва малочна-таварных комплексаў. «Калі ёсць карова — значыць ёсць і ялавічына, — канкрэтызаваў сваё даручэнне беларускі лідар. — Бычкоў — на адкорм, цялушак — на ўзнаўленне і гэтак далей, каровы — доім малако. І пад гэта павінна быць кармавая база, комплекс і пэўная колькасць гектараў, зыходзячы з вашай урадлівасці, вакол комплекса. Зразумейце, справа не ў комплексах, не ў малацэ, не ўзроўні мясной вытворчасці — у краіне гэтага хапае. Справа ў вас, у людзях. Я не магу ўявіць, што Віцебшчына будзе нейкім голым, маркотным краем. Дзе не будзе людзей, дзе будзе пустата. Гэтага не будзе ніколі».

Хаця б таму, як звярнуў увагу Прэзідэнт, што, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі, Віцебская вобласць мае свае кліматычныя асаблівасці, у тым ліку негатыўныя. Але не так усё дрэнна, калі параўнаць з іншымі краінамі: Нарвегіяй, Фінляндыяй, поўначчу Расіі, дзе даводзіцца працаваць яшчэ ў больш складаных умовах у плане земляробства.

«Але жывуць і працуюць, і будуць жыць, бо віцебскія людзі там дзесьці нікому не патрэбны, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы будзем з вамі жыць на гэтай зямлі, але трэба дакладна вызначыцца — чым будзем тут займацца. Калі людзі засталіся, дзе будуць працаваць, які заробак, якія ўмовы працы. Страшна падумаць нават аб тых аб’ёмах работ, якія вы павінны правесці ў Віцебскай вобласці. Але вочы баяцца, а рукі робяць. Хочам мы гэтага або не, але, зыходзячы з нашага вопыту, мы павінны ў наступнай пяцігодцы канчаткова вырашыць пытанне па Віцебскай вобласці. Вырашыць у станоўчым ключы. І вызначыцца, што мы тут яшчэ будзем рабіць».

Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што палова гаспадарак паказваюць нядрэнныя вынікі. А палова, па яго словах, мае патрэбу ў падтрымцы і адпаведнай арганізацыі. «Вось вясной, перад пасяўной кампаніяй, дзесьці ў сакавіку месяцы, мы аб гэтым і пагаворым, — праінфармаваў кіраўнік дзяржавы. — Начальнікі вашы і ўпаўнаважаны ў цэнтры аб гэтым папярэджаны. Як бы гэта непапулярна ні гучала перад выбарамі, я аб гэтым павінен вам сказаць, каб вы разумелі, што нас чакае найцяжэйшая работа. Дапамагаць будзем тым, хто дасць аддачу. Зразумейце, мы не можам закопваць чужыя грошы ў зямлю. Не можам. Дапамога — гэта ў кагосьці возьмем, вам дадзім. Але даваць трэба тым, хто заўтра ў два разы аддасць больш, каб мы маглі вярнуць ім гэтыя грашовыя сродкі. Простая формула. Іншай жыццё не прыдумала і не прыдумае: узяў — аддай».

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што на яго заўвагі начальнікі адказалі тым, што яны ў тры разы павялічылі кармавую базу. «Можа быць, павялічылі на трэць, як у нас кажуць, па кармавых адзінках, ну я ж зямны чалавек, я ж ведаю, як кармавыя адзінкі лічаць, — заўважыў ён. — Вы не кажаце аб якасці. А ў гэтай траншэі якая якасць гэтых кармоў? Або там замест сенажу гнілаж, і ў нас падзеж скаціны будзе страшны?» 

За гэта, як папярэдзіў Прэзідэнт, спытаюць, і падкрэсліў, што прыйшоў час Віцебскай вобласці падцягнуцца. «Думайце — як, — паставіў задачу ён. — Потым дакладзеце, разам вызначымся канчаткова». 

«Ніякіх „электаральных“ зніжак не будзе, калі праваліце справу»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на асобныя дасягненні рэгіёну ў жывёлагадоўлі: перш за ўсё ў птушкагадоўлі і вытворчасці малака. Прэзідэнт нагадаў, што віцябчане нават змаглі арганізаваць дадатковыя пастаўкі яек, працягнулі руку дапамогі, калі браты-расіяне нас аб гэтым папрасілі. «Дарэчы, у Расіі сёння вялізны попыт на нашу прадукцыю, — заўважыў ён. — Прадавайце. Прадавайце, калі ласка». 

Па словах беларускага лідара, удалым аказаўся эксперымент з сояй, які праводзілі на Віцебшчыне. «Вынікі абнадзейваюць: на першых 100 гектарах атрымана ўраджайнасць тры тоны (30 цэнтнераў з гектара), — канкрэтызаваў ён. — Для соі нядрэнна. Гэта сведчыць аб тым, што ў Беларусі мы павінны займацца гэтай культурай. Мы сотні мільёнаў долараў трацім на закупкі гэтых кармоў. Мы купляем вялізную колькасць соі з-за мяжы. Чаму не апрацоўваем тут?» У гэтым плане досвед Віцебшчыны ўнікальны. Міністру сельскай гаспадаркі і харчавання даручана распаўсюдзіць яго па ўсёй краіне. 

У цэлым, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, паказчыкі гэтага года на Віцебшчыне, мякка кажучы, даволі кантрасныя. Ён заўважыў, што асобныя раёны і прадпрыемствы дастойна выглядаюць на ўзроўні лідараў рэспублікі. «Пытанне толькі, як гэтыя поспехі зрабіць для Віцебшчыны нормай», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, як восем гадоў таму на Віцебшчыне ўгаворвалі яго пачаць эксперымент па стварэнні аграпрамысловых аб’яднанняў як асновы будучага АПК Віцебшчыны. «Гэта правільна, я не бачу тут абсалютна ніякіх праблем, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Калі яны ёсць, то ў рамках гэтых аграаб’яднанняў можна дашліфоўваць варыянты. Калі мы ўбачым, што гэта ўвогуле нікуды варта, мы распусцім іх і гаспадаркі будуць працаваць самі па сабе, як ў былыя часы. Але аб’яднаўшыся, дакладна выпрацаваўшы сістэму, заўсёды лягчэй. Паглядзім вясной, што спецыялісты скажуць з нагоды гэтых пытанняў».

Кіраўнік дзяржавы праінфармаваў, што сёння ў шэсць такіх структур уваходзіць каля 130 сельгаспрадпрыемстваў рэгіёна. «Гэта значыць, той, хто можа сам працаваць, працуе добра, было маё распараджэнне — не чапайце іх, няхай працуюць, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Тыя, хто не хоча працаваць або ёсць праблемы аб’ектыўныя, давайце будзем аб’ядноўвацца. Давайце будзем думаць, як ветэрынарныя службы будуць працаваць і іншае. Паглядзім, ці зроблена гэта, варыянты былі».

Для таго, каб ад работы быў эфект, у маштабах краіны было закладзена шмат навацый і прэферэнцый: ад сыравінных зон і эканамічных стымулаў перапрацоўкі да асаблівасцяў кадравай палітыкі. Прэзідэнт не забыўся пра дадзеныя яму абяцанні. Да 1 сакавіка будуць падведзены вынікі работы ўказаных структур. «І я хачу, каб вы разумелі: ніякіх „электаральных“ зніжак (выбары, маўляў) не будзе, калі праваліце справу, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Я хачу, каб вы гэта разумелі. Не да папулізму!» 

«Дрэнна там, дзе дрэнна працуем»

Беларускі лідар шмат разоў казаў аб тым, што прарыў немагчымы без новай навукова-тэхналагічнай асновы — за кошт селекцыі, павышэння прадуктыўнасці і захавання тэхналогій як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі. «Пэўная база ёсць, але сёння патрэбен вынік, — канстатаваў Прэзідэнт. — Вынік больш важкі для таго, каб вы хаця б нармальна маглі жыць».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на вынікі, якіх удалося дасягнуць па лёне — нашым паўночным шоўку. Вынікі, па яго словах, нядрэнныя, але, калі глядзець у цэлым, ёсць і праблемы, прычым немалыя. 

«Задачы па льнаводстве пастаўлены, вызначаны адказныя кадры, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Як бы складана ні было, лён усё-такі — наш нацыянальны сімвал, на дзяржаўным гербе выяўлены. Але зноў жа справа ж нават не ў гэтым. Беларусь заўсёды была сярод сусветных лідараў па вырошчванні лёну, вытворчасці прадукцыі з яго, а Віцебшчына была флагманам гэтай галіны».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што лён — няпростая культура, якой ва ўсім свеце не вельмі хочуць займацца. Асабліва гэта датычыцца фермерскіх гаспадарак. «Як нас усіх у акадэміі вучылі, лён вярнуцца можа на сваё поле прыкладна праз шэсць-сем гадоў, і ў гэтым вялікая праблема, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Але ў нашых калгасах і саўгасах, дзе тысячы гектараў, мы гэта можам рабіць. І тое, што я 20 гадоў таму прадракаў, адбылося — свет перастаў апрацоўваць у тых аб’ёмах, якія сёння патрэбны, гэту культуры. А мы яе захавалі. Учапіўшыся зубамі, мы змагаліся за апрацоўку лёну, продаж трасты, мы мадэрнізавалі льнозаводы і двойчы мадэрнізавалі Аршанскі льнокамбінат».

Нагадаў беларускі лідар і аб тым, як ў 1990-я гады ў нас ледзь не загубілі гэтую культуру, рэнтабельнасць якой даходзіла да 70%. Сітуацыя змянілася ў корані. Значныя ўкладзеныя сродкі дазволілі стварыць новыя сарты лёну, новую тэхніку, мадэрнізаваць вытворчасці. Беларускі Аршанскі льнокамбінат з’яўляецца самым буйным у Еўропе і СНД, у краіне працуюць кампетэнтныя спецыялісты. У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў цэнтр па льнаводстве ў аграгарадку Вусце Аршанскага раёна, дзе ён бывае кожны год. «Там ніколі не было такога года, каб быў дрэнны лён, —удакладніў ён. — Значыць, умеем гэта рабіць. Дрэнна там, дзе дрэнна працуем».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускія спецыялісты навучыліся рабіць добрыя, тонкія тканіны і іншую запатрабаваную на сусветных рынках прадукцыю. «Фактычна мы выйшлі на безадходны вытворчы цыкл, — канстатаваў ён. — Аднак рэзерваў яшчэ шмат. Зразумела, што льняныя тканіны будуць карыстацца попытам. У нас ёсць добры задзел, каб пашыраць гэтыя пасевы, павялічваць ураджайнасць культуры і перапрацоўваць. І ў цэнтры будзеце вы, Віцебская вобласць. Трэба, як мінімум, наблізіцца да ранейшых, савецкіх аб’ёмаў і за пяцігодку падвоіць экспарт, продаж, тым больш цэны пайшлі». 

Гэтае даручэнне, як акцэнтаваў увагу беларускі лідар, у поўнай меры датычыцца і іншых рэгіёнаў, якія займаюцца вырошчваннем лёну. «Паўтаруся, патрэбен прарыў, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Ад аграрыяў, вучоных, інжынераў. Трэба навучыцца вырошчваць якасны доўгавалакністы лён, пастаянна павялічваць аб’ёмы сыравіны і прадукцыі». 

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу вырабляць і кароткае валакно. «Кітай вырабляе ўсё, — патлумачыў ён. — Яны нас просяць: „Дайце нам кароткае валакно, мы вырабім патрэбную прадукцыю“. А чаму мы не можам вырабіць і не прадаць у Кітай тканіны, а не сыравіну? Трэба смялей пашыраць сферы яго прымянення, шукаць спосабы стварэння новых нетрадыцыйных матэрыялаў, напрыклад, кампазітных».

«Сяло павінна ісці ў нагу з часам»

Прарыў у будучыню, па меркаванні Аляксандра Лукашэнкі, патрэбны не толькі ў льнаводстве, але і ў іншых галінах сельскай гаспадаркі. Ëн звярнуў увагу, што адсутнасць прыродных пераваг і абумоўленыя гэтым цяжкасці (халодны клімат, складаныя глебы, недахоп выкапняў-вуглевадародаў) мы павінны кампенсаваць тым, у чым асабліва моцныя, — інтэлектам. І гэта, як удакладніў беларускі лідар, датычыцца не толькі Віцебшчыны.

«Інтэлектуальны патэнцыял Беларусі каласальны, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Наша краіна адносіцца да катэгорыі дзяржаў з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця. У нас няма дурных людзей. Менавіта інтэлектуальныя тэхналогіі павінны стаць лакаматывам прагрэсу. Высокатэхналагічныя праекты з найвышэйшай ступенню аўтаматызацыі, робатызацыі і іншымі сучаснымі формамі працы — і ёсць твар АПК сённяшняга дня». 

Такі ўзровень арганізацыі вытворчасці, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, будзе прывабным і для маладых кадраў. «Сяло павінна ісці ў нагу з часам, — перакананы Прэзідэнт. — Нам трэба вярнуць у вёску моладзь і далучыць яе да вырашэння інавацыйных задач, ствараць умовы для гэтага і даваць магчымасць праявіць сябе. Гэта значыць, трэба ствараць сучасныя аграгарадкі, пасёлкі, будаваць добрае жыллё». 

Акрамя таго, беларускі лідар патрабуе, каб людзі працавалі на добрай тэхніцы (гэта значыць мелі добрыя ўмовы працы) і атрымлівалі нармальныя заробкі. Без гэтага, па яго словах, ніякай моладзь у сельскую мясцовасць працаваць не пойдзе. «Цяжка, складана, — пагаджаецца кіраўнік дзяржавы. — Глядзіце на мяне, думаеце: з космасу зваліўся. Не з космасу. Я сам разумею, як гэта цяжка, але без гэтага нельга». 

Аляксандр Лукашэнка заклікаў давяраць моладзі і адзначыў, што ў краіне ёсць нямала маладых фермераў, якія і фундукам займаюцца, і яблыкамі з кавунамі, і іІншымі культурамі. 

Кажучы пра ўмовы працы на сяле, па словах кіраўніка дзяржавы, нельга ігнараваць і матэрыяльныя стымулы. Ëн даручыў распрацаваць стандартны сацыяльны пакет для маладых спецыялістаў, якія едуць працаваць у вёску. У гэтым сацыяльным пакеце, па яго словах, павінны быць улічаны арэнднае жыллё, фінансавае, транспартнае забеспячэнне і іншае. 

«Я прыняў вашы прапановы па мэтавым накіраванні да атрымання вышэйшай адукацыі, — нагадаў Прэзідэнт. — Перад вамі стаіць чалавек, які скончыў гуманітарную ВНУ і, маючы добрыя перспектывы, пайшоў у сяло. Паступіў у сельгасакадэмію і скончыў яе. І адукацыю нармальную там даюць».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі чалавек заключыў дагавор аб мэтавым накіраванні, пасля заканчэння навучальнай установы ён павінен вярнуцца і адпрацаваць на гэтай зямлі. «Іншых варыянтаў быць не павінна, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Вышэйшая адукацыя вельмі дорага каштуе. Вельмі дорага. І за гэта трэба плаціць». 

«Мір і спакой на нашай зямлі трэба ўсімі сіламі адстойваць і абараняць»

Неабходнасць шырокага ўкаранення ў гаспадарчую дзейнасць высокіх тэхналогій, як паведаміў Прэзідэнт, прадвызначаецца яшчэ адным аб’ектыўным фактарам. «Крызіс пачатку 1990-х, абвал эканомікі і разруха ў нашай краіне праяўляюцца сёння дэмаграфічным дысбалансам, — канкрэтызаваў ён. — Недахоп працоўных рэсурсаў трэба кампенсаваць больш эфектыўным тэхналагічным укладам і жалезнай дысцыплінай. У нас яшчэ ў сельскай гаспадарцы ў параўнанні з найлепшымі сусветнымі гаспадаркамі людзей больш, чым гэта трэба, — на 30%. Давайце будзем гэтымі людзьмі рабіць тое, што трэба рабіць. І не трэба думаць, што хтосьці да нас прыедзе і за нас будзе працаваць. Ніхто не прыедзе, працаваць не будзе. А калі і прыедуць, будуць працаваць так, як мы».

У пагоні за прагрэсам, па меркаванні Прэзідэнта, нельга забываць і аб экалогіі. Асабліва на Віцебшчыне, якая славіцца як край запаведных лясоў, найчысцейшых блакітных азёр і першародных балот — крыніц кіслароду. 

Беларускі лідар падкрэсліў, што мы не павінны сыходзіць ад таго, што стала нацыянальным брэндам, — беражлівых адносін да прыроды. «У той час як іншыя прымаюць дэкларацыі і праводзяць канферэнцыі (праз тры дні такая адбудзецца, і я на ёй буду прысутнічаць) мы вырошчваем лес, аднаўляем пагалоўе рэдкіх жывёл, падтрымліваем біяразнастайнасць і вырабляем чыстыя прадукты, — прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка. — Гэта трэба працягваць рабіць тут, на Віцебшчыне. І калі ў нас з зямелькай не вельмі, а лясы растуць, ну дык трэба пераносіць цэнтр цяжару на Віцебшчыну. Значыць трэба піліць, трэба апрацоўваць, трэба будаваць з дрэва дамы і прадаваць».

Ëн канстатаваў, што па ўсім свеце, у тым ліку на поўдзень ад Украіны, лесу няма, а ўсе хочуць жыць у камфартабельным жыллі, і на поўдзень ад Кіева, па ўсёй планеце, есці нармальную прадукцыю. «Мы можам гэта даць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Гэты брэнд, па яго словах, трэба ўсяляк прасоўваць, умела выкарыстоўваць. 
Магутным фактарам росту, па меркаванні кіраўніка дзяржавы, для Віцебшчыны з’яўляецца турызм, асабліва сельскі. І пакуль, як удакладніў беларускі лідар, яго патэнцыял не раскрыты. «Мала мець прыродныя багацці — неабходна сучасная інфраструктура, якая прываблівае гасцей, — удакладніў ён. — Трэба адкрыць свету, па сапраўднаму адкрыць Браслаўскія азеры, верхавыя балоты Ельні, лячэбныя гразі і мінеральныя воды, роўна як і Сафійскі сабор, Спаса-Еўфрасіннеўскую абіцель і іншыя ўнікальныя помнікі. Вопыт ёсць: грандыёзны фестываль „Славянскі базар у Віцебску“ даўно стаў сусветна вядомым».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Віцебшчына знакамітая сваёй старажытнай гісторыяй, прыроднай прыгажосцю і традыцыямі, якія тут шануюць і памнажаюць. А яшчэ, як звярнуў увагу беларускі лідар, Віцебшчына — гэта легендарны партызанскі край, дзе беражліва захоўваецца памяць пра герояў, якія абаранілі свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. «Сёння гэта як ніколі важна, —падкрэсліў ён. — Гэтак сама, як мір і спакой на нашай зямлі, цану якім мы вельмі добрае ведаем і якія трэба ўсімі сіламі адстойваць і абараняць».

Рэзюмуючы, Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што зроблена нямала. Нават тое, што часам, па яго словах, здавалася немагчымым. Звяртаючыся да аграрыяў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яны — лідары, майстравітыя людзі, адданыя сваёй справе, тыя, хто паспяхова канкурыруе з калегамі з іншых рэгіёнаў.

«Несумненна, за кожным індывідуальным поспехам стаіць штодзённая вялікая праца ўсяго калектыву: кіраўнікоў, спецыялістаў сярэдняга, механізатараў, камбайнераў, вадзіцеляў і іншых работнікаў, — перакананы кіраўнік дзяржавы.

— Дарагія сябры, нізкі вам паклон усім тым, хто працаваў гэтыя гады і сёлета на хлебнай ніве».

Выказаць удзячнасць хлебаробам — мэта візіту Прэзідэнта на абласны «Дажынкі». «Я палічыў неабходным прыехаць сюды, каб пакланіцца вам нізка ў пояс за вашу працу, за вашу дабрыню, за вашу спагадлівасць, а роўна — за ваш патрыятызм, — удакладніў беларускі лідар. — Гэта вы — аснова нашага жыцця і аснова нашай бяспекі. Гэта дзякуючы толькі вам мы сёння не ўцягнуліся ў нейкія войны, супрацьстаянні і канфлікты. Жывем быццам не багата, але мірна. Гэта галоўнае. Усё астатняе — у нашых руках. Вы сапраўдныя патрыёты сваёй зямлі, якія прысвяцілі жыццё найвысакароднейшаму занятку — сялянскай працы. Вялікі вам дзякуй за працавітасць, прафесіяналізм, упартасць, што немалаважна для Віцебшчыны».

Асаблівы словы падзякі прагучалі ў адрас сем’яў і блізкіх аграрыяў, якія дапамагаюць і падтрымліваюць іх. «Вашым жонкам, вашым дзецям, якія на ўборачную кампанію разам з вамі ідуць, садзяцца на камбайн і забяспечваюць уборку нашага золата — хлеба, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Жадаю ўсім моцнага здароўя, міру, дабра, сямейнага дабрабыту і новых вялікіх поспехаў. І самае галоўнае, дай Бог, каб вашы дзеці ніколі не засмучалі вас, каб яны былі здаровымі і заўсёды вас радавалі. Шчасця вам і поспехаў, жывіце добра».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

г. Полацк


«Маякі, на якія трэба раўняцца»

За значны ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў Аляксандр Лукашэнка ўручыў работнікам сельскагаспадарчай галіны дзяржаўныя ўзнагароды і Падзякі.
Ордэна Працоўнай Славы ўдастоены дырэктар ААТ «Агракамбінат «Юбілейны» Аршанскага раёна Аляксандр Фірсін, ордэна Пашаны — трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ «Таргуны» Докшыцкага раёна Вячаслаў Аніковіч.

Медаль «За працоўныя заслугі» з рук кіраўніка дзяржавы атрымалі аператар свінагадоўчага комплекса СВК «Маяк Браслаўскі» Браслаўскага раёна Марына Адамчык, кіроўца ААТ «Якубава-агра» Дубровенскага раёна Аляксандр Бацян, галоўны аграном ААТ «Навасёлкі-Лучай» Пастаўскага раёна Алена Касцюк, аператар машыннага даення ААТ «Маяк Высокае» Аршанскага раёна Таццяна Сакалоўская і заатэхнік-селекцыянер філіяла «Сельскагаспадарчая вытворчасць «Мазалавагаз» ПРУП «Віцебск-аблгаз» Таццяна Саўген.

Падзякай Прэзідэнта ўганараваны ветэрынарны ўрач упраўлення па сельскай гаспадарцы ААТ «Пастаўскі малочны завод» Аляксей Дзіковіч, трактарыст-машыніст філіяла «Зара» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» Аляксандр Зябко, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ «Ільюшынскі» Ушацкага раёна Аляксандр Майсеенка, начальнік лячэбна-прафілактычнай установы «Лепельская раённая ветэрынарная станцыя», галоўны ветэрынарны ўрач Лепельскага раёна Святлана Знарок, аграном ААТ «Кушлікі» Полацкага раёна Аляксей Пласканос, вадзіцель аўтамабіля ўчастка «Машынна-трактарны парк» ААТ «Віцебскі аблаграсервіс» Юрый Язеў, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Канстанцінаў Двор» Глыбоцкага раёна Рыгор Янцэвіч, агароднік агранамічнай службы абароненага грунту філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» Юлія Ярмілава. 

Таксама Падзяка Прэзідэнта аб’яўлена працоўнаму калектыву ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» і калектыву ААТ «Шайцерава» Верхнядзвінскага раёна. Апошняму ўручаны сертыфікат на трактар «Беларус».
У сваю чаргу старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін уручыў кіраўніку дзяржавы каравай ад хлебаробаў Віцебскай вобласці, а таксама рэпліку баявога мяча часоў Полацкага князя Усяслава Чарадзея на шкуры ваўка, які сімвалізуе ўладу і мужнасць. 

У адказ на падарункі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падумае, чым дапамагчы Віцебскай вобласці. Ëн звярнуў увагу на тое, што дзяржаўныя ўзнагароды з яго рук атрымалі прадстаўнікі практычна ўсіх раёнаў Віцебшчыны. «Гэта людзі з найлепшых гаспадарак, — заўважыў ён. — Значыць у кожным раёне, самым паўночным, паўднёвым і гэтак далей, у мяне там на радзіме, дзе я нарадзіўся, ёсць узоры добрых гаспадарак — маякі, на якія трэба раўняцца. Значыць, можна працаваць. Трэба проста паўтарыць іх вопыт». 

У гэтай сувязі Прэзідэнт прывёў у прыклад гаспадарку «Парахонскае» ў Пінскім раёне, вопыт якой прынята рашэнне распаўсюдзіць па ўсім Палессі. «І як мне далажыў Міхаіл Іванавіч Русы, які кантралюе цяпер гэтыя даручэнні, яны ўжо пачалі працаваць, яны пачалі перадаваць вопыт „Парахонскага“ суседнім і іншым гаспадаркам, — расказаў кіраўнік дзяржавы. — А чаму ў нас, у гэтых раёнах, адкуль гэтыя святыя людзі, не пачаць распаўсюджваць гэты вопыт? Калі Верхнядзвінскі раён, чаму на ўвесь раён вопыт не распаўсюдзіць? Ісці заўсёды трэба, паважаныя сябры, ад зямлі. Тое, што практыка пацвярджае, гэтым шляхам трэба ісці. Не трэба ніякіх касмічных мэт і думак. Гэта вельмі цяжка. Гэта пад сілу толькі тым, у каго ёсць шалёныя грошы, і то не заўсёды ўдаецца».

Таму, ідучы ад зямлі, бачачы тое, што дорыць нам прырода, і тое, што тут можна апрацоўваць, па словах беларускага лідара, можна вяршыць вялікія справы. Ëн падкрэсліў, што вельмі хоча, каб наша Віцебшчына квітнела, каб тут жылі людзі, якія ўсміхаюцца, а ў душы была радасць.

На развітанне Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што беларускія аграрыі — самыя сапраўдныя патрыёты, якія, нягледзячы на тое, што адбываецца ў краіне, заўсёды працуюць і робяць усё магчымае для радзімы. Тое, што не зроблена, Прэзідэнт паабяцаў зрабіць у бліжэйшыя два-тры гады. Гэта датычыцца ў тым ліку і Віцебскай вобласці. 

Мясцовыя жыхары праводзілі кіраўніка дзяржавы гучнымі апладысментамі, жадалі моцнага здароўя. Людзі заўважылі, што глядзелі нядаўняе выказванне беларускага лідара наконт вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у ЗША. Лепш, па іх словах, за нашага Прэзідэнта ніхто на гэтую тэму не выказаўся.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.