Вы тут

Якімі ўнікальнымі падарункамі парадаваў Цэнтральны рэгіён?


Па добрай традыцыі напярэдадні свята 7 лістапада па ўсёй краіне адкрываюцца новыя аб’екты, сярод якіх школы, паліклінікі, бальніцы, дзіцячыя сады і стадыёны. Мінская вобласць у гэтым плане задае тэмп! Яшчэ 5 лістапада ў Мядзелі ўрачыста адкрылі басейн. Прыгожы, сучасны, абсталяваны, ён гатовы прымаць прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, спартсменаў і проста аматараў добра і з карысцю праводзіць вольны час. Затым у Чэрвені адкрылі сучасны храм правасуддзя, а ў Смалявічах — новую паліклініку. Карэспандэнт «Звязды» высветліў усе падрабязнасці. 


«Круглагодны цыкл магчымасцяў» у Мядзелі

На цырымонію адкрыцця басейна сабраліся жыхары Мядзеля самых розных узростаў. Ва ўрачыстым мерапрыемстве ўзялі ўдзел памочнік Прэзідэнта па Мінскай вобласці Аляксандр Кохан, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр Ільясевіч, начальнік галоўнага ўпраўлення па спорце і турызме Мінскага аблвыканкама Яўген Булойчык, старшыня Мядзельскага райвыканкама Аляксандр Прановіч.

Ад імя кіраўніка Мінскай вобласці Аляксандр Ільясевіч павіншаваў жыхароў горада і раёна з новым набыццём, якое ўпрыгожыць Мядзель і стане яшчэ адным пунктам прыцягнення: «Летам да 700-годдзя Мядзеля была добраўпарадкавана пляжная зона, — нагадаў намеснік старшыні Мінаблвыканкама. — І сёння ні адзін з раёнаў Мінскай вобласці не валодае такім выдатным месцам, якое так і называецца — „Маё месца“. Сёння, адкрываючы басейн, мы замыкаем круглагодны цыкл магчымасцяў для вас. Таму карыстайцеся гэтым і атрымлівайце задавальненне!»

На мерапрыемстве прагучалі словы падзякі тым, хто стаяў ля вытокаў стварэння і ўзводзіў басейн. А сімвалічны ключ ад новага будынка генеральны дырэктар Мінскаблсельбуд Барыс Гаранкоў уручыў дырэктару фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, у структуру якога ўваходзіць новы аб’ект, Андрэю Русаку. Ганаровае права перарэзаць стужку было прадастаўлена памочніку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці Аляксандру Кохану, а таксама Аляксандру Ільясевічу, Аляксандру Прановічу і кандыдату ў майстры спорту Рэспублікі Беларусь па веславанні і каноэ, прызёру рэспубліканскіх спаборніцтваў Максіму Баркоўскаму.

«Гэта вельмі важнае мерапрыемства, якое праходзіць на тэрыторыі нашай краіны, — адзначыў памочнік Прэзідэнта па Мінскай вобласці Аляксандр Кохан пасля азнаямлення з новым басейнам. — Гэта звязана з тым, што ў нас сацыяльна арыентаваная дзяржава і многія аб’екты маюць сацыяльную накіраванасць. Сёння ў такім прыгожым раённым цэнтры ў дадатак да спартыўнага комплексу мы адкрываем басейн. Умовы — шыкоўныя. З улікам таго, што Мядзель размешчаны на беразе найпрыгажэйшага возера, жыхары могуць цэлы год плаваць, прывіваць сабе і дзецям здаровы лад жыцця». 

Затым наведвальнікі ўбачылі два водныя аб’екты: вялікі, што складаецца з чатырох 25-метровых дарожак, глыбінёй ад 1,2 да 1,8 метра, і малы, глыбінёй 80 сантыметраў. Апошні — для дзяцей. Тэмпература вады ў ім — 29 градусаў. А панарамныя вокны ствараюць адчуванне неверагоднага прастору і казачнай прыгажосці. 

Басейн абсталяваны двума прасторнымі распранальнямі з душавымі і санвузламі. Яшчэ тут ёсць дзве саўны — руская і турэцкая (хамам). У кожнай саўне ўстаноўлены джакузі, асобныя душавыя і санвузлы. Маюцца медыцынскі і масажны кабінеты. Басейн абсталяваны электроннай сістэмай пропуску. Для зручнасці новы будынак звязаны з будынкам фізкультурна-аздараўленчага цэнтра пераходнай галерэяй. Атрымалася якасна, прыгожа і з душой. 

Палац правасуддзя ў Чэрвені 

Напярэдадні вялікага свята райцэнтр упрыгожыў новы, сучасны раённы суд. Павіншаваць з надыходзячым святам і адкрыць новы будынак прыехалі старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала і старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын. 

«Адкрыццё дома правасуддзя — насамрэч выдатная падзея. Яго ўмоўна можна падзяліць на некалькі складнікаў. Часта для чалавека суд — гэта апошняя інстанцыя знайсці справядлівасць. Таму я хацеў бы, каб гэты дом правасуддзя быў менавіта домам, дзе пануюць закон і справядлівасць, — сказаў кіраўнік вобласці падчас адкрыцця аб’екта. — Другі напрамак — сам будынак, які, безумоўна, упрыгожыць Чэрвень. І трэці напрамак — камфортныя ўмовы працы тых людзей, якія тут здзяйсняюць правасуддзе. Людзей, якія прыходзяць сюды, у тым ліку, з абмежаванымі магчымасцямі». 

Губернатар звярнуў увагу: у цэнтральным рэгіёне ўжо склалася традыцыя кожны год адкрываць адзін новы будынак суда: «Я ўдзячны Валянціну Алегавічу за такую выдатную традыцыю: спадзяюся, што і ў наступным годзе мы ёй не зменім». Плюс да наваселля — манаблок, які напэўна спатрэбіцца суддзям для працы. Сертыфікат на тэхніку Аляксандр Турчын уручыў у падарунак старшыні суда Чэрвеньскага раёна Дзмітрыю Крывелу.

З пераездам у новы функцыянальны будынак служыцеляў Феміды Чэрвеньшчыны павіншаваў старшыня Вярхоўнага Суда Беларусі: «Так склалася, што напярэдадні памятных і знакамітых дат мы адкрываем новыя аб’екты. І сёння, напярэдадні Дня Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі па традыцыі ўводзім у строй новы дом правасуддзя Чэрвеньскага раёна», — адзначыў Валянцін Сукала. 

Ён распавёў, чым была выкліканая неабходнасць будаўніцтва новага будынка раённага суда: «Той будынак, у якім раней размяшчаўся суд, ужо не адпавядаў нейкім сучасным патрабаванням і стандартам. Таму Вярхоўны Суд прыняў рашэнне за кошт уласных сродкаў пабудаваць новы будынак плошчай больш за 1200 квадратных метраў. Яго ўзвялі ў новай частцы горада, выдаткаваўшы больш за сем мільёнаў рублёў. Сёння яно цалкам адпавядае ўсім міжнародным патрабаванням і стандартам». 

Новы будынак суда атрымаўся функцыянальным і зручным, у чым пераканаліся Аляксандр Турчын і Валянцін Сукала падчас экскурсіі. Так, на першым паверсе размешчана зала судовых пасяджэнняў па крымінальных справах умяшчальнасцю 40 чалавек, дарадчы пакой, пакой рэчыўных доказаў, камеры для абвінавачаных, тут жа прадугледжаны канвойны двор. Каля 50 квадратных метраў другога паверха адведзены пад залу судовых пасяджэнняў па грамадзянскіх справах (умяшчальнасць 20 чалавек), прасторныя кабінеты, пакой сведак, архівы, дапаможныя памяшканні.

«Гэта сучасны палац, храм правасуддзя, дзе ёсць усё для правасуддзя», — падсумаваў Валянцін Сукала. Старшыня Вярхоўнага Суда не перабольшыў: новы будынак забяспечаны ўсімі сучаснымі тэхнічнымі навінкамі. Так, тут прадугледжана аўдыё- і відэазапіс усіх судовых працэсаў. Гэта значыць з любой кропкі краіны можна браць удзел у судзе, які будзе весціся ў Чэрвені. Сам будынак суда абсталяваны сучаснымі інжынерна-тэхнічнымі сродкамі абароны, пажарнай і ахоўнай сігналізацыяй, сістэмай відэаназірання і многім іншым. 

Паліклініка ў Смалявічах 

На гэтым падарункі для жыхароў Міншчыны працягваюцца! Да свята 7 лістапада вуліцы горада-спадарожніка Смалявічы ўпрыгожыла новая сучасная паліклініка на 360 наведванняў. Удзел у адкрыцці паліклінікі ўзялі прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын і міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў.

Вонкава новы сучасны аб’ект лёгка пазнаць: прыгожы будынак у чатыры паверхі, удала ўпісаўся ў архітэктуру Смалявічаў. Размешчана паліклініка максімальна блізка да новабудоўляў — можна сказаць, у крокавай даступнасці.

Як адзначыў падчас адкрыцця паліклінікі Раман Галоўчанка, новы сацыяльны аб’ект на карце Смалявічаў сапраўды быў неабходны для горада, які бурна развіваецца: «Клопат пра людзей, іх здароўе — найважнейшы прыярытэт палітыкі, якая праводзіцца ў краіне пад кіраўніцтвам кіраўніка дзяржавы, — сказаў прэм’ер-міністр. — А дзіцячая медустанова — гэта інвестыцыі ў здароўе і будучыню маладога пакалення». 

Раман Галоўчанка падкрэсліў: паліклініка ў Смалявічах — не адзіная ўстанова аховы здароўя, якая адкрываецца ў Беларусі: «Усяго па краіне ўведзена ў строй 25 новых і мадэрнізаваных аб’ектаў аховы здароўя. На ўмацаванне матэрыяльнай базы дзеючых устаноў — паліклінік, бальніц — накіравана больш за адзін мільярд рублёў з бюджэту». 

Па словах прэм’ер-міністра, вельмі годна на агульным фоне выглядае Мінская вобласць. Толькі за апошнія тры гады ў рэгіёне ўведзены ў строй шэсць новых устаноў аховы здароўя, праведзены рамонты больш чым у 500, закуплена звыш 100 адзінак высокатэхналагічнага абсталявання і 150 аўтамабіляў меддапамогі.

«І новая паліклініка ў горадзе-спадарожніку ўкамплектавана па ўсіх сучасных стандартах для аказання высокатэхналагічнай дапамогі, — акцэнтаваў увагу Раман Галоўчанка. — Яна сапраўды патрэбная населенаму пункту. Бо ў Смалявіцкім раёне, у райцэнтры мы назіраем вельмі пазітыўную тэндэнцыю: павелічэнне колькасці насельніцтва, у тым ліку дзіцячага. За апошнія тры гады іх дадалося больш чым на 1,5 тысячы чалавек. Калі ў 2021 годзе ў раёне пражывала 9 900 дзяцей, то ў 2024-м — ужо 11 600 маленькіх грамадзян». 

«Разумныя» тэхналогіі пачынаюцца ўжо на першым паверсе: да зручнасці наведвальнікаў — электронная чарга, ёсць магчымасць узяць талончык да патрэбнага спецыяліста без звароту ў рэгістратуру.

Па словах галоўнага ўрача Смалявіцкай ЦРБ Вольгі Уваравай, паліклініка разлічана на 360 наведванняў у змену, з якіх 250 — для дзіцячага насельніцтва і 110 — наведвання стаматалагічнага прыёму: «Ёсць падраздзяленні для аказання першаснай медыцынскай дапамогі, усяго спектру стаматалагічных паслуг як дзіцячаму, так і даросламу насельніцтву». 

Яна звярнула ўвагу на ўзровень аснашчанасці паліклінікі. Так, пацыентам будзе даступная дыягностыка на апаратах УГД экспертнага і сярэдняга класа, рэнтгенаўскім апараце: «Усталявалі конусна-прамянёвай камп’ютарны тамограф, дэнтальны рэнтгенаўскі апарат. Закуплена эндаскапічнае, лабараторнае, фізіятэрапеўтычнае абсталяванне. Працоўныя месцы вузкіх спецыялістаў абсталяваны стаматалагічнымі ўстаноўкамі; ёсць трэнажоры для правядзення рэабілітацыйных і фізіятэрапеўтычных мерапрыемстваў. Можна сказаць, мы ўкамплектаваныя ўсім неабходным». 

З 11 лістапада паліклініка ўжо пачне часткова працаваць: тут будуць весці прыём педыятры і ўрачы агульнай практыкі, пачнецца забор аналізаў. Паступова прыступяць да сваіх абавязкаў і іншыя вузкія спецыялісты.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота з тэлеграм-канала «Минская область І О главном»

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.