Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко разгледзеў шэраг пытанняў, якія хвалююць жыхароў вобласці. Кіраўнік рэгіёна правёў прамую тэлефонную лінію і прыём грамадзян у Гомелі.
Адно з пытанняў, адрасаванае Івану Крупко, тычылася будаўніцтва дзіцячай паліклінікі ў мікрараёне актыўнай жылой забудовы — Хутар — Навабеліцкага раёна Гомеля.
— Гэта прыярытэтнае пытанне. Прайшла экспертыза архітэктурнага праекта. Цяпер праходзіць экспертыза ўсяго будаўнічага праекта. Сродкі запланаваны па дзвюх крыніцах, — распавёў кіраўнік вобласці.
Іван Крупко дадаў, што пачатак будаўніцтва сацыяльна значнага аб’екта запланаваны на наступны год.
— На працягу двух гадоў пабудуем, — запэўніў старшыня аблвыканкама.
Між тым значная частка зваротаў, якія жыхары рэгіёна ўзнялі падчас прыёму губернатара, тычыліся камунальнай сферы. Так, на якасць праведзенага два гады таму капітальнага рамонту дому паскардзіліся жыхаркі Зябраўкі Гомельскага раёна. Заяўніц непакоіць цвіль, грыбок, якія пайшлі з-за сырасці ў падвальным памяшканні. Жанчыны папрасілі зрабіць больш высокую, з ухілам ад цокалю адмостку, што, на іх думку, вырашыць пытанне.
Сітуацыю з домам падчас прыёму пракаментавалі спецыялісты ЖКГ, якія запэўнілі, што на дадзены момант у кватэрах заяўніц агучанай праблемы няма.
— Дом ставім на кантроль. Будзе аформлены акт праверкі, спецыялісты разгледзяць сітуацыю штомесяц пры розным надвор’і, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
«Зімой толькі плюс 17. На кухні цяклі сцены, у пакоі пайшла цвіль»: так сваю праблему апісала жыхарка Бярозак Гомельскага раёна.
Як было адзначана, раней у кватэры працякаў дах, яго часткова адрамантавалі. Але ёсць праблема і з уцяпленнем сцяны дома. Па даручэнні Івана Крупко райвыканкамам і службамі ЖКГ будзе праведзены сход з жыхарамі дома. Так можна будзе абмеркаваць варыянты ўцяплення дома і ўмовы правядзення рамонту.
— Неабходна прадаставіць грамадзянам дакладны разлік з указаннем неабходных матэрыялаў. Канчаткова рашэнне будзе вынесена пасля сходу з людзьмі, — пракаментаваў кіраўнік рэгіёна.
З просьбай аб дапамозе да кіраўніка рэгіёна таксама звярнуўся жыхар абласнога цэнтра. Мужчына не можа вырашыць праблему электразабесяпчэння ў доме. Па словах гамяльчаніна, два гады таму ён набыў участак у раёне індывідуальнай жыллёвай забудовы, пачаў узводзіць дом, але ўзніклі складанасці з падключэннем электрычнасці — тэрмін работ не вытрымаў падрадчык.
Як падкрэсліў губернатар, сітуацыя патрабуе дэталёвага разгляду, з выездам на месца спецыялістаў. Па даручэнні кіраўніка рэгіёна ў бліжэйшы час па адрасе выедуць спецыялісты і раскажуць аб тым, калі і якія камунікацыі будуць уведзены.
Прагучалі падчас прыёму і просьбы разабрацца з вулічным асвятленнем у населеных пунктах і іншыя звароты. Па кожным дадзены канкрэтныя даручэнні. Звароты ўзяты губернатарам на кантроль.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.