Прэзідэнт прыняў удзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця басейна міжнароднага стандарту ў Мінску.
Басейн, які размясціўся на вуліцы Харкаўскай, пабудаваны ў рамках беларуска-кітайскага гуманітарнага супрацоўніцтва. Забяспечаны самым сучасным абсталяваннем, ён адпавядае патрабаванням і стандартам Міжнароднай федэрацыі водных відаў спорту, што дазволіць праводзіць на гэтай пляцоўцы чэмпіянаты і першынствы свету і Еўропы па водных відах спорту. Акрамя таго, басейн, які, дарэчы, уключае 6035 пасадачных месцаў для гледачоў, стане пляцоўкай для ўдасканалення майстэрства прафесіяналаў, адкрые новыя магчымасці для аматараў плавання.
У фіналісткі XXXIII летніх Алімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы Аліны Змушко і бронзавага прызёра чэмпіянату свету Васіліны Хандошка, якія сустракалі кіраўніка дзяржавы на аб’екце, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся: «Ну што, паплывём, чэмпіёнамі будзем?» Спартсменкі паабяцалі, што будуць. Пры гэтым удакладнілі: не толькі чэмпіёнкамі краіны, але і свету.
Станам спраў на аб’екце Прэзідэнт пацікавіўся ў старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава. Кіраўнік горада паведаміў, што работы завершаны поўнасцю, аб’ект здадзены, адзначыўшы, што праект быў поўнасцю рэалізаваны кітайскім бокам. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы праінфармаваў, што хутка будзе ўведзены ў строй і сучасны футбольны стадыён, які таксама будуецца ў рамках тэхнічнай дапамогі КНР.
Сімвалічны ключ ад сталічнага басейна, падобных якому ў свеце можна пералічыць на пальцах адной рукі, Аляксандр Лукашэнка ўручыў спартсменам. Аднак найперш нагадаў, з якой нагоды такі падарунак.
«Мне прыемна сёння з вамі сустракацца ў гэты дзень (напярэдадні 7 лістапада. — „Зв“.), бо ён важны перш за ўсё для тых, хто марыў аб прыгожых, добрых водных дарожках і аб такім цудоўным палацы водных відаў спорту, — адзначыў Прэзідэнт. — Мы сёння адкрываем знакавы аб’ект — новы сучасны басейн міжнароднага класа. Важна і тое, што робім гэта напярэдадні вялікага свята — 7 лістапада. Калісьці мы, людзі старэйшыя, гэта свята сапраўды святкавалі, як вялікае. Потым тыя, хто святкаваў, усе сышлі ад гэтага свята. І толькі ў Беларусі захавалі гэтае вялікае свята».
Беларусь, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, адзіная на постсавецкай прасторы захавала гэты чырвоны дзень календара. Традыцыйна да гэтага свята, як заўважыў ён, мы самі робім сабе падарункі — адкрываем сацыяльна значныя аб’екты.
Прэзідэнт нагадаў, што яму, згодна з Канстытуцыяй, даводзілася прымаць рашэнне аб святочных днях. І калі стала пытанне аб Дні Кастрычніцкай рэвалюцыі, было вырашана захаваць гэты дзень у якасці святочнага і надаць яму статус агульнарэспубліканскага свята. «Не таму, што я заўзяты камуніст, але гэта наша гісторыя, — патлумачыў беларускі лідар. — Свята ж проста пакінуць. А што за святам? А за святам, вы, напэўна, памятаеце, я сказаў: давайце да 7 лістапада будзем рабіць самі сабе падарункі. Таму мы пакінулі гэта свята. І па ўсёй краіне не з сённяшняга дня, а з пазаўчарашняга, ужо пачалі дарыць нашаму беларускаму народу знакавыя падарункі». Адзін з іх — басейн міжнароднага стандарту ў Мінску.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што беларускі і кітайскі народы збліжаюць паважлівыя адносіны да гісторыі сацыялістычнага руху. «Сёння аб сацыялізме ўсё больш і больш пачынаюць гаварыць», — канстатаваў ён, нагадаўшы, што ў сярэдзіне 1990-х усе гэтыя вызначэнні проста тапталі нагамі. А сёння гэта «мацернае» слова гучыць нават з вуснаў Дональда Трампа, які, па яго словах, перамог на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША. Ён, заўзяты капіталіст, як звярнуў увагу беларускі лідар, абвінавачваў сваю суперніцу Камалу Харыс у тым, што яна сацыялістка і камуністка... «Мы гэтым шляхам не пайшлі. І што бачым? Еўропа ўся арыентуецца на сацыялізм, — сказаў Прэзідэнт. — Не называе, можа, яго так, але гаворыць аб сацыяльнай справядлівасці. Мы адразу сказалі, што мы будуем сацыяльна арыентаваную дзяржаву. Гэта асноўны прынцып сацыялізму».
Ад гэтага, па словах беларускага лідара, ніколі не адмаўляліся і нашы кітайскія сябры. «Яны кажуць аб сацыялізме, і ім не перашкодзіла гэта ісці па асноўных рэйках капіталістычнага руху, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Ну дапусцім, канкурэнцыя. У Кітаі яна вельмі развіта. Таму ніхто нікому не перашкаджае, трэба ісці ад жыцця».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта не яго заслуга ў тым, што ў Мінску з’явіўся басейн міжнароднага стандарту. Гэты аб’ект, па яго словах, пабудаваны дзякуючы вялікаму сябру Беларусі Сі Цзіньпіну.
«Калі б толькі гэты! — падкрэсліў Прэзідэнт. — У бліжэйшы час вы ўбачыце ў Мінску яшчэ адзін цуд. Напэўна, больш значны. Праўда, для футбалістаў».
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы пакрытыкаваў айчынны футбол. «Праўда, і хакей туды ўжо пачынае хіліцца, — дадаў ён. — Ну, можа, паплывём?» Па словах Прэзідэнта, як мінімум ужо чалавек сем моцна заявілі аб сабе ў плаванні.
«Для таго, каб стаць чэмпіёнамі свету, тут ёсць усё, — падкрэсліў беларускі лідар, маючы на ўвазе новы басейн. — І не толькі тут. Мы ж не першы палац водных відаў спорту пабудавалі. Мы ў Брэсце шыкоўны палац пабудавалі. Плавайце, заваёўвайце медалі. Быццам блізка падышлі да гэтага. Дай Бог, каб так і было!»
Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што, можа, калі-небудзь і на веласіпедах паедзем, — маючы на ўвазе добрыя паказчыкі ў гэтым відзе спорту. Ён нагадаў аб пабудаванай раней пляцоўцы — велатрэку ў «Мінск-Арэне», але вынікі, па яго словах, жадаюць лепшага.
«У Беларусі, небагатай краіне, сярэдняй па велічыні краіне, нават невялікай скажам так, ёсць усё для таго, каб займацца спортам», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што гэта за савецкім часам на полі, дзе пасвілі кароў, гулялі ў футбол. Цяпер жа, па яго словах, пляцовак хапае, толькі ідзі і гуляй.
Як спартсмен Прэзідэнт добра разумее, чаму ў шэрагу відах спорту беларусы паказваюць няважныя вынікі. Не хапае, па яго словах, фізічнай падрыхтоўкі. Каб выправіць сітуацыю, дзяржава дорыць спартсменам такі салідны падарунак у выглядзе басейна, дзякуючы якому, па меркаванні беларускага лідара, можна разлічваць на вялікую колькасць медалёў.
Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння ніхто не перашкаджае займацца спортам і перамагаць. «Я кажу: выйграйце ў расіян, расіяне ж адкрытыя для нас, — адзначыў ён. — Выйграйце ў іх, і я больш ад вас таксама нічога патрабаваць не буду».
Па словах кіраўніка дзяржавы, не трэба скардзіцца на тое, што нашых спартсменаў некуды не дапусцілі, таму і дрэнныя вынікі. «Ну, бягуць біятланісты, — прывёў ён станоўчы прыклад. — Праўда, не ўсе, але ў асноўным бягуць, перамагаюць расіян. Дзякуй ім. А астатнім хто перашкаджае?»
Прэзідэнт згодны, што ў спорце сёння няпроста. І справа не толькі ў палітыцы. «Гэта і лекі, і допінгі, і іншае, нас могуць, як вы сёння кажаце, забаніць, а іншыя будуць на першых месцах, — канкрэтызаваў ён. — Усё можа быць, але выйграваць можна. І ніхто ад нашых спартсменаў не патрабуе вялікіх перамог. Рыхтуйцеся з наступнага года: вынік ёсць — вось вам грошы, вось вам кватэры і іншае. Няма выніку — і не размаўляйце. Грошы ёсць, грошы будуць пры ўсіх складанасцях. Народ наш не шкадуе для спартсменаў гэтых грошай, але патрэбен вынік. Патрэбен вынік! І гульня. Народ чакае ад вас салідных вынікаў».
Прэзідэнт яшчэ раз павіншаваў прысутных з Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі і пажадаў самага галоўнага — здароўя. Пры гэтым заўважыў, што здароўе з неба не прыходзіць. «Будзеце сюды хадзіць — будзеце здаровымі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, кажучы як аб новым басейне, так і ў цэлым аб спартыўных аб’ектах краіны. — Аптэка не трэба будзе, бальніца не трэба будзе. Трэба займацца спортам! Таму — наперад».
Вяртаючыся да прадгісторыі басейна, пабудаванага пры тэхнічнай падтрымцы кітайскага боку, Аляксандр Лукашэнка расказаў аб тым, як у свой час у Пекіне Сі Цзіньпін паказваў яму макет будучага аб’екта. І не толькі гэтага. Кітай, па словах кіраўніка дзяржавы, гатовы дапамагчы Беларусі ў будаўніцтве яшчэ некалькіх магутных сацыяльных аб’ектах.
«Дысцыпліна ў Кітаі жалезная: калі Сі Цзіньпін сказаў, там ужо ніхто не абмяркоўвае, там ужо ідуць і робяць, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Таму мы даўгу перад гэтым чалавекам і перад вялікім кітайскім народам. Вялізны ім дзякуй!»
Звяртаючыся да кітайскіх будаўнікоў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яны малайцы. «Нам было няпроста пабудаваць гэты аб’ект, бо вельмі сур’ёзна ў наша жыццё ў свой час умяшалася пандэмія, — нагадаў ён. — І вы ведаеце, кітайцы да гэтага сур’ёзна адносіліся ў сябе на радзіме, але і ў нас таксама. Таму былі пэўныя імгненні і моманты, але мы будавалі. Марудна, паціхеньку, але рухаліся. Ну, а апошні год я папрасіў, каб да гэтага свята Кітай скончыў будаўніцтва гэтага аб’екта, прымаў шэраг рашэнняў для таго, каб гэта было зроблена. І Кітай паабяцаў — Кітай зрабіў. Вось гэта дысцыпліна. Гэта нам прыклад. Сказана — зроблена. Тады мы будзем як нацыя існаваць. Нам трэба ў іх у гэтым плане вучыцца».
Выказваючы ўдзячнасць кітайскаму боку ад ўсяго беларускага народа, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што кітайцы павінны ведаць, што беларусы — надзейныя сябры. «Мы па меншай меры апошнія гады больш 30 гадоў разам ідзём, і Кітай ні разу не папракнуў Беларусь, што мы адышлі ад таго курсу, па якім дамовіліся ісці разам», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэньчуань павіншаваў з паспяховым завяршэннем будаўніцтва басейна, выказаў падзяку будаўнікам абедзвюх краін.
«Аб нашым басейне асабіста клапоцяцца вышэйшыя кіраўнікі Кітая і Беларусі, — канстатаваў ён. — У красавіку 2019 года Старшыня Сі Цзіньпін і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сумесна прадставілі макет архітэктурнага плана праекта. На працягу апошніх пяці гадоў шчыльна ўзаемадзейнічалі шматлікія ведамствы нашых краін. Разам працавалі звыш тысячы будаўнікоў, пераадольваючы цяжкасці, дзякуючы чаму праект быў пераўтвораны з чарцяжу ў рэальнасць».
Пасол звярнуў увагу на тое, што Аляксандр Лукашэнка двойчы выдаваў спецыяльныя прэзідэнцкія ўказы, што, па яго словах, забяспечыла самую надзейную гарантыю ў бесперашкоднай рэалізацыі гэтага праекта.
«Кітай і Беларусь з’яўляюцца ўсепагоднымі і ўсебаковымі стратэгічнымі партнёрамі, — канстатаваў дыпламат. — Басейн — новае вяха ў кітайска-беларускім сяброўстве. Кітайскі бок гатовы разам з беларускім бокам усебакова рэалізаваць дамоўленасці, дасягнутыя кіраўнікамі дзвюх дзяржаў, і прыкладаць усе намаганні для ўмацавання вечнага сяброўства паміж нашымі краінамі».
Пасол уручыў Прэзідэнту сімвалічны ключ ад новага спартыўнага аб’екта. Кіраўнік дзяржавы, у сваю чаргу, перадаў гэты ключ 21-разоваму параалімпійскаму чэмпіёну па плаванні Ігару Бокаму і бронзаваму прызёру 29-х Алімпійскіх гульняў 2008 года ў Пекіне па сучасным пяцібор’і, двухразовай чемпіёнцы свету Настассі Пракапенка. Маючы на ўвазе ўсіх спартсменаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што перадае сімвалічны ключ ад басейна тым, хто сюды будзе без ключа ўваходзіць і выдаваць добрыя вынікі.
Настасся Пракапенка агучыла словы ўдзячнасці Прэзідэнту Беларусі і Старшыні КНР за такі выдатны і неацэнны падарунак не толькі ад спартыўнай грамадскасці, а і ўсяго беларускага народа. «Дзякуючы вашым асабістым дамоўленасцям, мудрай і міралюбівай палітыцы, добрым і цесным узаемаадносінам з Кітайскай Народнай Рэспублікай на працягу многіх гадоў, наша краіна стала ўладальніцай аднаго з самых высокатэхналагічных плавальных комплексаў свету, — звярнула ўвагу яна. — Такія падарункі — гэта гонар для нашай рэспублікі. Аляксандр Рыгоравіч, вы самы спартыўны Прэзідэнт. Ніхто так, як вы, не клапоціцца аб спорце ў сваёй краіне».
Спартсменка канстатавала, што ў кожным рэгіёне Беларусі існуе свая ўнікальная спартыўная інфраструктура. «А гэты басейн стане жамчужынай нашай сталіцы, — падкрэсліла яна. — І месцам прыцягнення ўсіх, хто захоча займацца воднымі відамі спорту і сучасным пяцібор’ем. А мы абяцаем, што на гэтым спартыўным аб’екце вырастуць чэмпіёны і будуць праслаўляць нашу рэспубліку».
Разам з праслаўленымі спартсменамі і паслом Кітая Аляксандр Лукашэнка перарэзаў чырвоную стужку, пасля чаго азнаёміўся з матэрыяльнай базай і арганізацыяй работы аб’екта.
Адразу ад Прэзідэнта прагучалі канкрэтныя даручэнні. Ён падкрэсліў, што такі аб’ект, як басейн міжнароднага стандарту, не павінен прастойваць, а выдаткі на яго абслугоўванне, у тым ліку з пункту гледжання колькасці персаналу, павінны быць аптымальнымі. Па яго словах, па першым часе дзяржава дапаможа, а потым варта зарабляць грошы самастойна. Таму задача канкрэтная — выходзіць на паслугі для насельніцтва.
Трэнеры і спартсмены, з якімі падчас наведвання басейна вёў гутарку кіраўнік дзяржавы, звярнулі ўвагу на тое, што створаныя на аб’екце ўмовы адпавядаюць самым высокім стандартам і сусветнаму ўзроўню. «Дык і дамоўленасць была: калі будаваць, то на сусветным ўзроўні», — пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка.
Закранаючы пытанне падрыхтоўкі спартсменаў, Прэзідэнт расказаў, што сочыць за плаваннем і радуецца поспехам беларускіх спартсменаў. Кіраўнік дзяржавы выказаў спадзяванне, што вынік будзе. «Трэба даваць вынік, — паставіў задачу ён. — Патрэбны вынікі. У адваротным выпадку, хто нас зразумее?»
Для добрых вынікаў у Беларусі ўсё ёсць. І гэта датычыцца не толькі наяўнасці вялікай колькасці спартыўных аб’ектаў. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што ў краіне ёсць добрая школа, трэнеры, перспектыўныя спартсмены. У прыватнасці, нядаўна на Гульнях краін БРІКС у канкурэнтнай барацьбе было заваявана шмат медалёў.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што пры неабходнасці басейн павінен працаваць у кругласутачным рэжыме. Асабліва, па яго словах, для тых, хто імкнецца дасягнуць высокіх вынікаў у спорце. У прыклад Прэзідэнт прывёў параалімпійскага чэмпіёна Ігара Бокага, у якога, па словах беларускага лідара, трэба вучыцца.
Паназіраў кіраўнік дзяржавы і за трэніроўкай юных плыўцоў. Рабоце з дзецьмі ён папрасіў удзяляць асаблівую ўвагу, бо, па яго словах, за гэтымі куранятамі — будучыя чэмпіёны. «Смялей! У вас ёсць усё, каб стаць чэмпіёнамі, — звярнуўся ён да дзяцей. — Поспехаў вам! Абавязкова чэмпіёнамі свету станьце!»
Шэраг залаў аб’екта прадугледжаны і для заняткаў па іншых відах спорту. Іх таксама наведаў Аляксандр Лукашэнка. Ён паразмаўляў са спартсменамі і трэнерамі па фехтаванні, скачках на батуце, пасля чаго даў старт камбінаванай змешанай эстафеце па плаванні сярод каманд абласцей, горада Мінска і нацыянальнай каманды Беларусі па плаванні.
«Дзякуй вялікі, было вельмі прыгожа! — даў ацэнку спаборніцтвам кіраўнік дзяржавы. — Я таксама буду зараз плаваць цярпліва. Не адзін кіламетр — больш буду плыць. Заразілі вы мяне. Малайцы!»
У праграме таксама былі паказальныя выступленні па сінхронным плаванні і скачках у ваду. Звяртаючыся да бронзавага прызёра чэмпіянату свету Васіліны Хандошка, беларускі лідар прызнаўся, што ніколі не думаў, што пры яго жыцці ў нас нешта атрымаецца ў сінхронным плаванні.
Завяршаючы знаёмства з аб’ектам і пажадаўшы ўсім поспехаў, Аляксандр Лукашэнка даў шэраг даручэнняў старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміру Кухараву. Адно з іх датычыцца дашліфоўкі Мінска. Пастаўлена задача асаблівую ўвагу ўдзяліць асноўным месцам, асабліва ў цэнтры сталіцы. Канкрэтныя даручэнні прагучалі і па добраўпарадкаванні мікрараёнаў, азеляненні тэрыторый уздоўж чыгункі.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.