«Колькі я ў прафесіі, столькі ж пастаянна адчуваю ўдзячнасць вясковым людзям, з якімі даводзілася мець зносіны падчас нашых фальклорна-этнаграфічных экспедыцый. Яны шчодра дзяліліся з навукоўцамі сваімі ведамі, каштоўнасць якіх часцей за ўсё і не ўсведамлялі. А пасля гэтая інфармацыя станавілася асноўнай крыніцай для напісання нашых кніг, артыкулаў, дысертацый. Вось і ў гэтай кнізе прадстаўлены аповеды вясковых жыхароў, запісаныя ў апошнія 10–20 гадоў, іх успаміны, эмоцыі, хваляванні, звязаныя са святамі народнага календара...» — піша ў прадмове аўтар, вядомы этнолаг Таццяна Кухаронак. Усяго для кнігі, якая пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская навука», адабраны запісы ад 232 інфармантаў з 67 раёнаў Беларусі. І гэта вельмі каштоўна, што запісы нядаўнія, — адказ тым, хто сцвярджае, што фальклор адмірае і нават у вёсцы нічога не памятаюць... Памятаюць! І пра ўшанаванне продкаў, і пра Грамніцы і Дзявятнік, пра Калядных цароў і Юр’я, Русальны тыдзень і варажбу на Шчодры... У кнізе гучаць жывыя, неадаптаваныя галасы з усіх куткоў краіны, з захаваннем асаблівасцяў мясцовай гаворкі. «Помню малая была, заставілі на речке, халадзільнікаў жа не было, заставілі на речке ў карыце халадзец студзіць. Эта перад Тройцай. Вечарам жа гулянне! Ваду тую пераліваеш туды-сюды, палец уткнеш, папробуеш — гарачая яшчэ. Апяць пераліваеш, каб застываў той халадзец», — распавядае Ганна Міхалькова з вёскі Кісялёва Буда Клімавіцкага раёна Магілёўшчыны. «А было ж Стрэчанне, гукалі вясну... І мы нарадзім, накрасім бумагі, ланцужкоў наробім, кветак, пеўнікаў такіх наверх і маленькую зрубаем сасну, усе гэтыя ўборы бумажныя навесім на сасну», — успамінае Вольга Касцюкевіч з вёскі Сіманічы Лельчыцкага раёна Гомельшчыны. У расповедах вяскоўцаў адлюстроўваюцца ўсе перыпетыі гісторыі, што давялося перажыць людзям, якія, нягледзячы ні на што, трымаліся традыцый продкаў.
Маштаб зробленага аўтарам уражвае. Расповеды рэспандэнтаў суправаджаюцца яе каментарыямі, таксама жывымі, неабыякавымі. Дапаўняецца ўсё фотаздымкамі, на якіх можна ўбачыць фрагменты народных абрадаў, абліччы іх носьбітаў, унікальныя артэфакты, прыкладам, прыстасаванне для качання велікодных яек. Думаецца, кожны беларус знойдзе ў гэтай кнізе сведчанні пра свае родныя мясціны і яшчэ раз упэўніцца, наколькі багатая нацыянальная культура.
Сёння вельмі модна ўжываць тэрміны «гіперрэальнасць» і «сімулякр», хоць часта гэта робяць не зусім усведамляючы сэнсу... А з’явіліся яны дзякуючы філосафу Жану Бадрыяру, аднаму з заснавальнікаў постмадэрнізму. Філосаф крытычна ставіўся да сучаснага глабалісцкага грамадства, дзе галоўным сталі матэрыяльныя набыткі. Эра спажывання — эра адчужэння, сцвярджае ён. Супер-шопінг-цэнтр — тое, у што спрабуюць ператварыць нашу цывілізацыю, дзе будуць немагчымыя болей мара, паэзія, развага... Чаму просты чалавек, не самы багаты, траціць свае рэсурсы на не вельмі патрэбныя рэчы, імітацыю брэндавых, у набыцці якіх бачыць сэнс жыцця? Бадрыяр ілюструе гэта такой прыпавесцю: меланезійскія тубыльцы былі зачараваныя самалётамі, якія праляталі над імі. Але ніколі гэтыя прадметы да іх не спускаліся. Туземцы лічылі, што белыя людзі змаглі займець гэтыя чароўныя прадметы, бо размяшчалі ў некаторых месцах на зямлі падобныя прадметы, якія і прываблівалі самалёты з неба. Таму тубыльцы пачалі рабіць падабенства самалёта з галін і ліян, вылучылі ўчасткі зямлі, якія старанна асвятлялі ноччу, і пачалі цярпліва чакаць, пакуль сапраўдныя самалёты там прызямляцца.
Гэтак робіць і сучасны чалавек, які «палюе» ў «джунглях гарадоў»: «У чаканні цуда ад спажывання такі паляўнічы таксама прыводзіць у дзеянне прадметы-сімулянты, характэрныя знакі шчасця і затым чакае (безнадзейна, сказаў бы мараліст), што шчасце прыйдзе само». Ну памятаеце рэкламу, калі жанчына мые валасы пэўным шампунем, а пасля да яе з’яўляецца прынц на белым «лексусе»? У аснове — усё тое ж дзікунства, першабытная магія... Ці так далёка мы адышлі ад забабонных продкаў? Пачытайце Бадрыяра, падумайце... Трактат «Грамадства спажывання» з’явіўся ў 1970 годзе, але, здаецца, робіцца ўсё больш актуальным. У чым сутнасць індустрыі высокай моды і індустрыі прыгажосці? Што такое кітч? Як з пункту гледжання філасофіі асэнсаваць гаджэт і гульнявыя паводзіны? Яшчэ да з’яўлення камп’ютарных гульняў і смартфонаў Бадрыяр прадказваў, што «гаджэт акажацца ісцінай аб’екта ў грамадстве спажывання, і на гэтай падставе ўсё можа стаць гаджэтам і ўсё ім патэнцыйна з’яўляецца. Нічога больш карыснага, нічога больш бескарыснага: сама тэхнічная навінка становіцца гаджэтам, калі тэхніка аддадзена ў распараджэнне разумовай практыкі магічнага тыпу ці грамадскай практыкі моды». Ну дакладна ж пра нас сказана, ці не так?
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Выданні для агляду прадастаўленыя кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 72.
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.