Вы тут

Як умацаваць здароўе ў пажылым узросце


Калі вы на пенсіі ўжо працяглы час, але ўсё яшчэ не заняліся па-сапраўднаму сваім здароўем, раім гэта зрабіць, нават калі адчуваеце сябе здавальняюча. Запішыцеся на прыём да ўрача і раскажыце яму аб тым, што вас часам турбуе. Атрымаўшы рэкамендацыі, складзіце план аздараўлення і памятайце, што ваша выздараўленне залежыць не толькі ад доктара, але і ад вас асабіста.


Перагледзьце рэжым дня

Вырашыце раз і назаўжды, калі вам раніцай уставаць. Раней пад’ём быў у 6.30 раніцы, а цяпер будзе, напрыклад, у 7 гадзін. Карыстайцеся будзільнікам, нават калі вы некалі прызвычаіліся ўставаць за пяць хвілін да яго званка. Паступова адвыкнеце. Ваш мозг перастане трымаць уначы «вартавы цэнтр», і вы будзеце адпачываць.

Не заседжвайцеся дапазна за чытаннем ці каля тэлевізара. Легчы апоўначы і спаць да васьмі — не тое ж самае, што легчы ў 22.30 і спаць да 6.30. Другі варыянт надасць бадзёрасці раніцай.

— Сон да паўночы ў тры разы карысней, чым пасля паўночы, пра гэта пастаянна гавораць спецыялісты і прыхільнікі здаровага ладу жыцця. Лепш, рана ўстаўшы, паспаць 1-1,5 гадзіны днём, пры гэтым не дапушчаючы думкі, што ўвечары вы не зможаце заснуць, — раіць урач агульнай практыкі (загадчык) аддзялення прафілактыкі 11-й гарадской паліклінікі Святлана Янушка.

Гартаванне і фізічныя нагрузкі

Як толькі прачнуліся, выканайце свой комплекс ранішняй гімнастыкі. 10–15 хвілін практыкаванняў лежачы — выдатная абарона ад прастуды, пасля адразу ўставайце. Пажадана час ад часу ўводзіць у адпрацаваны ўжо комплекс 1-2 новыя практыкаванні, якія падаюцца вам карыснымі і ў дапамогу якіх вы верыце.

— Вядома, можна дазволіць сабе паспаць крышачку даўжэй, але доўгае залежванне ў ложку пасля прабуджэння заахвочвае ляноту, зніжае бадзёрасць і энергію, — нагадвае ўрач. — І галоўнае, гэта вера — у практыкаванне, лекі, дыету, урача, яна ўзмацняе лячэбны эфект.

Толькі пасля зарадкі, прыняўшы душ альбо зрабіўшы абціранне, сядайце снедаць. Часу ў вас шмат, так што ешце павольна, хвілін на 7-10 даўжэй, чым раней. Калі ў вас лішняя вага і павышаны апетыт, рабіце перапынкі: каму-небудзь патэлефануйце, зірніце на тэрмометр за акном, уключыце радыё. Паспрабуйце не глядзець за ежай тэлевізар. Прымайце ежу, адчуваючы ўсе смакі. Пасля сняданку пазбягайце сну і дадатковага адпачынку, асабліва пры лішняй вазе. Карысна здзяйсняць ранішнія прагулкі. Калі ёсць сабака, адпраўляйцеся з ім на вуліцу.

Заўсёды знаходзьце сабе дома нейкую работу: прыбірацца, шыць, хадзіць у краму. На жаль, усе гэтыя справы не дастаўляюць задавальнення. Вось чаму так неабходна знайсці хобі — прыемны, не надакучлівы вам занятак-забаўку, які вы спынялі б толькі тады, калі стоміцеся ці калі вас адарве ад яго нешта важнейшае.

Карысць свежага паветра

Абавязкова выдаткоўвайце час для знаходжання на паветры — па 1,5-2 гадзіны два разы на дзень, некаторым падыходзіць аднаразовая прагулка на працягу 3-4 гадзін. Гуляць лепш за ўсё ў лесе, парку, садзе. Там, дзе няма вялікай колькасці транспарту і шмат чыстага паветра. Старайцеся штодзень падымацца па лесвіцы хоць бы на 2-3-і паверхі, калі можаце, то і на 4-ы, а ў ідэале — 1-2 разы на 5-7-ы паверхі. Паступова падаўжайце дыстанцыю: не бойцеся, што сэрца заб’ецца крыху мацней — яму карысныя ўмераныя нагрузкі, але не перагрузкі. Пры неабходнасці адпачывайце пасля кожнага марша: пастаялі на пляцоўцы — рушылі далей. Вашымі кантралёрамі будуць нармальнае самаадчуванне, нармальны сон і добры настрой. Калі ўсё ў парадку, значыць, нагрузка не была празмернай. Не забывайце наведваць урача, які паслухае сэрца, памерае ціск і дасць рэкамендацыі.

Вядзіце актыўны лад жыцця

Вольны ад работы час дазваляе вам часцей хадзіць на выставы, у музеі, пачаць наведваць тэатры. Развівайце ў сабе пачуццё гумару, імкніцеся слухаць радыё, глядзець па тэлевізары камедыі, вясёлыя прадстаўленні — нават калі вы іх ужо бачылі. Вельмі добра загадзя купіць білет у тэатр. Плануючы туды пайсці, вы настройваецеся на атмасферу тэатральнай залы. Вядома, адзецца трэба як на ўрачыстасць да лепшага сябра, і вы будзеце адчуваць сябе больш упэўнена, бо заўсёды прыемна быць у грамадстве.

Спрыяльны рэжым адпачынку і сну

Шляхам апрабавання розных варыянтаў знайдзіце аптымальны для вас рэжым начнога сну. Абавязковая ўмова начнога сну — гэта свежае паветра, таму пажадана адкрываць фортачку. Калі холадна, уцяпляйцеся, але дыхайце свежым паветрам. Для арганізма чалавека, акрамя правільнага харчавання і руху, важна таксама і расслабленне.

Карысныя розныя водныя працэдуры: душ, абліванне або абціранне. Гэта і гімнастыка для сасудаў, скуры, і выдатны спосаб загартоўвання, і крыніца дабратворных стымулаў для ўнутраных органаў. Пасля зарадкі і водных працэдур вы павінны адчуць сябе нашмат лепш. А калі раптам самаадчуванне пагаршаецца, значыць заняткі трэба спыніць, а праз некалькі дзён аднавіць, але зменшыць іх інтэнсіўнасць. Можна параіцца з урачом адносна комплексу аздараўленчых мерапрыемстваў для вашага арганізма.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Старасць у радасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якасць павінна стаць крэда нашага жыцця

Якасць павінна стаць крэда нашага жыцця

«Якасць беларускай прадукцыі стала брэндам».

Сельская гаспадарка

Тэхналогіі насуперак анамаліям надвор’я

Тэхналогіі насуперак анамаліям надвор’я

Вучоны — аб будучай пасяўной кампаніі.

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.