7 лістапада ў многіх краінах будзе адзначацца адметная дата — 107-годдзе Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Падзея, якая аказала без перабольшання лёсавызначальны ўплыў на ўвесь свет, стала пераканаўчым доказам жыццяздольнасці камуністычнай тэорыі. Дасюль гэты глабальны фактар з’яўляецца дзейсным інструментам станоўчых пераўтварэнняў на карысць усяго грамадства. Яскравы прыклад — Камуністычная партыя Кітая, якая стала на чале гістарычнага шляху Паднябеснай з-пад каланіяльнага прыгнёту да сусветнага лідарства. Як гэта адбылося, чаму КПК дасюль застаецца ў авангардзе рэформаў?
Сваё стагоддзе Камуністычная партыя Кітая адзначыла ў ліпені 2021 года (першы з’езд КПК прайшоў у Шанхаі 23 ліпеня 1921-га). Да гэтай даты было прымеркавана шмат урачыстасцяў. Адно з іх — адкрыццё ў пекінскім раёне Чааян грандыёзнага музейнага аб’екта — Выставачнага цэнтра гісторыі КПК. На плошчы 150 тысяч кв. метраў выстаўлена больш як шэсць тысяч найцікавейшых экспанатаў, якія адлюстроўваюць гісторыю Камуністычнай партыі Кітая — ключавыя падзеі са слаўнага мінулага і не менш велічнай сучаснасці, уключаючы архіўную фотаздымку з цырымоніі абвяшчэння Маа Цзэдунам Кітайскай Народнай Рэспублікі 1 кастрычніка 1949 года.
Сімвалічна, што тут удалося пабываць адразу пасля святкавання 75-годдзя ўтварэння КНР. Галоўны будынак музея ўзведзены ў форме кітайскага іерогліфа «гун» (рабочыя), і гэта падкрэслівае, што КПК з’яўляецца авангардам кітайскага рабочага класа. Многія будматэрыялы ўзяты з месцаў, якія маюць важнае значэнне ў гісторыі кампартыі. Напрыклад, камяні ў выставачнай зале музея, дзе прадстаўлены цудоўны лакавы жывапіс на тэму Вялікай Кітайскай сцяны, здабыты ў горадзе Яань правінцыі Сычуань на паўднёвым захадзе Кітая.
Тут прадстаўлены многія насамрэч унікальныя культурныя рэліквіі, у тым ліку — арыгіналы рукапісу Карла Маркса, рэдкія архіўныя фотаздымкі, а таксама змадэляваны сцэны надзвычай важных гістарычных падзей. «Гісторыя партыі служыць самым яскравым і пераканаўчым падручнікам», — падкрэсліў дырэктар музея У Сяндун. Паводле яго слоў, неабходна ў поўнай меры задзейнічаць каштоўнасць і ролю культурных рэліквій, звязаных з рэвалюцыйнымі традыцыямі КПК, і больш прадукцыйна выкарыстоўваць выставы па гісторыі партыі для прасоўвання адпаведных адукацыйных і асветніцкіх праграм.
Больш за ўсё тут экспанатаў, прысвечаных рабочаму класу, таму што менавіта ён стаў рухаючай сілай рэвалюцыі. Акрамя таго, узноўлены цэлыя экспазіцыі пэўных гістарычных момантаў. У пачатку экспазіцыі з павагай выстаўлены фігуры ў поўны рост Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса. Вельмі цікавыя стэнды з фатаграфіямі Маа Цзэдуна, на фота сярод яго паплечнікаў можна знайсці бацьку Cтаршыні КНР Сі Цзіньпіна.
У асобнай зале паказваецца ролік, прысвечаны кітайска-японскай вайне, у якой пацярпела вельмі шмат кітайскіх грамадзян. Прычым транслюецца ён у 3D-праекцыі, каб наведвальнікі маглі адчуць сябе паўнацэннымі ўдзельнікамі тых падзей. Калі вакол ірвуцца снарады, паміраюць салдаты, прыходзіць разуменне таго, якой цаной дасталася перамога над ворагам. Гэтая вайна доўжылася 14 гадоў і была для Кітая вельмі цяжкай.
Напрыканцы найцікавейшай экскурсіі наведвальнікам прапануюць здзейсніць «Палёт над Кітаем», калі выкарыстоўваецца вялікі сферычны гіпербалічны экран у фармаце 8K, які дае гледачам магчымасць пагрузіцца ў незабыўную атмасферу. Дакладная імітацыя маланкі, дыму, дажджу, ветру і іншых эфектаў навакольнага асяроддзя, мадэліраванне перспектывы, вышыні, глыбіні і нават касмічных прастораў, Месяца, Марса дазваляюць стварыць рэалістычнае адчуванне і маштаб пераўтварэнняў у сучасным Кітаі.
Нядзіўна, што ўнікальны музей з моманту свайго адкрыцця прыняў больш за 3,5 мільёна наведвальнікаў. За гэты час было зарэгістравана больш чым 10 тысяч групавых наведванняў, а колькасць маладых наведвальнікаў дасягнула 550 тысяч чалавек.
У Кітаі налічваецца звыш 1600 музеяў і мемарыялаў, прысвечаных яго рэвалюцыйнай гісторыі, адзначылі ў Нацыянальным упраўленні культурнай спадчыны КНР. У краіне зарэгістравана больш як 36 тысяч аб’ектаў рэвалюцыйнай спадчыны і агульная калекцыя з больш чым мільён звязаных з імі артэфактаў.
Развіццё «чырвоных» тураў у 2004 годзе было аб’яўлена прыярытэтнай задачай у турыстычнай сферы краіны. Тады ўлады вызначылі 10 найбуйнейшых турыстычных баз і 20 важных з гістарычнага пункту гледжання гарадоў, якія варта наведаць нашчадкам кітайскіх рэвалюцыянераў і замежным гасцям. Урад вырашыў ператварыць былыя апорныя базы камуністаў у цэнтры «чырвонага» турызму для прапаганды патрыятызму, умацавання нацыянальнага яднання і садзейнічання эканамічнаму развіццю старых рэвалюцыйных раёнаў.
Гэтая ініцыятыва знайшла водгук і падтрымку кітайскіх патрыётаў. Паступова «чырвоныя» туры сталі модным кірункам. Прасякнутыя рэвалюцыйнай рамантыкай групавыя вандроўкі па маршруце Вялікага паходу з кожным годам прыцягваюць усё больш людзей. Па самых сціплых ацэнках, штогод каля 50 мільёнаў чалавек наведваюць 150 галоўных цэнтраў «чырвонага» турызму, размешчаных у 13 правінцыях і гарадах цэнтральнага падпарадкавання, уключаючы Цзянсу, Хунань, Шэньсі і Чунцын.
Знакаміты цэнтр прыцягнення — пагранічны раён Шэньсі — Ганьсу — Нінся. Тут знаходзіцца легендарны горад Яньань, куды пасля знясільваючага Вялікага паходу прывёў сваё войска Маа Цзэдун. У гэтых мясцінах мне пашчасціла пабываць летась.
З 1935-га да 1948 года менавіта Яньань быў цэнтрам кантраляванага Кампартыяй Кітая раёна. Гэты горад у Кітаі называюць «калыскай рэвалюцыі». На паўночным захадзе Яньані, у пасёлку Цзааюань, шмат месцаў, звязаных са знаходжаннем кіраўнікоў КПК: Маа Цзэдуна, Чжоў Эньлая, Чжу Дэ і іншых.
На супрацьлеглым беразе мясцовай ракі Яньхэ, на гары Янцзялін, у пячорах размяшчаліся аддзелы ЦК КПК. Яны былі службовымі і жылымі памяшканнямі для кіраўнікоў кітайскай Кампартыі. Цяпер сюды пастаянна прыязджаюць шматлікія групы турыстаў. У наш час шматлікія турысты менавіта тут пазнаюць аб перыпетыях асабістага жыцця выдатных людзей Кампартыі. Гэтыя факты таксама шырока асвятляюцца ў папулярнай гістарычнай літаратуры, біяграфічных кінафільмах, тэлесерыялах. Усё гэта ўзбагачае сучаснае прачытанне кітайскай рэвалюцыі, напаўняючы яе новым займальным зместам.
Цікава, што цяпер у моладзі набірае папулярнасць атрыбутыка «чырвонага» турызму. Так, лічыцца стыльным падарожжа па месцах бітваў у адпаведнай экіпіроўцы — выцвілай форме і кепках-«маацзэдунаўках» з чырвонымі зоркамі. Гэту рэвалюцыйную атрыбутыку заўсёды можна набыць на «чырвоных» тураб’ектах, яе пастаўляе кітайская прамысловасць.
Напярэдадні 100-годдзя ўтварэння КПК выданне Chіna daіly пацікавілася ў кітайскіх экспертаў, у чым можа заключацца сакрэт паспяховасці КПК. Важным складнікам эфектыўнасці Кампартыі Кітая прафесар Партыйнай школы пры ЦК КПК Сун Сюнвэй назваў яе трывалую сувязь з масамі. Захаванне фокуса ўвагі на паляпшэнні жыцця простых людзей на працягу стагоддзя забяспечыла партыі найважнейшы фундамент у выглядзе даверу і павагі грамадзян. Непасрэдна ўнутры КПК такі строгі падыход да выбару прыярытэтаў дасягаецца праз пастаяннае самаачышчэнне і высокую самадысцыпліну, падкрэсліў эксперт.
Прафесар Партыйнай школы пры ЦК КПК Ху Інлянь заўважыў, што важным складнікам поспеху партыі з’яўляецца наяўнасць у яе разгалінаванай і шматузроўневай структуры. Дзякуючы гэтаму Кампартыя здольна эфектыўна размяркоўваць рэсурсы і мабілізаваць насельніцтва для вырашэння самых складаных задач. Як, напрыклад, было ў рамках барацьбы з эпідэміяй каранавіруса ў Кітаі ці падчас больш працяглага працэсу барацьбы з беднасцю ў краіне.
Хуэй Мін з Акадэміі грамадскіх навук Кітая падкрэсліў, што код поспеху ў тым ліку ва ўменні КПК аб’яднаць розныя гістарычныя этапы і іх культурную спадчыну. Кампартыя, нягледзячы на марксісцкую ідэалогію, не адмаўляецца і ад усёй астатняй пяцітысячагадовай кітайскай гісторыі. Такі падыход дазваляе спалучаць у грамадстве КНР сацыялістычныя і традыцыйныя каштоўнасці, якія гарманічна дапаўняюць адна адну.
Жыхары Паднябеснай часта кажуць: камяні мінулага — гэта прыступкі на шляху ў будучыню. Паднябеснай насамрэч удалося стварыць унікальны палітычны механізм, які не толькі спалучае ў сабе ключавыя тэзісы, закладзеныя яшчэ заснавальнікамі партыі, але і здольны змяняцца з улікам патрабаванняў часу. КПК згуртавала і прывяла шматнацыянальны народ Паднябеснай да адраджэння кітайскай нацыі, дабілася хуткага эканамічнага развіцця, доўгатэрміновай грамадскай стабільнасці і працвітання дзяржавы, а таксама дабрабыту людзей. Менавіта яна стварыла «кітайскі цуд» — феномен у гісторыі развіцця не толькі КНР, але і ўсяго чалавецтва, калі ўсяго за некалькі дзясяткаў гадоў аграрная краіна ператварылася ў індустрыяльную супердзяржаву.
У Кітаі ўжо многія дзесяцігоддзі забяспечваецца палітычная стабільнасць, захоўваецца пераемнасць улады. Сацыялізм з кітайскай спецыфікай уступіў у новую эпоху, а вялікае адраджэнне кітайскай нацыі дасягнула важнага пункта — усебаковай пабудовы сярэднезаможнага грамадства. Старшыня КНР Сі Цзіньпін адзначыў, што неабходна прытрымлівацца прынцыпу «народ вышэй за ўсё». Паводле яго слоў, у працэсе развіцця важна забяспечваць і паляпшаць дабрабыт насельніцтва і абараняць правы чалавека.
Прафесар Інстытута палітыкі і міжнародных адносін Цэнтральна-Кітайскага педагагічнага ўніверсітэта Юань Фанчэн перакананы, што эфектыўнае кіраўніцтва і шырокае прадстаўніцтва Камуністычнай партыі Кітая паслужылі гарантыяй стабільнага палітычнага парадку і спрыяльнага асяроддзя для развіцця. Прафесар Партыйнай школы пры ЦК КПК Чэнь Шугуан лічыць, што адна з галоўных пераваг кітайскай палітычнай сістэмы заключаецца ў тым, што яна мае здольнасць да распрацоўкі доўгатэрміновых планаў развіцця і эфектыўнай рэалізацыі іх. Эксперт падкрэсліў, што КПК захоўвае паслядоўнасць у распрацоўцы палітыкі, адаптуючыся да зменлівых умоў у краіне і за мяжой.
Камуністычная партыя Кітая на момант свайго заснавання ў 1921 годзе налічвала крыху больш чым 50 членаў. Цяпер гэта найбуйнейшая кіруючая партыя ў свеце, у якую ўваходзяць 100 мільёнаў чалавек. Летась у КПК уступілі звыш 2,4 мільёна чалавек, больш за 80 працэнтаў з іх — грамадзяне ва ўзросце да 35 гадоў. Як раней заявіў выданню Global Tіmes прафесар Пекінскага ўніверсітэта Чжан Іу, «КПК заваявала прызнанне сярод кітайскай моладзі. Яны бачаць, што краіна становіцца ўсё больш квітнеючай пад кіраўніцтвам партыі». Гэта будучыня Паднябеснай.
Мікалай ЛІТВІНАЎ
Фота аўтара
Мінск — Пекін — Мінск
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.