Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях правядзення выбараў 2025 года.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта традыцыйнае мерапрыемства на старце выбарчай кампаніі. Пастаўлена задача — правесці яе на высокім узроўні. Перш за ўсё арганізацыйным.
«Як я кажу, зрабіць (хоць мы і для свайго народа гэта праводзім) так, каб камар носа не падтачыў, — канкрэтызаваў сваё даручэнне Аляксандр Лукашэнка. — Але пры гэтым памятаць: мы праводзім у Беларусі перадвыбарную кампанію для свайго народа і інтарэсы нашых людзей павінны быць пастаўлены ў аснову асноў. А не так, як хтосьці хоча там, за мяжой».
Найперш, па словах кіраўніка дзяржавы, неабходна стварыць належныя ўмовы для кандыдатаў і выбарчых камісій, падрыхтаваць выбарчыя ўчасткі. У прыватнасці, Прэзідэнт пераканаўча папрасіў звярнуць увагу на скрыні, куды выбаршчыкі апускаюць бюлетэні. «Калі трэба, давайце ўжо нейкія стандартныя або па абласцях стандарт установім і зробім прыгожыя, нармальныя, каб не было непрыемна, — прапанаваў ён, кажучы і аб стацыянарных, і аб пераносных скрынях. — Трэба, каб яны хаця б глядзеліся нармальна».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ з савецкіх часоў у Беларусі прынята, што выбары — гэта свята. «Хто б нас ні крытыкаваў, людзі прыходзяць на выбары, яны прызвычаіліся да таго, што недзе буфет, музыка іграе і гэтак далей, — канстатаваў ён. — Натуральна, гэта сфера адказнасці перш за ўсё нашых мясцовых органаў улады».
Кажучы аб правакацыях у перадвыбарны перыяд (у тым ліку інфармацыйных і палітычных), беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што яны былі, ёсць і будуць. «Проста не трэба расслабляцца, — папярэдзіў ён і працытаваў некаторых спікераў: — „Ах, у нас грамадства такое, гэтыя адмарожаныя самыя, яны збеглі“ і іншае. Хапае ў грамадстве розных людзей. І расслабляцца тут нікому ні ў якім разе не трэба. Асабліва нам, органам улады на месцах. Трэба зыходзіць з горшага варыянта. Будзе лепшы, ну і добра».
У выпадку пэўных небяспечных тэндэнцый у грамадстве, па словах кіраўніка дзяржавы, кіраўнікі рэгіёнаў будуць праінфармаваны.
Кажучы аб спробах разгайдаць сітуацыю ў Беларусі, Прэзідэнт заўважыў, што некаторыя гавораць, што «яны да 2030 года там рыхтуюцца, а гэты год...». «Зразумела, яны могуць гаварыць адно, а прымаць іншыя меры, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Яны ўжо выпрацоўваюць планы, як ім дзейнічаць. Праўда, у асноўным градус напружання ствараецца за межамі краіны. Яны разабрацца там не могуць, якую тактыку ім выпрацаваць. Думаю, падкажуць. Там жа „разумных“ шмат навокал. І грошы дадуць на гэта».
Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што проста так гаварыць нешта ў сродках масавай інфармацыі прайшоў час. Апаненты ўлады, па яго словах, гэта разумеюць, таму гатовы і да радыкальных дзеянняў. «Значыць, і мы ў адказ павінны быць гатовы рабіць адэкватныя дзеянні», — падкрэсліў беларускі лідар.
Ён канстатаваў, што грамадства ў Беларусі адзінае, эканоміка дэманструе нядрэнныя вынікі. «Але вымушаны вам сказаць, што будучая пяцігодка будзе няпростай, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Няпростая пяцігодка. І, можа быць, нават наступны год. Я заўсёды спрабую зберагчы грамадства ад нейкіх размоў пра санкцыі, але іх жа ніхто не адмяняў».
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што больш душылі санкцыямі Расію. Але дасталося і нашай краіне — каб Расія не магла праз нас абысці санкцыйныя абмежаванні. «Вядома, гэтыя санкцыі так ці інакш уплываюць на эканоміку, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Так, мы лагістыку выбудавалі, мы знайшлі ў асноўным шляхі пастаўкі нашых тавараў, але кошт вырас гэтых лагістычных паставак. Таму прадпрыемствы значна былі б багацейшымі, калі б не было гэтых перашкод». Але адпаведныя выхады з гэтага, як запэўніў кіраўнік дзяржавы, будуць знойдзены.
«Галоўнае, каб мы былі арганізаваныя», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і нагадаў, што нядаўна на гэтую тэму размаўляў са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам, будучы ў рэгіёне. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы папрасіў не забываць, што гэта найлепшая вобласць, а такіх праблем «у квадраце» хапае ў іншых рэгіёнах, асабліва ўсходніх. На гэта, па яго словах, таксама трэба звяртаць увагу.
Прэзідэнт канстатаваў, што галоўнай дзеючай асобай у выбарчы перыяд, як заўсёды, з’яўляецца старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі, якому, неабходна аказаць неабходную дапамогу і падтрымку. Аляксандр Лукашэнка папрасіў арыентавацца на Ігара Карпенку.
«Усё, што ён папросіць, мы павінны дапамагчы, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Але там, дзе не трэба ўмешвацца, не трэба крычаць і бегчы наперадзе паравоза. У гэтым няма ніякай неабходнасці. Менш будуць нас папракаць фактычна, што мы там умешваемся ў якіясьці выбары. Але ўсе павінны разумець, што мы ўжо спрактыкаваліся за гэтыя гады і разумеем, што ўладу растапыранымі рукамі не трымаюць. І мы не збіраемся гэта рабіць. Мы высновы з 2020 года зрабілі. Таму будзем дзейнічаць так, як гэта патрэбна нашай краіне і нашаму народу».
Вераніка КАНЮТА
Фота: БелТА
У размове з супрацоўнікамі СМІ старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка адзначыў, што выбарчая кампанія 2025 года ўступіла ў актыўную фазу. «Дастаткова актыўна ішла рэгістрацыя ініцыятыўных груп, — канкрэтызаваў ён. — У агульнай складанасці дакументы (хтосьці асноўны пакет, хтосьці — частковы) у ЦВК падавала 11 прэтэндэнтаў. Чацвярым мы адмовілі: з-за недахопу адпаведных дакументаў. У выніку сёння зарэгістравана сем ініцыятыўных груп». Інфармацыя аб гэтых ініцыятыўных групах у бліжэйшы час з’явяцца на сайце Цэнтрвыбаркама.
Ігар Карпенка паведаміў, што 7 лістапада стартуе этап збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты, чым акурат і будуць займацца члены ініцыятыўных груп. Не выключана, што сітуацыяй могуць скарыстацца ашуканцы. Старшыня ЦВК паведаміў, як не пераблытаць іх з рэальнымі зборшчыкамі подпісаў.
«Па-першае, мы па ініцыятыўных групах дадзім інфармацыю, у тым ліку і кантактныя дадзеныя, — канкрэтызаваў Ігар Карпенка. — Па-другое, у зборшчыка подпісаў павінна быць пасведчанне, якое падпісана старшынёй ЦВК і на якім стаіць пячатка Цэнтральнай выбарчай камісіі. Яно павінна быць заламініравана. Гэта пасведчанне без фатаграфіі. Таму яно сапраўднае толькі пры прад’яўленні дакумента, які сведчыць асобу». Удакладніць інфармацыю аб членах ініцыятыўных груп можна будзе і ў сваёй тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.
Традыцыйна на прэзідэнцкія выбары будуць запрашацца міжнародныя назіральнікі. Як нагадаў старшыня Цэнтрвыбаркама, згодна з заканадаўствам, паўнамоцтвы запрашаць міжнародных назіральнікаў ёсць у Прэзідэнта, Усебеларускага народнага сходу, абедзвюх палат парламента, урада, Міністэрства замежных спраў і Цэнтральнай выбарчай камісіі.
«Са свайго боку Цэнтральная выбарчая камісія ўжо накіравала запрашэнні старшыням Цэнтральных выбарчых камісій краін СНД і іх дэлегацыям для ўдзелу ў назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі ў 2025 годзе, — канкрэтызаваў Ігар Карпенка. — Гэта выбарчыя камісіі, з якімі ЦВК Беларусі актыўна працуе ў рамках Кансультатыўнага савета кіраўнікоў выбарчых органаў краін СНД, у якім Беларусь цяпер старшынствуе. У перыяд іх удзелу ў назіранні мы плануем правесці чарговае пасяджэнне Кансультатыўнага савета кіраўнікоў выбарчых органаў».
Акрамя таго, для назірання за выбарамі плануецца запрасіць місіі СНД, ШАС, іншых міжнародных арганізацый. Таксама будзе разгледжана магчымасць запрашэння назіральнікаў ад шэрагу такіх міжнародных арганізацый, як Арганізацыя ісламскага супрацоўніцтва, Арганізацыя цюркскіх дзяржаў, Рух недалучэння, Ліга арабскіх дзяржаў, Панафрыканскі парламент. МЗС і ЦВК таксама даручана прапрацаваць пытанне запрашэння прадстаўнікоў іншых міжнародных структур.
«Любая выбарчая кампанія — гэта справа дзяржаўнай важнасці, — рэзюмуючы, падкрэсліў Ігар Карпенка. — І ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, у кожнага органа дзяржаўнай улады, у кожнага суб’екта ёсць свае паўнамоцтвы. Наша задача — адзінападобна прымяняць выбарчае заканадаўства».
У мясцовых органаў улады, праваахоўнікаў, па яго словах, — свае функцыі: добраўпарадкаванне месцаў галасавання, забеспячэння правапарадку і г. д. «Гэта комплексныя пытанні для таго, каб мы выбары правялі арганізавана, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, стварылі ўсе ўмовы для таго, каб нашы грамадзяне маглі прыйсці свабодна на ўчасткі (хто датэрмінова, хто ў асноўны дзень галасавання) і ажыццявіць сваё волевыяўленне», — падкрэсліў ён.
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.