Вы тут

Лукашэнка: Мы людзі абавязковыя. І калі дамаўляемся, свае абавязацельствы выконваем


Вітаючы дэлегацыюТульскай вобласці і яе кіраўніка ў Беларусі, Прэзідэнт павіншаваў Дзмітрыя Міляева з выбраннем на гэтую, па яго словах, вельмі высокую і адказную пасаду (датэрміновыя выбары губернатара Тульскай вобласці адбыліся ў верасні 2024 года). Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтая паездка губернатара Тульскай вобласці ў Беларусь з’яўляецца адным з першых крокаў на новай пасадзе. У сувязі з гэтым беларускі лідар выказаў сваё пажаданне, каб яна была вельмі выніковай.


Апошні раз Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з дэлегацыяй Тульскай вобласці ў Мінску больш за дзесяць гадоў таму. За гэты час, па словах кіраўніка дзяржавы, Беларусь і гэты расійскі рэгіён сур’ёзна крочылі наперад у плане супрацоўніцтва.

«Двухбаковы тавараабарот за мінулыя два гады, нягледзячы ні на якія цяжкасці, а, можа, дзякуючы гэтым цяжкасцям, дасягнуў паказчыка ў паўмільярда долараў, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Гэта даволі вялікія аб’ёмы, улічваючы тое, што за 9 месяцаў бягучага года мы дадалі 37 % — каласальны рост. Таму мільярд долараў — планка не такая ўжо і высокая сёння для нас».

«Пацвярджаем гатоўнасць да далейшага пашырэння супрацоўніцтва з прамысловымі прадпрыемствамі»

Аляксандр Лукашэнка засяродзіў увагу на шэрагу кірункаў, па якіх Беларусь і Тульская вобласць могуць паглыбіць супрацоўніцтва. 

Першы — вытворчая кааперацыя. «Акрамя чыстага прыбытку, трансферу тэхналогій, укаранення інавацый і забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту, яна вядзе да стварэння новых працоўных месцаў як у нашай краіне, так і ў вашым рэгіёне», — адзначыў Прэзідэнт. Пры гэтым ён заўважыў, што новыя працоўныя месцы будуць са знакам якасці. 

Адпаведны вопыт, як нагадаў беларускі лідар, ужо ёсць: у частцы вытворчасці спецтэхнікі рэалізуецца праект паміж Мінскім аўтамабільным заводам і аб’яднаннем «СПЛАВ». «Цікавасць да кааперацыі з беларускімі партнёрамі, у тым ліку па закупках металаканструкцый, праяўляе „Тулажелдормаш“, а да прадукцыі гэтага тульскага прадпрыемства — наша Беларуская чыгунка, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Мы таксама пацвярджаем сваю гатоўнасць да далейшага пашырэння супрацоўніцтва з прамысловымі прадпрыемствамі вобласці, якія вырабляюць спецыяльную прадукцыю, — тую, чым вы славіцеся ва ўсім свеце».

Другі — пастаўкі беларускай тэхнікі. Прэзідэнт праінфармаваны, што тульскай дэлегацыяй запланавана наведванне Мінскага аўтамабільнага завода. «Упэўнены, тэхніка МАЗ у вас знойдзе шырокае прымяненне, вы яе ведаеце», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт пацвердзіў гатоўнасць удзельнічаць у праектах па мадэрнізацыі парка пасажырскай тэхнікі ў гэтым расійскім рэгіёне. «Перспектыўнай бачыцца рэалізацыя ў вашай вобласці пілотнага праекта па запуску электробусаў і будаўніцтве зарадных станцый, — дадаў ён. — У Беларусі пэўны вопыт ужо ёсць». Аляксандр Лукашэнка прапанаваў паглядзець, як гэта працуе на практыцы. 

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што, наведваючы ў мінулым годзе выставу «Белагра-2023», тульская дэлегацыя магла азнаёміцца з патэнцыялам беларускай сельскай гаспадаркі, пераканацца ў якасці нашай тэхнікі. «У гэтай сферы нам з вамі адназначна ёсць куды прырастаць (у 2023 годзе прададзена ўсяго 58 адзінак трактароў МТЗ), — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Яны сёння вельмі патрэбны ў любой галіне, як і ў Беларусі. У гэтым кірунку можам з вамі пасупрацоўнічаць». 

«Акажам пры неабходнасці садзейнічанне ў падрыхтоўцы прафесійных кадраў»

Трэці — навуковае супрацоўніцтва, якое, па словах Прэзідэнта, можа стаць вельмі перспектыўнай тэмай узаемных інтарэсаў. «У частцы распрацоўкі і вытворчасці хімічных кампанентаў, кампазітных матэрыялаў можам прапанаваць як узаемадзеянне з Інстытутам хіміі новых матэрыялаў Акадэміі навук Беларусі, так і кааперацыйныя адносіны з прадпрыемствам „Пеленг“, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Акажам пры неабходнасці садзейнічанне ў падрыхтоўцы прафесійных кадраў для гэтай галіны, калі ў вас да гэтага будзе цікавасць».

Чацвёрты — сельская гаспадарка. Прэзідэнт прапанаваў нарошчваць аб’ёмы паставак у Тульскую вобласць беларускіх прадуктаў харчавання, сельскагаспадарчай сыравіны. «Наша найноўшая тэхналагічная вытворчасць — „Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя“ — прапануе высакаякасныя камбікармы, прэміксы і амінакіслоты, — дадаў ён. — Прадпрыемства „Белнасенне“ валодае неабходнымі рэсурсамі элітнага насення беларускай селекцыі». 

Айчынныя прадпрыемствы, як звярнуў увагу беларускі лідар, гатовы ўдзельнічаць і ў праектаванні і будаўніцтве жывёлагадоўчых комплексаў, прытым пад ключ.

Пяты — будаўніцтва. Прэзідэнт праінфармаваў, што нашы спецыялісты будуюць шматкватэрныя жылыя дамы ў Калузе, Варонежы, іншых рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. У гэтым плане Беларусь гатова супрацоўнічаць і з Тульскай вобласцю. 

Шосты — сфера жыллёва-камунальнай гаспадаркі, вопытам работы ў якой Беларусь таксама гатова падзяліцца, уключаючы пытанні водаачысткі, водаадвядзення.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ён агучыў толькі невялікае кола перспектыўных кірункаў супрацоўніцтва з Тульскай вобласцю, якое, па яго словах, не абмяжоўваецца абазначанымі тэмамі. Ён заўважыў, што падчас перагавораў ва ўрадзе з’явяцца новыя кірункі супрацоўніцтва і пытанні, якія зацікавяць абодва бакі. 

У сваю чаргу, Аляксандр Лукашэнка гарантаваў: тое, аб чым з Беларуссю дамовіцца Тульская вобласць, будзе выканана. «Мы людзі абавязковыя, — падкрэсліў Прэзідэнт. — І калі дамаўляемся, свае абавязацельствы выконваем». 

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што, маючы на ўвазе і наша стратэгічнае развіццё, апора робіцца на дзяржаўныя мерапрыемствы. «Вы разумееце, што дзяржаўныя прадпрыемствы падвяргаюцца яшчэ больш жорсткаму кантролю, — удакладніў ён. — І калі з дзяржпрадпрыемствам дамовіўся, то ўжо можна не турбавацца за нейкія гарантыі. Словам, паглядзіце. Калі вам нешта спадабаецца, мы гатовы адгукнуцца і дапамагаць нашай Тульскай вобласці». 

У сваю чаргу, губернатар Тульскай вобласці Дзмітрый Міляеў адзначыў, што дэлегацыя гэтага расійскага рэгіёна прыязджае ў Беларусь рэгулярна. «Знешнеэканамічныя і культурныя сувязі нашага рэгіёна з Рэспублікай Беларусь вылічаюцца дзесяцігоддзямі, — падкрэсліў ён. — Урад Тульскай вобласці працягвае працаваць па пошуку дастатковых інструментаў і схем узаемадеяння нашага рэгіёна з рэспублікай. З боку прадпрыемстваў Тульскай вобласці мы бачым цікавасць да беларускага рынку, якая расце. Гэта пацвярджаюць паказчыкі знешняга гандлю. Рухаемся ў гэтым кірунку дастаткова паступальна». 

Па словах губернатара, Тульская вобласць традыцыйна пастаўляе ў Беларусь тавары металургічнай і хімічнай галін, прадукцыю харчовай прамысловасці. Ён заўважыў, што развіваецца кааперацыя і ў сферы машынабудавання. «У рамках гэтага візіту разам з намі ў фармаце бізнес-місіі працуе 34 тульскія кампаніі з самых розных сфер эканомікі: пачынаючы з харчовай прамысловасці, заканчваючы чыгуначнай тэхнікай, — канкрэтызаваў Дзмітрый Міляеў. — Вы ўжо ўзгадалі кампанію „Тулажелдормаш“, якая праяўляе цікавасць на сённяшні момант часу да супрацоўніцтва. Ёсць папярэднія дамоўленасці аб пастаўцы пуцявой чыгуначнай тэхнікі для патрэб Беларускай чыгункі Рэспублікі Беларусь. Іншыя кампаніі таксама вядуць актыўныя перагаворы з беларускімі калегамі». 

Пасля сустрэчы з беларускім лідарам дэлегацыя Тульскай вобласці наведала Мінскі аўтамабільны завод. Таксама на парадку дня — перагаворы з намеснікам прэм’ер-міністра Віктарам Каранкевічам, валейбольны матч паміж камандамі «Мінчанка» і «Туліца». Запланавана, што ў рамках візіту тульская дэлегацыя пабывае і ў Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

У тэму

Як паведаміў у размове з журналістамі губернатар Тульскай вобласці Дзмітрый Міляеў, супрацоўніцтва рэгіёна з Беларуссю паступова развіваецца, рухаецца наперад. Гэта, у прыватнасці, датычыцца такіх кірункаў, як хімія, машынабудаванне, металургія, абаронна-прамысловага комплексу. Што датычыцца ўзаемных інтарэсаў у сферы абаронна-прамысловага комплексу, то найперш, па словах губернатара, яны звязаны з развіццём вытворчай кааперацыі. «Шэраг дамоўленасцяў ужо дасягнута, мы ў гэтым кірунку, безумоўна, будзем рухацца наперад», — дадаў ён. 

Нядрэнныя паказчыкі, па словах кіраўніка рэгіёна, і ў харчовым сектары. «У нас расце тавараабарот, вельмі станоўчая дынаміка», — падкрэсліў ён. Дзмітрый Міляеў расказаў, што ў дэлегацыю Тульскай вобласці ўваходзяць прадстаўнікі 34 бізнес-місій, члены ўрада, якія курыруюць пытанні эканомікі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гармадскага транспарту. «Тыя самыя галіны, дзе ў нас наладжана нядрэннае супрацоўніцтва сёння, і там, дзе сапраўды ёсць рэальны патэнцыял, каб гэтае супрацоўніцтва яшчэ больш развіваць і пашыраць», — рэзюмаваў ён.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.