Сумесны беларуска-кітайскі цэнтр па супрацоўніцтве ў галіне геалагічных навук пры Навукова-даследчым цэнтры Кітай-ШАС па супрацоўніцтве ў галіне геалагічных навук адкрыўся сёння ў Навукова-вытворчым цэнтры па геалогіі. У цырымоніі ўзялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь Чжан ВЭНЬЧУАНЬ, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей МАСЛЯК, прадстаўнікі Сіаньскага геалагічнага цэнтра Кітайскай геалагічнай службы і Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі.
Як адзначыў падчас урачыстага мерапрыемства кіраўнік прыродаахоўнага ведамства Сяргей МАСЛЯК, першым крокам да з’яўлення цэнтра стала падпісанне ў верасні 2023 года Мемарандума аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве ў галіне геалогіі паміж Навукова-вытворчым цэнтрам па геалогіі (НПЦ па геалогіі) і Кітайскай геалагічнай службай Міністэрства прыродных рэсурсаў Кітайскай Народнай Рэспублікі. У жніўні гэтага года, падчас візіту ў Беларусь Прэм’ера Дзяржаўнага савета Кітая Лі Цяна, быў рэалізаваны наступны этап — заключана Пагадненне аб дзейнасці Сумеснага беларуска-кітайскага цэнтра па супрацоўніцтве ў галіне геалагічных навук пры Навукова-даследчым цэнтры Кітай-ШАС паміж НПЦ па геалогіі і Сіаньскім цэнтрам Кітайскай геалагічнай службы.
— Сумесны беларуска-кітайскі цэнтр стане пляцоўкай для развіцця навукова-тэхнічнага патэнцыялу, — адзначыў Сяргей МАСЛЯК. — Пры фарміраванні любога напрамку важныя людзі і тэхналогіі. Вялікая роля ў гэтым узаемадзеянні належыць КНР з яе вопытам і ведамі.
— Супрацоўніцтва ў галіне геалогіі — адзін з галоўных напрамкаў дарожнай карты КНР і Беларусі. Я ўпэўнены, што ў далейшым наш цэнтр будзе іграць важную ролю не толькі для Кітая і Беларусі, але і для краін — удзельніц ШАС, — падкрэсліў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь ЧЖАН ВЭНЬЧУАНЬ.
У ходзе адкрыцця быў падпісаны План работы Сумеснага беларуска-кітайскага цэнтра на 2024–2025 гады. Ён уключае шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ўстанаўленне цесных кантактаў паміж спецыялістамі па розных напрамках, абмен інфармацыяй аб метадах навуковых даследаванняў, прыборах і абсталяванні, праграмным забеспячэнні, тэхналогіях геолагаразведачных работ, што выкарыстоўваюцца беларускім і кітайскім бакамі. Узаемадзеянне паміж спецылістамі будзе ажыццяўляцца ў фармаце ўзаемных візітаў, анлайн-сустрэч, семінараў, лекцый. Таксама быў зацверджаны склад Савета кіравання Сумеснага беларуска-кітайскага цэнтра.
Напрыканцы мерапрыемства адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання членаў Нацыянальнай каманды «Юныя геолагі Рэспублікі Беларусь» — удзельнікаў адкрытых палявых алімпіяд па геалогіі ў Татарстане і Казахстане. Таленавітыя юнакі і дзяўчыны атрымалі Падзякі міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і памятныя падарункі.
Александрына ПАРШЫНА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.