Ілья Ікан, які дагэтуль узначальваў ААТ «Полацк-Шкловалакно», заняў пасаду старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі. Яго папярэднік, Андрэй Рыбакоў, прызначаны генеральным дырэктарам ААТ «Беларуськалій».
«Гэта дарагая прадукцыя, і за яе трэба плаціць адпаведныя сродкі»
Перад прызначэннем Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, у чым прычына такой кадравай ратацыі. Па словах Дзмітрыя Крутога, «Беларуськалій» з’яўляецца найважнейшым прадпрыемствам краіны, якое, на думку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, павінен узначаліць чалавек з пэўным вопытам. «Фактычна канцэрн „Белнафтахім“ — самае санкцыйнае міністэрства ў нашай краіне, — патлумачыў Дзмітрый Крутой. — Дзясяткі прадпрыемстваў канцэрна знаходзяцца пад санкцыямі». А як працаваць у такіх умовах, па словах кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, у Андрэя Рыбакова ёсць вопыт.
«Ён сам туды пагадзіўся або вы настойліва з прэм’ер-міністрам яго запіхваеце туды?», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
«Ён сам туды пагадзіўся ісці кіраўніком», — канстатаваў Дзмітрый Крутой.
Па даручэнні кіраўніка дзяржавы, Андрэй Рыбакоў на працягу двух гадоў курыруе «Беларуськалій». Па яго словах, калій сёння з’яўляецца адным з найважнейшых рэсурсаў нашай краіны. «За два гады шмат зроблена, але трэба будзе яшчэ многае зрабіць», — адзначыў ён.
Прэзідэнт папярэдзіў: на прадпрыемстве лёгка не будзе. «Гэта калектыў вялізны, горадаўтваральнае прадпрыемства, — канкрэтызаваў ён. — Ды што там казаць горадаўтваральнае, —дзяржаваўтваральнае прадпрыемства, найважнейшае. Праблем там назапасілася нямала, якія трэба вырашаць. І ты з такім спакойным характарам туды трапіш, дзе трэба і жорсткія прымаць рашэнні».
Андрэй Рыбакоў запэўніў, што характар у яго не заўсёды спакойны, і яго рашэнне — узначаліць прадпрыемства — цалкам усвядомленае.
Кіраўнік дзяржавы паведаміў: ён адчуваў, што ў папярэдняга гендырэктара «Беларуськалія» Івана Галаватага будзе заканчвацца кантракт, а таму прыйдзецца падбіраць чалавека. Нягледзячы на тое, што Андрэю Рыбакову было даручана курыраваць прадпрыемства, Прэзідэнт тады не думаў аб тым, што менавіта ён праз пэўны час будзе працаваць на «Беларуськаліі» кіраўніком.
Кажучы аб папярэднім гендырэктары прадпрыемства, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Іван Галаваты — чалавек не чужы і не трэба яго «выкідаць». «Калі ён будзе патрэбен цяперашняму кіраўніку па пэўных пытаннях, не саромейцеся прыцягваць яго, — параіў Прэзідэнт і паставіў задачу ўнесці прапановы па яго далейшай рабоце. — Пры ўсіх недахопах Івана Галаватага, вопыт у яго каласальны, веды ў яго вялізныя. Нельга траціць такія кадры. Ну і потым, па вялікім рахунку, мы не можам яму прад’явіць пэўныя прэтэнзіі, што ён дзесьці быў дрэнны або недапрацоўваў. Ён заўсёды быў самастойным чалавекам, займаў самастойную пазіцыю. Не без памылак, усялякае было. Але надзейных, сваіх людзей крыўдзіць нельга».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ведае Андрэя Рыбакова як удумлівага чалавека, які сур’ёзна ўнікае ў праблему, калі яна існуе. «Таму не стаўлю задачы, — адзначыў Прэзідэнт. — Ведаю, што і выдаткі там прыстойныя, трэба іх паніжаць. Упэўнены, ты ведаеш, як панізіць і дабаўленую вартасць, у тым ліку і на аднаго супрацоўніка трэба падымаць да сусветнага ўзроўню. І трэба ў падведамасных арганізацыях наводзіць парадак так, каб яны працавалі, а не бегалі за кіраўніком „Беларуськалія“ і прасілі грошай, асабліва ў аграрнай сферы. Усё-такі мы прыстойна нагрузілі „Беларуськалій“ гэтымі прадпрыемствамі».
Аляксандр Лукашэнка паставіў новаму кіраўніку «Беларуськалія» задачу прапрацаваць пытанне здабычы калію з партнёрамі, асабліва з расіянамі. «Такіх цэн увогуле я не памятаю ў гісторыі, — адзначыў ён. — Вельмі нізкія цэны на калійныя ўгнаенні, хаця работа шахцёраў няпростая. Можа быць, нам з расіянамі перагаварыць, параіцца і працэнтаў на 10, можа, на 11, знізіць дабычу калійных угнаенняў. Знізіўшы дабычу, не тое, што дэфіцыт на рынку з’явіцца, а ўсе зразумеюць, што гэта дарагая прадукцыя і за яе трэба плаціць адпаведныя сродкі. Ну чаго за бясцэнак, амаль па сабекошце, а то і ніжэй часам, прадаваць гэты прадукт?»
Аднак да прыняцця падобнага рашэння кіраўнік дзяржавы заклікаў падыходзіць узважана. «Галоўнае, каб не пацярпелі людзі, своечасова плацілі заработную плату і гэтак далей», — звярнуў увагу беларускі лідар.
Кажучы аб новым кіраўніку «Белнафтахіма», Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што яго падкупае той факт, што дагэтуль Ілья Ікан ужо працаваў у канцэрне. Прэзідэнт разлічвае на тое, Андрэй Рыбакоў дапаможа новаму кіраўніку канцэрна ўвайсці ў курс спраў. «Хаця, сумняваюся, што ты не ў курсе справы, але хацелася б, каб у вас захаваліся такія дзелавыя чалавечыя адносіны ў імя дзяржавы і ў нас „Белнафтахім“ не праваліўся», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што, нават нягледзячы на санкцыі, «Белнафтахім» працуе якасна і з’яўляецца прыстойным канкурэнтам на сусветных рынках. «Заходнікі спрабавалі задушыць „Белнафтахім“, але дзякуючы калектыву, які ёсць у „Белнафтахіме“, удалося ўсё-такі захаваць работу на належным узроўні нашай нафтахімічнай галіны, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Але рэнтабельнасць невысокая. На рэнтабельнасць трэба выходзіць. За кошт экспарту перш за ўсё. І скончыце інвестыцыйныя праекты. Там невялікая работа засталася па асобных кірунках, але трэба іх скончыць».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вельмі часта ідуць размовы аб інвестыцыях. «Шукаем, куды ўкласці сродкі, — канкрэтызаваў ён. — Паслухайце, трэба ўкладваць у тыя школы, тыя кампетэнцыі, якія мы сёння маем».
У гэтай сувязі Прэзідэнт прывёў у прыклад прадпрыемства «Полацк-Шкловалакно», якое дагэтуль узначальваў Ілья Ікан. «Я ўпэўнены, што вы лепш, чым хто-небудзь, ведаеце, якое яшчэ валакно нам трэба вырабіць, каб імпартазамяшчэннем займацца і добра выйсці на рынак, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Калі мы перапрацоўваем нафту, мы ведаем, у які бок паглыбляцца, якія прадукты нам варта атрымаць. Я ведаю, што малатанажная хімія да 2030 года — 40 новых відаў прадукцыі трэба вырабіць. Вось трэба ўкладваць туды, што мы ўмеем рабіць. У нас вельмі шмат такіх кірункаў: і ў сферы грамадзянскай, і ў сферы ваеннай прамысловасці. Гэта найважнейшы кірунак».
Такога ж падыходу, па меркаванні кіраўніка дзяржавы, варта прытрымлівацца і «Беларуськалію». «Яны там блакіруюць пастаўкі калійных угнаенняў і іншае, але ў мяне мора запытаў ад (не буду называць гэтыя дзяржавы), якія кажуць: «Давайце разам зробім і будзем прадаваць комплексныя ўгнаенні, змешаныя ўгнаенні, — праінфармаваў беларускі лідар. — Трэба на гэта ісці. Попыт велізарнейшы, бо на харчаванне заўсёды будзе попыт вялікі. А без мінеральных угнаенняў якое харчаванне? Яго няма. Таму трэба, Андрэй (Рыбакоў, гендырэктар ААТ „Беларуськалій“. — „Зв“.), я ведаю, у цябе гэтая струнка ёсць у характары, выходзіць на дзяржавы, з якімі мы можам вырабляць гэтыя ўгнаенні».
Па меркаванні Прэзідэнта, і на самім прадпрыемстве можна дапрацоўваць гэтыя ўгнаенні для таго, каб даражэй прадаваць. «Ну і самае галоўнае (я сустракаюся цяпер часта з аграрыямі), трэба быць гатовымі да таго, каб на ўнутраным рынку прадаваць мінеральныя ўгнаенні, асабліва калійныя ўгнаенні, ды і іншыя (фосфарныя мы вырабляем, азотныя ўгнаенні) блізка да сабекошту», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.
Ён паведаміў, што ўрад мае намеры прадаваць айчынным аграрыям мінеральныя ўгнаенні па сабекошце. «Ну дык давайце праз прадукты харчавання прададзім іх на рынку, — прапанаваў беларускі лідар. — Па прадуктах харчавання — шалёны попыт, вы гэта бачыце. І ў суседняй дзяржаве, на суседнім рынку, і Кітай сёння гатовы спажываць ды і іншыя. Давайце, нарэшце, унясём дастатковую колькасць угнаенняў мінеральных у сельскую гаспадарку, каб атрымаць большы ўраджай у раслінаводстве, а адпаведна, у жывёлагадоўлі атрымаць больш малака і мяса і прадаць іх».
Прэзідэнт даручыў ураду прапрацаваць гэтыя пытанні. «Але не нацэльвацца на тое, што „Белнафтахім“ або „Гроднаазот“ або гомельскі завод па фосфары прададуць з вялікай рэнтабельнасцю, на гэтым атрымаюць добры прыбытак на ўнутраным рынку, — канкрэтызаваў пастаўленую задачу Аляксандр Лукашэнка. — Ад гэтага трэба адысці. Трэба зарабляць, як бы не было складана, на знешніх рынках. Мы ўжо намацалі, як працаваць. Ну не хоча Еўропа з намі працаваць — Гасподзь з імі. Трэба актыўней прабівацца на знешнія рынкі».
Па словах кіраўніка дзяржавы, выканаўцам гэтых даручэнняў павінна быць і Міністэрства замежных спраў. «Яно павінны дапамагаць нашым экспартаарыентаваным прадпрыемствам і міністэрствам — гэта наша найгалоўнейшая задача», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што невыпадкова не ставіць канкрэтных задач прызначэнцам — яны, па яго словах, іх добра ведаюць. «Я вельмі на вас спадзяюся. Калі патрэбна будзе нейкая дапамога, падтрымка або вы ўбачыце пэўныя вузкія месцы, кажыце», — звяртаючыся да новых кіраўнікоў «Беларуськалія» і «Белнафтахіма», — адзначыў беларускі лідар.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА.
Як паведаміў у размове з журналістамі старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ілья ІКАН, кіраўнік дзяржавы вельмі пагружаны ў задачы, якія выконвае канцэрн, і вынікі, якія дасягнуты. «Вядома, адна з асноўных задач — гэта тыя вынікі і тыя ўмовы, у якіх працуе канцэрн, і тыя дасягненні, перш за ўсё захаваць у сённяшніх дастаткова складаных умовах», — праінфармаваў ён.
Ілья Ікан праінфармаваў, што вялікая ўвага будзе ўдзелена аднаўленню тых рынкаў, якія сёння па пэўных прычынах маюць складанасці з рэалізацыяй і прасоўваннем прадукцыі. Што датычыцца ўнутранага рынку, стаіць задача — знізіць выдаткі і сфарміраваць кошты адпаведнага ўзроўню на ўвесь пералік прадукцыі, якую выпускае канцэрн. У планах — развіццё па ўсіх кірунках.
«Інвестыцыі — гэта найважнейшая тэма, якая дазваляе, з аднаго боку, у перспектыве мець канкурэнтны прадукт, а з другога боку, накіраваны на зніжэнне тых жа выдаткаў», — канкрэтызаваў перспектыўны напрамак дзейнасці старшыня канцэрна «Белнафтахім». Па яго словах, ад выканання гэтых комплексных задач будзе залежыць развіццё галіны, за якую Ілью Ікана прызначылі адказным.
Генеральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Андрэй РЫБАКОЎ назваў калій беларускім багаццем. Па яго словах, найгалоўнейшая задача — самым эфектыўным спосабам рэалізоўваць яго на знешніх рынках, забяспечваючы харчовую бяспеку краіны. «А на ўнутраным рынку, безумоўна, — узважана падыходзіць да патрэб нашай сельскай гаспадаркі для таго, каб выходзіць на знешнія рынкі ўжо не праз мінеральныя ўгнаенні, а прадукцыю сельскай гаспадаркі, памнажаючы яе і, адпаведна, памнажаючы экспартную выручку нашай краіны», — канкрэтызаваў даручэнне Прэзідэнта гендырэктар прадпрыемства.
Пры гэтым Андрэй Рыбакоў адзначыў, што «Беларуськалій» будзе працягваць займацца тым жа, чым і займаўся дагэтуль. «Гэта разведка новых месцанараджэнняў, пашырэнне сваіх магутнасцяў, — удакладніў ён. — Падкрэслю: не толькі захаванне, а менавіта пашырэнне магутнасцяў для таго, каб сваю прысутнасць на сусветным рынку павялічваць з кожным годам. У планах — шэраг праектаў шматлікай скіраванасці: ад сельскай гаспадаркі да асобны інвестыцыйных праектаў больш глыбокай перапрацоўкі. Таму задачы стаяць вялікія. Калектыў, упэўнены, справіцца з імі».
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.