У рамках ХХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» у сталічным кінатэатры «Перамога» (які сёлета набыў новае аблічча пасля рэканструкцыі) прайшоў Дзень кітайскага кіно.
У Беларусь прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя з Кітая, у яе складзе — прадстаўнікі з Нацыянальнай адміністрацыі па справах кінематографа, кіраўнікі буйных устаноў і кампаній, а таксама акцёры, рэжысёры і прадзюсары фільмаў. Сярод іх — крымінальная драма «Бясконцае падарожжа», драма «Сям’я, якая саджае зоркі», камедыя «Жывеш толькі аднойчы», а таксама камедыйны баявік «Кунг-фу жарабец». Тры карціны будуць прадэманстраваны ў кінатэатры «Перамога» арыгінале з рускімі субтытрамі, а адна — з рускай агучкай.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Нацыянальнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі Кітая, Пасольства КНР у Беларусі і Міністэрства культуры Беларусі, а выканаўцамі — Кітайскі культурны цэнтр у Мінску і Кітайскі нацыянальны кінаархіў. Як адзначыў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Дня кітайскага кіно намеснік дырэктара Дзяржаўнага кінематаграфічнага ўпраўлення КНР Маа Юй, Кітай і Беларусь маюць даўнія традыцыі ў кіно, у апошнія гады паміж кінаіндустрыямі дзвюх краін адбываецца актыўны абмен.
— Кітай вітае паказ новых беларускіх фільмаў у КНР і запрашае беларускіх кінематаграфістаў прыехаць у Кітай для ўдзелу ў розных мерапрыемствах, накіраваных на далейшае развіццё абменаў і супрацоўніцтва ў сферы кіно паміж дзвюма краінамі, — падкрэсліў Маа Юй. — Такім чынам кінематограф становіцца акном для паляпшэння паразумення паміж двума народамі.
Кітайскіх гасцей Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» шчыра вітаў першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада. Ён падкрэсліў, што прысутнічнасць высокай творчай дэлегацыі КНР сведчыць аб павазе да форуму і да нашай краіны. Між тым, «Лістапад» пакарае новыя вяршыні.
— Мы пабілі леташні рэкорд — сёлета на кінафестываль пададзена 3405 заявак са 124 краін свету, — адзначыў Валерый Грамада. — І, безумоўна, заўсёды з нецярпеннем і цікавасцю чакаем работ кітайскіх кінематаграфістаў, якія штогод удзельнічаюць у нашым фестывалі і дастойна прадстаўляюць праз фільмы культуру і традыцыі свайго народа. Беларусь і Кітай заўсёды накіраваны на ўмацаванне дружбы паміж нашымі народамі, гэта ўзаемадзеянне асабліва актыўна развіваецца ў апошнія гады. У першую чаргу дзякуючы даверным адносінам паміж кіраўнікамі нашых дзяржаў Аляксандрам Лукашэнкам і Сі Цзіньпінам.
У канцы гэтага года будзе афіцыйна прадстаўлены першы фільм сумеснай вытворчасці Кітая і Беларусі «На вякі вечныя», што стане новай вяхой у культурным абмене паміж дзвюма краінамі. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэньчуань. Дыпламат звярнуў увагу, што многія беларускія фільмы, такія як «Тум-Пабі-Дум», «Салодкае развітанне Веры», былі паказаны ў Кітаі.
Ён таксама адзначыў, што такога кшталту мерапрыемствы, як Фестываль кітайскага кіно, Тыдні кітайскага кіно і Дні кітайскага кіно таксама папулярныя сярод беларускіх гледачоў. А ўдзел кітайскіх фільмаў у кінафестывалі «Лістапад» ужо стаў добрай традыцыяй. Кіно — гэта мост, які дазваляе нам паглыбіць сяброўства праз паразуменне, адзначыў кіраўнік дыпламатычнай місіі.
— З таго часу, як у 1905 годзе быў зняты першы кітайскі фільм «Бітва пры Дзінцзюньшане», кітайскі кінематограф зведаў амаль 120 гадоў развіцця і эвалюцыі і быў глыбока інтэграваны ў жыццё простых людзей. Чаму мы, звычайныя гледачы, так любім глядзець фільмы? У кожнага чалавека, мусіць, ёсць свой адказ на гэтае пытанне. Фільмы могуць дапамагчы нам адчуць прыгожае, адчуць тую лёгкасць, якая так цяжка дасягальная ў нашым сучасным жыцці з яе хуткім тэмпам. Кіно можа перанесці нас у тыя месцы, куды мы не можам патрапіць. З фільмамі мы можам убачыць усю разнастайнасць свету. Кіно можа даць нам магчымасць перажыць розныя жыццёвыя станы, адчуць пачуцці радасці і смутку. Фільмы натхняюць нас спасцігаць сэнс жыцця, разважаць пра лёс чалавека і чэрпаць больш мудрасці і сілы, — лічыць Чжан Вэньчуань. — Кінематограф заўсёды з намі. У мінулым годзе агульны аб’ём касавых збораў кітайскіх фільмаў дасягнуў амаль 55 мільярдаў юаняў, трывала заняўшы другое месца на сусветным кінарынку. У той жа час усё больш і больш выдатных кітайскіх кіна- і тэлевізійных работ дэманструюцца за мяжой, яны становяцца акном для шырокай замежнай аўдыторыі, у тым ліку беларусаў — да сапраўднага, шматмернага і ўсёабдымнага разумення Кітая.
Як падкрэсліў кітайскі дыпламат, беларускі кінематограф з’яўляецца яскравай часткай гісторыі савецкага кінематографа:
— Савецкія фільмы вядомыя ва ўсім свеце і аказалі ўплыў на цэлае пакаленне кітайцаў. Фільм «Ленін у 1918» годзе казаў нам: «Будзе хлеб, будзе малако, будзе ўсё». Карціна «А світанні тут ціхія» дае нам адчуць усю жорсткасць вайны і каштоўнасць міру. А песня «Кацюша», якая з’яўляецца музычным суправаджэннем фільма, шырока любімая, яе часта выконваюць у Кітаі. «Службовы раман», «Вакзал для дваіх», «Іронія лёсу, або З лёгкай парай!» непасрэдна закранаюць самую сутнасць жыцця. Вядомая цытата «У сорак гадоў жыццё толькі пачынаецца» з фільма «Масква слязам не верыць» натхніла многіх людзей.
Пасол КНР у Беларусі звярнуў увагу, што сёлета беларускі кінематограф адзначае свой стогадовы юбілей. Ён адзначыў, што за мінулае стагоддзе кінастудыя «Беларусьфільм» стварыла такія шэдэўры класічнага кінематографа, як «Людзі на балоце», «Белыя росы», «Падрыў», «Па той бок», «Час вярнуцца», і працягвае рухацца наперад да новых бліскучых поспехаў.
— Разнастайнасць цывілізацый спараджае іх узаемадзеянне. Узаемадзеянне вядзе да ўзаеманавучання, а ўзаеманавучанне прыносіць развіццё. У сакавіку мінулага года Старшыня Сі Цзіньпін вылучыў ініцыятыву глабальнай цывілізацыі, падкрэсліўшы неабходнасць сумесна выступаць за павагу разнастайнасці сусветных цывілізацый, развіццё агульначалавечых каштоўнасцяў, адстойваць важнасць культурнай спадчыны і інавацый, а таксама выступаць за ўмацаванне міжнародных гуманітарных абменаў і супрацоўніцтва. Кінематограф як міжкультурнае асяроддзе мае вялікае значэнне для рэалізацыі ініцыятывы глабальнай цывілізацыі, — падкрэсліў Чжан Вэньчуань. — Упэўнены, што кітайска-беларускія абмены і супрацоўніцтва ў галіне кінематографа напоўняць пазітыўнай энергіяй умацаванне ўзаемаразумення і дружбы паміж двума народамі, будуць садзейнічаць культурным абменам і ўзаемнаму навучанню паміж дзвюма краінамі, рэалізацыі ініцыятывы глабальнай цывілізацыі і пабудове супольнасці адзінага лёсу чалавецтва. У апошнія гады кітайска-беларускія адносіны ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства захоўваюць дынаміку паскоранага развіцця. Супрацоўніцтва ў розных галінах бесперапынна ўмацоўваецца. Паміж Кітаем і Беларуссю склалася добрая традыцыя і глыбокая гісторыя развіцця супрацоўніцтва і абменаў у кінаіндустрыі. З дапамогай кінематографа кітайцы і беларусы працягваюць пашыраць сваё разуменне аб грамадстве і культуры адзін аднаго.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся рэжысёр фільма «Бясконцае падарожжа» Дай Мо, а таксама галоўны акцёр гэтай карціны Чжан І: «У Мінску мы ўпершыню. Гэта спакойны, чысты і гарманічны горад. Тут добразычлівыя, адкрытыя людзі. А надвор’е вельмі падобнае да таго, якое ў нас на малой радзіме — у паўночна-заходнім Кітаі. Адчуваем сябе ў Беларусі вельмі камфортна. Спадзяемся, што наша карціна „Бясконцае падарожжа“ спадабаецца беларусам. Калі раходзілі міма кіназалы, то пачулі саўндтрэк з гэтага фільма, вельмі хацелася зайсці і паглядзець, якія ўражанні ён пакінуў у беларускага гледача. Бо наша галоўная мэта — атрымаць водгукі».
Госці расказалі, што ў іх кінаіндустрыя ў апошнія гады развіваецца вельмі імкліва, у гэтай сферы прадстаўляюцца вялікія магчымасці, кітайскія фільмы збіраюць вялікія касавыя зборы. Яны наведалі кінастудыю «Беларусьфільм» і ў далейшым спадзяюцца вярнуцца ў нашу краіну, каб здымаць кіно. «У вас вельмі прыгожа: восеньскія пейзажы — сапраўдныя карціны».
Пагадзіцеся, менавіта такім чынам і нараджаюцца выдатныя творчыя праекты. Што ж, шчыра запрашаем!
Мікалай ЛІТВІНАЎ
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.