Прэзідэнт прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўшанавання аграрыяў фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2024» у Мастах.
Найперш пры прылёце на гродзенскую зямлю кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў чыноўнікаў, якія праблемы на дадзены момант ёсць у рэгіёне. Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў расказаў аб падзяжы жывёлы, недастатковых тэмпах меліярацыі і шэрагу работ у палях. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праблемы агучаны вельмі дакладна, і заўважыў, што Гродзенская вобласць катастрафічна спазняецца з пад’ёмам зябліва.
«І яшчэ адна «хвароба», аб чым я папярэджваў губернатара, — гэта крайнія раёны па перыметры. — канкрэтызаваў ён. — Далёкія вашы раёны ашаламляльна адрозніваюцца. Трэба, каб культура земляробства была, як тут».
Акрамя таго, Прэзідэнт запатрабаваў прывесці ў парадак і рэкульваваць тыя землі, дзе раней распрацоўваліся кар’еры. Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на закінутыя прысядзібныя ўчасткі. З Гродзенскай вобласцю ў гэтым плане, па словах Прэзідэнта, трэба разбірацца: нават нягледзячы на тое, што гэтыя закінутыя прысядзібныя ўчасткі не горшыя, а часам лепшыя, чым ёсць у іншых абласцях. «Гэта вельмі сур’ёзныя недахопы. Я ж бачу ўсю краіну», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ужо адкрываючы ўрачыстасць, звязаную з ушанаваннем аграрыяў, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што да такога вялікага, добрага сялянскага свята, як Дажынкі, у яго асаблівае стаўленне. Па яго словах, гэта добрае і самае сапраўднае свята, якое стварыла само жыццё. «Гэта вынік каласальнай працы і радасць ад яе вынікаў, нагода аддаць заслужаную пахвалу рукам, якія вырошчваюць хлеб і пахнуць хлебам», — сказаў аб важнасці Дажынак Аляксандр Лукашэнка.
Гродзенская вобласць, дзе гэтым разам адзначаецца свята працаўнікоў вёскі, як звярнуў увагу Прэзідэнт, як у той прыказцы: па памеры самая маленькая, але ўдаленькая. «Адзін з лідараў айчыннага аграрна-прамысловага комплекса, культурны і духоўны цэнтр, захавальніца шэрагу аб’ектаў са спіса Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА», — кажучы аб рэгіёне, дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аднак усяго гэтага, як і самой вобласці, нагадаў Аляксандр Лукашэнка, магло і не быць. «Зямля і людзі тут шмат разоў станавіліся разменнай манетай у палітычных гульнях, — канстатаваў беларускі лідар. — Прыехаўшы сюды праз шмат гадоў, я павінен сказаць, што больш ніколі Гродзенская вобласць і нашы беларусы, якія жывуць тут (беларуская нацыя — і палякі, і яўрэі, і татары, украінцы, рускія), — ніколі не будуць разменнай манетай у палітыкаў. Але мы тады не трацілі веры, надзеі, нацыянальнай ідэнтычнасці і ўз’ядналіся ў адзінай Беларусі ў далёкім 1939-м годзе мінулага стагоддзя».
У 1990-я гады, па словах кіраўніка дзяржавы, гісторыя ледзь не паўтарылася, калі на Гродзеншчыне, як і ва ўсёй краіне, не было ні работы, ні перспектыў. «Тавары па талонах, бедныя пенсіі, і тыя тыднямі, а то і месяцамі затрымліваліся, — людзі трапілі ў найцяжэйшае становішча, — нагадаў нядаўняе мінулае Аляксандр Лукашэнка. — У рэгіёне выжывалі за кошт чаўночнага гандлю. Вазілі ў суседнія краіны гарэлку і цыгарэты. На фоне гэтага развалу зноў паспрабавалі разыграць тую самую карту пра «Крэсы ўсходнія». Але ў Беларусі мы не дазволілі ўзвысіць прадстаўнікоў адной нацыянальнасці над іншымі. І вы ў Гродна гэта добра ведаеце».
Прэзідэнт канстатаваў, што на Гродзеншчыне жывуць нашы беларусы, нашы ўкраінцы, нашы рускія, нашы яўрэі, нашы палякі, нашы прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцяў, якіх у краіне — паўтары сотні. Нездарма, па яго словах, менавіта ў шматнацыянальным Гродне праходзіць Фестываль нацыянальных культур. Форум, які стартаваў у 1996-м годзе, з’яўляецца аднагодкам «Дажынак». «На сваім нацыянальным падворку кожны гаспадар прыме любога госця з ветлівасцю і гонарам, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Прыемна глядзець на свята, якое вы праводзіце».
Пры гэтым беларускі лідар адзначыў, што мы ўсе розныя. «Часам абсалютна розныя, але мы — адзіны беларускі народ, — падкрэсліў ён. — Па праве зямлі, на якой разам жывём зараз і на якой будуць жыць нашы дзеці. І для гэтага мы зробім усё».
Як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, суверэнная Беларусь моцна стаіць на нагах. «Мы кардынальна змяніліся і шмат чаму навучыліся, — лічыць ён. — Увесь свет ведае: калі хочаш купіць смачнае і якаснае — шукай з пазнакай «зроблена ў Беларусі». Нам удалося ў гэты тэхнагенны век захаваць высокія стандарты натуральных прадуктаў. У свеце яны сталі не толькі брэндам, але ўжо — трэндам».
Прэзідэнт канстатаваў, што Гродзеншчына як адзін з аграрных лідараў паступальна рухаецца наперад па ўсіх напрамках. «Сабраныя ў гэтым годзе звыш 2,2 мільёна тон галоўнага беларускага золата — збожжавых, зернебабовых культур — уражваюць, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Традыцыйна вобласць выходзіць на першае месца па ўраджайнасці — амаль 55 цэнтнераў з гектара. Ашаламляльнае адрозненне ў параўнанні з 32 цэнтнерамі ў 1990-я гады. Амаль у два разы». Ëсць і такія гаспадаркі, якія перавалілі за сотню. Гэта сельгаспрадпрыемствы Гродзенскага раёна — імя У. І. Крамко, «Свіслач» і «Гродзенскі».
Па словах беларускага лідара, настаў час браць новыя рубяжы. «Устойліва выходзіць на 2,5 мільёна тон па намалотах, — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. — Для гэтага ў вобласці ёсць усё. Трэба дадаць крыху адказнасці і арганізаванасці».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на рэкордны ўраджай рапсу, дасягнуты вобласцю ў бягучым годзе. Валавы збор склаў 287 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 40 цэнтнераў з гектара. А 30 гадоў таму ўраджайнасць была ўсяго 6,5 цэнтнера з гектараў.
«Тады ў рапс ніхто не верыў, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка і нагадаў, як літаральна прымушаў высяваць гэтую культуру тых, хто не хацеў думаць стратэгічна. — Навукоўцаў заклікаў вывесці айчынныя азімыя сарты. І мы гэта зрабілі! Беларусь сёння асацыіруецца з бязмежнымі жоўтымі палямі. Едзеш — краіна пахне мёдам. Рапс стаў другім золатам. Таму напоўнены рапсавым алеем гродзенскі хрустальны зубр заслужана ўпрыгожвае экспазіцыю нашага Палаца Незалежнасці. Гэта сапраўды культура сучаснасці і будучыні, бо рапс не толькі прадукт харчавання, але і камбікорм, біядызель, сыравіна для кандытарскай і касметычнай галін».
Беларусь сёння ўваходзіць у дзясятку сусветных экспарцёраў рапсавага алею. «Вырабляем пад мільён тон, прадаём больш чым на паўмільярда долараў у год! — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — І нават экспартуем насенне ўласнай селекцыі, якога ў нас амаль не было чвэрць стагоддзя таму. Але давайце казаць шчыра: магутнасці нашых прадпрыемстваў па вытворчасці гэтага ўнікальнага, супастаўнага з аліўкавым алею, дазваляюць вырабляць у два разы больш. Проста мы дрэнна, напэўна, рэкламуем, гэты прадукт. Не аліўкавы алей трэба спажываць у ежу беларусам, а рапсавы алей. Я гэта зрабіў. Заклікаю і вас да гэтага».
Беларускім аграрыям пастаўлена задача — нарасціць аб’ёмы дадзенай культуры як мінімум удвая. «Рапс — наш экспартны патэнцыял, — патлумачыў беларускі лідар, чаму заклікае да гэтага. — Любы аграрый скажа, чаго не хапае сёння: «Вось бы грошай, вось бы грошай». Дык вось яны, гэтыя грошы. Пакуль на рынку ёсць попыт на пэўную прадукцыю, яе трэба вырабляць і прадаваць».
Тым больш, па яго словах, рапсавы алей добра прадаецца, а адходы ад гэтай культуры можна выкарыстоўваць для вытворчасці камбікармоў. «Вы вызначыліся ўжо, што і як апрацоўваць, паглядзіце, што трэба зрабіць для таго, каб павялічыць экспартаарыентаваныя тавары», — даручыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што нічога выпадковага ў цяперашніх выніках, якія паказвае Гродзеншчына, няма. Ëн заўважыў, што тут умеюць планаваць яшчэ з савецкіх часоў, выконваюць тэхналогіі, укараняюць перадавыя методыкі і працуюць не пакладаючы рук. Будучы яшчэ зусім маладым кіраўніком гаспадарк, Аляксандр Лукашэнка прыязджаў у Гродзенскую вобласць вучыцца, як трэба працаваць.
Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны, што на Гродзеншчыне ў нарыхтоўцы кармоў укаранілі так званыя прамежкавыя культуры і паўночную сою, якую яшчэ называюць белым лубінам. Адсюль, па яго словах, і надоі выдатныя. Да канца года ў рэгіёне павінны атрымаць больш за 7,5 тысячы кілаграмаў ад каровы. Малако ў асноўным тут гатунку «экстра».
Акрамя таго, як звярнуў увагу Прэзідэнт, Гродзеншчына — адзіны ў краіне рэгіён, дзе выпускаюць сухія малочныя сумесі для дзяцей. Аналізуючы сітуацыю ў сувязі з малаком, Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра рэалізацыю праграмы «Адзін раён — адзін праект». «Многія-многія праекты імкнемся ажыццявіць, укладваем вялізныя грошы і часам хапаемся за праекты, дзе ў нас няма кампетэнцый, — заўважыў ён. — Мы хапаемся за тое, што мы не ўмеем рабіць. І не ведаем, удасца нам прадаць тое, што мы вырабляем, або не. А малочныя сумесі, дзіцячае малако... Я на поўдні Афрыкі быў, увесь свет аб’ехаў — толькі дайце. Дзяцей у свеце няма чым карміць. Дык што ж мы выдумляем? Давайце яшчэ адзін завод пабудуем і будзем вырабляць яшчэ лепш дзіцячыя сумесі».
Такія даручэнні кіраўніка дзяржавы прагучалі і ў адрас дрэваапрацоўкі. Па яго словах, ва ўсім свеце вялікі попыт на піла- і лесаматэрыялы. «Тое, аб чым мы марылі, і я казаў, прыйдзе час — і гэта будзем прадаваць, — нагадаў беларускі лідар. — І яшчэ як будзем прадаваць, бо на поўдзень ад Украіны лясоў няма. А ўсе хочуць жыць у драўляным, хочуць мець мэблю і гэтак далей. Дзе возьмуць? У нас і ў Расіі».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што добра, што ўсе дасягненні, колькасныя паказчыкі перарастаюць у якасць нашага жыцця. «Можа быць, не зусім хутка ў сувязі з тым, што мы сталі канкурэнтамі і нас пачынаюць душыць, — удакладніў ён і падкрэсліў, што жыццё людзей з’яўляецца галоўным прынцыпам нашай сацыяльнай дзяржавы, дзяржавы для народа. — Любыя вытворчыя поспехі (у сельскай гаспадарцы, у прамысловасці), любыя поспехі павінны быць накіраваны на паляпшэнне жыцця нашых людзей». Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што па ўзроўні заробку Гродзеншчына наступае на пяткі сталіцы і Мінскай вобласці, цалкам мае патэнцыял іх дагнаць.
Прэзідэнт канстатаваў, што менавіта на Гродзеншчыне пачалася эпоха мірнага атама — пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю першая айчынная атамная станцыя. «Самая сучасная, — удакладніў ён. — Гэта ўжо сёння прызналі і на Захадзе».
А горад Астравец, дзе знаходзіцца БелАЭС, як звярнуў увагу Прэзідэнт, стаў райцэнтрам будучыні. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта самы сучасны і зручны горад для жыцця людзей, а па сваёй інфраструктуры і магчымасцях — узор, на які могуць раўняцца астатнія. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што пад Астравец павінны мадэрнізавацца і Масты, іншыя раённыя гарады і нават абласныя цэнтры.
Прэзідэнт шчыра адзначыў, што сталіца сёлетніх «Дажынак» на Гродзеншчыне, ашаламляльна папрыгажэла. І гэта, па яго словах, зусім не тыя Масты, якія сустракалі кіраўніка дзяржавы ў 1997 году на другіх рэспубліканскіх «Дажынках».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мясцовыя жыхары паэтычна называюць Масты маленькім Парыжам. «Памыляецеся! — заўважыў ён. — Паверце, Масты сёння прывабнейшыя, чым сам Парыж. Разбітыя вітрыны, спаленыя машыны, клапы, крымінал, суцэльныя мігранты — усё гэта мы бачылі ў рэпартажах з Алімпійскіх гульняў у Парыжы. А брудная рака Сена ні ў якое параўнанне не ідзе з вашым, нашым велічным, паўнаводным Нёманам. Асабліва ў раёне Мастоў, дзе знаходзіцца самы вялікі ў Беларусі падвясны мост (амаль 200 метраў)».
Менавіта таму, па словах беларускага лідара, іншаземцам вельмі падабаецца ў нашай чыстай, бяспечнай, камфортнай краіне. «Яны сюды з задавальненнем едуць, нягледзячы на хлусню, якую распаўсюджваюць пра беларускую дзяржаву, — канстатаваў ён. — Чаго б нам гэта ні каштавала, мы гэту прывабнасць павінны захаваць».
Прэзідэнт у каторы раз падкрэсліў, што народы не павінны пакутаваць з-за глупства сваіх кіраўнікоў. На санкцыі і абмежаванні ўезду нашых вялікагрузных аўтамабіляў, цягнікоў, самалётаў, легкавых аўтамабіляў беларусы адказалі бязвізам для грамадзян сотні краін. Па словах кіраўніка дзяржавы, калі ён прымаў рашэнне аб бязвізавым рэжыме, то ўзгадваў свае першыя прэзідэнцкія выбары, якія пачыналіся адсюль, з гродзенскай зямлі.
«Першы сход я правёў тут, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — І я памятаю, калі нашы палякі, беларусы, рускія, украінцы, яўрэі і татары прасілі мяне: «Зрабіце так, каб мы свабодна маглі перамяшчацца праз мяжу». Гэта просьба, па словах беларускага лідара, тады яго здзівіла: бо сярод іншых кандыдатаў у Прэзідэнты былі празаходнія палітыкі. Знаходзячыся ў кіраўніцтве краіны, яны паабяцалі людзям вырашаць гэтае пытанне, але сваё абяцанне не стрымалі. У адрозненне ад Аляксандра Лукашэнкі, які паабяцаў, што гэта пытанне будзе вырашана ў першы ж год яго прэзідэнцтва. І гэта было зроблена. Людзі сталі наведваць магілы сваякоў, сустракацца з роднымі, знаёмымі.
І цяпер улада робіць усё для таго, каб людзям было лягчэй і прасцей. «Мы не зачыняемся, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Спытайце з іншых. Спытайце ў сваіх збеглых, вашых сяброў, якія ў 2020-м годзе хадзілі па Гродзенскай вобласці, вывешваючы бела-чырвона-белыя сцягі. Яны якую палітыку там праводзяць? Бегаюць па начальніках, па ўрадах і крычаць: «Душыць, душыць, душыць. Давайце санкцыі, давайце санкцыі». Дайшлі да таго, што нашых бізнесменаў, якія могуць паехаць у Польшчу, іншыя краіны, яны іх там перахопліваюць і патрабуюць з іх грошы. Навошта грошы? Для таго, каб ім жыць было нармальна, для таго, каб змагацца супраць «дыктатуры» ў Беларусі».
У тым, што ў нашай краіне сапраўды ёсць дыктатура, па словах Аляксандра Лукашэнкі, на свае вочы змаглі пераканацца каля мільёна чалавек, якія па бязвізе прыехалі ў Беларусь. «Дыктатура стабільнасці, бяспекі, парадку, дабрыні і гасціннасці, — канкрэтызаваў ён. — Дыктатура справядлівасці. Можа быць, мы яшчэ не ўсё зрабілі. Але любому Прэзідэнту, які будзе кіраваць у бліжэйшы час краінай, трэба зрабіць усё за пяць гадоў, каб у нас была яшчэ самая справядлівая краіна».
Па меркаванні кіраўніка дзяржавы, нельга крыўдзіць нават тых, хто парушыў закон. «Яны павінны разумець, што рашэнне прынята справядліва, — патлумачыў Прэзідэнт. — Галоўнае — справядлівасць. Для даяркі, для механізатара, для спецыяліста, кіраўніка любога ўзроўню. Калі ты нават яго пакараў, ён павінен разумець, што ён сам вінаваты. Мы такую краіну павінны стварыць. Мы ў гэтых адносінах ідзём».
А тым, хто шукае шчасця на чужбіне, кіраўнік дзяржавы даў параду — жыць на сваёй зямлі. «Вы нікому там не патрэбны, гэтыя беглыя даказалі, — заўважыў ён. — Дзеткі ў школу пайшлі — булінг. У школе дзетак пачынаюць нашых цкаваць, нашых, беларускіх палякаў, яўрэяў, якія туды выехалі. Чаго туды паехалі? У вас ёсць свая зямля. Вы на ёй павінны жыць. Вы павінны гаспадарыць на гэтай зямлі, як у Гродзенскай вобласці, усюды, і шанаваць яе».
Нягледзячы на тое, што час памяняўся, беларускі лідар адзначыў, што мы і тады, да 1939-га года, за мяжой (у прыватнасці, у Польшчы) былі не сваімі людзьмі, а цяпер — тым больш. Тыя, хто з’ехаў, працуюць там пасудамыйкамі, нават «вялікія айцішнікі». «Многія просяцца: «Вярніце», — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі ласка, вяртайцеся. Але калі ты пераступіў закон, калі ты разбураў краіну, перашкаджаў іншым людзям жыць, парушаючы закон, ты павінен адказаць. Але лепш вярніся і адкажы тут».
Прэзідэнт падкрэсліў, што мы Гродзенскую вобласць нікому не аддадзім. «Гэта наша беларуская зямля, на якой павінны жыць нашы і палякі, і яўрэі, і рускія, і беларусы», — удакладніў ён.
Беларускі лідар канстатаваў, што, у адрозненне ад заходніх чыноўнікаў, у нашай краіне разумеюць: пры ўсіх супярэчнасцях, нават будучы на розных берагах, самае галоўнае — умець наводзіць масты. «Мы так рабілі заўсёды і будзем рабіць, — падкрэсліў ён. — Паверце, мы не нагнятаем сітуацыю. Ніякая Расія не збіраецца праз Беларусь нападаць на Польшчу, Літву або Латвію, на Украіну. Глупства поўнае! Ніхто з Беларусі без нашага з вамі ведама ваяваць з суседзямі і НАТА не збіраецца. Гэта яны паставілі перад сабой мэту — задушыць нас з Расіяй. І сёння да гэтай мэты, ідучы, шукаюць прычыны».
Адна з так званых прычын — міграцыя, якая, па словах Прэзідэнта, нам не патрэбная. Мігранты ідуць праз нашу граніцу ў Польшчу, Літву, Латвію. «Прыгранічныя людзі, якія жывуць на граніцы, гэта адчуваюць, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Ім што, трэба, што ідуць гэтыя натоўпы людзей з Афганістана, Ірака, Сірыі і іншых краін — краін, якія яны (ЗША. — «Зв».) разбурылі, знішчылі, вялі там войны. Нам гэта не трэба, але і абараняць мы іх не будзем. Яны супраць нас санкцыі, а мы іх павінны абараняць? Гэтага не будзе. Мы шчыра аб гэтым сказалі. Я ў першы ж дзень аб гэтым сказаў, што мы не будзем вас абараняць. Пятлю на шыю нам накінулі і «вы нас абараняйце, як гэта было калісьці». Так не будзе. Гэта дорага каштуе».
Беларусы, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, адкрытыя, шчырыя, нікому не ствараюць праблем. «Але суседзяў не выбіраюць, яны — ад Бога, — заўважыў ён. — Давайце па-суседску будаваць нашы адносіны. Не хочаце — не трэба. Мы знойдзем іншыя краіны, з якімі будзем супрацоўнічаць. Але калі мы ад вас сыдзем і вы нам перастанеце быць цікавымі, вы ўжо да нас не зойдзеце».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў далёкім 1997 годзе, выступаючы ў Мастах на «Дажынках», ён казаў: «Ёсць хлеб — будзе мір, будзе і песня!»
«Хлябы — наш залаты запас, гарантыя ўпэўненага, дынамічнага развіцця і росквіту нашай дзяржавы, — падкрэсліў беларускі лідар, звяртаючыся да сённяшніх аграрыяў. — Але не бывае золата без тых, хто здабывае яго мазолістымі рукамі — штодзённа, штогадзінна. Без нашых аратых — працавітых і адказных. Як бы ні было цяжка, вы заўсёды ў полі. Цяжкія пандэмійныя 2020-я гады, калі спрабавалі нас перавярнуць, вы былі ў полі, на перадавой. І калі я вас паклікаў у Мінск, вы прыехалі хутка, паехалі для таго, каб працаваць на зямлі. Ну няўжо я не павінен быў сёння прыехаць, пакланіцца вам у ногі і падзякаваць вам. Вялікі вам дзякуй за вашу вытрымку. Вы — аплот, апора нашай дзяржавы!»
Па словах кіраўніка дзяржавы, і аграрыі, і ўсе астатнія павінны разумець: нягледзячы на прагрэс і новыя тэхналогіі, лёгкага хлеба ў нас ніколі не было і не будзе. «Ніколі лёгкага хлеба не бывае, — падкрэсліў беларускі лідар. — Што б ні казалі нам пра ежу з 3D-прынтараў і парашка з цвыркуноў, хлеб — гэта галоўнае. Тараканаў есці мы не будзем! А ў камп’ютары, як я кажу, яблык не расце. Гэта ўсё на зямлі, дзякуючы нашым мазолістым рукам».
Аляксандр Лукашэнка ганарыцца тым, што Беларусь — краіна хлеба, тэрыторыя міру, узаемаразумення і павагі адзін да аднаго. «Гэта наша філасофія. Так было і так будзе заўсёды», — сказаў ён.
У гэтай сувязі Прэзідэнт прыгадаў вядомы фільм «Белыя росы», які здымалі на Гродзеншчыне. «Там гаворыцца, што людзі не языкамі павінны размаўляць, а душой, — канстатаваў ён. — Так і адбываецца на сельскай ніве. Зямля аб’ядноўвае людзей розных узростаў, прафесій і нацыянальнасцяў».
Перш чым на святочную сцэну выйшлі героі жніва, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падзякаваў за дастойныя вынікі ўсім аграрыям, а таксама тым, хто дапамагаў ім у гарачую пару. «Перакананы, вы і надалей будзеце памнажаць нашы найлепшыя традыцыі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Ад душы жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, заўсёды добрага надвор’я не толькі на хлебнай ніве, але і ў вашых хатах. Шчасця вашым дзецям. Ведайце, будзе цяжка — кажыце. Дапаможам».
Напрыканцы ўрачыстасці кіраўнік дзяржавы адзначыў: у тым, што ён доўга працуе Прэзідэнтам, ёсць важная перавага. Ён пабываў у многіх краінах і можа параўноўваць, як жывуць там і ў Беларусі. «Я бачыў тыя краіны, якія галадаюць, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Сёння недаядае амаль тры мільярды чалавек, галодныя — 750 мільёнаў».
У параўнанні з тым, як жыве свет, па словах Прэзідэнта, беларусы жывуць у раі. «Як крадуць, як расцягваюць краіны, як знішчаюць людзей, бо яны маюць іншы колер скуры і таму, што ў іх вялізныя багацці ў зямлі, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Таму я вас прашу і патрабую: буду я Прэзідэнтам або не, захавайце для сябе сваю зямлю! Вы нідзе нікому не патрэбны будзеце. Мы ўжо нешта пражылі. А дзецям што мы пакінем. Гэта ж галоўнае наша багацце. Аб гэтым думайце. Мы павінны захаваць сваю краіну. У нас сёння ёсць усё неабходнае, каб адказаць звар’яцелым, калі яны не зразумеюць, што з намі трэба жыць, сябраваць, супрацоўнічаць і разам гадаваць нашых дзяцей».
Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім мірнага жыцця, папярэдзіўшы, што будзе няпроста. «Наступная пяцігодка будзе вельмі няпростая, — удакладніў ён. — Але мы вытрымаем, калі мы будзем адзіныя і мы будзем разам. Нам дзявацца няма куды. Як мы кажам, час выбраў нас!»
Людзі праводзілі кіраўніка дзяржавы гучнымі авацыямі, некалькі разоў паўтараючы словы «Трэба!». Аляксандр Лукашэнка спыніўся і пагутарыў з людзьмі. Адна з жанчын падзякавала кіраўніку за ўсё, што ён робіць для краіны, пажадала здароўя, шчасця.
«І на выбары ідзіце!», — падтрымалі мясцовыя жыхары.
«Вам дзякуй! Самыя надзейныя людзі ў нас», — адзначыў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да мужчын, Аляксандр Лукашэнка папрасіў не крыўдзіцца на яго за тое, што пастаянна хваліць жанчын, нагадаўшы аб тым, што ён — жаночы Прэзідэнт. «А яны бабахнулі ў альтэрнатыву свайго кандыдата, — заўважыў ён і з жартам дадаў: — Я кажу: як цяпер змагацца з жанчынамі?»
Беларускі лідар падзякаваў мясцовым жыхарам, пажадаў ім здароўя і заставацца такімі ж прыгожымі і шчаслівымі. «Усё, што ад нас трэба будзе, мы зробім, — паабяцаў Аляксандр Лукашэнка. — Ну і вы тут паварушвайце мужыкоў: жанчынам і так хапае».
Мясцовыя жыхары папрасілі кіраўніка дзяржавы прыязджаць часцей. «Калі б у мяне былі адны Масты, я б і не выязджаў адсюль», — прызнаўся Прэзідэнт.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
г. Масты
За значны ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў Прэзідэнт уручыў работнікам сельскагаспадарчай галіны дзяржаўныя ўзнагароды і Падзякі.
Ордэнам Працоўнай Славы ўзнагароджаны вытворчы кааператыў імя В. І. Крамко Гродзенскага раёна. Ордэна Пашаны ўдастоены аператар машыннага даення КСУП «Галынка» Зэльвенскага раёна Таццяна Грыгорык, аграном па насенняводстве КСУП «Гервяты» Астравецкага раёна Антаніна Дзерван, кіраўнік комплексу па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы на 5 тысяч галоў РСУП «Алекшыцы» Бераставіцкага раёна Норберт Малецкі, вадзіцель аўтамабіля КСУП «Імя Дзяржынскага» Слонімскага раёна Пётр Петручэня.
Медалі «За працоўныя заслугі» з рук кіраўніка дзяржавы атрымалі аператар машыннага даення КСУП «Племзавод «Рось» Ваўкавыскага раёна Ніна Свінчук, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ «Чарлёна» Мастоўскага раёна Юрый Сліўко, начальнік Іўеўскай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін — дзяржаўны інспектар дзяржаўнай установы «Гродзенская абласная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін» Лілія Шостак, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці сельскагаспадарчага унітарнага прадпрыемства «Суботнікі» Іўеўскага раёна Юрый Яковіч.
Ганаровае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь» прысвоена начальніку свінагадоўчага комплекса СВК імя І. П.Сянько Гродзенскага раёна Еўдакіі Дасевіч, трактарысту-машыністу сельскагаспадарчай вытворчасці КСУП «Пагранічны-Агра» Бераставіцкага раёна Аляксандру Кухарчыку.
Падзякі Прэзідэнта ўдастоены сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Сынкавічы» Зэльвенскага раёна, а таксама трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці філіяла «Дзітва» ААТ «Лідахлебапрадукт» Аляксей Боўшыс, намеснік кіраўніка аддзялення ў жывёлагадоўлі малочнатаварнага комплексу «Сянно» ААТ «Прынёманскі» Навагрудскага раёна Алена Канаваленка, вадзіцель сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Жухавічы» Карэліцкага раёна Барыс Кулак, інжынер па кантрольна-вымяральных прыборах і сродках аўтаматыкі ААТ «Граніт-Агра» Дзятлаўскага раёна Дзяніс Трафімчык.
У сваю чаргу, аграрыі Гродзеншчыны ўручылі Прэзідэнту каравай адзінства. Хлеб выпякалі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. Сімвалічна, што каравай кіраўніку дзяржавы перадала Ірына Сасноўская, якая ўручала Аляксандру Лукашэнку каравай 27 гадоў таму, калі ён наведваў «Дажынкі» ў Мастах у 1997 годзе.
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.