Вы тут

Як развіваецца авіяцыйная галіна?


Пра тое, як развіваецца авіяцыйная галіна, паведаміў дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Ігар Голуб.


Паводле яго слоў, колькасць перавезеных авіятранспартам пасажыраў вырасла на 11,9 % да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года, пасажыраабарот паветранага транспарту — на 5,2 %. Забяспечана выкананне асноўных ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы эканомікі. Экспарт транспартных паслуг склаў 102,5 % да аналагічнага перыяду мінулага года. Узрос экспарт тавараў, адукацыйных паслуг.

Як адзначыў дырэктар дэпартамента, колькасць абслужаных пасажыраў у аэрапортах Беларусі расце ў параўнанні з мінулым годам і складае 119,6 %. Надаецца таксама вялікая ўвага загрузцы абласных аэрапортаў. Летась пасля працяглага перапынку аднавіла палёты авіякампанія «Белавія» з Гомеля ў Маскву. Ужо ў сакавіку бягучага года пачаліся рэгулярныя рэйсы з Гомеля ў Санкт-Пецярбург, а ў красавіку стартавалі палёты з Брэста ў Маскву.

Таксама павялічылася інтэнсіўнасць палётаў праз Беларусь авіякампаній іншых краін: Кітая — у 10 разоў, Казахстана — амаль у 4 разы, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў — у 2 разы, Узбекістана — у 1,5 раза, Расіі — у 1,5 раза, Турцыі — практычна ў 1,3 раза. Аднавілі палёты праз беларускую паветраную прастору авіякампаніі Азербайджана і Егіпта.

«У зімовы перыяд запланавана выкананне рэгулярных рэйсаў з Нацыянальнага аэрапорта Мінск, аэрапортаў Гомеля і Брэста ў 19 аэрапортаў дзесяці дзяржаў. Наш нацыянальны перавозчык — авіякампанія „Белавія“ — летась адкрыў новы напрамак — аэрапорт Дэлі. Нягледзячы на спыненне палётаў у Еўропу, працягваюцца інтэнсіўныя палёты ў Расію, краіны Каўказскага рэгіёна, Сярэдняй Азіі і Блізкага Усходу. Праводзіцца пераарыентацыя палётаў па новых маршрутах і павелічэнне колькасці рэйсаў па дзейных напрамках», — распавёў Ігар Голуб. Таксама павялічыўся аб’ём перавезеных грузаў беларускімі авіякампаніямі (тэмп росту — 112,6 %), грузаабарот (110,3 %), аб’ём апрацаваных грузаў у аэрапортах краіны (101,9 %).

Акрамя таго, наша краіна падпісала 50 міжурадавых і міждзяржаўных пагадненняў аб паветраных зносінах. Па словах Ігара Голуба, летась заключана пагадненне аб паветраных зносінах з Аманам, на мінулым тыдні — з Саудаўскай Аравіяй і Сейшэльскімі астравамі. Завершаны працэдуры ўнутрыдзяржаўнага ўзгаднення і гатовы да падпісання міжурадавыя пагадненні аб паветраных зносінах з Венесуэлай і Кеніяй.

Дырэктар дэпартамента ўпэўнены, што падпісаныя міжурадавыя пагадненні з’яўляюцца прававой асновай для эксплуатацыі і арганізацыі палётаў, спрыяюць умацаванню эканамічных, турыстычных і камерцыйных сувязяў паміж краінамі. Ён дадаў, што пасля вызначэння прававой асновы ўключаюцца ў працу авіяперавозчыкі, у прыватнасці авіякампанія «Белавія», якая на сваім узроўні пачынае ўзаемадзейнічаць з адміністрацыяй аэрапортаў і іншымі арганізацыямі

«Белавія» перажывае значны рост

Гэтая айчынная авіяцыйная кампанія ў студзені — верасні гэтага года перавезла каля 1,5 мільёна пасажыраў, што амаль на 12 % больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. На 12 % таксама павялічылася колькасць выкананых рэйсаў, паведаміў на прэс-канферэнцыі першы намеснік генеральнага дырэктара авіякампаніі па арганізацыі вытворчасці Глеб Пархамовіч.

«Па выніках гэтага года мы разлічваем ушчыльную наблізіцца да двух мільёнаў перавезеных пасажыраў, — распавёў Глеб Пархамовіч. — Нягледзячы на ўсе тыя абмежаванні, якія існуюць, авіякампанія працягвае развівацца. Магчыма, у іншых умовах мы больш дынамічна развіваліся б, але, тым не менш, не стаім на месцы. Калектыў прыкладае ўсе намаганні, каб задаволіць патрэбы насельніцтва ў авіяперавозках, забяспечыць безаварыйную працу».

Урумчы — гэта толькі пачатак

Прапрацоўваюцца новыя напрамкі. Значная падзея — старт з 16 снежня палётаў у кітайскі мегаполіс Урумчы. Да яго ў авіякампаніі доўга рыхтаваліся. Па словах першага намесніка генеральнага дырэктара, Урумчы абраны невыпадкова: гэта рэгіён Кітая, які досыць дынамічна развіваецца. Акрамя таго, мясцовы аэрапорт мае вялікі транзітны патэнцыял.

«Мы разлічваем, што гэта першы аэрапорт у Кітаі, у які пачынаем лятаць. У плане ёсць і далейшае развіццё кітайскага напрамку», — адзначыў Глеб Пархамовіч, дадаўшы, што адкрыццё новага рэйса патрабуе вялікіх інвестыцый з боку авіякампаніі.

Ён таксама распавёў, што працягнуцца палёты з абласных аэрапортаў, будуць новаўвядзенні ў палётнай праграме з Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Да наступнага летняга сезона адновяцца рэйсы ў Махачкалу і Мурманск, якія карысталіся попытам, але на зімовы перыяд па камерцыйных прычынах спыненыя.

Аэрапорты як гарады

Намеснік генеральнага дырэктара РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск» па авіяцыйнай бяспецы і рэжыму Вадзім Праўлоцкі распавёў пра найбольш папулярныя напрамкі палётаў з і ў беларускую сталіцу.

Па словах Вадзіма Праўлоцкага, авіярэйсы ў Нацыянальны аэрапорт Мінск і з яго выконваюць 10 авіяперавозчыкаў. У іх ліку базавая авіякампанія «Белавія», на якую прыпадае 64,3 % усіх рэйсаў, шэсць расійскіх кампаній («Перамога», «Аэрафлот», «Азімут», «Ікар», Red Wіngs, «Северсталь»), авіякампаніі з Узбекістана, Кітая і ААЭ.

«Усяго за дзевяць месяцаў авіяперавозчыкамі выканана рэйсаў на 12, 5 % больш, чым за аналагічны перыяд 2023 года. Па выніках года плануем абслужыць (усімі кампаніямі) парадку 2,8 мільёна пасажыраў», — распавёў Вадзім Праўлоцкі.

У ліку найбольш папулярных напрамкаў — Масква, Санкт-Пецярбург, Дубай, Стамбул і Тбілісі. Найбольшая сярэдняя загрузка адзначаецца на рэйсах авіякампаніі «Перамога» з Масквы і Санкт-Пецярбурга, «Азімут» — з Мінеральных Вод, «Рэд Вінгс» — з Самары, «Белавія» — у Тбілісі і Стамбул.

Вадзім Праўлоцкі адзначыў, што, нягледзячы на нестабільную сітуацыю ў авіяцыйнай галіны і складаныя ўмовы гаспадарання апошніх гадоў, у студзені—верасні назіраецца станоўчая дынаміка выканання вытворчых паказчыкаў у адносінах да аналагічнага перыяду мінулага года. На 12,4 % узрасла колькасць самалётавылетаў, на 15,2 % — колькасць абслужаных пасажыраў, на 17,8 % — апрацаваных грузаў. Забяспечана прыбытковая праца ўсіх службаў аэрапорта.

Як раней праінфармавалі ў паветранай гавані, дзеянне вяснова-летняга раскладу, якое працавала з 31 сакавіка, скончылася 26 кастрычніка, час выканання рэйсаў па асобных напрамках змяніўся. Некаторыя авіякампаніі на зіму прыпынілі палётную праграму. Так, Расійскі лаўкостар «Перамога» не будзе лятаць у Мінск з Масквы і Санкт-Пецярбурга да сакавіка 2025 года. Беларускі авіяперавозчык «Белавія» прыпыняе рэйсы ў Махачкалу, а таксама ў Мурманск — гэта сезонныя напрамкі.

Пры гэтым з 27 кастрычніка авіякампанія «Азімут», якая выконвае пералёты па маршруце Мінеральныя Воды — Мінск, дадасць яшчэ адзін рэйс.

Школа пілотаў і рамонт самалётаў

Ігар Голуб нагадаў, што ў нашай краіне фарміруецца Нацыянальная школа пілотаў грамадзянскай авіяцыі. Спецыяльнасць «Лётная эксплуатацыя паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі» адкрыта ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі (БДАА) у 2021 годзе. Першы набор — 10 курсантаў. На сёння іх лётная практыка налічвае два гады, агульны налёт складае 110 гадзін на аднаматорным самалёце. А 14 курсантаў набору 2022 года ўжо наляталі па 40 гадзін.

З ліпеня мінулага года БДАА прыступіла да фарміравання поўнага цыкла падрыхтоўкі — нацыянальнай школы пілотаў грамадзянскай авіяцыі. Курсанты набору 2021 года на бягучы момант атрымалі пасведчанне пілота-аматара PPL.

У наступным годзе ў акадэміі прыступаюць ужо да канчатковага завяршэння падрыхтоўкі. Набыты аднаматорныя самалёты, што дазволіць акадэміі па заканчэнні трэцяга года лётнага навучання ўручыць выпускніку Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі пасведчанне пілота камерцыйнай авіяцыі CPL. Яно адпавядае агульнапрызнаным сусветным стандартам ІКАО, што ў далейшым дазволіць ім працаваць ва ўсіх авіяцыйных арганізацыях не толькі Рэспублікі Беларусь, але і ў Расійскай Федэрацыі, а таксама за мяжой.

Па словах Ігара Голуба, прыйшоўшы ў авіякампанію, выпускнік праходзіць дадатковую падрыхтоўку на канкрэтны тып паветранага судна і атрымлівае пасведчанне «лінейнага» пілота грамадзянскай авіяцыі. Пасля гэтага ён зможа прыступіць да палёту ў складзе экіпажа ў якасці памочніка камандзіра паветранага судна.

Ігар Голуб таксама дадаў, што, пачынаючы з мінулага года, актыўна ўключыўся ў праграму авіябудавання ў нашай краіне Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі, вядучае прадпрыемства на прасторах СНД па рамонце і мадэрнізацыі, тэхнічным абслугоўванні самалётаў тыпу Як-40, ТУ-134 і іх мадыфікацый.

Як вядома, асноўны кірунак дзейнасці гэтага рамонтнага завода — рамонт самалётаў Ту-134, Як-40, тэхнічнае абслугоўванне самалётаў Іл-76, Ту-204, Sukhoі Superjet 95, а таксама пераабсталяванне, мадэрнізацыя салонаў самалётаў, выкананне работ па афарбоўцы самалётаў рознага тыпу.

Сёлета на заводзе ўведзены ў эксплуатацыю найноўшы комплекс, адзіны ў краінах СНД па змыўцы і афарбоўцы вонкавай паверхні паветраных судоў і іх тэхнічнага абслугоўвання, які цяпер эфектыўна працуе і выконвае заказы, што паступаюць ад розных краін на нашы рамонтныя заводы. Вялікі вопыт рамонту і мадэрнізацыі авіяцыйнай тэхнікі дазваляе Мінскаму заводу грамадзянскай авіяцыі ўпэўнена прапаноўваць прадукцыю і паслугі спажыўцам ва ўсім свеце.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.