Уся гісторыя беларускага спорту наглядна паказвае, што чэмпіёнам можа стаць кожны. Бо для гэтага ўсё ёсць. Умовы для трэніровак створаны. Мэтанакіраванасці і працаздольнасці беларусам не займаць. Дасведчаныя трэнеры, здольныя развіць лепшыя якасці спартсменаў, працуюць не пакладаючы рук. І ўсё гэта засяроджана не толькі ў сталіцы. Спартыўнае жыццё бурліць і ў рэгіёнах. У новай рубрыцы «Малыя адрасы вялікага спорту» мы паспрабуем растлумачыць, чаму ўся Беларусь жыве спортам у прамым сэнсе слова.
Першы рэгіён і ў спорце першы. У Брэсце ўпершыню сеў у каноэ першы ў гісторыі нашага спорту алімпійскі чэмпіён — Сяргей Макаранка. На Брэстчыне ўпершыню ўзяў у рукі штангу алімпійскі чэмпіён па цяжкай атлетыцы, рэкардсмен Леанід Тараненка. «Белая маланка» Юлія Несцярэнка ўпершыню бліснула таксама ў Брэсце. Свае пераможныя традыцыі рэгіён не страціў. Як яны захоўваюцца і прымнажаюцца «Звяздзе» распавёў начальнік упраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Юрый Хоміч.
— Юрый Сцяпанавіч, якія асноўныя задачы зараз стаяць перад спартыўнай галіной вобласці?
— Задачы ў нас заўсёды глабальныя, а мэты амбіцыйныя. І каб іх дасягнуць, мы не забываемся пра маленькія крокі, якія робім кожны дзень. У нас не заканчваецца праца па ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Працягваецца будаўніцтва спартыўнага комплексу ў Ганцавічах. Гатова дакументацыя для будаўніцтва спартыўнага комплексу ў Ляхавічах, у наступным годзе пачнем будаўніцтва. На некаторых спартыўных аб’ектах вобласці праходзіць планавы рамонт. Мы ўвесь час праводзім цікавыя мерапрыемствы. Напрыклад, увесну прайшоў «Забег першых» — 3,5 тысячы чалавек прабеглі па цэнтральных вуліцах Брэста. Мерапрыемства выклікала фурор, і яно абавязкова стане традыцыйным, і мы будзем яго ўдасканальваць праграму, паляпшаць трасу. У Брэсце праходзілі дзве матчавыя сустрэчы Саюзнай дзяржавы па лёгкай атлетыцы. За правядзенне гэтых спаборніцтваў мы як арганізатары атрымалі высокую адзнаку. Было вырашана, што такія турніры стануць традыцыйнымі і будуць праходзіць менавіта ў Брэсце. Вядома, мы ганарымся выступленнямі нашых спартсменаў. Нажаль, не ўсіх дапусцілі на Алімпійскія гульні. Хаця я ўпэўнены, што Алег Юрэня мог бы біцца за медаль, на чэмпіянаце свету ён паказаў бліскучы вынік. Дзмітрый Натынчык не згубіўся б. Але Улад Кравец малайчына — чацвёртае месца на першай Алімпіядзе — гэта годна. Анастасія Шкурдай нядрэнна выступіла, але, нажаль, не ўсё атрымалася. Ягор Шчалканаў — вялікі малайчына, на мінулай паралімпіядзе заняў другое месца, але гэтай — першае. Думаю, калі б усе нашы спартсмены былі дапушчаны да міжнародных стартаў, падстаў для гонару было б у разы больш.
— У Брэсцкай вобласці 150 басейнаў, гэта нямала. Якога выніку вы чакаеце ад такіх укладанняў?
— У гэты лік уваходзяць басейны, якія працуюць і ў школах, і ў дзіцячых садах. Але сапраўды басейнаў у рэгіёне хапае. На сёння толькі ў Ляхавічах няма паўнавартаснага 25-метровага басейна, але, як я ўжо сказаў, у наступным годзе пачнецца яго будаўніцтва. 50-метровыя басейны ёсць у Брэсце і ў Пінску, што таксама нядрэнна для развіцця спорту ў рэгіёне. Вынік ад укладанняў мы ўжо бачым. Наша вобласць стабільна займае другое месца ў чэмпіянаце краіны па плаванні. Мы, вядома, які робіцца акцэнт на развіцці рэзерву. А гэта праца не аднаго дня, і вынікі прыходзяць не адразу. Спадзяюся, яны не за гарамі. Сумесна з абласной федэрацыяй плавання мы ўкаранілі новыя падыходы. Раней зборы для дзяцей праводзіліся, як правіла, па месцы пражывання. Зараз юныя плыўцы з усёй вобласці збіраюцца ў Брэсце на агульны збор, яны ўсё разам жывуць, працуюць, іх назіраюць медыкі — усё як мае быць. У абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву працуе аддзяленне па плаванні. Яны накіраваны на тое, каб набіраць пераважна дзяцей з раённых цэнтраў, вёсак. Як паказвае досвед, яны больш галодныя да перамог, больш старанныя. Для іх магчымасць паступіць у абласное вучылішча, прыехаць на збор — ужо вялікая матывацыя і яны прывыклі працаваць сумленна.
— Палац водных відаў спорту — аб’ект унікальны. Бываюць моманты, калі ён пустуе?
— Не, такога не бывае. Штодзень палац водных відаў спорту наведвае каля 2.5 тысяч людзей. Усе яго чатыры басейны запатрабаваны, усё ў працоўным стане. У нашым палацы часта праводзяць зборы каманды Узбекістана, Расіі, зразумела, наша нацыянальная зборная. Комплекс уладкованы такім чынам, што спартсмен у плаўках можа выйсці з нумара — прыйсці ў басейн — паабедаць і вярнуцца назад — для гэтага яму не трэба па сто разоў прымаць душ і пераапранацца. Вядома, спартсменам гэта вельмі зручна. У Брэсце, як вядома, праходзіць адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні, прычым і паралімпійскаму таксама. Сюды прыязджае нямала спартсменаў з розных краін, яны паказваюць сур’ёзны вынік, і нашая моладзь за імі цягнецца. Таму вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што Палац водных відаў спорту — гэта не толькі цэнтр абласнога, але і рэспубліканскага плавання. На базе палаца ёсць аддзяленне па сінхронным плаванні. Але пакуль вельмі востра стаіць праблема з трэнерамі. Цяпер прыйшоў малады спецыяліст, набірае дзяцей. Усе ўмовы для працы створаны, а мы чым зможам — тым дапаможам.
— Брэст — сталіца гандбола. Не сакрэт, што ў складзе БГК-Мяшкоў нямала легіянераў. Але каб Брэст і надалей заставаўся сталіцай гандбола, трэба рыхтаваць сваіх гандбалістаў. Як вобласць працуе ў гэтым напрамку?
— Адзначу, што акрамя легіянераў у складзе нашай каманды нямала і моцных беларускіх гандбалістаў. Акрамя ўнутранага чэмпіянату БГК гуляе ў SEHA-лізе, дзе вельмі высокая канкурэнцыя, таму лагічна, што склад каманды трэба ўмацоўваць замежнымі гульцамі. У мінулым годзе каманда без паражэнняў прайшла чэмпіянат Беларусі, выйграла ўсё, што магчыма. і гэта таксама паказчык таго, што легіянеры патрэбны і свой хлеб яны ядуць не дарма. Спадзяюся, у гэтым сезоне мяшкоўцы свой подзвіг паўтораць. У былыя часы, калі не было міжнароднага бана і БГК выступаў у Лізе чэмпіёнаў, сюды прыязджалі і «Барселона», і ПСЖ, і іншыя знакамітыя клубы — у Брэсце прывыклі да добрага гандболу. БГК нязменна збіраюць людзей на трыбунах, балельшчыкі ездзяць з камандай на выязныя матчы. Калі ёсць такая цікавасць да віду спорту, значыць, секцыі пустымі не будуць. І яны не пустыя. Нашы юныя гандбалісты з самага пачатку глядзяць на найлепшых гульцоў, вучацца ў іх, цягнуцца за імі. Таму з гандбольным рэзервам у нас праблем няма. Так, многія выхаванцы брэсцкай школы гандбола ў будучыні раз’едуцца па іншых клубах. Але мацнейшыя павінны заставацца тут, дома, тым больш што ўмовы ў нас усё ёсць. І такі падыход, дарэчы, не толькі ў гандболе прымяняецца.
— А дзе яшчэ?
— Напрыклад, футбольны «Дынама-Брэст» — вядучы клуб у вобласці, адзіны які гуляе ў вышэйшай лізе. Для ўсіх футбольных школ вобласці — гэта вярхушка, уся вобласць працуе на тое, каб юныя брэсцкія футбалісты ў будучыні гулялі за «Дынама-Брэст». У клубе гэта разумеюць, таму заключылі са ўсімі школамі дамова аб супрацоўніцтве. Згодна з ім, лепшыя футбалісты пераходзяць у акадэмію «Дынама-Брэст», дзе вучацца і ўдасканальваюцца. Такім чынам клуб рыхтуе сабе рэзерв. Сёння ў Акадэміі «Дынама-Брэст» займаецца 24 чалавекі. Мы ставім пытанне аб тым, што яе трэба пашыраць, таму што таленавітых дзяцей значна больш. У Брэсцкай вобласці заўсёды было нямала таленавітых футбалістаў, але з-за таго, што была нестабільная сітуацыя ў клубе, заключаліся аднагадовыя кантракты і пасля іх заканчэння лепшыя ігракі сыходзілі ў іншыя клубы. Але займацца дабрачыннасцю, рыхтаваць іграка ад школы да прафесійнай каманды і аддаваць яго ў іншы клуб, не зусім правільна. Таму, зараз, калі сітуацыя стабілізаваліся, з кожным гульцом заключаецца двух-трохгадовая дамова мы можам ствараць гульцам умовы для паўнавартаснага развіцця тут, у Брэсце.
— Брэст, адразу пасля Гомеля 46 гадоў таму пачаў развіваць хакей на траве. Сёння брэсцкі «Будаўнік» — адзін з вядучых клубаў краіны. За кошт чаго ўдалося захаваць традыцыі?
— Гэта вялікая праца школы, якая чатыры дзясяткі гадоў, як бы ёй не было складана, працуе і развіваецца. Камандзе дапамагае будаўнічая галіна. Плюс у Брэсце працуе дзіцячая школа, якая нядрэнна падсілкоўвае каманду. Сумесная праца і дае вынік. Сёння нашыя асноўныя канкурэнты — гэта «Мінск», у мінулым сезоне выйгралі яны, перад гэтым перамагалі мы. У гэтым сезоне варта мэта пазмагацца за першае месца. У Баранавічах працуе каманда «Тэкстыльшчык» — адна з самых маладых жаночых каманд у чэмпіянаце. Калі супаставіць умовы, «Мінска» і «Тэкстыльшчыка», то дзяўчынкі з Баранавічаў паказваюць вельмі добры вынік. Гэта маладыя кадры, якія будуць добрым падсілкоўваннем для нацыянальнай зборнай. Мы ўжо бачым, што ў Баранавічах вырастаюць вельмі моцныя хакеісткі на траве. Напрыклад, Наталля Шцін, чэмпіёнка Еўропы сярод моладзі.
— Аб’ектыўна, хакей на траве па ўзроўні цікавасці гледачоў саступае футболу і гандболу. А без цікавасці — не будзе рэзерву. Як вобласць забяспечвае рэзерв хакею на траве?
— У Брэсцкай вобласці развіваецца 41 від спорту, 37 з іх — алімпійскіх. Вядома, гульнявыя віды спорту прывабліваюць больш за ўсё гледачоў. Але ажыятаж сярод людзей, асабліва сярод моладзі, з’яўляецца, калі ёсць вынік. Футбольны «Дынама-Брэст» пастаянна працуе з дзецьмі, яны наведваюць усе дамашнія матчы. Той поспех хакейнага «Брэста», які яны паказалі ў Кубку Прэзідэнта, прывёў да таго, што дзеці Брэсцкай вобласці жывуць хакеем. Хакей на траве ў нашым рэгіёне развіваецца ў Брэсце і ў Баранавічах. І ў цэлым таго рэзерву, з якім яны зараз працуюць, хапае для таго, каб змагацца за высокія месцы ў чэмпіянаце Беларусі.
— У Брэсцкай вобласці, нажаль, пакуль не гучаць баскетбол і валейбол…
— Валейбол у нас прадстаўлены жаночымі клубамі «Прыбужжа» у Брэсце і «Атлант» у Баранавічах. І ў абедзвюх камандах зроблены акцэнт на моладзь. У 2022 годзе «Прыбужжа» саступіла толькі «Мінчанцы», летась яны далі слабіну. Але сёлета ў іх стаяць высокія задачы — узяць рэванш і пазмагацца за першае месца ў чэмпіянаце краіны. У «Атланце» пакуль узялі курс на тое, каб усталяваць фінансавую стабільнасць і стварыць аптымальныя ўмовы для падрыхтоўкі баяздольных гульцоў. На прыкладзе «Дынама-Брэст», БГК-Мяшкова відавочна, што вынік каманда дае тады, калі створаны зручныя ўмовы для трэніровак, спартсменам стабільна плацяць зарплату і ім не трэба з’язджаць у іншыя клубы ў пошуках лепшага жыцця. Што да баскетбола, то ёсць каманды ў Брэсце і ў Баранавічах, нядрэнная школа ў Кобрыне. У гэтым годзе ўпершыню ўведзены стаўкі ў прафесійныя каманды па баскетболе, у мужчынскую, і ў жаночую. Гэта важна, бо раней у нас была зборная вобласці. А зараз фарміруюцца прафесійныя каманды. У гэтым напрамку шмат робіцца з боку Брэсцкага аблвыканкама, губернатар вельмі падтрымлівае спорт. І мы спадзяемся, што ўсе ўкладанні акупяцца поспехамі нашых каманд.
— А як наконт баскетбола 3×3 — кірунак вельмі перспектыўны і ў нашай краіне вельмі папулярны?
— Мы прапрацоўваем пытанне аб стварэнні пляцоўкі для баскетбола 3×3 каля спарткомплексу «Вікторыя» ў Брэсце. Пакуль нашы намаганні сканцэнтраваны на фарміраванне каманды па класічным баскетболе. Мы палічылі, што сёння каля 20 брэсцкіх баскетбалістаў гуляюць за іншыя каманды. Не маючы кантрактаў, мы не можам утрымаць іх у сябе, бо мы не можам плаціць ім заробак, і людзі з’язджаюць. Атрымліваецца, што мы рыхтуем ігракоў для іншых абласцей. Таму было вырашана стварыць усе ўмовы для іх у родным рэгіёне. І гэта інвестыцыі на будучыню. Бо пасля завяршэння спартыўнай кар’еры многія баскетбалісты могуць застацца ў Брэсцкай вобласці ў якасці трэнераў.
— Апошнія некалькі гадоў Брэст прымае шмат спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы. Як вядома, каралева спорту прысутнічае ва ўсіх школах вобласці. Але ці падрастае недзе другая Юлія Несцярэнка?
— Мы сапраўды лідары ў развіцці лёгкай атлетыцы. Абласны цэнтр алімпійскага рэзерву працуе сумленна, стадыён «Дынама» вельмі якасны аб’ект. Прыемна, што Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі стала звяртаць увагу на рэгіёны і праводзіць свае мерапрыемствы тут. Чаго толькі вартыя матчавыя сустрэчы Саюзнай дзяржавы, якія праходзілі летам. Расійская каманда на гэтыя спаборніцтвы прывезла сваіх найлепшых спартсменаў. Нашы выступілі на максімуме сваіх магчымасцяў — медалі былі. Але ў той жа час мы ўбачылі, што нам ёсць куды імкнуцца, таму што расійскія лёгкаатлеты на галаву вышэйшыя за нашыя. Але ў нас працуюць кампетэнтныя трэнеры, якія думаюць на далягляд. Наша тактыка не нацягаць спартсмена дзеля медаляў і бліскучых вынікаў на юніёрскім узроўні. Мы жадаем падрыхтаваць спартсменаў, якія будуць прыносіць медалі на галоўных стартах, і ў ідэале не адзін алімпійскі цыкл. Таму задачы перамагчы ўсіх і ўся перад юнымі лёгкаатлетамі не стаіць. Дасведчаныя трэнеры плаўна рыхтуюць іх да вялікай будучыні.
— Часта вашы калегі самым балючым пытаннем называюць трэнерскія кадры. Наколькі гэтым хварэе Брэсцкая вобласць?
— Глупа адмаўляць праблему з трэнерскімі кадрамі. Добрага трэнера сёння сапраўды цяжка знайсці. І справа нават не ў зарплаце. Самае складанае — знайсці чалавека, які будзе гарэць гэтай працай, шукаць дзяцей, надаваць ім практычна ўвесь свой час. Вядома, хапае і тых, хто адпрацоўвае патрэбны гадзіннік і ідзе дадому. Ці будзе ў іх вынік? Сумняваюся. Тыя, хто адказна робяць сваю працу, рыхтуюць спартсмена і перадаюць яго ў вышэйшае звяно — тыя і зарабляюць. Але жаданне працаваць і энтузіязм — першасна. Нажаль, далёка не ўсе гэта разумеюць. Аднак вынік ёсць, значыць, сітуацыя не безнадзейная. Мы вітаем, калі да нас жадаюць прыехаць трэнеры з іншых краін. У вобласці працуюць трэнеры па плаванні, па лёгкай атлетыцы, па веласпорце, па пяцібор’і якія прыехалі з Расіі. Гэта кваліфікаваныя кадры, якія перадаюць свой досвед не толькі спартсменам, але і калегам. Часта спартсмены пасля завяршэння кар’еры адразу жадаюць працаваць з вышэйшым звяном. Не, дарагі сябар, спачатку трэба папрацаваць з дзецьмі, падрыхтаваць, прайсці з імі праз спаборніцтвы — набрацца вопыту. Трэнер павінен увесь час удасканальвацца, вучыцца. Таму мы рэгулярна праводзім розныя трэнерскія семінары, запрашаем спецыялістаў з розных сфер. На нядаўнім семінары для футбольных трэнераў Юлія Несцярэнка расказвала пра нюансы тэхнікі бегу. Тыя, хто, хоча развівацца, атрымліваць новыя веды і прымяняць іх на практыцы — у таго абавязкова будуць вынікі. Вобласць для гэтага робіць дастаткова.
— Спартыўныя федэрацыі, будучы грамадскімі аб’яднаннямі, зараз ствараюць свае аддзяленні ў рэгіёнах. Як вы бачыце ваша з імі ўзаемадзеянне?
— Стварэнне абласных федэрацый па відах спорту — абсалютна правільная і справядлівая мера. Гэта пойдзе толькі на карысць спорту ў вобласці. Узначальваюць абласныя федэрацыі кіраўнікі дзяржорганаў, кіроўных прадпрыемстваў, здольныя аказаць падтрымку спорту. У федэрацыях працуюць людзі, якія дасканала ведаюць свае віды спорту ў рэгіёне і тыя, якія ўсёй душой хварэюць за свой від. І гэты сімбіёз жадання, сродкаў, сіл абавязкова дае вынік. Вядома, хочацца ўсяго і адразу. Але мы разумеем, што для таго, каб не нарабіць памылак, трэба дзейнічаць абдумана. У нас наладжана выдатнае супрацоўніцтва з рэспубліканскімі федэрацыямі, яны заўсёды ідуць нам на сустрэчу. Напрыклад, у нас была складаная сітуацыя з трэнерамі па барацьбе. Беларуская федэрацыя барацьбы дапамагла. І да нас прыехала маладая трэнер, у якой гараць вочы, Наталля Бельская. Яна працуе ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, набрала групу ў дзіцяча-юнацкай школе. Я як кіраўнік, не магу нарадавацца рабоце гэтага спецыяліста. Вось яскравы прыклад таго, як федэрацыя дапамагае вырашаць праблемы ў рэгіёнах. А абласная федэрацыя будзе яшчэ лепш бачыць гэтыя праблемы і вырашаць іх хутчэй.
— Юрый Сцяпанавіч, вылучыце калі ласка тры раённыя цэнтры — лідараў у развіцці спорту.
— Вылучу пяць: Кобрын, Івацэвічы, Столін, Іванава і Пружаны. У Іванава і Століне добра развіта масавая праца з насельніцтвам, базы там пустымі ніколі не бываюць. У Іванава працуе калектыў, які шчыра хвалюецца за вынік і імкнецца рабіць усё магчымае, каб развіваць галіну ў раёне. Івацэвічы вельмі добра працуюць над развіццём футбола і лёгкай атлетыкі. Дарэчы, у Баранавіцкім раёне ёсць выдатная лыжаролерная траса, дзе праходзіць мноства аматарскіх спаборніцтваў па лыжных гонках. Баранавічы і Ганцавічы — школы, якія захоўваюць свае лыжныя традыцыі, але нашы цёплыя зімы не дазваляюць ім разгарнуцца ў прафесійным плане.
— У Брэсцкай вобласці каласальныя спартыўныя традыцыі. Як яны захоўваюцца?
— Мы захавалі музей алімпійскай славы, зараз яго абнаўляем. Юлія Несцярэнка, наш гонар, часта сустракаецца з навучэнцамі алімпійскага рэзерву, з юнымі спартсменамі. Мы стараемся запрашаць і іншых знакамітых спартсменаў, якія родам не з Брэсцкай вобласці, але чые гісторыі натхняюць. У верасні ў вучылішча алімпійскага рэзерву прыязджаў Андрэй Барбашынскі. У нас былі такія легенды як Аляксандр Карэлін, Уладзімір Сальнікаў. Мы разумеем, што юныя спартсмены павінны расці на прыкладах герояў спорту, з першых вуснаў чуць сакрэты іх перамог. Ды і чаго граху ўтойваць, мы дарослыя ў такіх людзей таксама шматлікаму вучымся.
— Юрый Сцяпанавіч, чаму асабіста вы навучыліся за час працы ў спартыўнай галіне?
— Спорт — гэта асобны свет, у якім жывуць людзі са сваёй філасофіяй. Гэта сфера, у якой пастаянна вучышся, адкрываеш кожны від спорту, паглыбляешся ў яго спецыфіку. Мусіць, дзякуючы спорту я стаў некалькі інакш глядзець на падыход да працы, на жыццё ў цэлым — я вельмі шматлікаму навучыўся ў спорце. І працягваю вучыцца кожны працоўны дзень.
Валерыя СЦЯЦКО
Брэст
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.