Вы тут

У каго і на колькі вырасце пенсія?


З 1 студзеня 2025 года уступіць у сілу шэраг новаўвядзенняў, якія датычацца пенсіённага забеспячэння. Яны замацаваны ў падпісаным кіраўніком дзяржавы Указе «Аб сацыяльнай падтрымцы». Найперш пенсіянеры, якія працуюць, але маюць з гэтай прычыны меншую пенсію, будуць атрымліваць яе ў поўным аб’ёме. Таксама змяняюцца парадак прызначэння і атрымання пенсіі — больш доўгім стане перыяд падачы заявы на атрыманне пенсіі, мяняецца механізм вылічэння заробку, ад якога будзе залежаць пенсія, пашыраецца катэгорыя грамадзян, якія змогуць атрымліваць пенсію праз пошту. Яшчэ адзін указ, падпісаны Прэзідэнтам, працягвае дзеянне праграмы сямейнага капіталу. Спецыялісты пракаментавалі новаўвядзенні і адказалі на самыя распаўсюджаныя пытанні па маючых адбыцца змяненнях.


110 тысяч пенсіянераў атрымаюць большую пенсію

Фота з адкрытых крыніц

Як адзначыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, падпісаны Указ «Аб сацыяльнай падтрымцы» — самы комплексны па пенсіённай тэматыцы з тых, што прымаліся кіраўніком дзяржавы на працягу гэтай пяцігодкі. У дакуменце прадугледжаны меры, накіраваныя на павышэнне ўзроўню пенсій, спрашчэнне працэдуры іх прызначэння і атрымання. І накіраваны ён у першую чаргу на саміх пенсіянераў, якія сёння атрымліваюць пенсію і працягваюць працаваць, а таксама людзей перадпенсіённага ўзросту, якія пакуль толькі фарміруюць пакет дакументаў для звароту па прызначэнне пенсій. Частка змен адрасавана сем’ям з дзецьмі-інвалідамі і бацькам дзяцей-інвалідаў.

— Самая чаканая мера — зняцце абмежаванняў памеру пенсій працоўным пенсіянерам. На сёння працоўны пенсіянер, калі ён не заняты ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, атрымлівае пенсію з абмежаваннем па індывідуальным каэфіцыенце заробку 1,3. У Беларусі працуюць каля 446 тысяч пенсіянераў. Ім выплачваецца і заработная плата, і пенсія. Для пенсіянераў, у якіх індывідуальны каэфіцыент заробку вышэйшы за 1,3, работа азначае абмежаванне пенсіі. Такое абмежаванне індывідуальнае для кожнага працоўнага пенсіянера, і яно складае да 500 рублёў пры максімальным стажы 40–45 гадоў і індывідуальным каэфіцыенце заробку 5 і вышэй. Пенсію з абмежаваннем сёння атрымліваюць 110 тысяч працоўных пенсіянераў. Усім ім з 1 студзеня 2025 года, калі ўказ уступіць у сілу, пенсія будзе выплачвацца ў поўным памеры, — паведаміў Валерый Кавалькоў.

Ён падкрэсліў, што нормы ўказа маюць дзве мэты. Першая — павышэнне ўзроўню пенсій для саміх пенсіянераў. Другая — вырашэнне пытанняў кадравага забеспячэння для наймальнікаў.

— Гэтае рашэнне будзе з’яўляцца дадатковым стымулам для тых пенсіянераў, якія хацелі б пайсці працаваць, але з-за абмежаванняў лічаць гэта эканамічна немэтазгодным. Таксама гэта мера будзе садзейнічаць замацаванню на рынку працы пенсіянераў, якія працуюць, — у іх не будзе дадатковай падставы для звальнення. Мы разумеем, што гэта асобы з працяглым працоўным вопытам, якія запатрабаваны сёння на рынку працы. Таксама мера дзейная і для дзяржавы, бо працоўныя пенсіянеры, як і любы іншы работнік, выплачваюць усе падаткі і ўзносы, у тым ліку ў ФСАН, — пракаментаваў намеснік міністра.

Указ «Аб сацыяльнай падтрымцы» таксама прадугледжвае дадатковыя гарантыі сем’ям з дзецьмі і маці. У прыватнасці, устанаўліваецца далейшае зніжэнне страхавога стажу з 10 да 5 гадоў маці, якія нарадзілі і выхавалі чатырох і больш дзяцей. Дадатковыя гарантыі па назначэнні датэрміновай пенсіі (на пяць гадоў раней) атрымаюць таты дзяцей-інвалідаў, якія ажыццяўляюць выхаванне і догляд дзіцяці без удзелу маці.

Для дзяцей-інвалідаў прадугледжана павышэнне да пенсіі ў сувязі са смерцю аднаго з бацькоў. Указам таксама спрашчаецца працэдура збору дакументаў аб заробку для вылічэння пенсіі, аптымізуюцца тэрміны падачы заявы аб назначэнні пенсіі.

Хто зможа атрымліваць пенсію праз пошту?

Як вядома, з 1 ліпеня 2024 года пенсіі ў Мінску, гарадах абласнога падпарадкавання і раённых цэнтрах выплачваюцца ў асноўным праз банкі. Выключэнні складаюць пенсіянеры, старэйшыя за 70 гадоў, інваліды 1 і 2 групы, грамадзяне, якія не маюць пашпарта па рэлігійных перакананнях (са спецыяльным заключэннем аб пацвярджэнні асобы). Правілы выплаты не мяняліся таксама для пенсіянераў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці.

— Мы прааналізавалі ўсе сітуацыі, якія ўзніклі, і падрыхтавалі прапановы пакінуць для асобных катэгорый магчымасць атрымліваць пенсію праз пошту — як у касе пошты, так і з дастаўкай дадому, — адзначае начальнік галоўнага пенсіённага ўпраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Гомарава. — Гэта інваліды 3 групы, асобы з абмежаванай здольнасцю да самастойнага перамяшчэння, у якіх функцыянальны клас 3 і вышэйшы, маці, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў і атрымліваюць дапамогу па доглядзе гэтага дзіцяці-інваліда, асобы, якія зарэгістраваны па месцы жыхарства ў адным жылым памяшканні з інвалідам 1 групы, якія атрымліваюць пенсію праз аб’ект паштовай сувязі. Акрамя таго, указам прадугледжваецца, што і іншыя асобы, якія не вызначаны заканадаўствам, могуць таксама пры жаданні перавесці выплату пенсіі з банка на пошту пры ўмове самастойнай аплаты паслуг пошты па выплаце пенсіі за кошт уласных сродкаў. Тарыфы складаюць ад 0,7 да 0,9 % у залежнасці ад рэгіёна і памеру пенсіі.

Ці трэба кудысьці звяртацца для пераразліку пенсіі?

Не трэба. Мера, звязаная са зняццем абмежавання памеру пенсіі працоўным пенсіянерам будзе рэалізавана ў аўтаматычным рэжыме. Неабходнасці звяртацца па гэтым пытанні ва ўпраўленне сацыяльнай абароны з адпаведнымі дакументамі няма, патлумачыла Алена Гомарава.

Ці будзе мяняцца пенсія, калі каэфіцыент меншы за 1,3

Не. Пенсіянеры, у якіх індывідуальны каэфіцыент заробку меншы за 1,3, ужо сёння атрымліваюць пенсію ў поўным памеры.

Як будзе вызначацца заробак пры разліку пенсіі?

На сёння заробак з’яўляецца адным з паказчыкаў, якія ўплываюць на памер пенсіі. Цяпер яна вылічваецца, зыходзячы з заробку за апошнія 30 гадоў стажу работы. І паказчык гэты штогод павялічваецца.

— Калі ў 2000 годзе мы бралі заробак за шэсць гадоў, то сёлета гэта ўжо 30 гадоў. Указам фіксуецца гэты 30-гадовы перыяд. Такім чынам, з 1 студзеня 2025 года да вылічэння будзе прымацца заробак за апошнія 30 гадоў стажу работы, — удакладніла Алена Гомарава. — Гэта зроблена для таго, каб мы з часам перайшлі на вылічэнне пенсіі з заробку, які пацверджаны данымі персаніфікаванага ўліку, які дзейнічае ў нас з 1 студзеня 2003 года.

Акрамя таго, сёння заробак да 2003 года пацвярджаецца даведкай работадаўцы.

— Частыя выпадкі, калі работадавец ліквідаваны і не здаў дакументы ў архіў. Таму немагчыма пацвердзіць заработную плату, і для вылічэння пенсіі перыяд такой працы прымаецца з нулявым значэннем. Чалавеку неабходна было звяртацца ў суд па ўстанаўленне заробку. Ва ўказе ўтрымліваецца мера, якая дазваляе тыя перыяды, у якія не захаваліся звесткі аб заробку, прапусціць і замяніць іх больш раннімі, пра якія звесткі маюцца. Тым самым будзе знята значная нагрузка на суды, якая была ў сувязі са заваротам грамадзян па пацвярджэнні заробку, — патлумачыла Алена Гомарава.

Пры жаданні можна ўстанаўліваць памер заробку пры адсутнасці звестак і ў судовым парадку.

Кампетэнтны каментарый

Для ўзмацнення сацыяльнай падтрымкі

Асноўныя змяненні ў пенсіённым забеспячэнні, падтрымцы сем’яў і бацькоў дзяцей-інвалідаў, а таксама новаўвядзенні ў карыстанні сродкамі сямейнага капіталу пракаментавала старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Ірына Касцевіч:

— Для ўзмацнення сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян кіраўнік дзяржавы 29 кастрычніка прыняў указ, які ўступае ў сілу з 1 студзеня 2025 года і накіраваны на вырашэнне пытанняў парадку выплаты і прызначэння працоўных і сацыяльных пенсій.

Першае новаўвядзенне, безумоўна, парадуе многіх нашых пенсіянераў. Так, для прыцягнення на рынак працы грамадзян пенсіённага ўзросту, якія маюць, бясспрэчна, вялікі багаж вопыту і кампетэнцый, адмяняецца абмежаванне памеру пенсіі працоўным пенсіянерам. Трэба адзначыць, што на рэалізацыю дадзенай меры, вядома ж, быў высокі сацыяльны запыт з боку працоўных пенсіянераў, у падтрымку якіх падключыліся і прафсаюз, і наймальнікі.

З 1 ліпеня 2024 года змяніліся правілы выплаты пенсіі ў гарадах, а менавіта грамадзяне, якія не дасягнулі ўзросту 70 гадоў (за выключэннем інвалідаў 1 і 2 групы), павінны былі перайсці на атрыманне пенсіі праз банк. Разам з тым практыка рэалізацыі гэтай нормы ўжо на старце выявіла шэраг жыццёвых сітуацый. Для іх вырашэння ва ўказе для асобных катэгорый грамадзян — з асаблівасцямі здароўя, а таксама тых, якія пражываюць з інвалідам 1 групы або даглядаюць дзіця-інваліда, — захоўваецца права атрымання пенсіі праз паштовае аддзяленне сувязі. Такая магчымасць даецца таксама ўсім пенсіянерам у выпадку аплаты гэтай паслугі за кошт уласных сродкаў (па тарыфах кошту паслуг пошты па дастаўцы пенсій за кошт сродкаў пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва).

Указ таксама спрашчае працэдуру збору дакументаў аб заробку для вылічэння пенсіі. Так уключана норма аб пераходзе з 2025 года да вылічэння пенсіі з заробку за апошнія 30 гадоў стажу работы. Такім чынам, працягласць перыяду да ўвядзення персаніфікаванага ўліку (уведзены з 1 студзеня 2003 года), за які грамадзянам трэба прадстаўляць даведкі аб заробку на «паперы», штогод будзе змяншацца, і па факце да 2033 года прыйдзем да беспапяровага пацвярджэння свайго працоўнага шляху для назначэння пенсіі.

І яшчэ адна норма, якая закране будучых пенсіянераў: аптымізуюцца тэрміны падачы заявы аб назначэнні пенсіі. Грамадзяне могуць звяртацца па назначэнне пенсіі за месяц да або пасля ўзнікнення права на яе, што будзе, бясспрэчна, вельмі зручным. Пры гэтым назначэнне пенсіі будзе ажыццяўляцца з дня ўзнікнення права на яе.

Указам павышаецца матэрыяльная падтрымка дзяцей-інвалідаў у выпадку смерці аднаго з бацькоў. Ім будзе ўстанаўлівацца істотнае павышэнне да пенсіі, памер якой будзе залежаць ад ступені страты здароўя дзіцяці і прывязаны да бюджэту пражытачнага мінімуму.
Атрымаюць дадатковыя гарантыі па прызначэнні датэрміновай пенсіі (на 5 гадоў раней) бацькі дзяцей-інвалідаў, якія ажыццяўляюць выхаванне і догляд дзіцяці без удзелу маці.

І, вядома ж, не пакінуты без увагі шматдзетныя сем’і. Для маці, якія нарадзілі і выхавалі чатыры і больш дзяцей, уводзяцца льготныя ўмовы прызначэння пенсіі, а менавіта ўстанаўліваецца далейшае зніжэнне страхавога стажу з 10 да 5 гадоў.

Важнай навіной для шматдзетных стаў і прыняты ўказ аб працягу тэрміну дзеяння праграмы сямейнага капіталу на наступны пяцігадовы перыяд (з 2025 да 2029 года). Трэба адзначыць, што захоўваюцца дзеючыя ўмовы па яго назначэнні, катэгорыі асоб, якія маюць права на такую падтрымку, і напрамкі яго выкарыстання.

Разам з тым ёсць і навацыі. Пашыраюцца магчымасці датэрміновага выкарыстання гэтых сродкаў. Даецца права датэрміновага іх выкарыстання пры будаўніцтве жылля незалежна ад наяўнасці накіравання мясцовага выканаўчага і распарадчага органа на такое будаўніцтва; на набыццё долі жылых памяшканняў, калі ў сям’і ўжо ёсць ва ўласнасці долі гэтых жылых памяшканняў, замацаваныя за некалькімі членамі сям’і (напрыклад, доля кватэры належыць бацьку і дзецям, а астатняя частка — іншай асобе, якую сям’я зможа выкупіць за сродкі сямейнага капіталу); на вяртанне крэдыту, атрыманага ў парадку рэфінансавання для пагашэння запазычанасці па раней заключаным крэдытным дагаворы на фінансаванне будаўніцтва або набыцця жылля; на навучанне не толькі за бягучы і папярэдні навучальныя гады, але і наступны навучальны год.

Пашыраецца пералік тавараў, якія можна набыць, выкарыстоўваючы датэрмінова сродкі сямейнага капіталу, для членаў сям’і з інваліднасцю з парушэннямі зроку.

Вельмі важна, што ва ўказе ўпершыню замацоўваюцца правы дзяцей (у тым ліку пры разводзе бацькоў) на жылыя памяшканні, пабудаваныя або набытыя з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу.

Варта дадаць, што ў праекце рэспубліканскага бюджэту на 2025 год ужо прадугледжана на фарміраванне сямейнага капіталу больш за 360 мільёнаў рублёў.

Прынятыя ўказы накіраваны на вырашэнне пытанняў чалавека і, упэўнена, атрымаюць пазітыўныя водгукі.

У тэму

Павялічваецца бюджэт пражытачнага мінімуму, дапамогі на дзяцей і даплаты да пенсій

З 1 лістапада 2024 года павялічваюцца памеры бюджэту пражытачнага мінімуму. Новыя памеры БПМ будуць дзейнічаць да 31 студзеня 2025 года. Такім чынам, БПМ у сярэднім на душу насельніцтва ў параўнанні з яго значэннем, устаноўленым з 1 жніўня 2024 г., павялічыцца на 1,1 працэнта і складзе 437,8 рубля. Сёлета гэта чацвёрты пераразлік БПМ. З пачатку года нарматыў павялічыўся на 19 працэнтаў.

З 1 лістапада павялічваюцца і памеры дзяржаўнай дапамогі сем’ям, што выхоўваюць дзяцей, якія вылічваюцца з БПМ. Аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці складзе 10 БПМ, або 4378 рублёў, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 14 БПМ, або 6 129,2 рубля.

Дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, вырасце да 437,8 рубля, дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (штомесячная) складае 50 % БПМ і павялічыцца да 218,9 рубля.

Таксама вырастуць штомесячныя дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў і дапамогі на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека.

Вырастуць з 1 лістапада і «ўзроставыя» даплаты да пенсій. Іх атрымліваюць больш за 537 тысяч чалавек ва ўзросце 75 гадоў і старэйшых. Памер гэтых выплат павялічыцца на 1,1 % і складзе 82,09 рубля для асоб ва ўзросце 75–79 гадоў і 164,18 рубля для 80 гадовых і старэйшых людзей (з улікам надбаўкі на догляд), а пры наяўнасці інваліднасці 1 групы — 218,9 рубля. Выдаткі на «ўзроставыя даплаты» ў 2024 годзе складуць 790 мільёнаў рублёў.

Матэрыялы падрыхтавала Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.