Вы тут

Адразу некалькі юбілейных дат адзначыць «Расія-Культура» кінапаказам


Ладзіць кінапаказы з нагоды юбілейных дат любімых артыстаў — тая добрая традыцыя, якая адным дазваляе перагледзець даўно вядомыя фільмы, а іншым дае магчымасць адкрыць для сябе мастацтва кіно з мінулага. Найбліжэйшыя дні таксама не стануць выключэннем. У эфіры канала «Расія-Культура» тэлегледачам падрыхтавалі некалькі цікавых фільмаў, за праглядам якіх можна не толькі занурыцца ў атмасферу мінулага, але і паразважаць пра актуальнае.


Так, 1 лістапада ўвечары і з паўторам заўтра раніцай пакажуць мастацкі фільм «Дзень і ўсё жыццё» (к\ст. імя М. Горкага, 1969 г.) да юбілею актрысы Раісы Разанавай. Артыстка, вядомая таксама па такіх кінаработах, як «Масква слязам не верыць», «Фронт у тыле ворага», «Дамскае танга», тут увасобіла Кацю Марозаву, чалавека з няпростым лёсам. Кінаработа рэжысёра Юрыя Грыгор’ева — гэта лірычная аповесць пра рускую жанчыну, якая ў гады вайны і ў пасляваенны час адна выхоўвала сына. Яна проста жыла сваімі ўспамінамі і надзеямі, не патрабуючы многага ад жыцця... Як вынік, на экране гледачоў чакае кранальная гісторыя чалавечых лёсаў, гераізму і жыццёвых перыпетый, якія па-свойму раскрываюць кожнага персанажа. А тое, што ў акцёрскім складзе задзейнічаны артысты Леанід Кураўлёў, Святлана Харытонава, Аляксандр Ермакоў і іншыя, надае ёй таксама асаблівае гучанне.

У суботу ў вячэрнім эфіры запланаваны паказ кінафільма «Чужая радня» («Ленфільм», 1955 г.) рэжысёра Міхаіла Швейцэра, прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння акцёра Уладзіміра Гуляева.

У гэтай стужцы артыст увасобіў героя Субоціна. Кінастужка, знятая па матывах аповесці «Не да двара» Уладзіміра Цендракова. Драма пра побытавую прыцірку розных пакаленняў у адным доме і сучаснаму гледачу дасць нагоду падумаць пра важнае: ці заўсёды старэйшыя маюць рацыю і на іх меркаванні варта арыентавацца ў выбудоўванні ўласных узаемаадносін. У выніку ўсведамляеш, што жыццё па вялікім рахунку заўсёды прапаноўвае розным людзям падобныя сітуацыі, у якіх мяняюцца толькі час дзеяння, выканаўцы і дэкарацыі. Дарэчы, гэты фільм можна будзе таксама паглядзець у паўторы ў нядзелю, 3-га лістапада, з раніцы.

А ў вячэрнім эфіры ў 20.00 тэлеканал «Расія-Культура» запланаваў паказ мастацкай кінастужкі «Вялікая сям’я» рэжысёра Іосіфа Хейфіца, якая ўбачыла свет на кінастудыі «Ленфільм» у 1954 годзе. Кінааповесць пра тры пакаленні рабочых-суднабудаўнікоў, якія жывуць адной сям’ёй, разгортваецца ў кадры. І тут зноў аўдыторыя можа назіраць, што не заўсёды старэйшыя разумеюць і прымаюць памкненні маладых. Але вучымся мы ў герояў таму, што яны маюць стрыжань, умеюць ганарыцца выбранай прафесіяй... У фільме зняліся Сяргей Лук’янаў, Барыс Андрэеў, Вера Кузняцова, Аляксей Баталаў, Клара Лучко, Алена Дабранравава і многія іншыя майстры сцэны. Кінастужка нават была адзначана на Міжнародным Канскім кінафестывалі ў 1955 годзе ў намінацыі «Найлепшы акцёрскі ансамбль». Словам, лепш знайсці вольную хвіліну і перагледзець старое добрае кіно, выпрабаванае часам.

Алена ДРАПКО

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Сямейныя гісторыі ў кіно

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.