На пасяджэнні другой сесіі дэпутаты разгледзелі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі восьмага склікання тры законапраекты: «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2025 год», «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2025 год» і «Аб змяненні законаў» (карэкціроўка Падатковага кодэксу Рэспублікі Беларусь).
На пачатку пасяджэння Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка адзначыў, што разгляд блока бюджэтна-падатковых дакументаў — адна з найважнейшых заканатворчых задач бягучай сесіі. Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на санкцыі, эканоміка краіны выстаяла, эфектыўна развіваецца і сёлета расце тэмпамі, вышэйшымі за сусветныя. «Гэта дазваляе дзяржаве выконваць узятыя на сябе сацыяльныя абавязацельствы. Сур’ёзныя задачы стаяць і на наступны год. Бюджэт на 2025 год павінен забяспечыць, з аднаго боку, абавязковасць выканання мерапрыемстваў праграмы бягучай пяцігодкі, з другога — задаць вектар сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў сярэднетэрміновай перспектыве. І гэтую работу мы павінны ажыццяўляць у рэчышчы даручэнняў кіраўніка дзяржавы, які неаднаразова паказваў на неабходнасць сур’ёзнага крытычнага падыходу да праекта з боку дэпутацкага корпуса», — падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў і адзначыў актыўны ўдзел парламентарыяў у падрыхтоўцы пакета дакументаў, які разглядаецца.
Праект Закона «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2025 год» дэпутатам прадставіла міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка.
Як паведаміла міністр, даходы бюджэту фонду разлічаны ў суме 32 775,6 млн рублеў, або 110,7 % да бюджэту фонду за 2024 год. Асноўную долю ў структуры ўзносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне складаюць абавязковыя страхавыя ўзносы работадаўцаў і працоўных грамадзян — 98,2 %. Абавязковых страхавых узносаў, што выплачваюцца арганізацыямі, у якіх забяспечваліся грашовым забеспячэннем вайскоўцы тэрміновай ваеннай службы, прадугледжана ў суме 5,4 млн рублёў. Узносы на прафесійнае пенсіённае страхаванне разлічаны ў суме 251,6 млн рублёў.
Непадатковыя даходы бюджэту фонду складаюць 563,4 млн рублёў, з іх найбольшая ўдзельная вага (64,6 %) прыпадае на даходы ад размяшчэння сродкаў прафесійнага пенсіённага страхавання ў суме 64,1 млн рублёў (павялічаны на 36,2 млн рублёў у параўнанні з чаканым выкананнем 2024 года, тэмп росту — 111 %), іншыя непадатковыя даходы складаюць 199,3 млн рублёў (павялічаны на 20,4 млн рублёў у параўнанні з чаканым выкананнем 2024 года, тэмп росту — 111,4 %).
Гаворачы пра выдаткі бюджэту фонду, Наталля Паўлючэнка зазначыла, што яны разлічаны ў суме 32 273,8 млн рублёў, або 113,4 % да бюджэту фонду за 2024 год. Асноўную суму выдаткаў — 25 888,2 млн рублёў (80,2 %) прадугледжваецца накіраваць на фінансаванне пенсіённага забеспячэння. Аб’ём сродкаў на фінансаванне расходаў на выплату пенсій запланаваны ў бюджэце фонду з улікам забеспячэння суадносін сярэдняга памеру пенсіі па ўзросце непрацоўнага пенсіянера і сярэдняй заработнай платы работнікаў Рэспублікі на ўзроўні 44,6 %.
У складзе іншых расходаў бюджэту фонду ажыццяўляецца фінансаванне аплаты аднаго дадатковага выхаднога дня ў месяц для маці (мачахі) або бацькі (айчыма), апекуна (папячыцеля), якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Агульная сума такіх выдаткаў — 3,3 млн рублёў.
Законапраект прыняты ў двух чытаннях.
Аб праекце Закона «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2025 год» дэпутатаў праінфармаваў міністр фінансаў Юрый Сіліверстаў.
Міністр паведаміў, што даходы па праекце рэспубліканскага бюджэту на 2025 год прадугледжваюцца ў суме 45 835,8 млн рублёў, што на 8,1 % вышэй за ацэнку паступленняў 2024 года. Асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў рэспубліканскага бюджэту з’яўляюцца: падатак на дабаўленую вартасць, акцызы, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці. Расходная частка па праекце рэспубліканскага бюджэту на наступны год сфарміравана ў суме 50 295,2 млн рублёў, з ростам на 12 % да чаканага выканання 2024 года. Такім чынам, праект рэспубліканскага бюджэту сфарміраваны з дэфіцытам у памеры 4 459,3 млн рублёў.
Таксама ў наступным годзе захаваецца сацыяльная накіраванасць расходаў бюджэту. У прыярытэце — фінансаванне адукацыі і аховы здароўя, а таксама рэалізацыя мер, накіраваных на павышэнне якасці жыцця насельніцтва, падтрымку шматдзетных сем’яў. Прадугледжана фарміраванне сямейнага капіталу ў суме 361,1 млн рублёў. Значную частку ў бюджэце складуць выдаткі на аплату працы, пенсіі, стыпендыі, дапамогі, іншыя выплаты, сродкі на выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў.
Законапраект прыняты ў першым чытанні.
Законапраект «Аб змяненні законаў», які прадугледжвае карэкціроўку Падатковага кодэкса, таксама быў прыняты ў першым чытанні.
Згодна з дакументам, плануюцца павелічэнне ставак акцызаў на тытунёвыя вырабы і алкагольную прадукцыю, індэксацыя падатковых ставак, устаноўленых у абсалютных велічынях, на прагноз росту спажывецкіх цэн. Стаўкі зямельнага падатку, падатку на нерухомасць, экалагічнага падатку, падаходнага падатку з фізічных асоб у фіксаваных сумах будуць праіндэксаваны на прагнозны сярэднегадавы ўзровень інфляцыі ў 2025 годзе — 105,4 %. Падатковая нагрузка прагназуецца на ўзроўні 24,6 % да ВУП.
Таксама асобныя малаэфектыўныя падатковыя льготы будуць трансфармаваны ў паніжаныя стаўкі. Будуць таксама ўведзены дадатковыя прэферэнцыі для фізічных асоб па падаходным падатку: знята абмежаванне ў частцы аднаразовага атрымання маёмаснага выліку для шматдзетных сем’яў, якія ажыццяўляюць будаўніцтва або набыццё жылога дома або кватэры, а таксама пашыраны пералік маладых спецыялістаў, маладых рабочых (служачых), якія атрымалі вышэйшую, навукова-арыентаваную сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю і маюць права на атрыманне стандартнага падатковага выліку.
Акрамя таго, прадугледжана прывядзенне Падатковага кодэкса ў адпаведнасць з дзеючымі нормамі заканадаўства.
Уладзімір ВЯРЭНІЧ
Фота: БелТА
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.