Вы тут

Ці стане Магілёўшчына турыстычнай Меккай?


Цікавасць да ўязнога турызму паступова расце. Кіраўнік дзяржавы неаднойчы звяртаў увагу на тое, што гэты кірунак трэба актыўна развіваць, каб ён прыносіў прыбытак. З падачы Міністэрства спорту і турызму ў краіне ўжо працуюць 34 турыстычныя інфармацыйныя цэнтры, якія кіруюць турысцкімі патокамі. Адзін з іх — абласнога маштабу — знаходзіцца ў Магілёве, існуе пры ўпраўленні спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама. Мы даведаліся, чым ён адрозніваецца ад звыклых нам турфірм і якая ад яго карысць турыстам-адзіночкам і арганізаваным групам.


Welcome to Магілёў

Магілёўскаму турыстычнаму інфармацыйнаму цэнтру «Рэгіён Магілёў» усяго год, але шмат чаго ўжо зроблена. Яго супрацоўнікі паспелі напрацаваць вельмі карысную для развіцця мясцовага турызму базу.

— Наша задача — гэта збор, распаўсюджанне і акумуляванне інфармацыі, — удакладняе дырэктар Турыстычнага інфармацыйнага цэнтра «Рэгіён Магілёў» Юрый Шынкароў. — Заканадаўча ў Беларусі вызначана 13 відаў турызму. У пастанове Міністэрства спорту і турызму ўсе яны апісаны, кожны месяц гэтага года прысвечаны аднаму з іх. Пад гэтай тэмай праходзяць круглыя сталы, мерапрыемствы, акцыі.

У маі, напрыклад, піярылі аграэкатурызм. Мы шчыльна працуем з аграсядзібамі, актуалізавалі ўсю інфармацыю па іх. У вобласці налічваецца больш чым 130 такіх суб’ектаў. Мы ведаем, колькі людзей яны могуць прыняць, ці ёсць безбар’ернае асяроддзе, якая ў іх кухня, ці ёсць трансфер, тэматычная праграма. Некаторыя аграсядзібы спецыялізуюцца на чымсьці адным, як, напрыклад, «Пчалінае царства» або «Сырная даліна» ў Слаўгарадскім раёне. Асобна разглядаем гастратурызм. Сабраны ўсе даныя па кавярнях, рэстаранах, у гэтым кірунку працуюць і некаторыя аграсядзібы. Тое ж «Шале на гары» ў Чавусах, дзе прапануюць малекулярную кухню. Праўда, вельмі цікава? У Магілёўскім раёне пад гэту марку падыходзіць аграсядзіба «Шэрая шыйка», некаторыя іншыя. Ёсць медыцынскі кірунак. Тут акцэнт робіцца на санаторыях. Працягваем вывучаць, што яшчэ ёсць цікавага ў раёнах, ездзім, фатаграфуем і прасоўваем праз сацсеткі. Прычым імкнёмся рабіць гэта не суха, каб зацікавіць людзей і ім захацелася прыехаць паглядзець.

Яшчэ адзін цікавы кірунак — падзейны турызм. Супрацоўнікі цэнтра распрацавалі каляндар, дзе адзначылі значныя мерапрыемствы, якія праходзяць у вобласці. Напрыклад, у сакавіку гэта міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@rt.кантакт», у ліпені — рэспубліканскі фестываль «Александрыя збірае сяброў», у жніўні — рыцарскае свята «Мсціслаўскі фэст». Як паказвае вопыт, гэта таксама цікава турыстам.

— У выхадныя дні да нас у вобласць прыязджае болей чым 20 турысцкіх аўтобусаў, шмат з расійскімі нумарамі, у асноўным бранскімі і смаленскімі, — дадае спецыяліст па турызме Аляксандра Сяргейчанка. — На выставах у Расіі ў 95 % выпадкаў цікавяцца менавіта нашымі санаторыямі. Карыстаецца попытам бабруйскі санаторый імя Леніна. З суседніх абласцей часцей за ўсё прыбываюць экскурсіі з Віцебшчыны і Гомельшчыны.

— Справа, якую мы робім, вельмі важная і патрэбная, — рэзюмуе дырэктар цэнтра. — Спадзяёмся, што наш рэсурс будзе карысны насельніцтву.

Увага: «шэрыя» экскурсаводы

Яшчэ адзін кірунак дзейнасці цэнтра — атэстацыя кваліфікаваных экскурсаводаў і барацьба з «шэрымі».

— Па нашых ацэнках, 25–30 % сёння — гэта «шэрыя» экскурсаводы, — дзеляцца спецыялісты. — Тыя, якія не маюць пасведчання аб атэстацыі, бэйджа, зацверджаных тэм.

У Магілёўскай вобласці перападрыхтоўкай экскурсаводаў займаецца Інстытут павышэння кваліфікацыі пры МДУ імя Куляшова, а спецыяльнасць экскурсавода можна атрымаць у Магілёўскім сацыяльна-педагагічным каледжы, які існуе пры МДУ. І цэнтр з’яўляецца добрай пляцоўкай для пачаткоўцаў.

— У нас яны праходзяць практыку, у тым ліку пераддыпломную, удзельнічаюць у сумеснай арганізацыі мерапрыемстваў, — распавядае Аляксандра Сяргейчанка. — Падчас семінара па аграэкатурызме практыканты дапамагалі рыхтаваць буклеты. Ёсць таксама валанцёры, якія забяспечваюць інфармацыйную падтрымку. Мы прапануем ім паварыцца ў атмасферы, каб загадзя ведалі, з чым прыйдзецца сутыкацца. Адна справа — лекцыі, другая — практыка.

Спартыўная слава

На сцяне пакоя, дзе мы размаўляем, — карта Магілёўскай вобласці з абазначанымі на ёй месцамі развіцця таго ці іншага віду спорту. Цэнтр знаходзіцца на базе музея алімпійскай і спартыўнай славы Магілёўшчыны. Гэта яшчэ адна цікавая фішка цэнтра «Рэгіён Магілёў». Не выходзячы з яго, ужо можна трапіць на экскурсію і спрычыніцца да спартыўнага жыцця Магілёўшчыны. У Чавусах, напрыклад, шліфавалі свой талент вядомыя біятланісты — алімпійская чэмпіёнка 2018 года Дзінара Алімбекава і сярэбраны прызёр 2010 года Сяргей Новікаў. У Бабруйску з розніцай у некалькі гадоў першыя крокі на спартыўны Алімп рабілі алімпійскія чэмпіёны ў веславанні на каноэ браты Аляксандр і Андрэй Багдановічы. Імёны спартыўных зорак на слыху, і турысты заўсёды з задавальненнем наведваюць залу.

— Музей алімпійскай і спартыўнай славы — даніна павагі да людзей, якія стваралі на міжнародных арэнах імідж сваёй краіны, — запрашаюць азнаёміцца з экспанатамі супрацоўнікі турыстычнага цэнтра. — Каля вытокаў стварэння музея стаяў былы начальнік упраўлення па спорце і турызме Уладзімір Юдко.

Пляцоўка для перагавораў

Падчас нядаўняга XV Міжнароднага эканамічнага форуму «Млын поспеху» цэнтр «Рэгіён Магілёў» стаў пляцоўкай для перагавораў у сферы турызму. Тут працавала секцыя «Магілёўшчына запрашае», удзельнікамі якой сталі прадстаўнікі турыстычных арганізацый з Беларусі і Расіі. Сярод ганаровых гасцей прысутнічалі міністр па культуры і турызме Калінінградскай вобласці Андрэй Ярмак, пасол Еўразійскай турысцкай арганізацыі Яніна Храмцова.

— Наш цэнтр актыўна папулярызуе патэнцыял Магілёўскай вобласці, — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама Вадзім Брэжазінскі. — Гэта абласны рэсурс, дзе ўсе суб’екты туріндустрыі — гасцініцы, аграсядзібы, санаторыі, музеі, аб’екты грамадскага харчавання і гэтак далей — могуць атрымаць бясплатную падтрымку свайго патэнцыялу. Працуем і над лагістыкай: як даехаць, дзе паесці і пераначаваць, купіць сувеніры — усё гэта ў працэсе. Падчас форуму расійскія прадстаўнікі турыстычнай галіны ўбачылі не толькі нашы славутасці, але і магчымасці пражывання, арганізацыі харчавання. Яны змогуць усё падлічыць і сфарміраваць туры ў Магілёўскую вобласць. Разлічваем, што ў наступным сезоне да нас ужо мэтанакіравана паедуць ад іх арганізаваныя групы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.