Вы тут

Дэпутат Вольга Жук заўсёды аб’ядноўвае намаганні людзей дзеля дасягнення выніку


Гэты слоган на асабістым сайце дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вольгі Жук з’яўляецца вызначальным. У сваёй рабоце яна заўсёды арыентуецца менавіта на неабходнасць аб’ядноўваць намаганні розных людзей, каб дасягнуць выніку. У Бабруйску яна чалавек свой. Пад яе ўвагай знаходзіцца Ленінскі раён гэтага горада, які аб’ядноўвае амаль 69 тысяч выбаршчыкаў.


Тыдзень, які Вольга Жук правяла ў сваёй акрузе, праходзіў пад знакам мацярынства і бацькоўства. Дзень маці мы адзначаем 14 кастрычніка, а Дзень бацькі — 21 кастрычніка. У сваім шчыльным графіку яна знайшла магчымасць наведаць шматдзетную сям’ю Дар’і і Аляксандра Маковічаў, якія выхоўваюць траіх дзяцей, выказаць ім цёплыя віншавальныя словы, пагутарыць. «Моцная традыцыйная сям’я — гэта заўсёды апора дзяржавы і яе будучыня, — адзначае дэпутат. — У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб забяспечыць абаронай шлюб, сям’ю, дзяцінства. У нас існуе добрая традыцыя прыходзіць у Дзень маці з падарункамі і віншаваннямі ў шматдзетныя сем’і. І мы гэта робім з задавальненнем».

Тэме сям’і была прысвечана і сустрэча ў рамках адзінага дня інфармавання з працоўным калектывам Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча. Вольга Жук нагадала, што для пабудовы моцнай і паспяховай дзяржавы вялікае значэнне маюць замацаваныя на заканадаўчым ўзроўні традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. «Сацыяльная падтрымка сям’і з’яўляецца безумоўным нацыянальным прыярытэтам», — падкрэслівае яна.

У сваёй рабоце дэпутат удзяляе шмат увагі маладзёжнай аўдыторыі. «Сустрэча на ўсе 100!» — так ацанілі бабруйскія піянеры і актывісты БРСМ мерапрыемства, якое адбылося ў бабруйскім Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Яно прайшло на адным дыханні. Вольга Жук цікавілася справамі юных патрыётаў краіны, якія яны ставяць перад сабой мэты і задачы. Школьнікі, у сваю чаргу, пыталіся, з чаго складаецца работа дэпутата, цікавіліся, як дасягнуць вышынь у асабістым і прафесійным жыцці, пераадолець складанасці.

— Работа з моладдзю — гэта той кірунак у рабоце, які не толькі дае карысную інфармацыю для дэпутацкай дзейнасці, але і падсілкоўвае, прымушае рухацца далей, — кажа Вольга Мікалаеўна. — Наша моладзь унікальная, яна цікавіцца пытаннямі развіцця і добраўпарадкавання Бабруйска, будучыняй нашай Бабруйскай крэпасці, новымі інвестыцыйнымі праектамі і многім іншым.

Бабруйчане ведаюць, што Вольга Жук заўсёды адгукнецца на іх праблемы і дапаможа ў іх разабрацца. 

І гэтым разам да яе на прыём прыйшлі па дапамогу некалькі жыхароў, праблемы якіх яна ўважліва выслухала.

— Для народнага выбранніка вельмі важна быць на сувязі з людзьмі, працаваць з іх зваротамі, — рэзюмуе Вольга Жук. — Трэба паглыбіцца ў праблему, паставіць сябе на месца чалавека, прапусціць праз сябе тое, што яго непакоіць. Пытанні паступаюць як у ходзе асабістых прыёмаў і прамых тэлефонных ліній, так і падчас сустрэч з працоўнымі калектывамі, якіх сёлета ў мяне адбылося каля пяцідзесяці. Работа са зваротамі больш эфектыўная, калі ёсць узаемадзеянне з мясцовай уладай. У Бабруйску гэты ланцужок добра працуе, і я вельмі ўдзячная за гэта кіраўніцтву горада. Так, жыхары Ленінскага раёна пажадалі, каб уздоўж вуліцы Інтэрнацыянальнай былі ўстаноўлены дадатковыя лаўкі, і праз дэпутацкі зварот у гарвыканкам яны былі пачутыя.

Па словах Вольгі Мікалаеўны, большасць пытанняў выбаршчыкаў традыцыйна датычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Усе праблемы бяруцца на кантроль і сумесна з профільнымі гарадскімі службамі вырашаюцца.

2024-ы год праходзіць у Беларусі пад знакам 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І Вольга Жук пры сваёй рабоце ў акрузе ўдзяляе вялікую ўвагу ветэранам.

— Я заўсёды з трапятаннем стаўлюся да гэтых мужных людзей, — кажа народная выбранніца. — На жаль, сёння іх — адзінкі. Але мы памятаем тых, хто не шкадаваў жыцця дзеля нас, рабіў усё, каб над нашымі галовамі свяціла яркае сонца і заўсёды было чыстае неба. Вельмі ганаруся сваім дзедам Мікалаем Жуком, які меў шмат узнагарод, у тым ліку і медаль «За адвагу». Заўсёды незабыўныя ўражанні пакідаюць сустрэчы з ветэранамі напярэдадні 9 Мая і 3 Ліпеня. Так хочацца, каб яны былі здаровыя як мага даўжэй! У памяці засталася і сёлетняя сустрэча 28 ліпеня з ветэранамі — жыхарамі блакаднага Ленінграда. Такіх у Бабруйску засталося ўсяго чатыры чалавекі. З хваляваннем у сэрцы мы разам з калегамі ўручылі ім ганаровыя знакі ў гонар 80-годдзя вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады. Узнагароды былі перададзены ў нашу краіну праз Пасольства Расійскай Федэрацыі пры падтрымцы і суправаджэнні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад Бабруйска.

Рабочы тыдзень у акрузе дэпутата Вольгі Жук завяршыўся ўдзелам у рэспубліканскай акцыі «Дай лесу новае жыццё!.» Разам з калегамі з Палаты прадстаўнікоў, дэпутатамі гар- і райсавета, моладдзю яна садзіла дрэвы ў Прыбярэзінскім лясніцтве Бабруйскага лясгаса.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Вольгі ЖУК

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.