Слухаць людзей і своечасова прымаць рашэнні на месцах — важныя задачы для дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў. Народныя выбраннікі на пастаяннай аснове праводзяць дыялогавыя пляцоўкі, круглыя сталы, прыёмы і асабістыя сустрэчы з грамадзянамі, выбаршчыкамі, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах. Гэта неад’емная частка іх работы ў акрузе. Акрамя дзелавых і афіцыйных сустрэч яны бяруць удзел у суботніках і іншых акцыях, накіраваных на добраўпарадкаванне тэрыторыі. Больш падрабязна аб рабоце для сваёй Усходняй 107-й акругі (горад Мінск) карэспандэнту «Звязды» распавяла член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Наталля Дзяргач.
— Наталля Сяргееўна, у сваёй акрузе вы асоба вядомая. Раскажыце, калі ласка, пра яе. З чаго пачалося ваша знаёмства з акругай і выбаршчыкамі?
— Я даўно жыву і працую ў сваёй акрузе. Больш за 20 гадоў адпрацавала ў сістэме аховы здароўя Савецкага раёна. Пачынала свой прафесійны шлях у педыятрычнай службе. Пасля ўжо стала намеснікам па арганізацыйна-метадычнай рабоце ў сістэме аховы здароўя Савецкага раёна. За немалы перыяд работы жыхары раёна добра пазнаёміліся са мной. Гэта былыя мае пацыенты. І дзе б я ні з’явілася: у краме, банку ці проста на вуліцы — людзі пазнаюць, спыняюцца, і мы нават з месца вырашаем розныя пытанні. Альбо даю пэўныя рэкамендацыі і адказы, альбо запрашаю на асабісты прыём. Таксама падтрымліваю цесны кантакт з раённай адміністрацыяй і службамі, дзякуючы чаму становіцца яшчэ прасцей вырашаць пытанні выбаршчыкаў.
— Неад’емнай часткай работы дэпутатаў усіх узроўняў з’яўляецца правядзенне прамых тэлефонных ліній і асабістых прыёмаў грамадзян. Такія мерапрыемствы дазваляюць паглыбіцца ў праблемы людзей, часта — разгледзець тыя ці іншыя моманты заканадаўства. Якія праблемы хвалююць жыхароў вашай акругі?
— Асабістыя прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы ў калектывах — работа кожнага дэпутата. Акрамя гэтага, нярэдка праводзім сустрэчы з моладдзю, арганізоўваем дыялогавыя пляцоўкі, удзельнічаем у розных акцыях, мерапрыемствах дзяржаўнага і раённага ўзроўняў. Гэта — шырокі спектр паўсядзённай работы любога народнага выбранніка. З улікам таго, што я прапрацавала ў медыцыне шмат гадоў, часта мяне запрашаюць на сустрэчы ў медыцынскія калектывы. У маёй акрузе 10 медустаноў. І зваротаў, як правіла, паступае больш па медыцынскіх пытаннях.
Так, напрыклад, адна з вялікіх праблем, якая была ў нашым раёне на працягу многіх гадоў, — стан некаторых устаноў аховы здароўя. 13-я гарадская паліклініка з-за свайго паважанага ўзросту мела патрэбу ў рамонце. Будынак медустановы стары, трохпавярховы, у ім адсутнічае ліфт. Людзям сталага ўзросту, а іх у раёне даволі шмат, трапіць да ўрача без ліфта праблематычна. Першапачаткова планавалі ліфтавую прыбудову, затым пераразмеркаванне насельніцтва, і вось сёння гэтае пытанне вырашылася. Мы будуем новы корпус з рэканструкцыяй і рамонтам старога, з устаноўкай ліфта і новага медыцынскага абсталявання. Гэта значна палепшыць даступнасць і якасць аказання медыцынскіх паслуг.
Плануецца таксама капітальны рамонт 34-й цэнтральнай паліклінікі. Пасля на базе ўстановы будзе функцыянаваць раённы дыягнастычны цэнтр. Гэта паліклініка шматпрофільная, у ёй сканцэнтраваны раённыя ўралагічны, алергалагічны, кардыялагічны і іншыя цэнтры.
— Нярэдка вы праводзіце сустрэчы з моладдзю. Якія пытанні ўздымаеце падчас такіх мерапрыемстваў? Што імкняцеся данесці ў першую чаргу?
— Я заўсёды імкнуся праводзіць сустрэчы з моладдзю. З улікам таго, што я перш за ўсё дзіцячы ўрач і палову свайго прафесійнага жыцця працавала з дзецьмі, падлеткамі і моладдзю, гэты кірунак для мяне добра знаёмы. Я люблю сустракацца з нашай моладдзю. Яна ў нас актыўная і сучасная. Гэта сапраўды наша будучыня. Усё тое, што мы, старэйшае пакаленне, данясём да нашых маладых людзей, яны павінны захаваць і прымножыць. Нам ёсць чым ганарыцца. Беларуская прамысловасць, сельская гаспадарка, медыцына, сацыяльны спектр і іншыя галіны — на высокім, якасным узроўні.
Сёлета мы адзначаем 30-годдзе інстытута Прэзідэнцтва. На сустрэчах з моладдзю расказваю пра самыя розныя дасягненні. Якраз пачынала працаваць у пачатку 1990-х, асабіста адчула той нялёгкі час, і мне ёсць з чым параўноўваць. 30 гадоў у рамках гісторыі — невялікі тэрмін. Аднак колькі ўсяго было зроблена за гэты час! Наша пакаленне прайшло праз усе этапы станаўлення дзяржаўнасці. Моладзі трэба нагадваць пра павагу да старэйшых, да людзей, якія будавалі нашу краіну на чале з Прэзідэнтам. Мы ні ў якім разе не хочам, каб наша моладзь адчула тое, як мы жылі ў 1990-я гады. Але для нас важна, каб усё тое, што было зроблена, захоўвалася, каб нашы ўнукі раслі ў свабоднай, мірнай і прыгожай краіне.
Таксама падчас гутарак з моладдзю закранаю тэму дэмаграфічнай бяспекі. Без дзяцей не будзе будучыні, не будзе краіны. Акцэнтую ўвагу маладых людзей на рэпрадуктыўным здароўі, імкненні займацца фізічнай культурай. У такіх гутарках знаходжу пэўны водгук. Наша моладзь сёння паварочваецца ў бок здаровага ладу жыцця, і гэта радуе. Аб перавагах такога падыходу да жыцця павінны гаварыць не толькі дэпутаты, але і медыкі.
— Амаль усё сваё жыццё вы прысвяцілі медыцыне. З чаго пачынаўся ваш працоўны шлях? Ці ёсць у вашай сям’і дынастыя ўрачоў або вы адзіны прадстаўнік такой важнай і патрэбнай прафесіі? Ці дапамагае вялікі медыцынскі досвед у вашай рабоце ў якасці дэпутата?
— Урачом хацела стаць з самага дзяцінства. Пачынала рабіць уколы падушкам. Скончыла школу з залатым медалём, але, на жаль, не паступіла з першага разу. Конкурсы ў Мінскі медыцынскі інстытут заўсёды былі высокія. Тады пайшла працаваць у пасялковую бальніцу санітаркай. Там сутыкнулася з рознымі цяжкасцямі, але ніколі не зварочвала са свайго шляху.
Падчас вучобы ў медінстытуце працавала медсястрой. Пасля вучобы вярнулася на родную Любаншчыну ў якасці педыятра, дзе адпрацавала 15 гадоў у раённым цэнтры загадчыкам педыятрычнага аддзялення. Калі вярнулася ў Мінск, у Савецкі раён, адпрацавала на розных пасадах больш за 20 гадоў. З іх 12 гадоў узначальвала 34-ю цэнтральную паліклініку, займалася каардынацыяй работы ўсіх устаноў аховы здароўя раёна. Досвед працы ў медыцыне дапамагае ў абмеркаванні і прыняцці некаторых канцэптуальных рашэнняў.
У сям’і ўрачоў няма і ніколі не было. Мой бацька быў ваенным, а сын скончыў БДУІР, хоць у дзяцінстве і хацеў стаць урачом. Аднак у старэйшых класах захапіўся праграмаваннем, таму выбраў іншы шлях, які я падтрымала. Мы з ім сябры, таму заўсёды падтрымліваем адзін аднаго. І я ім вельмі ганаруся.
— Якія парады па захаванні здароўя можаце даць нашым чытачам і вашым выбаршчыкам?
— Сёння інфарматызацыя і інтэрнэт захлістваюць нас з галавой. Аднак усё павінна быць у меру, не на шкоду здароўю. Усю інфармацыю, якую мы атрымліваем з глабальнай сеткі, неабходна аналізаваць. Хацелася б звярнуць на гэта ўвагу моладзі, дзяцей і іх бацькоў, каб старэйшыя дазавалі выкарыстанне гаджэтаў. На жаль, сёння развіваецца кліпавае мысленне. Розныя сацыяльныя сеткі нагружаюць наш мозг. Таму мы не паспяваем прааналізаваць усю інфармацыю.
Вядома, кожны чалавек павінен клапаціцца пра сваё здароўе. Рух — гэта жыццё. Ён заўсёды павінен быць. Таксама неабходна сачыць за рэжымам харчавання і адпачынку. Да сённяшняга багацця самых розных прадуктаў трэба падыходзіць асэнсавана. І, вядома ж, кожны пацыент павінен выконваць рэкамендацыі ўрача, каб пражыць доўгае і якаснае жыццё. Беражыце сябе і сваіх блізкіх!
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота з архіва Наталлі ДЗЯРГАЧ
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.