Усепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства паміж Кітаем і Беларуссю развіваецца імклівымі тэмпамі і, па меркаванні шэрагу экспертаў, становіцца ўзорам новага тыпу міжнародных адносін. Узаемадзеянне мае важкую эканамічную базу. Краіны рэалізавалі і ўвасабляюць шмат стратэгічных праектаў, імкліва павялічваецца ўзаемны тавараабарот, развіваецца інавацыйнае супрацоўніцтва ў многіх сферах. Вельмі важнымі падаюцца і гуманітарнае ўзаемадзеянне, пашырэнне сяброўскіх сувязяў паміж народамі. Нездарма іх усё часцей называюць жалезным братэрствам, якое непадуладнае часу і вялікай адлегласці. Беларусаў добра ведаюць у Паднябеснай, тут робяць усё магчымае, каб узмацняць і пашыраць наладжаныя масты сяброўства. У гэтым давялося пераканацца падчас паездкі ў Кітай.
Сустрэчы ў рэдакцыі бадай што самага ўплывовага ў Кітаі і аднаго з найбольш вядомых у свеце выданняў (уваходзіць у глабальны топ-10) — газеты «Жэньмінь жыбаа» — сталі рэгулярнымі. Цяпер гэта сучасная комплексная медыйная матрыца, якая паспяхова сумяшчае шэраг самых разнастайных фарматаў. У «Жэньмінь жыбаа» насамрэч ёсць чаму павучыцца. Падчас такіх абмеркаванняў ёсць магчымасць дакладна вызначыць перспектыву далейшага ўзаемадзеяння. Мы актыўна развіваем і пашыраем сурацоўніцтва з кітайскімі калегамі. У верасні 2015-га ў рамках Форуму медыясупрацоўніцтва «Адзін пояс і адзін шлях», у якім бралі ўдзел 170 прадстаўнікоў СМІ з 60 краін усіх кантынентаў, «Звязда» падпісала Мемарандум аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве з газетай «Жэньмінь жыбаа». На партале zvіazda. by у кастрычніку 2015-га быў запушчаны глабальны праект «Весткі з Кітая», кантэнт якога фарміруецца пераважна матэрыяламі ўплывовых кітайскіх выданняў і інфармагенцтваў, у першую чаргу — «Жэньмінь жыбаа». У сваю чаргу публікацыі «Звязды» актыўна выкарыстоўваліся пры фарміраванні навінавай стужкі на інтэрнэт-партале «Жэньмінь жыбаа» анлайн«, дзе таксама з’явіўся тэматычны банер. Цікава, што ў музеі «Жэньмінь жыбаа» «звяздоўскаму» праекту адведзена пачэснае месца.
Наша выданне адным з першых беларускіх СМІ ў 2019 годзе ўвайшло ў склад глабальнай інфармацыйнай сеткі «Адзін пояс, адзін шлях» (The Belt and Road News Network — BRNN). Адметна, што з ініцыятывай па яе арганізацыі ў свой час выступіў старшыня КНР. Падчас Першага форуму высокага ўзроўню па міжнародным супрацоўніцтве «Адзін пояс, адзін шлях» у 2017 годзе Сі Цзіньпін адзначыў, што Кітай створыць механізм супрацоўніцтва і платформу па гуманітарным узаемадзеянні, у тым ліку сетку па інфармацыйным супрацоўніцтве. Як адзначыў у сваім прывітальным лісце ўдзельнікам першага пасяджэння Савета BRNN старшыня КНР, сродкі масавай інфармацыі адыгралі актыўную канструктыўную ролю ў працэсе прасоўвання сумеснага будаўніцтва ў рамках глабальнай ініцыятывы. Каб прадоўжыць гэты пазітыўны працэс, вельмі важна было своечасова стварыць функцыянальную пляцоўку міжнароднага супрацоўніцтва СМІ. Цягам першай пяцігодкі інфармацыйная сетка «Адзін пояс, адзін шлях» ужо даказала сваю эфектыўнасць. Як паведаміў намеснік галоўнага рэдактара газеты «Жэньмінь жыбаа» Цуй Шысінь, цяпер гэтая ўнікальная медыяплатформа аб’ядноўвае больш за 280 медыя з больш чым 110 краін свету. Такім чынам з’яўляецца рэальная магчымасць ствараць унікальны кантэнт, які будзе супрацьстаяць лавіне сучасных фэйкаў і дакладна адлюстроўваць рэчаіснасць. Інфармацыйнае супрацоўніцтва злучыла ўсе кантыненты. Вельмі важна, што яно ўзмацняецца і пашыраецца, як і ўзаемадзеянне паміж «Звяздой» і «Жэньмінь жыбаа».
«Звяздоўскім» праектам у «Жэньмінь жыбаа» наша прысутнасць у кітайскай сталіцы, вядома ж, не абмяжоўваецца. Цікава, што ў тым жа 2019-м на базе Пекінскага ўніверсітэта замежных моў быў адкрыты Цэнтр вывучэння Беларусі. Тут рэалізаваны шэраг адметных праектаў, накіраваных на распаўсюджванне беларускай мовы і культуры ў Кітаі.
Студэнты знаёмяцца з беларускай культурай, нацыянальнымі рамёствамі, тут праводзяцца розныя міжнародныя мерапрыемствы, сустрэчы з вядомымі вучонымі, дыпламатамі, прадстаўнікамі беларускіх міністэрстваў і ведамстваў. Гэтую работу мяркуецца пашыраць надалей, адзначыла кіраўнік Цэнтра Чжаа Сінь. Яна цудоўна размаўляе па-беларуску і лічыць нашу мову вельмі прыгожай і меладычнай. «Мне здаецца, у нашага і беларускага народаў — шмат агульнага, — пераканана Чжаа Сінь. — У мяне шмат беларускіх сяброў, яны вельмі працавітыя, добрыя, смелыя. І я рада, што студэнты вучацца з вялікім задавальненнем».
Яна паведаміла, што Цэнтр быў створаны пры ўзаемадзеянні з беларускім партнёрам — Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам, кантакты з якім падтрымліваюцца на пастаяннай аснове, ажыццяўляюцца абмены, у тым ліку выкладчыкамі. «Мэта нашай дзейнасці — прасоўваць ініцыятыву „Адзін пояс, адзін шлях“, пашыраць вывучэнне беларускай мовы ў Кітаі», — адзначыла Чжаа Сінь. Па яе меркаванні, вялікую цікавасць выклікала правядзенне Усекітайскага конкурсу «Гаворым па-беларуску», у якім удзельнічалі студэнты некалькіх ВНУ. Бібліятэку Цэнтра папоўнілі кнігі Выдавецкага дома «Звязда», у прыватнасці «Беларусь — Кітай: літаратурнае братэрства», кнігі з унікальнай серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая», а таксама падборка нумароў нашых выданняў (газет «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопіса «Беларусь»).
Пекінскаму ўніверсітэту замежных моў 83 гады. «Усяго ва ўніверсітэце вывучаюць 101 замежную мову. Па гэтым паказчыку наш універсітэт займае першае месца ў Кітаі», — з гонарам адзначыла дырэктар Інстытута рускай мовы ў Пекінскім універсітэце замежных моў Дай Гуйцзюй. — У 2016 годзе з пашырэннем ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» у нашым інстытуце сталі вывучаць беларускую і шэраг іншых моў«. Паводле слоў Дай Гуйцзюй, з беларускімі ВНУ, у прыватнасці з МДЛУ і БДУ, устаноўлены добрыя адносіны, ажыццяўляюцца сумесныя праекты.
«Чжан Вэньчуань таксама скончыў Пекінскі ўніверсітэт замежных моў. Гэта наш гонар. Нядаўна ён паехаў працаваць у Беларусь, дзе ўзначаліў пасольства Кітая ў Беларусі», — адзначыла дырэктар. Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што выпускнікі ВНУ працуюць практычна ва ўсіх пасольствах КНР у розных краінах свету. Дай Гуйцзюй выказала спадзяванне на пашырэнне абменаў паміж Беларуссю і Кітаем і на яшчэ большае паглыбленне беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння ў гуманітарнай сферы. Яна заўважыла, што з беларускімі ВНУ ўстаноўлены дружалюбныя адносіны, ажыццяўляецца абмен студэнтамі і выкладчыкамі. «Супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі ўсё развіваецца, асабліва ў адукацыйнай сферы, — падкрэсліла дырэктар Інстытута рускай мовы. — Нас цікавіць, што можна ўзяць з беларускага досведу ў гэтай сферы. І, вядома, больш даведацца пра вашу краіну і яе жыхароў».
Правінцыя Чжэцзян таксама зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з беларускімі партнёрамі. Важнасць гэтага адзначыў інспектар Канцылярыі па замежных справах правінцыі Шы Хуачжун. Адметна, што з Чжэцзянам звязана працоўная біяграфія старшыні КНР Сі Цзіньпін. Прадстаўнік Канцылярыі па замежных справах звярнуў увагу, што яго ідэі аб сацыялізме з кітайскай спецыфікай сфарміраваліся менавіта ў перыяд яго дзейнасці ў правінцыі. Летась кітайскі лідар узяў удзел у адкрыцці Азіяцкіх гульняў і паставіў новыя задачы, якія звязаны з перспектывамі развіцця краіны, у тым ліку з улікам важнасці экалагічных аспектаў.
Асноўнымі галінамі прамысловасці Ханьчжоў (цэнтр правінцыі Чжэцзян) з’яўляюцца фармацэўтычная прамысловасць, прыборабудаванне, камп’ютарнае і камунікацыйнае абсталяванне. Тут базіруюцца такія буйныя кампаніі, як Alіbaba, Geely, развітая аўтадарожная, чыгуначная, водная і паветраная лагістыка. Зборка кітайскіх легкавых аўтамабіляў Geely — ключавы праект супрацоўніцтва паміж правінцыяй і Мінскай вобласцю. Іншыя беларускія рэгіёны таксама супрацоўнічаюць з Чжэцзянам, які вядомы не толькі добра развітой эканомікай, але і дзіўнымі прыроднымі ландшафтамі. Як распавёў прадстаўнік Канцылярыі па замежных справах правінцыі, выдатныя краявіды прыцягваюць велізарную колькасць турыстаў. Так, легендарнае возера Сіху, якое знаходзіцца ў Ханчжоў, 1 кастрычніка, у дзень 75-годдзя ўтварэння КНР, наведалі 800 тысяч чалавек. Шы Хуачжун падкрэсліў неабходнасць пашырэння кантактаў паміж нашымі краінамі і народамі.
Надзвычай важна развіваць беларуска-кітайскае медыйнае супрацоўніцтва, лічыць намеснік дырэктара Чжэцзянскага камунікацыйнага цэнтра (ZІCC) Се Цын. ZІCC створаны зусім нядаўна, тым не менш старт вельмі добры, па тэхналагічным выкананні інфармацыйных паслуг дзейнасць Цэнтра ўражвае. Ён выходзіць не толькі на ўнутраную, але і на знешнюю аўдыторыю.
Як заўважыла Се Цын, Чжэцзянскі міжнародны камунікацыйны цэнтр — гэта медыяарганізацыя ў правінцыі Чжэцзян, якая мае інтэграваную камунікацыйную платформу, што аб’ядноўвае вэб-сайт, тэлеканал і сетку замежных акаўнтаў у сацыяльных сетках. Сярод іх англамоўны вэб-сайт у Чжэцзяне, які працуе ў сетцы ўжо пяць гадоў і ахоплівае асноўных карыстальнікаў у ключавых краінах «Аднаго пояса, аднаго шляху». Тэлеканал ахоплівае больш чым 200 краін і рэгіёнаў па ўсім свеце, а яго аўдыторыя складае 50 мільёнаў чалавек.
Па словах Се Цын, у замежных акаўнтаў у сацыяльных сетках у сукупнасці больш за восем мільёнаў падпісчыкаў, якія ўвесь час дзеляцца гісторыямі пра Чжэцзян і Кітай з усім светам. Намеснік дырэктара Чжэцзянскага камунікацыйнага цэнтра зацікаўлена пашыраць супрацоўніцтва з беларускімі СМІ. Так што беларуска-кітайскія масты сяброўства будуць пашырацца і надалей.
Днямі ў Цэнтры даследавання Беларусі ў Чжэцзяньскім універсітэце Шужэнь у горадзе Ханьчжоў прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя «Унутраная сітуацыя і знешнія адносіны Беларусі ў 2024 годзе», паведаміла БелТА. У ёй узяў удзел генеральны консул Беларусі ў Шанхаі Андрэй Андрэеў. Дыпламат падкрэсліў: «Палітычная архітэктура сучаснай Беларусі гарантуе ўстойлівасць унутрыпалітычнай сістэмы краіны і непахіснасць курсу на брацкае сяброўства і стратэгічнае партнёрства з Кітаем незалежна ад маштабаў знешняга ціску, які аказваецца на нас».
Андрэй Андрэеў назваў своечасовым правядзенне гэтай канферэнцыі: «У сучасным свеце ўзмацняюцца фактары палітычнай, ваеннай і эканамічнай нестабільнасці, крыніцамі якіх з’яўляюцца заходнія краіны на чале з ЗША. Адзіным эфектыўным сродкам пераадолення цяперашніх глабальных выклікаў з’яўляецца пабудова справядлівага раўнапраўнага шматпалярнага свету, які паважае выбраныя краінамі індывідуальныя шляхі развіцця. У гэтым пытанні Беларусь і Кітай з’яўляюцца ідэалагічнымі саюзнікамі і стратэгічнымі партнёрамі. Нашы краіны прыкладаюць сумесныя намаганні ў двухбаковым і шматбаковым парадку. У якасці прыкладу хачу адзначыць прыняцце Беларусі ў ШАС, а таксама саміт БРІКС у Казані, які прайшоў з удзелам лідараў нашых краін Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні Сі Цзіньпіна. Кітай, Расія, Беларусь сумесна з аднадумцамі з Еўразійскага рэгіёна, Азіі, Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Блізкага Усходу разам актыўна шукаюць шляхі пабудовы справядлівай агульнай будучыні. Двухбаковыя адносіны Беларусі і Кітая характарызуюцца найвышэйшай дынамікай і на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, і на ўзроўні ўрадаў, і на міжрэгіянальным узроўні».
Мікалай ЛІТВІНАЎ
Фота аўтара
Мінск — Пекін — Ханьчжоў — Мінск
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.