Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падоўжыў тэрмін дзеяння Праграмы сямейнага капіталу на наступны пяцігадовы перыяд (з 2025 па 2029 год) з захаваннем дзеючых умоў для яго прызначэння. Адпаведны ўказ кіраўнік дзяржавы падпісаў 30 кастрычніка, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Дакументам пашыраюцца магчымасці выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Так, прадастаўляецца права іх датэрміновага выкарыстання пры будаўніцтве жылля незалежна ад наяўнасці накіравання мясцовага органа ўлады на такое будаўніцтва. Не ўлічваюцца ў агульнай плошчы жылля, якое знаходзіцца ва ўласнасці сям’і, жылыя памяшканні, якія не адпавядаюць санітарным і тэхнічным патрабаванням. Прадугледжваецца магчымасць датэрміновага выкарыстання сродкаў на набыццё долі (доляй) жылых памяшканняў, калі ў сям’і ўжо маюцца ва ўласнасці долі гэтых жылых памяшканняў. Дазваляецца таксама датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу на пагашэнне крэдытаў, выдадзеных на падставе дагавораў аб рэфінансаванні крэдытаў на ўзвядзенне, рэканструкцыю, набыццё жылых памяшканняў, долі (доляй) у праве ўласнасці на іх.
Ва ўказе ўпершыню замацоўваюцца правы дзяцей (у тым ліку пры разводзе бацькоў) на жылыя памяшканні, пабудаваныя або набытыя з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу.
Устанаўліваецца магчымасць аплаты навучання за наступны навучальны год пры накіраванні сямейнага капіталу на атрыманне адукацыі (у цяперашні час — за бягучы і папярэдні гады). Пашыраецца пералік сродкаў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў, якія можна набыць з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу.
Акрамя таго, дакументам прадастаўляецца права на прызначэнне сямейнага капіталу замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, пры набыцці імі грамадзянства не пазней за адзін год з дня нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга і наступных дзяцей.
Указ прыняты ў мэтах паляпшэння ўмоў жыццядзейнасці шматдзетных сем’яў і іх доўгатэрміновай дзяржаўнай падтрымкі.
Як паведамлялася, у сакавіку гэтага года падчас размовы з актывам Беларускага саюза жанчын Аляксандр Лукашэнка заявіў аб намеры падоўжыць праграму сямейнага капіталу. Прэзідэнт адзначыў, што на момант пачатку рэалізацыі гэтай праграмы у Беларусі было каля 63 тыс. шматдзетных сем’яў, а цяпер іх колькасць перавышае 120 тыс.
«Мяркуйце самі. Мы вырашаем найважнейшае пытанне. Няма больш важнага пытання, чым прыбаўленне, прырост нашага насельніцтва. У нас з гэтым праблемы. Я часта кажу: 15 млн, а то і 20 млн наша Беларусь з нашымі працавітымі людзьмі і рэсурсамі змагла б накарміць, улічваючы геапалітычнае наша становішча, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я з задавальненнем прыму рашэнне аб прадаўжэнні гэтага сямейнага капіталу. Адзінае — каб гэтыя грошы траплялі каму трэба».
Прэв’ю: БелТА
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.